Схаванае ў лісце VI. Высновы

Працяг
Пачатак тут – Схаванае ў лісце І. Аўдыторыя як аб’ект
Працяг тут – Схаванае ў лісце ІІ. Экспліцытнасць імпліцытнага
Працяг тут – Схаванае ў лісце IV. Сфэрычны аб’ект у вакууме
Працяг тут – Схаванае ў лісце V. Права на самаабарону
A.S. Перад тым, як перайсці да падсумавання, варта прызнаць, што мы ня мелі рацыю, калі казалі, што аўтары / аўтаркі ліста ігнаруюць праблему: яны прапануюць зняць санкцыі з рэжыму, які зьяўляецца суагрэсарам. На гэтым тыдні яны паспрабавалі адказаць на пытанне, якое ім задавалі ў гэтай сувязі.
Адказ заключаецца ў тым, што аўтары / аўтаркі спрабуюць падаць сваю старую “новую стратэгію” як “адзін з варыянтаў”. Маўляў, яны разумеюць, што вайна ідзе, што гэтая вайна можа перакінуцца на Эўропу, і што дапамагаць агрэсару, здымаючы з яго санкцыі, нядобра. Але самі яны пры ўсім сваім разуменні зыходзяць з варыянту: а калі не? Калі вайны ня будзе? А раптам ужо цяпер ці да наступнай вясны вайну замарозяць або яна ўвогуле скончыцца, а палітвязні ў Беларусі працягнуць сядзець?
Падаецца, тут прыўкрасна прыкладна ўсё. Пачынаючы з “рознасці варыянтаў”. То бок, яны прапануюць вось так вось, толькі на падставе нейкай імавернасці зняць з агрэсараў санкцыі па прынцыпе: а раптам? Ну дык адказаць ім на гэта вельмі проста: а раптам вайна ня скончыцца, і агрэсары ня спыняцца? Ну не для таго ж яны вайну пачыналі, каб ім усяго толькі Крым ды кавалак Данбасу перапалі? Яны ў сваёй рыторыцы ідуць куды далей. Нагадаем фразу Пуціна, якой ён адказаў на пастаўленае ім самім пытанне, дзе завяршаюцца межы Расіі: “Межы Расіі нідзе не завяршаюцца”.
Рэжымы, як мы ведаем, маюць схільнасць да развіцця. І калі ў 2016 годзе, калі прагучала гэтая фраза, расійскія войскі разам з ядравай зброяй былі далёка ад эўрапейскіх межаў, расійскія дроны не заляталі ў ЭЗ і ў эўрапейскіх краінах не было дывэрсіяў з відавочным расійскім следам, дык цяпер гэта ўсё ёсць. Мэта Расіі – не кавалачак украінскай тэрыторыі, а аднаўленне імпэрыі з распаўсюдам свайго ўплыву на ўсю Эўропу. Пачытайце матэрыялы на нашым сайце пра тое, як яна хоча “распіліць свет на траіх”. Калі б яна жадала міру, гандлю ды адсутнасці санкцыяў, яна б проста не палезла ў суседнюю сувэрэнную краіну.
Так што любое “спыненне вайны” ў цяперашніх умовах – гэта толькі перадышка перад наступнай, больш вострай для нас усіх фазай. Навошта ў гэтую перадышку яшчэ й узмацняць агрэсара дадатковымі рэсурсамі, якія дасць яму зняццё санкцыяў? Ці аўтары / аўтаркі думаюць, што рэжым вось так вось спыніць мілітарызацыю грамадства, папросіць расійскіх казакаў ды вэтэранаў “СВА” больш не дурыць галовы беларускім шкалярам сваім “патрыятычным выхаваннем”? І што рэжым адмовіцца ад мары прадэманстраваць свой парадны мундзір “геніалісімуса” на парадах перамогі ў Кіеве, Вільні, Варшаве? І што ў Расіі тамтэйшы рэжым зробіць тое ж самае? Алё, вы сур’ёзна?
