top of page

Калі «вар’яцтва» ідзе на карысць

  • 5 часов назад
  • 5 мин. чтения
Холодная война

Як бы тое ні было, Халодная вайна, пры ўсіх вялікіх праблемах і наступствах, звязаных з ёю, дае досвед, як два бакі, валодаючы самай смертаноснай зброяй у гісторыі, так і ня вырашыліся яе прымяніць. Хоць сітуацыяў, калі чалавецтва «балянсавала на грані», было за той час досыць. І пры гэтым аніводны з бакоў не пераступіў праз «чырвоную лінію», якая аддзяляла чалавецтва ад магчымасці поўнага вынішчэння. Цяпер, больш чым праз 30 гадоў пасля завяршэння Халоднай вайны, у паветры зноў зьявілася пагроза прымянення ядравай зброі. Таму ёсць сэнс прааналізаваць, што дазволіла ў мінулым пазбегнуць развіцця падзеяў па найгоршым сцэнары. І як тое ня дзіўна, паратунак знаходзіўся ў «вар’яцтве». Дакладней, у тым псіхалягічным уплыве, які пакідала пэрспэктыва непазбежнай гібелі на тых, хто прымаў палітычныя рашэнні.

 

Зьяўленне ядравай трыяды

Дэманстратыўнае выкарыстанне Злучанымі Штатамі ядравай зброі ў канцы Другой светавой нарадзіла ў краінах свету два пачуцці: жаданне валодаць падобнай зброяй і страх перад яе прымяненнем.

Вынікам першага пачуцця зрабілася такая зьява, як гонка ўзбраенняў. Тыя дзяржавы, якія тэхналягічна й эканамічна маглі сабе дазволіць валоданне ядравай зброяй, актыўна «ўпрагліся» ў распрацоўку й вытворчасць як боезарадаў, так і сродкаў дастаўкі гэтых зарадаў да цэляў.

«Наперадзе плянэты ўсёй», зразумела, былі Злучаныя Штаты й СССР. У  першай палове 50-х яны выйшлі на новы ўзровень тэхналёгіяў вынішчэння, паспяхова правёўшы выпрабаванні тэрмаядравых зарадаў. Іхняя магутнасць была істотна вышэйшай за магнутнасць тых бомбаў, якія ЗША выкарысталі супраць Японіі.

Не стаяла на месцы й развіццё сродкаў дастаўкі. Цягам 50-ых яно прывяло да зьяўлення сымбаляў Халоднай вайны – міжкантынентальных стратэгічных бамбавікоў: амерыканскага Boeing B-52 Stratofortress і савецкага Ту-95. Абодва зрабіліся сымбалямі Халоднай вайны і абодва працягваюць службу дагэтуль (хоць пагалоўе «Мядзьведзяў» – кодавая назва Ту-95 па кадыфікацыі НАТО – значна скарацілася за апошнім часам, дзякуючы высілкам украінцаў).

Яшчэ адным сымбалем Халоднай вайны зрабіліся міжкантынентальныя балістычныя ракеты. У адрозненне ад адносна ціхаходных і ўразлівых бамбавікоў, гэты новы тып зброі мог менш чым за паўгадзіны даставіць ядравыя зарады як ЗША, так і СССР на тэрыторыю ўмоўнага праціўніка.

Яшчэ больш скараціла час дастаўкі ядравых боепрыпасаў магчымасць размяшчаць пускавыя ўстаноўкі ракетаў, здольных несці ядравыя зарады, на падводныя лодкі. Акрамя таго, у канцы 50-ых на падводныя лодкі пачалі ўсталёўваць ядравыя рухавікі. Гэта значна падвысіла тэрмін і адлегласць аўтаномнага плавання, што дазволіла ўсталяваць патруляванне ўзбярэжжа патэнцыйнага праціўніка. Такім чынам, ужо на пачатку халоднай вайны склалася гэтак званая «стратэгічная ядравая трыяда».

