top of page

Схаванае ў лісце V. Права на самаабарону

3 часа назад
8 мин. чтения
Санкции против Беларуси

Працяг


Падпісанты лісту «за ўсё добрае супраць усяго дрэннага» працягваюць настойваць на тым, што ў ягоным тэксце няма анічога, што было б схаваным «між радкоў». Маўляў, тэкст – абсалютна шчырае выказванне думак і пачуццяў аўтараў / аўтпарак ды ініцыятарак, што цалкам адлюстроўвае думкі й пачуцці тых, хто яго падпісаў.

 

Але, як мы пісалі ў папярэдніх матэрыялах, ліст вызначаецца маніпулятыўнасцю ды схаванымі сэнсамі. Сярод гэтага можна пералічыць памкненне прадставіць ліст як зварот усіх былых палітычных зняволеных Беларусі, адмаўленне палітычнай складаючай пры ейнай прысутнасці, свядомая дзейнасць на карысць рэжыму пры нязграбных спробах яе прыхаваць. Да гэтага яшчэ можна дадаць ігнараванне шырокага кантэксту, у якіх знаходзіцца цяпер Беларусь і беларусы, у той час, як улічванне гэтага кантэксту дэманструе поўную няслушнасць пазіцыі тых, хто стаіць за лістом. Пазіцыя гэтая заключаецца ў патрабаванні зняцця санкцыяў з рэжыму ды падобнае яго ўлагоджванне. І зноў чуем абураныя пытанні: а як жа ціск? У лісце ж прыгадваецца ціск?

Так, ціск прыгадваецца. І мы пра гэта ўжо пісалі. Але, падобна, трэба паўтарыць.

Як выглядаюць інструменты ціску? Па-першае, гэта адмова рэжыму ў легітымнасці й адсутнасць дыпляматычных стасункаў. Па-другое, гэта актыўная дапамога й супраца з Дэмакратычнымі сіламі й іхняй лідэркай, якая атрымала большасць галасоў на выбарах 2020-га. Па-трэцяе, гэта эканамічныя санкцыі. І вось тут, як бы не сцвярджалі адэпты лісту, што яны ня супраць ціску, у ягоным тэксце змяшчаецца наўпросты заклік прызнаць рэжым, усталяваць з ім дыпляматычныя стасункі і выключыць з працэсу вырашэння далейшага лёсу Беларусі Дэмакратычныя сілы. То-бок, адразу мінус тры інструменты.

Тое, што прапанова зняцця санкцыяў таксама маецца на ўвазе, у лісце наўпрост не гаворыцца. Занадта вялікае «паліва» для ягоных складальнікаў, улічваючы грамадскія настроі. Таму й прысутнічае гэтае слова «ціск» – як маніпуляцыя, якой можна адказваць на прэтэнзіі й пытанні апанэнтаў. Але якім яшчэ чынам можна «выцягнуць» рэжым на перамовы, акрамя як прапанаваўшы яму галоўны «стымул» – адмову ад санкцыяў? Гэта настолькі відавочна, што нават прыхільнікі пазіцыі, выказанай у лісце, гэтага не хаваюць. (І яшчэ раз «дзякуй» гаспадзіну Краўцову. Хто дагэтуль не разумее, дзе, усё ж такі, гэты заклік можна пабачыць у лісце, хай звяртаюцца да яго – ён патлумачыць).

Гэтая пазіцыя чамусці атрымала назву «новай стратэгіі». У процілегласць «старой», якая арыентуецца на працяг ціску аж да таго моманту, як рэжым ня здолее болей працягваць сваё існаванне. Тут ужо могуць абурыцца тыя, хто ведае гісторыю Беларусі ня толькі ў рамках апошніх шасці гадоў. Яны могуць слушна ўказаць, што падобныя падыходу некалькі разоў выкарыстоўваліся заходнімі палітыкамі, каб хоць неяк паўплываць на рэжым. Гэта было ў пачаку й канцы 2000-ых і ў сярэдзіне 2010-ых. Кожны раз з рэжыму здымалі санкцыі, паверыўшы ў тое, што ён шчыра раскаяўся й устаў на шлях выпраўлення. Але кожны раз рэжым зноў вяртаўся да рэпрэсіяў, ужо ў больш шырокіх маштабах, ды ўсё глыбей ды глыбей засажваў Беларусь у расейскую інтэграцыю, будуючы з нашай краіны пляцдарм для імпэрскай агрэсіі. Гэта пасля 2020-га Захад, урэшце, ізаляваў рэжым ды зноў увёў супраць яго санкцыі. Якія толькі пачынаюць дзейнічаць.

