Схованае ў лісце ІІІ. Стратэгія вечнай узнагароды рэжыму за пакуты людзей

Працяг
Пачатак тут – Схаванае ў лісце І. Аўдыторыя як аб’ект
Працяг тут – Схаванае ў лісце ІІ. Экспліцытнасць імпліцытнага
Ідзе чацвёрты дзень абмеркавання «ліста за ўсё добрае супраць усяго злога». Ягоныя прыхільніцы й прыхільнікі па-ранейшаму найбольш шырока выкарыстоўваюць два аргументы: «А там гэтага не напісана! / Дык там жа напісана!»
Пры гэтым іх зусім не бянтэжыць той факт, што самі яны ахвотна прыпісваюць сваім апанэнтам думкі й пазіцыі, якіх тыя ня маюць. Гэта ёсць добра бачным на прыкладе хлусьлівага аргументу, што, маўляў, тыя, хто супраць лісту, ня хочуць, каб людзі выйшлі на свабоду (што залішні раз кажа пра значную маніпулятыўную складаючую ў іхняй пазіцыі).
Аргумент «дык там жа напісана!» тычыцца, у першую чаргу, пытання ціску на рэжым. Адразу можна заўважыць, што напаўненне тэрміну «ціск» аўтарамі ды аўтаркамі (як і ініцыятаркамі) лісту не раскрываецца, дазваляючы чытачам самім дадумваць, што маецца на ўвазе. І ня дзіва, што ў цяперашнім беларускім канктэксце гаворка ідзе пра міжнародныя санкцыі (эўрапейскія, калі браць пад увагу адрасатаў лісту). Тут варта адзначыць, што ліст напісаны настолькі абцякальна й неканкрэтна, што чытачам даводзіцца шмат у якіх месцах самастойна даводзіць да канца думку аўтараў (тое, што завецца «чытаць між радкоў»). Але, як мы адзначалі ў папярэдняй частцы нашага аналізу, далёка не заўжды аўтарам атрымліваецца надзейна схаваць ад чытачоў тое, чаго яны «не пісалі».
Вось і тут чытачы адназначна заўважылі «між радкоў» заклік да зняцця санкцыяў. Як мы адзначалі раней, Іван Краўцоў таксама пацвердзіў, што гэта ў лісце цалкам сабе чытаецца (яшчэ раз «дзякуй» яму за гэта – істотна эканоміць час на прывядзенне доказаў і аргументацыі.). Уласна, шмат хто адзначае, што ў гэтым заключана цэнтральная пазіцыя аўтараў / аўтарак: уся тая ж прапанова «новай» стратэгіі, якая заключаецца ў зняцці абмежаванняў з лукашэнкаўскага рэжыму.
На гэтым, уласна, зразумеласць пазіцыі «ліставікоў» завяршаецца. Яны пакідаюць без тлумачэнняў, чаму ды як гэтая стратэгія мусіць спрацаваць, каб была дасягнутай галоўная мэта – вызваленне ўсіх палітзняволеных і спыненне рэпрэсіяў.
Як па ранейшых выказваннях прыхільнікаў гэтай стратэгіі, так і па выказваннях у рамках дыскусіі вакол лісту, іхняе бачанне рэканструююць прыкладна наступным чынам. Шэсць гадоў прайшло з 2020-га, на рэжым робіцца ціск праз усталяванне санкцыяў, але людзі па-ранейшаму застаюцца за кратамі. Значыць, трэба змяняць падыходы, і замест пугі прымяніць пернік. Гэта значыць, трэба адмовіцца ад ігнаравання рэжыму й пайсці з ім на перамовы. Дзеля гэтага – усталяваць дыпляматычныя кантакты. То-бок, прызнаць легітымнасць рэжыму, чаго ён даўно дамагаецца.