 

Асэнсаванне «вар’яцтва»

Гэта, роўна як і рост колькасці саміх ядравых зарадаў, магутнасці якіх, у выніку, хапіла б на некалькі вынішчэнняў усяго насельніцтва плянэты, прывяло да зьяўлення значнага псіхалягічнага бар’еру на шляху да выкарыстання ядравай зброі. Найвялікшы страх выклікала пэрспэктыва ўдару ў адказ: хто б ні прымяніў першым гэты тып узбраення, абаронныя тэхналёгіі праціўніка гарантавалі прымяненне яго нават у тым выпадку, калі кіраўніцтва й камандныя пункты праціўніка былі цалкам знішчаны.

У СССР гэта звалося «комплекс «Пэрыметр» (ці «Мёртвая рука» ў заходняй клясіфікацыі). У Злучаных Штатаў, у сваю чаргу, была распрацавана канцэпцыя «масіраванай адплаты», якая таксама гарантавала ўдар у адказ. Аўтарам гэтай канцэпцыі, дарэчы, быў дзяржсакратар Ален Далес. Вось такім быў рэяльны, а не нафантазаваны «расійскімі патрыётамі» «плян Далеса».

Усё гэта вяло да разумення, што адзіным вынікам ядравага канфлікту паміж звышдзяржавамі будзе гарантаванае ўзаемнае вынішчэнне. На ангельскай мове гэта гучыць як «mutual assured destruction», ці «MAD» – скарачэнне, якое ў перакладзе з ангельскай гучыць як «вар’яцтва».

Што цікава, да зьяўлення «ядравай трыяды» пэрспэктыва прымянення ядравай зброі не сутыкалася з высокім бар’ерам псіхалягічнага непрыяцця. Наадварот, на пачатку 50-ых узніклі сітуацыі, калі Злучаныя Штаты былі блізкія для прымянення яе ў баявых умовах. Пад час Карэйскай вайны амерыканцы разглядалі магчымасць нанесці ўдар па кітайскіх войсках, каб прымусіць кітайцаў выйсці з канфлікту. Але тады пераважыла меркаванне, што можна атрымаць удар у адказ. Хоць гэта не вяло да глябальнага канфлікту, ды й для яго яшчэ не было назапашана дастаткова рэсурсаў, але й тыя сродкі, якія былі ў наяўнасці ў праціўніка (як і наступствы для мірнага насельніцтва), былі дастатковым аргументамі для стрымлівання. У выніку генерал Макартур, які асабліва моцна настойваў на прымяненні атамных бомбаў, згубіў пасаду галоўнакамандуючага амерыканскімі войскамі.

Праз некалькі год пасля гэтага, у ходзе Індакітайскай вайны, калі віетнамцы змагаліся за сваю незалежнасць ад Францыі, вялікі французскі гарнізон апынуўся ў атачэнні ў горадзе Дыенбіенфу. Французы тады звярнуліся да амерыканцаў па дапамогу. А тыя, можа, хутчэй, «на адчапіся», прапанавалі «даўбануць» па віетнамскіх войсках ядравымі бомбамі. Французы самі адмовіліся ад такой прапановы, бо сярод ахвяраў бамбардыроўкі непазбежна былі б і байцы французскага гарнізону.

Тым ня менш, да пачатку 60-ых галоўнай стратэгіяй абодвух бакоў процістаяння ў Халоднай вайне было «балянсаванне на грані». Праціўнікі ня стрымлівалі сябе ў выразах і пагрозах. Чаму вартае хаця б абяцанне: «Мы вас пахаваем!» Яно прагучала ў лістападзе 1956-га з вуснаў тагачаснага савекага кіраўніка Мікіты Хрушчова на сустрэчы з заходнімі дыпляматамі. Хрушчоў, у рэчаіснасці, меў на ўвазе процістаянне эканамічнае: маўляў, сацыялізм, як больш прагрэсіўная мадэль, «пахавае» капіталізм. Але СМІ падалі гэтую заяву без кантэксту. На фоне Суэцкага крызісу й падзеяў у Вугоршчыне прагучала гэта больш чым пагрозліва.