Да гэтага яшчэ дададзім наіўна-ружовую веру ў тое, што рэжым вось так вось выканае абяцанні й перастане кідаць людзей за краты. Рэпрэсіі й страх, які яны нараджаюць, – адны з галоўных слупоў, на якіх трымаецца дыктатура. Прыбяры іх, і яна пасыплецца. Людзі ў 2020 годзе выходзілі не праз імгненны імпульс, а праз стомленасць ад дзесяцігоддзяў адсутнасці пазітыўных пераменаў. За мінулыя шэсць гадоў гэтая стомленасць, як і нянавісць да рэжыму, толькі павялічыліся. Можна, зразумела, пераконваць сябе й астатніх, што беларусы “перагарнулі старонку”. Але гэта будзе ня больш як самападман. Ну, ці падман іншых – у тым выпадку, калі аўтары / аўтаркі не такія наіўныя, як хочуць выглядаць у вачох іншых, а ўсё цудоўна разумеюць.
Калі ж перайсці да падсумавання таго, што схавана ў лісце, дык, парадаксальна, перш за ўсё варта казаць пра тое, што адразу кідаецца ў вочы. І гэта зусім ня тое, што ліст – “за ўсё добрае супраць усяго злога”. І ня тое, што ён праз гэта – ніякі, і яго можна падпісаць без усялякай страты для сябе й агульнай справы.
Насамрэч найперш кідаецца ў вочы ягоная няшчырасць. Ня ведаем, ці бачылі гэтую няшчырасць падпісанты, але аўтары / аўтаркі ды ініцыятаркі не маглі яе не заўважыць. Бо напісаць ліст быццам ад усіх былых палітвязняў, але пры гэтым разумець, што далёка ня ўсе былыя палітвязні будуць згодныя з пасылам гэтага ліста, і праз гэта не прапанаваць ім падпісаць ліст, гэта няшчырасць. Калі казаць прасцей, падман. І ўжо дакладна падман казаць, што падпісаць ліст прапаноўвалі ў першую чаргу сваім знаёмым. Пры тым што прапанову не атрымалі нават людзі, з якімі ініцыятаркі былі відавочна знаёмыя. Бо ведалі, што ініцыятыву іхнюю тыя паважаныя і заслужаныя людзі, ды яшчэ з вышэйшым міжнародным прызнаннем, не падтрымаюць (і не падтрымалі ж!).
Таксама відавочныя маніпуляцыі й ціск на эмоцыі, што ўласціва дэмагогіі. Тыя, ад імя каго напісаны тэкст, прадстаўляюць сябе “не як палітыкаў і не як экспэртаў”. Пры гэтым яны выкарыстоўваюць дэмагагічны прыём, прадстаўляючы сваю пазіцыю як пазіцыю “простых людзей”. Гэта мусіць дадаць даверу іхнім словам. Бо палітыка – брыдкая справа, як вядома. А яны брыдкімі справамі, маўляў, не займаюцца.
Але пры гэтым яны паводзяць сябе як палітыкі, якія здзяйсняюць арганізаваныя дзеянні, каб паўплываць на працэс прыняцця рашэнняў у пэўнай групе. Гэта – прынятае ў ангельскамоўнай літаратуры вызначэнне палітычнай кампаніі. А пад “пэўнай групай” у нашым выпадку маюцца на ўвазе палітыкі эўрапейскіх краінаў.
У звароце да гэтых палітыкаў ёсць відавочныя прыкметы маніпуляцыі ды маральнага шантажу. Апісваючы жахлівыя пакуты палітычных зняволеных у беларускіх турмах, аўтары перакладаюць адказнасць за тое страшнае, што можа адбыцца з гэтымі людзьмі, на сумленне эўрапейцаў. Тут варта прывесці поўную цытату з ліста, бо шмат хто ўжо забыўся на гэтыя фармулёўкі:
“Мы не бяром на сябе ролю суддзяў у пытаннях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаванні сярод беларусаў пра тое, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэннем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэнні пра будучыню адносін з Беларуссю, і зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій прыярытэтам еўрапейскай палітыкі”.