Таму па справядлівасці, гэта пазіцыю лісту варта назваць «старой стратэгіяй». А працяг ціску – «новай».

Але ж мы дамовіліся, што будзем чытаць ліст літаральна – без усялякітх схаваных сэнсаў. А галоўнай ідэяй, пачсылам, заклікам там зьяўляецца літаральна наступнае: «…зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій прыярытэтам еўрапейскай палітыкі». І тут жа: за кожным рашэннем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэнні пра будучыню адносін з Беларуссю, і зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій прыярытэтам еўрапейскай палітыкі». Ну, тут без эківокаў: калі рашэнні заходніх палітыкаў ня будуць, перш за ўсё, накіраваныя на вызваленне беларускіх палітзняволеных, адказнасць за іхнія жыцці кладзецца на сумленні тых самых палітыкаў. Чарговая маніпуляцыя? Ну ды ладна, колькі іх ужо было…

Вяртаемся да літаральнага тэксту – без падтэкстаў і «міжрадкоўяў». Аўтары / аўтаркі пішуць: «Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё. Ніякая палітычная мэта не варта здароўя і жыцця людзей». Гэта – тое, што выкарыстоўваецца як галоўнае абгрунтаванне пазіцыі тых, хто стаіць за лістом. І паспрабуйце гэта аспрэчыць.

Існуе тут, праўда, адзін нюанс. Не, не адзін, але гэты – асноўны.

Тое, што жыццё чалавека ёсць найвышэйшай каштоўнасцю, ніхто не спрачаецца. Але цалкам ісці ўваслед за гэтым прынцыпам можна толькі ў дэмакратычнай дзяржаве. Бо ў дзяржаве не дэмакратычнай палітычны рэжым, з уласцівым яму цынізмам, цэраз найвышэйшую каштоўнасць жыцця робіць з яго звышкаштоўны тавар.

Разумеючы, наколькі высока ставяць ягоныя апанэнты жыццё ў сваёй сістэме каштоўнасцяў, ён пачынае імкнуцца выменьваць яго на розныя прэфэрэнцыі для сябе. Пры гэтым гаворка ідзе ня толькі (і ня столькі) пра аслабленне ці зняцце санкцыяў, дыпляматычнае прызнанне, інвэстыцыі ды іншае. На гандль таксама выстаўляюцца іншыя каштоўнасці, у тым ліку – свабода й здольнасць чалавека да свабоднага выбару.

Фактычна, у лукашыстаўскай Беларусі свабоды няма. Ёсць некалькі рэжымаў несвабоды. Самы мяккі – гэта калі ты можаш без канвою перамяшчацца ў прасторы, можаш свабодна хадзіць на працу й у крамы, сустракацца з сябрамі ў любы час і г. д. Але ўжо на гэтым узроўні пачынаюць адчувацца прызнакі адсутнасці свабоды, бо поўнай свабоды перамяшчэння, напрыклад, няма: рэжым прыклаў значныя высілкі, каб абцяжарыць наведванне беларусамі іншых краінаў.

Няма поўнай свабоды выбару прафэсіі й месца працы: адмыслова прызначаныя людзі будуць вывучаць твае папярэднія паводзіны й вызначаць, можаш ты атрымліваць адукацыю ці працаваць у той ці іншай прафэсіі, ці не. І любая праява непадпарадкавання (што можа выразіцца ў выказванні, праглядзе «экстрэмісцкіх рэсурсаў», ня тым месцы для сустрэчы з сябрамі (пры гэтым «тое» яно, ці не, вызначаць будуць «кампэтэнтныя ворганы») ды таму падобным) прывядзе да падвышэння ўзроўня несвабоды.

І так – на кожным іншым паверсе несвабоднага грамадства, ад «хіміі» да ПКТ і ШІЗА. Пры гэтым ня варта забывацца на тое, што рэжым увесь час працягвае наступ на тыя свабоды, якія засталіся ў грамадзянаў, а таксама пашырае свае ўласныя магчымасці гэтых грамадзянаў выкарыстоўваць па сваёй волі.