 

Спрацавала аднойчы – ці спрацуе ў другі раз?

І ўсё ж разуменне «гарантаванага ўзаемнага вынішчэння» (ці «вар’яцтва») апынулася куды больш надзейным сродкам стрымлівання, чым пралятарская нянавісць да сусветнага буржуйства. У лістападзе 1961-га Хрушчоў вырашыў «прамацаць» маладога амерыканскага прэзыдэнта Кэнэдзі «на трываласць» і накіраваў таму ўльтыматум наконт статусу Заходняга Бэрліну. Кэнэдзі апынуўся трывалым і жорсткім «на вобмац». І тады Хрушчоў вымушаны быў вярнуць свае танкі, якія ўжо стаялі насупраць амерыканскіх, у месцы пастаяннай дыслякацыі.

У яшчэ больш жорсткім процістаянні праз год – ля ўзбярэжжа Кубы – савецкае кіраўніцтва таксама ня вырашылася на прымяненне крайніх срордкаў. Бо пэрспэктыва быць гарантавана вынішчанымі сапраўды надзейна стаяла ўспоперак шляху да пульту з «чырвоным гузікам».

Канцэпцыя «гарантаванага ўзаемнага вынішчэння» перавяла процістаянне ў сфэру эканомікі, прычым, з працяглым тэрмінам у часе. Што на той момант вырашыла лёс чалавецтва менавіта на карысць апошняга. Рынкавая капіталістычная сістэма, ды яшчэ з пераходам да неаліберальнай эканамічнай мадэлі, якую называлі ў тыя часы «рэйганомікай», не пакінула сацыялістычнай сістэме аніякіх шанцаў дамагчыся перавагі ў справе захавання парытэту ва ўзбраеннях. СССР ня здолеў падтрымліваць навязаны яму тэмп.

Па некаторых звестках, ужо ў канцы 70-ых-пачатку 80-ых у людзей у савецкім кіраўніцтве пачало зьяўляцца адчуванне, што існуючая ў СССР мадэль ня можа больш падтрымліваць існаванне дзяржавы. Пры гэтым спроба змяніць эканамічную сістэму ў адрыве ад палітычнай пацярпела крах. І ў тым, што савецкае кіраўніцтва ня вырашылася нават у такой сітуацыі прыбегнуць да крайняга сродку й паспрабаваць ядравай сілай «паставіць на месца» сваіх праціўнікаў, выгандляўшы для сябе пэўныя прэфэрэнцыі, вялікую ролю адыграла вера ў «вар’яцтва». Урэшце ж, можна было – таксама чыста псіхалягічна – прымусіць патэнцыйнага праціўніка саступіць перад значнай перавагай у ядравай зброі, што дало б шанец на такі ўдар, калі ўдар у адказ ужо мог быць не магчымы. Але разуменне адсутнасці шанцаў на тое, што высілкі «дагнаць і перагнаць», каб такі набыць пажаданую перавагу ва ўзбраеннях, дадуць плён, было адным з фактараў, які прывёў да знікнення СССР.

Таму цяпер застаецца пытанне: ці можа ў наш час канцэпцыя «гарантаванага ўзаемнага вынішчэння» зрабіцца такім жа паратункам, асабліва калі тая дзяржава, якая найгучней абвяшчэе пра сваю гатоўнасць прымяніць ядравую зброю, апенецца ў зацяжной вайне на вычарпанне рэсурсаў. Пошук адказу на гэтае пытанне заслугоўвае асобнага аналізу. Так што пытанне, ці спрацуе «вар’яцтва» ў другі раз, мае, пакуль, рытарычны характар.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page