Тут можна заўважыць адразу два маніпулятыўныя пасылы. Першы – гэта чарговая спроба прадставіць “адзінства” ў падтрымцы ідэі, якая падаецца ў тэксце. Другі – сцвярджэнне, што ня можа быць больш істотнай задачы ў эўрапейскай палітыцы, чым вызваленне людзей і спыненне рэпрэсіяў. Яшчэ раз, не барацьба за дэмакратыю, не спыненне агрэсіі, а барацьба за вызваленне людзей. А ў гэтай барацьбе ўсе сродкі лічацца добрымі, пра гэта гаворыцца ў іншым месцы таго ж ліста.
Але галоўная маніпуляцыя, звязаная з ціскам на эмоцыі, заключаецца ў пасыле, што “няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё”. Гэта – найбольш спрэчная (мякка кажучы) частка паслання. Яна падаецца абсалютна маральна абгрунтаванай і дае прыхільнікам ліста, падавалася б, неаспрэчны аргумент супраць апанэнтаў. Але якраз да яе ўзнікае найбольш пытанняў.
Бо, па сутнасці, гэтым сцвярджэннем аўтары абясцэньваюць свабоду, права выбару, годнасць – тое, што вяло людзей на барацьбу супраць дыктатуры. Гэтае сцвярджэнне робіць людзей, якія прайшлі праз турмы ці працягваюць у іх сядзець, не героямі, а ахвярамі. Ахвярамі, дзеля выратавання якіх варта паступіцца ўсімі прынцыпамі. Больш за тое, яны робяць з людзей выгадны тавар для дыктатуры, гандаль якім можа істотна палепшыць сітуацыю для яе.
Пры гэтым, праўда, ім даводзіцца зноў ісці на шэраг маніпуляцыяў. Каб апраўдаць заклік скіраваць усе намаганні й выкарыстоўваць усе метады дзеля вызвалення людзей з-за кратаў, аўтары / аўтаркі выкарыстоўваюць тэзу “самае каштоўнае – гэта жыццё чалавека”. То бок яны фактычна прыраўноўваюць турэмны прысуд да смяротнага пакарання. Але якімі б жорсткімі ні былі прысуд і рэжым утрымання, гэта далёка ня так.
Пра гэта сведчыць і сам тэкст ліста, у якім пры апісанні ўмоваў утрымання ў турмах рэжыму ўвагу чытачоў прыцягваюць да шкоды здароўю й маральных пакутаў. А гэта зусім не раўназначна смерці. Пры гэтым праблему прапануецца вырашаць за кошт украінцаў, для якіх рызыка загінуць праз расійскія ўдары, якім садзейнічае лукашыстаўскі рэжым, значна вышэйшая. Гэта ўжо выводзіць праблему з катэгорыі маральнай дылемы ў катэгорыю чалавечай непрыстойнасці.
Фактычна, людзям прапануюць той выбар, які зрабіў Рыбак з быкаўскай аповесці “Сотнікаў”. Перачытайце, карысна. Убачыце, як выглядае той выбар. У адказ на крытыку, што, маўляў, гэта ўсё нязграбнае перабольшванне і што цяперашняя сітуацыя выглядае зусім ня так, можна запярэчыць: усё менавіта так. Нам прапануюць зрабіць выбар на карысць выратавання (нават не ад смерці, а ад турмы), але за кошт будучыні. Рыбаку вельмі карцела пазбегнуць пятлі, і ён зрабіў іншы выбар. Але той выбар прымусіў яго ўжо па ўласным жаданні ліхаманкава шукаць пятлю. І хутка ён зразумеў, што пятля – гэта тая ўзнагарода, якой ён ня годны.
Зразумела, што далёка ня ўсе будуць так пераймацца сваім выбарам. Але гэта ня значыць, што выбар гэтым людзям даруе. Нагадаем, што “вызваленне” ў нашым кантэксце мае свае драматычныя ўмоўнасці. Калі выйшаў з турмы й ня хочаш трапіць у яе зноў, дык сядзі ціха й выконвай патрабаванні рэжыму. А патрабаванні рэжыму будуць тычыцца ў тым ліку й дапамогі агрэсару. І, хутчэй за ўсё, непасрэднага ўдзелу ў агрэсіі супраць іншых дзяржаваў. Наколькі кепска гэта скончыцца для Беларусі і колькі жыццяў праз гэта будзе згублена, можна толькі здагадвацца. Байкі пра “нэйтралітэт” тут не пракоцяць.