Пры гэтым – спыніць супрацу й падтрымку дэмакратычных сілаў, чаго таксама рэжым даўно дамагаецца. На запярэчанне, што, маўляў, пра гэта ў лісце не напісана, мы адкажам: яшчэ як напісана – праз адсутнасць у ім патрабавання працягнуць дыялёг з прадстаўніцтвамі Дэмакратычных сілаў, такіх як ОСЦ, АПК, КР, ды ўвогуле вываду беларусаў з сістэмы адносінаў паміж Эўропай і рэжымам Лукашэнкі (пра гэта мы пісалі раней).
Такім чынам, ужо дзве саступкі робяцца на карысць рэжыму ад самога пачатку – без адпаведных крокаў з боку апошняга. Лічыць такімі «крокамі» папярэднія «вызваленні» палітзняволеных (у дачыненні якіх адразу здзяйснялася новае злачынства – прымусовая высылка за межы радзімы) не выпадае ад слова «зусім», бо месцы «вызваленых» тут жа займалі новыя людзі, якія прызнаваліся праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.
Спробы адбяліць рэжым і давесці беларусам, што, маўляў, гэта ня новыя арыштаваныя, а тыя, хто быў арыштаваны раней, яшчэ да «вызваленняў» не вытрымліваюць крытыкі. Для прызнання арыштаванага палітвязнем праваабаронцы павінны, па-першае, даведацца пра ягоны арышт, а потым правесці праверку, ці адпавядае ён крытэрыюмам «палітзняволенага». І як можна зразумець, той факт, што арыштаваныя ў 2026-ым будуць прызнаныя палітвязнямі толькі ў 2027-ым, зусім не азначае лібералізацыю рэжыму. Да таго ж, як усе памятаем, далёка ня ўсе факты пераследу па палітычных матывах робяцца вядомымі праваабаронцам.
А што далей? А далей стратэгія прадугледжвае зняццё санкцыяў. Пра гэта ў лісце таксама «не напісана». Але, зноў, агульны кантэкст раскрывае тое, што «напісана паміж радкоў». Больш за тое, мы бачым ажыццяўленне гэтага на практыцы – пакуль толькі з боку ЗША. Пазіцыя амерыканскай адміністрацыі акурат і выклікае замілаванне з боку аўтараў / аўтарак лісту й нараджае заклік да эўрапейцаў паследаваць гэтаму прыкладу: «Мы ўдзячныя амерыканскаму боку за тое, што дзякуючы яго дыпламатычным намаганням сотні людзей ужо выйшлі на волю. Але лічым, што Еўрасаюз у гэтым пытанні павінен заняць больш актыўную пазіцыю».
Калі «новая стратэгія», накіраваная на прасоўванне ў Эўропе інтарэсаў рэжыму толькі зьявілася, шмат хто адразу ўказаў на тое, што ў ёй не змяшчаецца патрабавання спыніць рэпрэсіі. І што рэжым лёгка на месцы «вызваленых» набярэ новых. Адэпты «новай стратэгіі» гэта ўлічылі, і ў лісце ўжо змяшчаецца заклік «спыніць рэпрэсіі». Але пры гэтым механізмаў ды метадаў, як тое забяспечыць, аўтары / аўтаркі не прапануюць. У выніку, гэты заклік настолькі «павісае ў паветры», што выглядае проста адпіскай: маўляў, вось бачыце, мы ж патрабуем спынення рэпрэсіяў!
Але гэта – менавіта адпіска. Бо ну ня могуць аўтары / аўтаркі быць да такой ступені наіўнымі, што вераць ва ўнутраны «гуманізм» рэжыму. Маўляў, рэжым такі злы праз санкцыі, а як толькі іх ня будзе, дык ён адразу вызваліць усіх і новых саджаць ня будзе. Дыктатарскі рэжым таму й зьяўляецца дыктатарскім, што ён лічыць сябе ў праве распараджацце жыццём, свабодай, уласнасцю людзей па сваім уласным жаданні, ня маючы пры гэтым аніякіх маральных абмежаванняў. Дэманстрацыя яму, што за свабоду людзей, якія знаходзяцца ў ягоным распараджэнні, хтосці гатовы плаціць, толькі прымушае глядзенць на людзей як на выгадны тавар і паваодзіць сябе па мадэлі бізнэсоўца. То-бок, калі тавар карыстаецца попытам, трэба забяспечыць ягонае безперапыннае паступленне на рынак.
