top of page

«Я искренне считаю, что мы в беде…»: радыкальныя палітычныя лекі

  • 6 дней назад
  • 5 мин. чтения
Путин хочет войны

(пачатак тут: https://www.ucpb.eu/post/ross-kriz


Тыя праблемы, якія паўсталі перад расійскай эканомікай (і перад Расіяй у цэлым), імаверна, ня вырашыць эканамічнымі інструментамі, якія маюцца ў расійскага кіраўніцтва. Таму цяжар будзе змешчаны ў палітычную сфэру.

 

Тым больш, што бягучы год – адмысловы ў расійскай палітыцы, бо ў верасні мусяць адбыцца парляменцкія выбары. І якімі б кіраванымі і прадказальнымі гэтыя выбары ні былі, гісторыя паказвае: у год правядзення выбараў дыктатарскія рэжымы з’яўляюцца найбольш уразлівымі. Калі гэта накладзецца на эканамічны крызіс, ды разам з адсутнасцю істотных дасягненняў на фронце, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю. Але й тут, падобна, добрых рашэнняў у расійскага кіраўніцтва няма.

 

Маленькая непераможная вайна

Зноў усё тое ж пытанне: што яно (расійскае кіраўніцтва) можа прапанаваць свайму народу, каб пазбегнуць для сябе цяжкіх наступстваў? І зноў усё той жа адказ: вайна. Гэта – самы просты спосаб накіраваць негатыўныя настроі не на ўрад, а на нейкага «чужога» – таго, каго сам урад прызначыць «ворагам». Тым больш, што тут грамадскае меркаванне даўно падрыхтавана да ўзброенага канфлікту з Эўропай, асабліва – з краінамі Балтыі, якія падаюцца «лёгкімі ахвярамі» праз блізкасць да Расіі, адносную ізаляванасць ад астатняй Эўропы і наяўнасць як у грамадстве так і ў палітыкуме элементаў, арыентаваных на супрацу з Расіяй.

З іншага боку, з Украінай, якая таксама лічылася «лёгкай ахвярай» (не ў апошнюю чаргу праз тое, як адносна безпраблемна атрымалася «адціснуць» Крым і кавалак Данбасу), здарылася прамашка, якая й прывяла Расію да цяперашняга стану. У выпадку з атакай на краіны Балтыі ці Польшчу вынік можа быць куды горшым – да хуткага і поўнага ваеннага разгрому Расіі.

Натуральна, лепш жахлівы канец, чым бясконцы жах, але далёка ня кожны аддасць перавагу першаму. Таму замест таго, каб забіць сябе аб эўрапейскую сцяну, расійскае кіраўніцтва можа знайсці ня знешняга, а ўнутранага ворага, пакінуўшы знешняга ў якасці дадатковага фактара мабілізацыі. І тут выбар можа быць зроблены на старую добрую канцэпцыю «цар – добры, баяры – кепскія». Тым больш, што Боня ў сваім звароце да Пуціна наўпрост казала, што «кепскія» чыноўнікі ня кажуць праўды прэзідэнту, – відавочнае ўказанне на «ўнутраных ворагаў». Але ўлічваючы сур’ёзнасць сітуацыі, простае апрананне койданкаў на «кепскіх баяраў» перад тэлекамерамі жаданага эфэкту можа ня даць. Меры мусяць быць больш радыкальнымі і больш эфектыўнымі, каб яны далі рэсурс, неабходны для далейшага існавання.

 

«Новая апрычніна»

І тут прыгадваецца ўвядзенне Іванам Жахлівым апрычніны, якая дазволіла бесперашкодна рабаваць «земцаў». Па аналёгіі, можна вывесці ў адмысловую катэгорыю «свае» бізнэсы, зрабіўшы іх недатыкальнымі, а ўсё астатняе эксплюатаваць без усялякай літасці. Тым больш, што маецца база для фармавання корпусу выканаўцаў-»апрычнікаў» – тыя самыя ветэраны «сва», якіх ужо абвесцілі «новай элітай» (прыгадайма словы Канстанціна Бабкіна на адкрыцці МЭФ наконт «стваральнай сілы вэтэранаў сва»). Хоць мадэль і выглядае архаічна, але яе можна сустрэць і ў не такі ўжо далёкі ад нас час.