З пункту гледжання аўтараў / аўтарак гандаль людзмі абсалютна апраўданы, калі гаворка ідзе аб вызваленні іх з турмаў. Дзеля гэтага можна пайсці нават на расчалавечванне зняволеных (напрыклад, называць іх “зайцамі”, бо рэжыму так будзе больш камфортна). Але мы раней нагадвалі, што гэты гандаль не прыводзіць да пажаданых вынікаў. Калі, канечне, пад гэтымі вынікамі аўтары ліста разумеюць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсіяў. Да пажаданых вынікаў прыводзіць толькі падзенне дыктатарскага рэжыму, як гэта адбылося ў выпадку з ГДР.
Вось і адказ тым, хто робіць выгляд, што ня ведае, што рабіць у бягучай сітуацыі й заклікае перайсці да старой “новай стратэгіі” па ўлагоджванні тыранаў. Хто сапраўды хоча, каб з-за кратаў выйшлі ўсе палітвязні, спыніліся рэпрэсіі, а тыя, хто быў вымушаны зьехаць з краіны, атрымалі б магчымасць вярнуцца бяз рызыкі пераследу, той мусіць змагацца за тое, каб палі дыктатарскія рэжымы ў Расіі й Беларусі. Калі хтосьці ня ведае, што для гэтага трэба рабіць, дык мы можам падказаць. Для пачатку не патрабуйце ад заходніх палітыкаў зняцця санкцыяў з суагрэсараў ды легітымацыі іхніх рэжымаў на міжнароднай арэне. Бо такія заклікі толькі заахвочваюць гэтыя рэжымы да далейшых здзекаў з людзей і пашырэння агрэсіі.
Таму няма аніякіх шанцаў на тое, што ў выніку “дыялёгу”, “перамоваў” і зняцця санкцыяў спраўдзяцца жаданні Марыі Калеснікавай, каб “людзі выйшлі з турмаў, каб спыніліся рэпрэсіі, каб Беларусь і свет зрабіліся лепей”. Даводзіцца прызнаць, што людзі ня выйдуць, рэпрэсіі ня спыняцца, а свет зробіцца горшым праз павялічэнне рэсурсаў тыранаў і агрэсараў.
Што ж тады схавана ў лісце? Тое, напрыклад, што пасылы ліста дзіўным чынам супадаюць з наратывамі, за якімі стаяць лукашыстаўскі ды маскоўскі рэжымы. Тое, што Эўропе трэба вяртацца да размоваў з Пуціным ды з Лукашэнкай. Што трэба здымаць санкцыі. Трэба звесці ўсе свае мэты й задачы да адной: каб людзі выйшлі. Ну й канечне, каб Эўропа перастала падтрымліваць Дэмакратычныя сілы Беларусі.
Узнікае пытанне: навошта гэта аўтарам / аўтаркам ды ініцыятаркам? Некаторыя звяртаюць увагу на ўражваючае падабенства паміж зместам ліста й “плянам Муратава”, які можна назваць расійскім варыянтам “новай стратэгіі”. Яны мяркуюць, што ініцыятыва з лістом зьяўляецца часткай агульнай маскоўска-лукашыстаўскай стратэгіі, накіраванай на ўласнае ўзмацненне праз зняцце санкцыяў ды вяртанне да перамоваў паміж агрэсарам і Эўропай. Што, безумоўна, узмацняе агрэсара ды аслабляе ягоных апанэнтаў. Іншыя лічаць, што галоўная задача – перахапіць беларускую павестку ў Эўропе ў Офіса Ціханоўскай. Трэція – што гэта ўсё барацьба за рэсурсы. Варта прызнаць, што ўсе гэтыя вэрсіі маюць права на існаванне.
