top of page

Гульні метадолягаў IV: дык «сэкта» ці не? (працяг)

  • 5 дней назад
  • 7 мин. чтения
Методологи хотят управлять

Працяг

 

«З усіх пытанняў для нас найважнейшым з’яўляецца пытанне грошай»

Вось ужо што, падаецца, ня тычыцца метадолягаў, дык гэта тое, як сэкты выціскаюць з сваіх адэптаў грошы ды маёмасць. Нідзе не сустрэнеш інфы, як «арганізатары гульняў» адціснулі ў якога-небудзь небаракі кватэру ці машыну, ці што-небудзь яшчэ. Але й нельга казаць, што грашовае пытанне было зусім чужым для метадолягаў.

Тут нам зноў дапамогуць успаміны Лебедзева. Ну, добра, калі ён распавядае пра набыццё Шчадравіцкім трох дэфіцытных замшавых пінжакоў за 210 рублёў у суме (амаль двухмесяцовы заробак савецкага інжынэра), гэта можна спісаць на заможнасць самога Шчадравіцкага (як кіраўніка лябараторыі пры Саюзе мастакоў у той час). Але той жа Лебедзеў распавядае пра тое, колькі «каштавалі» гульні і колькі атрымлівалі арганізатары: «Нужно было оплатить приезд команды игротехников — это иногда человек 15-20. Всех разместить (часто в хороших гостиницах). Всем выплатить гонорары — причем немалые. Помнится, я привозил с одной игры до 1000 рублей — тех, еще полновесных, когда «Жигули» стоили 5,5 тысяч, а киллограм колбасы «Любительской» 2,20». За чый кошт банкет? – запытаеце вы. А за кошт замоўнікаў – тых самых прадпрыемстваў, якім трэба было, каб метадолягі вырашылі іхнія праблемы.

Бывала, што замоўнікі самі траплялі ў пастку й набывалі эмацыйную залежнасць ад гульняў і іхніх арганізатараў. Як тое здарылас з адной дырэктаркай футравай фабрыкі, якая запрасіла арганізатараў гульні да сабе на вячэру, а потым прадала ім па сабекошце (хто жыў у саўку, той ведае, якое гэта шчасце) дэфіцытныя дублёнкі ды курткі на футры, ды яшчэ й высокай якасці.

Існуюць і выказванні ўжо прыгаданага вышэй рэлігіязнаўцы Мітрохіна, што метадолягаў, маўляў, грошы ў першую чаргу й цікавілі. Але пацверджанняў таму знайсці немагчыма. Дастаткова таго, што яны карысталіся сваімі кліентамі «на поўніцу». І пры гэтым яны, фактычна, прадавалі ім стос эмоцыяў – як тое й робяць сэкты.

Дык ці кепска гэта? Чаму б ня даць людзям магчымасці атрымаць асалоду ад «мыслядзейнасці» – усё лепей за ўжыванне рэчываў разнастайных. Але тут праблемка, як і з рэчывамі. Асалоду атрымаць можна, але ж наступствы могуць апынуцца разбуральнымі для псіхікі. Тыя, хто меў досвед знаходжання ў таталітарных сэктах, сярод наступстваў называюць такія: дэпрэсія, трывога, панічныя атакі, флэшбэкі, кашмары, пачуццё віны, самаабвінавачанне, гнеў, сорам, прыніжэнне і мноства іншых трывожных эмоцыяў. Роўна тое ж, што здаралася з удзельнікамі гульнў Шчадравіцкага яшчэ за савецкім часам.

Журналіст Мацвей Хромчанка, паплечнік Шчадравіцкага, к ён сам казаў, «кінуўся» ў сваю першую АДГ «з натхненнем». Але завяршылася гэта для яго «катастрофай»: «Да апошняга дня я зразумеў, што жыццё не атрымалася і час з ім завязваць. На тое, каб вярнуць мяне да нармальнага светаадчування, Георгію Пятровічу спатрэбілася паўгода». Асабліва звяртае на сябе апошняя фраза: дэпрэсія прайшла, але эмацыйная залежнасць ад «гуру» засталася.

Праўда, па шчасці, не з усімі так адбывалася. Ды й ня ўсе тыя, хто сутыкаўся з дэструктыўнымі культамі, атрымліваюць заўважныя псіхалягічныя праблемы. Але праблема ў самой магчымасці гэтага.

 

Гуляй – а тое прайграеш!

