«Я искренне считаю, нас ждёт беда…»: (не)варыянты эканамічнай тэрапіі
- 24 апр.
- 3 мин. чтения
Обновлено: 21 час назад

Працяг. Пачатак: https://www.ucpb.eu/post/ross-kriz
Яшчэ ў пачатку 2026-га некаторыя незалежныя экспэрты пазначалі стан расійскай эканомікі мэтафарай: «Знаходзіцца ў зоне смерці”. Такім выразам альпіністы называюць вышыню, на якой арганізм, праз брак кіслароду, пачынае разбураць сам сябе.
У такой сітуацыі варта чакаць істотных наступстваў ад тых варыянтаў вырашэння праблемы, якія абярэ расійскае кіраўніцтва. Улічваючы, што сапраўды «добрыя” рашэнні знаходзяцца па-за рамкамі магчымасцяў гэтага кіраўніцтва (у не апошнюю чаргу – праз той стан, у які яно загнала і краіну, і сябе), варта чакаць такія рашэнні, якія праблему ня вырашаць, а, хутчэй, паглыбяць.
З аднаго боку, гэта можна ўспрымаць станоўча, бо чым глыбейшыя праблемы ў расійскага кіраўніцтва, тым хутчэй можна чакаць прыходу Расіі ў той стан, калі яна больш ня здолее ажыццяўляць вонкавую экспансію і ажыццяўляць умяшальніцтва ў справы іншых краінаў. З іншага боку, тыя спосабы, якімі расійскія кіраўнікі будуць спрабаваць калі й ня вырашыць, а хаця б крыху зменшыць маштабы праблемаў, могуць прывесці да непрадказальных наступстваў, у тым ліку, для навакольных краінаў.
У пачатку бягучага году з’явілася вялікая колькасць публікацыяў з неспрыяльнымі прагнозамі росту расійскага ВУП і агульнага запавольвання эканамічнага развіцця. То-бок цяжкі стан эканомікі Расіі вядомы і зразумелы – гэты факт цяпер мала хто аспрэчвае. Але «красавіцкія тэзісы” (пра якія гаворка йшла ў папярэдняй публікацыі на нашым сайце), калектыўна агучаныя прадстаўнікамі самых розных групаў і слаёў расійскага грамадства, сведчаць, хутчэй, што стан ня проста «цяжкі”, а блізкі да таго, што можна пазначыць як «катастрафічны”. Ці ўжо бяз «блізкі” – проста «катастрафічны”.
Ваенная прамысловасць, якая у папярэднія гады выцягвала расійскую эканоіку ў пэўны рост, цяпер перастала выконваць гэтую функцыю. Іншыя галіны эканомікі ня здолеюць узяць на сябе ролю «лякаматыву” эканамічнага росту проста праз тое, што асноўныя рэсусры перацяклі з іх у тую самую сфэру «ваенкі”. І падобна, што нават рост цэнаў на нафту і часовае змягчэнне санкцыяў, абвечшанае Трампам, моцна на сітуацыю на паўплываюць – асабліва на фоне ўкраінскіх удараў па нафтавай інфраструктуры.
Чым цяперашняе кіраўніцтва Расіі можа адказаць на гэты выклік?
Безумоўна, сітуацыя патрабуе хуткіх прапановаў па ратаванні «пацыента”. Немагчыма не заўважыць, што галоўным ворагам для тых, хто вылучае прапановы па ратаванні эканомікі – расійскі Цэнтрабанк, які прытрымліваецца палітыкі высокай ключавой стаўкі, што робіць грошы дарагімі і менш даступнымі для бізнэсаў. Што, у сваю чаргу, робіць экспарт дарагім і менш канкурэнтным на міжнародным рынку.
Таму галоўная прапанова – рэзка знізіць ключавую стаўку, як гэта прапанаваў тыдзень таму сябра экспэртнай рады Інстытуту фондавага рынку й кіравання Міхаіл Бяляеў (які актыўна каментуе эканамічную тэматыку на разнастайных расійскіх рэсусрах). І ня ён адзін: заклікі да зніжэння ключавой стаўкі часцяком ідзе ў звязку з праклёнамі ў бок Цэнтрабанку і ягонай палітыкі.
Так, па ідэі (калі казаць проста), нізкая ключавая стаўка і, адпаведна, даступныя грошы, будуць судзейнічаць як вытворчасці, так і пакупальніцкай актыўнасці. З іншага боку, гэта прывядзе да рэзкага ж росту інфляцыі з высокай ступенню рызыкі скотвання да гіпер-інфляцыі. У дадатак да гэтага – рызыка закрэдытаванасці насельніцтва, што зробіць яго, можа, больш залежным ад неабходнасці доступу да тых жа грошай (праз армейскі кантракт, напрыклад), але, безумоўна, і больш незадаволеным «партыяй і ўрадам”. А з апошнім, варта адзначыць, і бяз гэтага ўсё даволі кепска.
Той жа Бяляеў, каб знізіць інфляцыйныя рызыкі, прапануе адначасова з паніжэннем стаўкі ўвесці татальны кантроль за цэнаўтварэннем на рознічным рынку. Якія наступствы будуць у татальнага кантролю за цэнамі, мусіць, тут паўтараць ня трэба. Можна толькі падсумоўваючы гэтыя прапановы прадказаць, што іхняя рэялізацыя хутка прывядзе Расею ў стан позняга СССР – з гіпер-інфляцыяй і татальным дэфіцытам. Заходніх суседзяў Расіі гэта, можа, і задаволіла б, але кіраўніцтва Расіі – наўрад ці. Але праблема ў тым, што іншага варыянту ў Расіі, падобна, няма. Бо самы эфектыўны спосаб – спыненне вайны, вывад войскаў з усіх акупаваных тэрыторыяў, выплата кампенсацыяў і вяртанне ў катэгорыю «нармалёвых” дзяржаваў з доступам да замежных інвестыцыяў і атрыманнем прыбыткаў ад гандлю вуглевадародамі (хай і з стрчаным эўрапейскім рынкам) – не з’яўляецца для расійскага кіраўніцтва даступнай опцыяй. Зноўку, хаця б праз тую ж канцэпцыю імперскай экспансіі, якая ў бягучы момант з’яўляецца для Расіі дзяржаваўтворнай.
Усё гэта прыводзіць да высновы, што рашэнне эканамічных праблемаў будзе шукацца тамтэйшым кіраўніцтвам не ў эканамічнай, а ў палітычнай сфэры. Якім гэтае рашэнне можа быць, разглядзем у наступнай публікацыі.
(Працяг будзе)



Комментарии