Штосці падобнае адбылося ў Кітаі (КНР) у 60-ых гадох мінулага стагоддзя, калі Маа на фоне катастрафічных наступстваў «вялікага скачку» рукамі цалкам адмарожаных хунвэйбінаў вынішчаў старыя партыйныя кадры, інтэлігенцыю і ўсіх астатніх, хто мог уяўляць для яго небясьпеку («агонь па штабах»). Маа пры гэтым самаўхіліўся ад актыўнага ўдзелу ў падзеях, прыбраўшы з сябе адказнасць за тое, што адбываецца. У гісторыю гэта ўвайшло як «Культурная рэвалюцыя» і прывяло да вялікіх ахвяраў.

Наўрад ці «новая апрычніна» будзе суправаджацца тэатральнымі ўцёкамі Пуціна ў якую-небудзь валдайскую рэзідэнцыю з перадачай «прэзідэнцкай кароны» якому-небудзь умоўнаму «мядзьведзеву», каб усе праклёны ляглі на таго. Хутчэй, для «новай земшчыны» будзе ўведзена мадэль мабілізацыйнай эканомікі з прымусовай працай і камандным размеркаваннем рэсурсаў – тое, пра што даўно мараць некаторыя прарэжымныя «экспэрты» ў Беларусі. Штучны падзел грамадства на тых, хто зробіцца кармавой базай («земшчына»), і тых, хто будзе бэнэфіцыярам («апрычніна») дазволіць знізіць для кіраўніцтва рызыку апынуцца сам-насам з раз’юшаным грамадствам: «апрычнікі», атрымаўшы ролю гвардыі, будуць ахоўваць кіраўніцтва і прыушаць «земшчыну» працаваць.

Пры гэтым сцэнары ўсё роўна застаюцца істотныя рызыкі для тых, хто вырашыць яго запусціць. І справа ня толькі ў тым, што, як дэманструе гістарычны досвед, у пэўны момант гвардыя паспрабуе ўзурпаваць права прыняцця рашэнняў, што для папярэдняга кіраўніка ў лепшым выпадку скончыцца поўнай ізаляцыяй ад знешняга свету, а ў горшым – смерцю. Справа ў тым, што гэта ўсё роўна ня будзе вырашэннем праблемы. Мабілізацыйная мадэль запускаецца на пікавы час крызісу, каб пераадолець яго, а поты вярнуцца да нармалёвасці. У варыянце сучаснай Расіі той «нармалёвасці», да якой можна будзе вярнуцца, проста няма. Як няма такой «нармалёвасці» і для Беларусі. І нават калі гвардыя захавае лаяльнасць, усё роўна застаецца варыянт выйсця сітуацыі з-пад кантролю, калі рыторыка пра перамены можа мабілізаваць грамадства на сапраўдныя перамены, чым пажадае скарыстацца частка эліты. Як, напрыклад, гэта адбылося ў выніку абвешчанай Гарбачовым «перабудовы».

 

«Паўночная Карэя на мінімалках»

Ня можа быць выйсцем і спроба кансэрвацыі мабілізацыйнай мадэлі па прыкладзе Паўночнай Карэі. Паспрабаваць, канечне, могуць, але гэта будзе вельмі ня проста, улічваючы як памеры тэрыторыі, так і міжнародны кантэкст: наўрад ці Расія здолее адмовіцца ад ідэялёгіі экспансіі, што непазбежна прывядзе да далейшага існавання санкцыйнага рэжыму, узмацнення варожай і мабілізацыйнай рыторыкі і вяртання да спробы самазабойства аб эўрапейскую сцяну. 

І тым ня менш, менавіта гэты апошні варыянт – спроба перайсці да рэжыму «Паўночнай Карэі» з мабілізацыйнай эканомікай і інфармацыйнай ізаляцыяй ад знешняга свету (праца ў гэтым кірунку ўжо ідзе) у чаканні зручнага моманту для вяртання да актыўнай экспансіі. Расія можа цвяроза ацэньваць свае шанцы ў гарачым канфлікце з ЭЗ і НАТО, і таму асноўным сваім інструментам лічыць палітыку – знешнюю. Дакладней, палітыку ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краінаў.