Некалькі гадоў таму давялося мне неяк назіраць, як адзін чалавек, набліжаны да «гуру» беларускіх метадолягаў, агітаваў іншага чалавека, набліжанага да, скажам так, высокапастаўленага чыноўніка ў тагачаснай гіерархіі кіраўніцтва дэмакратычных сілаў, «ушатаць» свайго шэфа да ўдзелу ў АДГ. Калі казаць коратка, дык акрамя ціску на эмоцыі (кшталту «ну як жа так, ну такая ж падзея!) быў і наўпросты шантаж: калі «шэф» ня прыме ўдзел у гульні, дык яго зняславяць на ўвесь свет, і кар’ера ягоная будзе скончанай.

На прыкладзе гульні гэтага году, можна лёгка заўважыць, што метады метадолягаў зусім не змяніліся. Праўда, цяпер адрасатамі былі ня толькі «чыноўнікі», але й журналісты, вайскоўцы, былыя палітвязні, бізнэсоўцы, прадстаўнікі НДА… Карацей, тыя, словы якіх маюць уплыў на беларускае грамадства. Не, ім не пагражалі зняслаўем. Ім пагражалі пэрспэктыай «застацца па-за працэсам». І як казаў сам ініцыятар гульні: «Ня хочаце – не ўдзельнічайце. Але я вас папярэдзіў».

Менавіта так адбываецца й вярбоўка ў сэкту: ня хочаш – не ўдзельнічай, але як адмовішся – дык прайграеш. А ў якасці ўзнагароды за ўдзел – прыналежнасць да «працэсу» ды нейкай элітарнай групы, якая й будзе чымсці такім… ну, такім… ну, элітарным, карацей… Карацей, да сэкты. Бо, як памятаем, ілюзія элітарнасці – адзін з ейных прызнакаў.

Успрыяцце метадолягаў і тых, хто ўдзельнічае ў АДГ, як элітарнай групы бярэ пачатак з часоў Шчадравіцкага, які сам неаднаразова падкрэсліваў гэта. Ягоную мэту падрыхтаваць некалькі дзясяткаў тысячаў упраўленцаў для пабудовы новай рэяльнасці цяпер называюць спробай пабудаваць у СССР мэрытакратычную мадэль – калі дзяржавай кіруюць «лепшыя». Пад апошнімі Шчадравіцкі разумеў тых, хто прайшоў праз ягоныя гульні й навучыўся «мысліць па-новаму», адвяргаючы ўсе астатнія «застарэлыя», «кансэрватыўныя» метады мыслення.

Пры гэтым нельга заўважыць з боку «гуру» вялікай павагі да гэтай «новай эліты». Філязофія Шчадравіцкага адводзіла людзям чыста інструментальныя функцыі, неабходныя для канструявання будучыні. Карыстацца гэтымі інструментамі мусілі «гульнятэхнікі» – безумоўна адданыя свайму лідэру дасведчаныя арганізатары гульняў.

Ды й увогуле стаўленне да чалавека ў Шчадравіцкага было сваеасаблівым. Пад час аднаго з рэдкіх з’яўленняў на цэнтральным тэлебачанні, у папулярнай у той час праграме «Очевидное неверотное» (1988), ён прызнаў, што «ня ўсе людзі – людзі»: «У массы людей нет никакой личности, и это сегодня – основной вопрос. Многие люди отнюдь не люди».  На ягонае меркаванне, пачаткова «нараджаецца толькі нейкая магчымасць зрабіцца чалавекам». Астатняе, маўляў, залежыць ад навакольных, серады, інтэлектуальных здольнасцяў. Адпаведна, калі чалавек паводзіць сябе як падонак, дык вінаваты ня ён, а «серада». Хоць у той жа перадачы ён усё ж прызнаў наяўнасць у чалавека ёсць выбар. Што, праўда, не змяніла ягонага стаўлення да людзей у цэлым.

