«Я искренне считаю, что мы в беде…»: расіі ставяць дыягназ
- 23 апр.
- 3 мин. чтения
Обновлено: 30 апр.

Красавік 2026-га робіцца багатым на трывожныя (калі не казаць «панічныя») заявы наконт стану й пэрспэктываў расійскай эканомікі.
І гаворка ідзе ня толькі пра медыя ці экспэртаў, арыентаваных на «Захад». Кепскія прагнозы й папярэджанні ідуць з боку тых, хто можа лічыцца «апірышчам» расійскага рэжыму – праўладных эканамістаў, дырэктароў буйных прадпрыемстваў, палітыкаў, вядомых сваёй праўладнай пазіцыяй. Усё зводзіцца да адзінай высновы: у Расіі трэба штосці мяняць. Прычым, мяняць радыкальна і хутка. І падобна,што само кіраўніцтва Расіі даспела да гэтай ідэі. Пытанні, якія пры гэтым узнікаюць, тычацца ня толькі таго, які сцэнар пераенаў абярэ кіраўніцтва Расіі, але й таго, наколькі кіраўніцтва здолее яго ажыццявіць, і да чаго гэтыя пераены, увогуле, могуць прывесці?
Словы, вынесеныя ў якасці назвы гэтай публікацыі, былі прамоўлены акадэмікам Расійскай акадэміі навук Робертам Нігматуліным, які ніколі не вызначаўся нейкай апазіцыйнасцю дя цяперашняга расійскага рэжыму. Ды й прамоўлены яны былі на Маскоўскім эканамічным форуме, які з’яўляецца пляцоўкай для найбольш надзейных прыхільнікаў цяперашняй расійскай палітыкі. Поўную ляяльнасць удзельнікаў Форуму Крамлю можна праілюстраваць пазіцыяй Канстанціна Бабкіна – старшыні МЭФ. На адкрыцці панэлі, дзе потым прагучалі словы Нігматуліна, ён казаў пра неабходнасць аднаўлення «Наваросіі» і выкарыстанне «стваральнай сілы» соцень тысячаў тых «патрыётаў», хто пасьля «хуткай перамогі» вернецца з «сва».
І вось у такім кантэксце Нігматулін і распавёў, што эканоміка Расіі падае, а насельніцтва – бяднее і вымірае. Больш за тое, акадэміку падтакнуў ні хто іншы, як эканаміст Глазьеў, які цяпер займае пасаду дзяржаўнага сакратара «саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі». Ён абурыўся з падставы працягу адтоку капіталу з Расіі, нягледзячы, па ягоных словах, на «працяг сва». Пры гэтым ён меў на ўвазе, што напружаныя стасункі з Захадам не замінаюць расійскаму бізнэсу выводзіць грошы за мяжу.
Праз некалькі дзён пасля завяршэння МЭФ міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Рэшэтнікаў пацвердзіў дыягназ: «Сітуацыя ў расійскай эканоміцы цяпер больш складаная, чым за ўсе апошнія гады. Рэзэрвы шмат у чым вычэрпаны на фоне моцнага рублю, высокіх ставак па адсотках, дэфіцыту працоўных рэсурсаў і бюджэтавых абмежаванняў».
Дык добра яшчэ, калі выказваюцца эканамісты. Гэта – нармалёвая сітуацыя, якую можна патлумачыць унутранай барацьбой за рэсурсы. Але ніякім чынам нельга прызнаць нармалёвай (асабліва для Расіі), калі пра ўнутраныя праблемы пачынаюць выказвацца зусім далёкія ад палітыкі людзі. Такія, як шырока вядомая ў расійскім грамадстве мадэль і блёгерка Вікторыя Боня. Яна нечакана звярнулася да Пуціна, сказаўшы расійскаму прэзідэнту, што «народ яго баіцца», а гэта, маўляў, ня ёсць нармалёвым.
Усе выказванні зводзяцца да аднаго: у Расіі трэба штосці мяняць, іначай краіну чакае хуткая катастрофа. Лідэр расійскіх камуністаў Генадзій Зюганаў нават папярэдзіў аб пагрозе новай «лютаўскай рэвалюцыі», якая можа адбыцца ўжо бліжэйшай восенню (чым выклікаў кпіны ў інтэрнэце ў духу: «Пчолкі супраць мёду» (то-бок, камуністы супраць рэвалюцыі)).
Пры гэтым рэякцыя Крамлю на падобныя заявы на дзіва мягкая. Калі ключавыя праўладныя прапагандысты, кшталту Ўладзіміра Салаўёва, абрынулі на Боню цэбар праклёнаў (а яна ім адказала ШІ-шным ролікам, дзе яна ў вобразе «жанчыны-павучыхі» надзірае ім азадкі), сам Крэмль вуснамі прэсавага сакратара Пяскова выдаў толькі штосці кшталту самаапраўдання.
Падсумоўваючы выказванні праўладных экспэртаў з пазіцыяй Крамлю можна зрабіць выснову, што расійскае кіраўніцтва рыхтуе глебу для нейкіх радыкальных зменаў. Магчыма, яно марыць пра штосці аналягічнае гарбачоўскай «перабудове», якая была запушчана дзеля ратавання канаючай савецкай мадэлі цэраз трансфармацыю. Але пры гэтым, зразумела, кіраўніцтва Расіі ня можа жадаць, каб цяперашняя «перабудова» пайшла па сцэнары той, папярэдняй. А шанцы на гэта надзвычай высокія, і добрых крокаў у гэтай сітуацыі ў Крамлю, падобна, няма.
Падавалася б, вырашэнне праблемаў ляжыць на паверхні. Калі вярнуцца да словаў Глазьева пра адток капіталаў, дык дастаткова зірнуць на дынаміку зменаў іхніх аб’ёмаў. Самы нізкі ўзровень назіраўся ў 2016-ым (-35,5 млрд даляраў), самы высокі – у 2022-ім (-240 млард даляраў). У 2024-ым (апошні год, па якім ёсць лічбы) – 80 млрд. Глазьева больш за ўсё здзівіла, што адток працягваецца, нягледзячы на тую канфрантацыю, якая маецца паміж Расіяй і Захадам (куды, уласна, грошы з «вялікай і баганоснай» і уцякаюць). Хоць для любога чалавека відавочнай будзе выснова: чым вастрэй процістаянне з Захадам, тым актыўней расійскі капітал будзе абіраць Захад у якасці спакойнага прытулку. А гэтая выснова наўпрост падводзіць да варыянта вырашэння праблемы: спыніць тую самую «сва». Але драматызм сітуацыі заключаны ў тым, што ейнае спыненне не ўяўляецца на бягучы момант магчымым – з розных падставаў.
Таму выйсце будзе шукацца ў іншых сцэнарах. І тут нават не задаш пытанне: а мы да гэтага ўсяго якім бокам? Бо зразумела, што ад таго, па якім сцэнары пойдуць далейшыя падзеі ў Расіі, непасрэдна залежыць і нашая будучыня. Як і будучыня Эўропы.
(Працяг будзе)



Комментарии