Гісторыя мае прыклады падобных паводзінаў, вывучэннне якіх дапамагае пазбавіцца наіўнай веры ў «гуманізм» дыктатураў, роўна як і ў тое, што гандль людзьмі прыводзіць да паляпшэння сітуацыі. Найбольш красамоўным тут зьяўляецца досвед гандлю людзьмі, які вёўся ў 60-80-ыя паміж ФРГ і ГДР. Тады зробленая з самых лепшых і гуманістычных памкненняў прадстаўнікоў заходняга боку прапанова выкупаць з няволі ўсходніх немцаў, якіх кінуў за краты ўласны ўрад, прывяла да росту маштабу рэпрэсіяў. Рэжым ГДР адразу павялічыў маштабы арыштаў па палітычных матывах – менавіта праз тое, што сам Захад прызнаў зняволеных выгадным таварам. За час існавання праграмы з турмаў былі выкуплены 34 000 палітвязняў, а таксама 250 000 іхніх родзічаў. То-бок, праз спробу вызваліць людзей праз выкуп апынуліся ва ўразлівым стане і зрабіліся таварам ня толькі тыя, хто быў кінуты за краты, але й іхнія блізкія, якія знаходзіліся на свабодзе. Завярашылася гэтая па задумцы, быццам, высакародная й гуманістычная, але амаральная і цынічная па сваёй прыродзе праграма не праз тое, што рэжым у ГДР лібералізаваўся й памягчэў, а праз тое, што гэты рэжым проста ляснуўся. А ляснуўся ён тады, калі пасыпаўся ягоны галоўны спонсар – камуністычны і яшчэ больш цынічны й антычалавечы Савецкі Саюз.
Ці ведаюць пра гэта адэпты «новай стратэгіі», у тым ліку – аўтары / аўтаркі лісту «за ўсё добрае»? Цудоўна ведаюць. Бо гэты аргумент – адноснае паляпшэнне сітуацыі для адных за кошт пагаршэння сітуацыі для іншых – ім выказваўся далёка не адзін раз. Адказам на гэта было ўсё тое ж эмацыйна-маніпулятыўнае: «Вы што, ня хочаце, каб людзі выйшлі?!» Бывала, дадавалася, што спачатку вызвалім тых, хто сядзіць, а потым будзем вызваляць тых, каго кінуць на іхняе месца. Такім чынам, працэс вызвалення рабіўся, фактычна, вечным. Як, уласна, і працэс узнагароджвання дыктатуры за тыя здзекі, якія яна робіць з людзей. Але адказу, як прымусіць рэжым спыніць працэс атрымання ім разнастайных прэфэрэнцыяў, вы ў «новай стратэгіі» ня знойдзеце. Як і адказу, чаму яны лічаць свабоду й жыцці тых, хто сядзіць цяпер, больш каштоўнымі за свабоду й жыцці тых, хто апынецца за кратамі замсест іх.
Ёсць у пазіцыі, якая прысутнічае ў лісце, і якая вызначаецца як «новая стратэгія» яшчэ адна істотная праблема. Яе аўтары / аўтаркі, разам з ініцыятаркамі да падпісантамі, ігнаруюць нават у большай ступені, чым заўвагі пра адсутнасць механізмаў спынення рэпрэсіяў. Гэта – тэма зняцця санкцыяў у кантэксце суўдзелу рэжыму ў вайне супраць Украіны. Пра гэта – у наступнай частцы нашага аналізу.



Комментарии