Схаванае ў лісце І Аўдыторыя як аб’ект

Учорашні ліст, ініцыятаркамі напісання якога выступілі пяць былых палітзняволеных – Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Наста Лойка, Марфа Рабкова, Ірына Слаўнікава, амаль адразу атрымаў метафарычнае пазначэнне: «За ўсё добрае супраць усяго злога».
Змест лісту, сапраўды, пасуе такому вызначэнню. Ініцыятаркі, абапіраючыся на свой досвед, а таксама на інфармацыю пра іншых палітзняволеных, хто рызыкуе згубіць за кратамі здароўе й жыццё, заклікаюць палітыкаў краінаў ЭЗ, а таксама Брытаніі, Швайцарыі ды Нарвегіі зрабіць усё, каб з-за кратаў выйшлі ўсе беларускія палітзняволеныя, і ў краіне спыніліся б рэпрэсіі.
Што тут сказаць? Усё цудоўна, усё справядліва й высакародна. Хто ж пад такім не падпішацца? Але чаму тады вакол гэтага лісту адразу ўтварылася даволі палкая дыскусія, у ходзе якой у адрас ініцыятарак пасыпаліся разнастайныя пытанні, прычым, далёка не на ўсе з іх ініцыятаркі здолелі даць здавальняючыя адказы? Чаму далёка ня ўсе былыя палітзняволеныя выказаліся ў падтрымку гэтай ініцыятывы, хоць ініцыятаркі менавіта так яе й падавалі?
Яны ж пазначылі сваю ініцыятыву як «Адкрыты ліст былых палітычных зняволеных Беларусі», а не як «Адкрыты ліст групы беларускіх былых палітычных зняволеных». Розніца ж паміж гэтымі варыянтамі заўважная, ці ня так? Дарэчы, звяртае на сябе ўвагу й памкненне прадставіцца «не палітыкамі і экспэртамі», а «простымі людьзмі» (гэта зьяўляецца вядомым дэмагагічным прыёмам, які завецца «Argumentum ad populum», і ўключае ў сябе, як раз, проціпастаўленне сябе – «простых людзей» – нядобрым «навукоўцам, экспэртам» ды іншым нехарошым элітам).
Ну, добра. Можна дапусціць, што не зусім зграбна аўтаркі сфармулявалі назву. Ці мелі спадзяванне, што ўсе палітзняволеныя думаюць менавіта так, як яны, і з радасцю падтрымаюць ініцыятыву. І тады яна, сапраўды, зробіцца «Адкрытым лістом» усіх былых палітзняволеных. А дэмагагічны прыём – гэта ад наіўнасці ды неабазнанасці, і той жа веры, што ўсе простыя людзі – за нас, а мы проста выражаем супольную пазіцыю.
Але калі зірнуць на тую форму, у якой вядзецца дыскусія з боку прыхільнікаў ініцыятывы, выклікае меркаванне, што тут праблема ня толькі (і ня столькі) у кепскім валоданні моўнымі сродкамі ці ў нейкай грамадска-палітычнай наіўнасці.
Перш за ўсё, калі глядзець на дыскусію (бярэм у якасці аб’екту вывучэння пасты й каментары ў сацыяльным сеціве Фэйсбук), дык кідаецца ў вочы маніпулятыўнасць як ініцыятарак, так і іхніх прыхільнікаў. У першую чаргу, гэта тычыцца пабудовы ложнай дыхатаміі – той, хто не прадтрымлівае ліст ініцыятарак, той выступае супраць вызвалення палітвязняў.
Асабліва добра гэта праявілася ў допісе Марыі Калеснікавай у Фэйсбуку, дзе яна піша: «Я даже представить себе не могла, что после освобождения нам придётся защищать своё право бороться за свободу других». Паралельна з гэтым даводзіцца (практычна, сцвярджаецца), што сярод беларусаў існуюць людзі, якія выступаюць праціўнікамі вызвалення людзей. Падаецца, усе ўжо разумеюць, што спрэчкі ідуць не праз пытанне: трэба людзей вызваляць, ці не, а праз пытанне: якія метады ёсць пры гэтым дапушчальнымі, каб не зрабіць сітуацыю горай.