З апошняга-відавочнага, гэта накіраванне людзей на сельскагаспадарчыя працы й у войска. Прычым, як ведаем, з калгасных палёў можна накіравацца наўпрост у «рэкруты». Што гэта, як не пераход да дзяржаўнага рабства з поўным распараджэннем дзяржавай лёсамі людзей? Маўчым ужо праабавязковае анкетаванне ўсіх беларускіх студэнтак – з такімі спэцыфічнымі пытаннямі, што ні ў каго не застаецца сумненняў, што праз гэта ідзе адбор у «эскортніцы» для абслугі вярхушкі рэжыму ды «высокіх» замежных гасцей. А чаму маўчым? Мо, таму, што гэтае дзікунства ўспрымаецца ўжо цалкам натуральна? Гэта ж не дыкпікі дзяўчатам дасылаць. О, за гэта бы парвалі! А права першай ночы, гэта ж так – лёгкая забаўлялка.

У дыктатарскай краіне жыццё як найвышэйшая каштоўнасць робіць з чалавека ідэяльнага раба. Рэжыму дастаткова трымаць яго на мінімальным узроўні жыццязабеспячэння, а астатняе зробіць страх рызыкі жыццё згубіць. У такой сітуацыі можна, увогуле, ліквідаваць турмы, бо па ўсёй краіне будзе панаваць аднолькавы турэмны рэжым, а ў эўрапейцаў ня будзе падставы змагацца за вызваленне людзей. Можна, наадварот, усю краіну абвесціць турмой, каб тыя ж эўрапейцы праз сваю добрасардэчнасць дапамагалі іх утрымліваць, здымаючы гэты цяжар з рэжыму. Абсурд, скажаце? А мы раней пісалі, што сістэма дыктатуры мае схільнасць да развіцця. І тое, што ўчора падавалася абсурдным, цяпер зьяўляецца суровай рэчаіснасцю.

Хоць тут можна пагадзіцца з тым, што апісаная мадэль мае мала шанцаў на рэялізацыю. Менавіта праз тое, што для людзей існуюць і іншыя каштоўнасці, якія могуць стаяць для іх нават вышэй за жыццё. Абвяшчэнне найвышэйшай каштоўнасцю жыцця абясцэньвае подзьвігі тых, хто ўступіў у барацьбу за ўсласную свабоду, за гонар, за годнасць, хто пайшоў на шыхты ўзброеных спэцназаўцаў, хто выйшаў супраць начных злодзеяў, якія нішчылі нацыянальную сымболіку.

Фактычна, аўтары / аўтаркі лісту пазбаўляюць беларусаў суб’ектнасці, якая дае магчымасць рабіць самастойны выбар і актыўна супрацьстаяць тыраніі. Зразумела, яны пра гэта ня пішуць. Але гэта непасрэдна выцякае з іхніх пасылаў. І, варта адзначыць, робяць яны гэта досыць паслядоўна, прыгадаўшы іхняе памкненне выкрэсліць беларусаў з абмеркавання ўласнай будучыні. Ці ў праве аўтары / аўтаркі лісту рабіць гэта? І ці маем мы права пагадзіца ў гэтым з імі? Жыццё ж – даражэй за любую палітычную мэту?

Тут жа ўзнікае іншы нюанс, звязаны з жыццём як найвышэйшай каштоўнасцю ў інтэрпрэтацыі прыхільнікаў лісту. Гэта – пабудова іншай гіерархіі каштоўнасцяў – ужо ў рамках найвышэйшай. Атрымліваецца, што найвышэйшай з найвышэйшых каштоўнасцяў для іх зьяўляецца жыццё менавіта тых, хто цяпер, у бягучы момант знаходзяцца за кратамі. Жыццё тых, каго кінуць у турмы пасля выкупу папярэдніх, іх клапоціць у куды меншай ступені. Калі клапоціць увогуле. Маўляў, яны ж пакуль на свабодзе, дык з чаго пераймацца? Вось як сядуць…

Аўтары, зруземела, і тут сцелюць саломку, «патрабуючы» спынення рэпрэсіяў. Але гэта, як памятаем, падвісае ў паветры, бо аніякага механізму для прадухілення гэтага яны не прапануюць. Як, уласна, і ў выпадках іншых сваіх патрабаванняў.

Але на проціпастаўленні цяпэрашніх і патэнцыйных зняволеных праблема гіерархіі каштоўнасцяў жыццяў не спыняецца.

