Па законах ядравага жанру
- 8 июн.
- 3 мин. чтения

Яшчэ добра памятаецца, як калісці кпілі з «старой апазіцыі», калі тая папярэджвала пра небяспеку, што зыходзіць з рэжыму Лукашэнкі. Маўляў, тожа мне – крывавы рэжым, гы-гы-гы. Ну як можна чакаць «вялікіх зладзействаў» ад гэтага праставатага вясковага мужычка?
Ну, разгоніць ён тых крыкуноў, што выпаўзуць на вуліцы з патрабаваннямі нейкіх там «правоў чалавека» ды «дэмакратыі». А калі моцна ня вякаць, дык і з ім ужыцца можна, нават калі не зьяўляешся ягоным прыхільнікам. Тым больш, што заробкі выплочваюцца, ЗВР растуць, візы выдаюць – чаго яшчэ трэба?
Але ж вось праблема: падобныя рэжымы схільны да развіцця, і далёка ня ў лепшы бок. Іхняя агрэсія з цягам часу будзе ўзрастаць. Прычым, ня толькі ў бок уласнага грамадства, што было заўважана ў 2020-ым і далей. Але й у бок суседзяў. І як бы не было смешна (дагэтуль) чуць пра «крывавы рэжым» і нават прапаноўваць з ім пагандлявацца, лёгіка развіцця вядзе да таго, што ён, урэшце, паставіць нашую краіну ў цэнтр глябальнага канфлікту. Ядравага канфлікту.
Хоць у нас і любяць «сігналы ўлоўліваць», што ідуць з таго боку, але чамусці ніхто асабліва не ўлоўліваў тых сігналаў, у якіх наўпрост праяўлялася ягоная агрэсіўная мілітарысцкая натура ды непрыяцце ўсяго, што ён лічыць «чужым» (а «чужым» для яго й беларушчына зьяўляецца, і дэмакратыя, і ўвесь Захад разам узяты). Як не «ўлоўлівалі» й тыя сігналы, дзе ён упарта, год за годам, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем казаў пра сваю «неадрыўнасць» ад Расіі. І шкадаванне з нагоды страты савецкай ядравай зброі.
Тым ня менш, развіццё ідзе няўмольна, і справа ад слаба чытаных «сігналаў» пераходзіць да цалкам канкрэтных дзеянняў. Два тыдні таму – вось нечаканасць! – на тэрыторыі «ад Брэста да Камчаткі» прайшлі сумесныя беларуска-расійскія вучэнні па адпрацоўцы прымянення тактычнай і стратэгічнай ядравай зброі. Зразумела, іх можна ўспрымаць як элемент стратэгіі блефу, мэта якой – псіхалягічны ціск на заходніх палітыкаў і грамадствы. Але гэтак жа зразумела, што заходнія палітыкі ня согуць разлічваць выключна на гэта. Бо прысутнасць у Беларусі патэнцыйных носьбітаў ядравых ракетаў (Іскандэры-М, Су-25, МіГ-31) ігнараваць нельга: нават калі гэта цяпер блеф, дык у любы момант гэта можа зрабіцца рэяльнасцю. Таму неабходна прымаць меры ў адказ.
Яшчэ падчас вучэнняў аналітыкі пачалі выказываць меркаванне, што «адбываецца штосці вялікае, штосці, што будзе вельмі істотным для міжнароднай палітыкі ў цэлым», нават калі гэта проста «патрасанне шабляй». Тады ж і генеральны сакратар НАТО Марк Рутэ казаў, што калі Масква прыменіць ядравую зброю супраць Украіны, адказ будзе «разбуральным».
Гэтыя словы ўжо нельга ўспрыняць як проста «патрасанне шабляй». Гаворка ідзе пра рэяльныя контрмеры супраць лукашысцка-расійскай пагрозы. На гэтым тыдні ў заходняй прэсе зьявілася інфармацыя пра тое, што амерыканскае кіраўніцтва вывучае магчымасці для пашырэння прысутнасці элементаў амерыканскага стратэгічнага ядравага стрымлівання ў Эўропе. Пня дзіва, што ў першую чаргу маюцца на ўвазе краіны, якія суседнічаюць з Беларуссю.
Сур’ёзнасць намераў падкрэсліваюць і выказванні з боку палітычнага кіраўніцтва Літвы. Міністр абароны Робертас Каўнас заявіў, што Літва ўдзельнічае ў непублічных перамовах па гэтым пытанні. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, спікер Сэйма Юозас Олекас і старшыня Камітэту па нацыянальнай бяспецы і абароне Рымантас Сінкявічус прызналі, што дапускаюць магчымасць правядзення рэфэрэндуму па зменах у Канстытуцыі, якая пакуль не дазваляе размяшчэнне на тэрыторыі гэтай краіны ядравай зброі. Гэтую пазіцыю падзяляюць і некаторыя апазіцыйныя палітыкі.
Што тычыцца Польшчы, дык яна пакуль не выказвае асаблівага жадання прыняць амерыканскую ядравую зброю на сваёй тэрыторыі. Але разам з тым у красавіку бягучага году зрабілася вядомым пра пляны правядзення сумесных вучэнняў Польшчы й Францыі з адпрацоўкай нанясення ўдараў (у тым ліку й ядравых) па цэлях на тэрыторыі Беларусі й Расіі.
І як бы нас не пераконвалі, што ва ўсім вінаватыя каварны Захад і ці тое агенты КГБ, ці тое агенты ФСБ, ці тое агенты ЦРУ й усяго адразу з «гэтых офісаў-кабінетаў», сітуацыя – да болю зразумелая. У гэты стан, калі Беларусь зрабілася палігонам для расійскай ядравай зброі і мішэнню для амерыканскай і эўрапейскай, вінаваты рэжым Лукашэнкі, зацыклены на сваёй прарасейскасці і агрэсіўна-варожы для ўсяго астатняга свету. У тым ліку, і да Беларусі. У выніку мы ўсе робімся персанажамі пьесы, дзе на сценку ўжо павешана стрэльба. І нават ня стрэльба, а ядравая бомба. І нават цэлы ядравы арсенал. Які, па законах жанру, у канцы мусіць бабахнуць. І тады ўсе сцэнары вяртання ў Беларусь і ейнага аднаўлення давядзецца моцна скарэктаваць.



Комментарии