Ёсць і тыя, хто лічаць, што гэта – шчырая наіўнасць. І з гэтым таксама можна пагадзіцца. Тыя, хто стаіць за лістом ці падтрымлівае яго (хаця б частка з іх), могуць зусім шчыра верыць, што рэжым – гэта навечна. І ў такой сітуацыі яны шукаюць шляхоў выхаду з таго няёмкага становішча, у якое яны трапілі праз вымушаную эміграцыю і пагрозу рэпрэсіяў… Паратунак яны бачаць у вяртанні ва ўмоўны 2019 год. Тады ўсё было так лагодна і можна было камфортна суіснаваць з тым жа рэжымам, хоць быццам бы і змагацца з ім. Вяртанне да 2019-га яны бачаць у імаверным прымірэнні з рэжымам. Хай дзеля гэтага давядзецца прыбраць са свайго шляху Офіс Ціханоўскай з ягонай жорсткай антырэжымнай пазіцыяй (ну, гэта прасцей за ўсё). Хай дзеля гэтага давядзецца паліваць брудам паважаных людзей, нязгодных з іхнай стратэгіяй. Хай дзеля гэтага давядзецца пайсці на саступкі рэжыму (а як жа, дыялёг жа!). Затое мэта будзе дасягнутая.
Чаму гэта – наіўнасць? Ды таму што, як у аналягічнай сітуацыі казаў пэрсанаж іншага літаратурнага твору: “Ня будзе больш Шыру, Піпін”. Хочаце туды вярнуцца – давядзецца змагацца. Не хочаце змагацца й абіраеце замест гэтага дамову з цёмнымі сіламі? Тады давядзецца ісці да гэтых цёмных сілаў ва ўслужэнне. І зусім ня факт, што гэтыя злыя сілы ў выніку перамогуць. Тады застанецеся вы ў дурнях. Хоць, можа, й здолееце захаваць жыццё (апанэнты вашыя – людзі гуманныя).
Існуе меркаванне, што ліст задуманы дзеля ўнясення дадатковага расколу ў супольнасць палітвязняў, у дэмакратычныя сілы ды ва ўсё беларускае грамадства. Але тут, мяркуем, справа ў іншым. Ліст (як і ўсе астатнія істотныя пытанні) не раскалывае беларусаў. Ён дазваляе ўбачыць, хто ёсць кім. Гэта бачна праз тое, як людзі сябе паводзяць, з якімі ініцыятывамі выступаюць, як гэтыя ініцыятывы прэзэнтуюць, якімі метадамі потым вядуць дыскусію.
Так, безумоўна, кожны можа абраць бок, які карыстаецца маніпуляцыямі, пазіцыя якога вызначаецца свядомай адсутнасцю лёгікі й аргументацыі ў разважаннях, які настойліва апелюе да пачуццяў, а не да розуму. Можна й самому пайсці на маніпуляцыі, як той каментатар, які пачаў намякаць, што той жа пан Бяляцкі не падпісаў ліст, бо баіцца, што людзі выйдуць на свабоду, і “Вясне” не будзе чаго рабіць. А можна заняць іншую пазіцыю і сфармаваць сваё стаўленне да гэтага каментатара з усёй магчымай выразнасцю й завершанасцю. Можна пайсці яшчэ далей і перанесці гэтае стаўленне на ўсіх, хто за лістом стаіць.
У сваю чаргу, гэта дазваляе пераканацца ў тым, што раскол існуе незалежна ад таго, хто якія намаганні да гэтага прыкладае. Бо гэта абсалютна нармалёва – мець розныя пазіцыі. На гэтым стаіць прынцып дэмакратыі. Маральны выбар таксама ўласцівы прыхільнікам любой пазіцыі. Таму мы за аб’яднанне ўсіх пад сцягам дэмакратыі! (І не кажыце потым, што мы гэтага не пісалі). Іншая справа, што да прыхільнікаў некаторых пазіцыяў лепш не паварочвацца спіной. І, на ўсялякі выпадак, не хадзіць з імі ў выведку. Нават у метафарычную. Шкада, што разуменне гэтага часцяком прыходзіць толькі постфактум. І дзякуй тым з іх, хто такую магчымасць дае загадзя. Каб нікому потым пакутліва не шкадаваць пра зроблены выбар.



Комментарии