Што, мачгыма, пакінула свой уплыў і на ягоную палітычную філязофію, якая вяла яго да прызнання таталітарызму непазбежнай пэрспэктывай чалавецтва. У сваёй вядомай прамове ў маскоўскім тэатры «На досках» у 1989-ым ён казаў наступнае: «Я вам скажу откровенно, хотя понимаю, что меня потом будут забрасывать камнями: а я разницы между тоталитаризмом и нетоталитаризмом не вижу. Понимаете? Не вижу. И считаю: тоталитарная организация есть будущая единственная организация всякого человеческого общества. Просто Германия и СССР немножко, «на ноздрю», вырвались вперед. Но это ждет всех, включая и гордую Британию. Другого не будет, уважаемые коллеги, — это ж есть необходимость развития человеческого общества, черт подери!» Можна, канечне, лічыць, што на ягоныя словы паўплывала атмасфэра «Тэатру», які меў рэнамэ асяроддзя далёка не ліберальнага, але ж Шчадравіцкі сам абіраў, дзе чытаць свае лекцыі.

У публікацыях сустракаецца меркаванне, што тая будучыня, якую «канструяваў» Шчадравіцкі, будзе «тэхнакратыяй для абраных». Для астатніх гэта пагарнецца найцяжэйшым рабствам. Што самі шчадравіцяне, канечне, катэгарычна адвяргаюць.

 

Дык сэкта ці не сэкта?

Як бачым, супастаўленне характарыстыкаў, прынамсі, не даюць магчымасці цалкам адвяргаць сэктанскую сутнасць руху метадолягаў. Даводзіцца прызнаць, што рэлігіязнаўца Нікалай Мітрохін салідарны з гэтай высновай: «Они поклоняются своему лидеру и разработанному им методу, который заменяет им религию. «Методологи» осваивают набор специфических практик внутри организации, овладевают мифологией и терминологией. <…> Наиболее опытные «методологи» становятся «жрецами» этого «культа»: после того как человекя овладевает «методом», он может сам проводить собрания, где «метод» представляется как инструмент для решения любой задачи». Праўда, ён лічыў, што рух метадолягаў – гэта «камерцыйная сэкта складанага тыпу».

Але нават пры гэтым далёка ня ўсе з гэтым пагаджаюцца. Культуроляг Віталій Курэнной, напрыклад, адвяргае «сэктанскі характар», бо, маўляў, гэта «не рэлігія», паколькі рэлігія прадугледжвае веру ў звышнатуральны свет, а ў метадолягаў гэтага няма. Але пры гэтым філязофія Шчадравіцкага грунтуецца на веры (менавіта – веры) у існаванне свету мыслення, якое існуе асобна ад чалавека (адсюль і інструмаентальнасць чалавека). Больш за тое, сам Курэнной лічыць, што ў метадолягаў прысутнічае прынцып ігнаравання рэяльнасці і адмаўлення ад таго, каб лічыцца з ёю. Затое гэты прынцып дазваляе ім актыўна «канструяваць» рэяльнасць. Ды й у іншых культуролягаў можна сустрэць характарыстыку падыходаў метадолягаў як «эзатэрычных», то-бок, заснаваных на суб’ектыўных уяўленнях і падыходах, а не на строга навуковым метадзе. 

Між іншым, самі метадолягі, натуральна, сэктантамі сябе ня лічаць (хоць і не адвяргаюць гэтага наўпрост). А вось кім яны адназначна сябе лічылі (ды й працягваюць лічыць), дык гэта «прагрэсарамі». Гэты модны тэрмін яны запазычылі ў савецкіх фантастаў братоў Стругацкіх, чыя творчасць набыла вялікую папулярнасць сярод савецкай (асабліва тэхнічнай) інтэлігенцыі з 60-ых гадоў. Сам Шчадравіцкі, па сведчаннях тых, хто яго ведаў, вельмі любіў гэты тэрмін і выкарыстоўваў яго для апісання сябе й сваёй каманды.

Прагрэсары – кшталту Тойва Глумава  з «Хвалі гасяць вецер» (але ня Дона Руматы, які замест «прагрэсарства» сам рэгрэсаваў да ўзроўню сваіх «падапечных») – прадстаўнікі высокаразвітых расаў (зямных ці іншаплянэтных), якія ва ўмовах глыбокай канспірацыі дзейнічаюць у чужых грамадствах, якія стаяць на значна ніжэйшых узроўнях развіцця, чым цывілізацыя саміх «засланцаў» (кшталту Арканарскага каралеўства з аповесці Стругацкіх «Цяжка быць богам»). Метадолягі верылі, што яны, падобна прагрэсарам, маюць магчымасць праз свой «метад» пакідаць бясконца маштабны сацыяльны ўплыў на «недаразвітую» чалавечую цывілізацыю.