Ні для каго не сакрэт, што Расія выдадкоўвае шалёныя сродкі на апрацоўку заходніх грамадстваў і палітыкаў з мэтай прывесці да ўлады лаяльныя да сабе палітычныя сілы. Так, не заўжды гэта атрымліваецца, як дэманструе свежы досвед Вугоршчыны (хоць і там, як лічаць некаторыя, маюцца розныя варыянты). Але яна можа разлічваць на поспех у іншых месцах. Напрыклад, вялікую стаўку яна, відавочна, робіць на парлямэнцкія выбары ў Латвіі, якія мусяць адбыцца ў кастрычніку бягучага году. Калі атрымаецца прывесці там да ўлады прарасійскія сілы, гэта будзе вельмі істотным дасягненнем у справе ўсталявання свайго ўплыву на краіны Балтыі ў цэлым і значна аслабіць усходні флянг эўрапейскай абароны.

Але ўсё роўна такі сцэнар – гэта разлік на гульню «ўдоўгую». На яе ў Расіі можа не хапіць ні часу, ні рэсурсаў. Таму дапушчальным бачыцца таксама сцэнар пераходу да актыўных баявых дзеянняў з мэтай захопу, напрыклад, пэўных тэрыторыяў на ўсходзе Эўропы і праз шантаж гэтымі тэрыторыямі (разам з пагрозай прымянення ядравай зброі супраць эўрапейскіх гарадоў) хутка прымусіць эўрапейцаў да «нармалізацыі» праз абмен эўрапейскіх тэрыторыяў на ўкраінскія.

Калі эўрапейцы на гэта пойдуць, гэта таксама ня будзе завяршэннем гісторыі, і праз пэўны час, аднавіўшы эканоміку і сілы, Расія зноў зоймецца Эўропай. Таму па-добраму Эўропе ня варта даваць Расіі шанцу на перадышку. З іншага боку, гэта можа каштаваць значнай колькасці жыццяў. Таму эўрапейцы паўстануць перад складаным выбарам, чаго Расіі і трэба. Яшчэ больш драматызуе сітуацыю варыянт, пры якім атака супраць Эўропы супадзе з атакай Кітаю на Тайвань. Шмат для каго такі варыянт расцэньваецца як найбольш драматычным для Эўропы. Але з іншага боку, пры ім Расія застаецца сам-насам з Эўропай, і Кітай ня здолее аказваць ёй маштабную дапамогу. А ў сучаснай высокатэхналягічнай вайне Эўропа будзе мець перавагу, нават нягледзячы на наяўнасць у расійскай арміі багатага баявога досведу.

 

Вынікі

Бачым, што ў Расіі няма добрых сцэнароў выйсця з крызісу – ні эканамічных, ні палітычных. Але таксама відавочна, што Расія будзе выкручвацца да апошняга і хапацца за любую магчымасць атрымаць дадатковы рэсурс і працягнуць час. У тым ліку, праз прасоўванне міту пра «самастойнасць» лукашэнкаўскага рэжыму і ілюзію ягонага жадання «адарвацца» ад Расіі й пайсці на Захад. Калі гэты блеф атрымаецца, і з рэжыму будуць знятыя эўрапейскія санкцыі, для хворай расійскай эканомікі гэта будзе пэўнай палёгкай. Але й тады Расія не вырашыць праблему цэйтноту. Таму варта чакаць ад другой паловы гэтага году нейкіх радыкальных падзеяў у Расіі з высокай рызыкай пачатку атакі супраць Эўропы.

Для беларусаў гэта будзе вельмі ня просты час, бо мы апынемся на вастрыні ўдару, прычым – з абодвух бакоў. Якія страты мы пры гэтым панясем, наўрад ці магчыма прадказаць. І гэта ўсё роўна лепей, чым доўгае кананне ў складзе «саюзнай дзяржавы» усё з тым жа вынікам – гарачым канфліктам з Эўропай.

Застаецца толькі спадзявацца, што праз свае праблемы Расія пасыплецца раней, чым здолее нанесці свой апошні ўдар. Таму ня трэба даваць ёй перадышкі.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page