Яшчэ раз нагадаем: санкцыі ўводзяцца ня толькі за парушэнні правоў чалавека, і ня толькі дзеля таго, каб пакараць рэжым за фальсіфікацыю выбараў. Санкцыі накладаюцца, у тым ліку, за суўдзел у агрэсіі і маюць сваёй мэтай абмежаваць магчымасці гэтую агрэсію падтрымліваць. Адпаведна, адсутнасць санкцыяў значыць, што магчымасці агрэсара падвышаюцца. Прычым, улічваючы абраную Расіяй у гэтай вайне стратэгію нанясення як мага большай страты ня столькі вайсковай, колькі цывільнай інфраструктуры й цывільным людзям, ператварыўшы іхняе жыццё ў халоднае пекла, дзе ледзь не адзіная магчымасць сагрэцца – гэта перабежка да бомбасховішча, пацерпяць ад гэтай палёгкі для агрэсараў ды суагрэсараў менавіта цывільныя, ні ў чым не вінаватыя ўкраінцы. Іх не кідаюць у турмы з жудасным рэжымам. Але іх забіваюць проста на вуліцах і ва ўласных кватэрах.

Ды няўжо пакуты родных тых, хто сядзіць у беларускіх турмах, страшнейшыя за пакуты родных тых, хто ляжыць на пэроне ў Дніпро, разарваны й спалены выбухам расійскага дрону, у якім можа прысутнічаць і беларуская складаючая?

Але цалкам дапускаем, што смерць украінскіх дзяцей, у якіх Расія пры актыўнай дапамозе лукашыстаўскага рэжыму адабрала цяпло, жыццё, будучыню, не выклікаюць у аўтараў / аўтарак, ініцыятарак, падпісантаў лісту такога жаху, які выклікае ў іх думка пра тых беларусаў, якія цяпер знаходзяцца ў калёніях. Урэшце, спачуванняў украінцам у іхніх пакутах яны ў тэксце лісту не выказвалі, і між радкоў гэта аніводнага разу не чытаецца.

Але яны маглі хаця б прызадумацца пра пачуцці ўкраінцаў ня з пункту гледжання спачування іхнім пакутам, а з пункут гледжання бяспекі беларусаў. Бо санкцыі – гэта апошні сродак у спробе спыніць агрэсара. Калі ён гэтага ня зробіць, наступным крокам будуць ракеты ды дроны. Україна ўжо папярэджвала рэжым, што актыўнае выкарыстанне Беларусі для дапамогі агрэсару можа прывесці да ўдараў па беларускай тэрыторыі. Ахвяра агрэсіі мае на гэта права, калі пагроза ідзе з тэрыторыі трэцяй краіны, нават калі тая фармальна ня ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. І нягледзячы на тое, што міжнароднае права патрабуе ў такой сітуацыі ўдараў выключна па вайсковых аб’ектах, з мінімальнымі стратамі сярод цывільных, спачатку будуць удары. А ўжо потым – разбіральніцтва, ці былі гэтыя ўдары і іхнія ахвяры сувымеральнымі пастаўленым задачам.

Так-так, ужо чуем лямант: ды яны ж заклікаюць да ўдараў па беларусах! Не, панове, мы не заклікаем да ўдараў па беларусах. Мы – самі беларусы, і жадаем вярнуцца ў неразбураную вайной краіну. Яна й бяз гэтага ўжо панесла калясальныя страты. Мы заклікаем, каб агрэсара спынілі мірнымі сродкамі. А вось вы, акурат, - за гэтыя ўдары. Бо імкнецеся ліквідаваць адзін з найбольш эфэктыўных інструментаў неваеннага ціску.

І каб скончыць з нюансамі. Агрэсар пакуль дзейнічае супраць Украіны – так. Але ж ён не хавае сваіх намераў агрэсію пашырыць. У першую чаргу – супраць краінаў Эўропы, дзе, дарэчы, знаходзяцца шмат хто з падпісантаў. Зняцце санкцыяў, што, фактычна, ёсць ухваленнем агрэсіі, дае агрэсару дадатковы рэсурс, а таксама зьяўляецца дадатковым стымулам для працягу сваіх агрэсіўных дзеянняў. Бо першае, што ўбачыць ён у рашэнні зняць санкцыі – гэта слабасць і гатоўнасць саступаць. Яму толькі гэта й трэба. Ці можа хто-небудзь з падпісантаў лісту «за ўсё добрае» адказаць на пытанне: колькі беларусаў тады апынуцца на пярэднім ускрайку гэтай агрэсіі? Адзінае, што можна сказаць з дакладнасцю, гэта тое, што стратай будзе неімаверная колькасць жыццяў, якія, як памятаем, зьяўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, перад якой адступаюць усе іншыя палітычныя мэты. Таму, калі для тых, хто стаіць за лістом, жыцці людзей, сапраўды, зьяўляюцца каштоўнымі, ім было б лягічным перагледзець сваю стратэгію.

Завяршэнне аналізу «ліста за ўсё добрае супраць усяго злога» чытайце ў нашым наступным матэрыяле.

 


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page