А тое, што метад – сапраўды ўсемагутны, лічылі й самі метадолягі. Гэта дзіўнавата гучыць, але менавіта да такой высновы прыходзіць і прыгаданы вышэй Ільля Кукулін. Як ён адзначыў, характэрнай рысай школы Шчадравіцкага і ейных прыхільнікаў была перакананасць ва ўсемагутнасці (ці, прынамсі, вялікай сіле) метаду Шчадравіцкага й вера ў «татальны сацыяльны канструктывізм», то-бок, што слушна арганізаваны мэнэджмент і слушныя палітычныя і сацыяльныя тэхналёгіі даюць магчымасць вырашыць любыя сацыяльныя задачы пры дапамозе невялікай групы людзей.

Магчыма, гэтая вера ва ўсемагутнасць была звязана з тым, што ў філязофіі Шчадравіцкага не прадугледжвалася такая опцыя, як выбар слушнага шляху. Як ён сам зказаў: «…в науке и философии нет разницы между истинным путем или ложным. Выбрал путь – иди до конца и не сгибайся. А что у тебя получится в результате... Человечество проверит этот путь и то ли скажет, что работал грамотно, культурно, строго и интуицией, то ли скажет, что плохо работал, и пойдут по этому пути второй раз, третий, четвертый...» Для яго, як бачым, галоўнае – працэс, а ня вынік. «Думаць», а не «вырашаць». Прычым, думаць так, як вучаць метадолягі. Іначай – памятайце! – прайграеце.

І тут жа непадалёк знаходзіцца адвярганне Шчадравіцкім і ягонымі паслядоўнікамі прафесіяналізму. У такіх выпадках Шчадравіцкі выкарыстоўваў параўнанне з сюжэтам з «Андрэя Рублёва» Таркоўскага, калі хлопец бярэцца за зусім невядомую яму справу ліцця званоў, і ў яго атрымліваецца. Таму яшчэ за савецкім часам ён вітаў, калі «гульнятэхнікі», запрошаныя для вырашэння той ці іншай праблемы для таго ці іншага прадпрыемства, анічога ня цямілі ў той сфэры, з якой праблема была звязанай.

У выніку метадолягі ў чымсці і самі зрабіліся ахвярамі сваёй метадалёгіі. Яны паверылі, што праз яе яны атрымалі ў свае рукі магчымасць уплываць на свет і цалкам яго змяняць. Найбольш поўна, бадай, пляны Шчадравіцкага апісаў усё той жа Лебедзеў, якому гэтыя пляны паведаў сам «гуру» пад час візіту ў Менск у 1973-ім. Менавіта тады заснавальнік руху прызнаў, што ідэя заключана ў тым, каб за пэўны час падрыхтаваць «кадры» (што ў далейшым ажыццяўлялася праз АДГ), «разабраць» механізм соцыюму на «вузлы і дэталі», знайсці «блёк кіравання», пранікнуць у яго і накіраваць у патрэбным кірунку. У выніку соцыюм паўставаў у выглядзе схемы, дзе праз доступу да кожнага блёку можна было пры дапамозе сваіх «агентаў» дамагчыся патрэбнага выніку. Таму шчадравіцяне й мусілі ісці на пасады дарадцаў, намеснікамі, сакратарамі, балятавацца на выбарныя пасады, каб накіроўваць і кіраваць гэтым вось усім…

Але пакіраваць Шчадравіцкаму так і не давлося. Можа, канечне, толькі праз тое, што ён даволі рана памёр – у 1994-ым, не паспеўшы сказаць сваё вескае слова пры новых умовах у новай Расіі. Паслядоўнікі ягоныя, як ужо адзначалася ў папярэдніх публікацыях на гэтую тэму, здолелі паўплываць (негатыўна) на ўспрыяцце палітыкі і дэмакратыі на постсавецкай прасторы. Тым ня менш, прагрэсарамі яны не зрабіліся. Прынамсі, замест звяргання Дона Рэбы, яны, хутчэй, спрычыніліся да ягонага прыходу да ўлады. Затое яны далі прастору для зьяўлення дсясяткаў тысячаў донаў руматаў (ды падобных «донаў»), якія атрымалі шырокія магчымасці прадэманстраваць сваю сапраўдную «сярэднявечна-феадальную» прыроду.

А ўтварыліся тыя магчымасці праз вынайдзеную метадолягамі (так – менавіта імі) канцэпцыю «Русского міра». Як гэта ў метадолягаў атрымалася – чытайце ў наступнай нашай публікацыі.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page