Але аўтарка допісу настойліва ўказвала, што апанэнты не жадаюць менавіта вызвалення: «Но как можно выступать против освобождения людей?» Тым яна выклікала дыскусію, у якой не аднойчы прагучала абурэнне тым, што яна няслушна падае пазіцыю тых, каго лічыць апанэнтамі свайго падыходу. ды ў абмеркаванні пад гэтым допісам. Аўтарам аднаго з такіх допісаў зрабіўся вэтэран баявых дзеянняў ва Украіне Аоляксандр «Кусь» Клачко: Таварыш Марыя. Я ў Вільні. Быццам бы на волі. Але я таксама не ўпэўнены, што дажыву і ўбачу сваіх блізкіх. Цалаваць дупу злодзею - не лепшы сродак пабачыць сябе і блізкіх на волі. У адным канцлагеры – магчыма».
У тым жа абмеркаванні, у каментары Марыны Золатавай, якая зьяўляецца адной з ініцыятарак падпісання, прамільгнула фраза, адрасаваная ўдзельнікам дыскусіі, з заклікам падпісаць ліст: «…если вам действительно важна судьба людей…». Фраза менавіта «прамільгнула», бо на яе звярнуў увагу адзін з былых палітзняволеных – Уладзімір Лабковіч. І абсалютна зразумела задаў пытанне: «Калі я не падпішу, значыць я па Вашай логіцы не жадаю вызваленьня палітвязьняў?» Пры гэтым ён недвухсэнсоўна даў зразумець, што пані Золатава, як журналістка, ня можа не разумець маніпулятыўнасці сваёй фразы. Пасля гэтага аргументу пані Золатава адрэдагавала тэкст свайго каментару, і фраза з яго знікла.
Як гаворылася вышэй, маніпулятыўнасць прасочваецца й у тым, што ліст падаецца як супольнае меркаванне ўсіх палітвязняў. Хоць дыскусія, якая разгарнулася ў медыя й сацыяльных сецівах, сведчыць, што сярод палітвязняў няма ў гэтым пляне адзінства. Тое, што яго ня будзе, таксама цудоўна разумелі ініцыятаркі. Іначай яны б не зрабілі сэлекцыю сярод палітвязняў – да каго звяртацца з прапановай падпісаць ліст, а да каго – не.
Гэта, дарэчы, таксама высветлілася пад пастом Марыі Калеснікавай. І на гэта таксама звярнуў увагу пан Лабковіч. У імправізаванай пераклічцы, праведзенай там жа, высветлілася, што такой прапановы не атрымліваў ні сам Лабковіч, ні Ігар Лосік, ні Эдуард Пальчыс, ні Павел Вінаградаў. Больш за тое, з такой прапановай не звярталіся нават да Алеся Бяляцкага. Хоць гэта выглядае вельмі дзіўным, асабліва ўлічваючы, што сярод ініцыятарак лісту ёсць тыя, хто працаваў у праваабарончым цэнтры «Вясна», заснавальнікам і кіраўніком якога да свайго арышту зьяўляўся пан Бяляцкі.
Мяркуем, нельга дапусціць ідэю, што ініцыятаркі лісту палічылі, што былы палітвязень, які першы тэрмін адбываў яшчэ да 2020-га, патрыярх беларускай праваабарончай дзейнасці, ляўрэят Нобелеўскай прэміі міру, не пажадае далучыцца да барацьбы за чужую свабоду. І відавочна, што гэта – не тэхнічнае пытанне, маўляў, «ну, пакуль не падпісалі, а потым падпішуць». Хутчэй, у сваім рашэнні не інфармаваць яго пра сваю ініцыятыву яны кіраваліся нейкімі іншымі меркаваннямі. І хутчэй за ўсё – засцярогай, што Бяляцкі іхнюю ініцыятыву не падтрымае. Калі мы памыляемся ў гэтай сваёй выснове, дык будзем вельмі ўдзячнымі за тлумачэнне сапраўднай падставы.
Адзначым, што ініцыятаркі не зьвярнуліся з прапановай падпісаць ліст ні да аднаго былога палітвязня-чальца АГП. Але нам даводзілася размаўляць з тымі, да каго звярталіся, і хто падпісаў ліст. Большасць адзначыла, што перад падпісаннем ліст не чыталі. Адзін чалавек у прыватнай размове сказаў, што калі б перад тым, як паставіць свой подпіс, ён бы прачытаў апошнія два абзацы, ён бы гэты ліст ніколі не падпісаў.
І вось тут варта зірнуць ужо на змест лісту. Ці сапраўды ён ужо такі «за ўсё добрае» ды «супраць усяго злога».
Працяг чытайце ў наступнай публікацыі на нашым сайце.



Комментарии