Схаванае ў лісце IV. Сфэрычны аб’ект у вакууме

Працяг
Пачатак тут – Схаванае ў лісце І. Аўдыторыя як аб’ект
Працяг тут – Схаванае ў лісце ІІ. Экспліцытнасць імпліцытнага
Прыхільнікі «новай стратэгіі», якая відавочна прасочваецца ў лісце «за ўсё добрае супраць усяго злога», упарта ігнаруюць адну праблему – суўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Ігнараваць яе ня проста, і прыхільнікам даводзіцца прыкладаць вялікія высілкі, каб пазбегнуць наўпростых адказаў на гэтую тэму.
Яны абіраюць тактыку «прадставіць Беларусь сфэрычным аб’ектам у вакууме», якога, быццам, ня тычацца аніякія іншыя зьявы, падзеі, працэсы, якія адбываюцца ў навакольным свеце. Быццам гэтага свету не існуе зусім. Ці нас зусім няма ў гэтым свеце. Прынамсі, яны імкнуцца сфармаваць у грамадстве меркаванне, што санкцыі супраць рэжыму (што рактуецца ў рамках «новай стратэгіі» як «супраць Беларусі») былі ўведзены выключна за фальсіфікацыю выбараў 2020-га ды парушэнні ў сфэры правоў чалавека. То-бок, выключна за ўнутраныя справы. Гэта той наратыў, які шырока выкарыстоўваецца й рэжымам. Маўляў, санкцыі – гэта грубае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы.
І адэпты «новай стратэгіі», і салідарны з імі рэжым пры гэтым забываюць удакладніць, што санкцыі таксама ўводзіліся за акт паветранага пірацтва ў дачыненні да самалёту, які належыў эўрапейскай кампаніі, і што пры гэтым былі падвергнуты небяспецы жыцці грамадзянаў ЭЗ, а таксама іхні незаконны захоп. Пры гэтым рэжым выкарыстаў такія метады, што нават «Хамас» паспяшаўся «адхрысціцца» ад гэтай акцыі.
А ў далейшым санкцыі пачалі ўводзіцца за суўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны, калі для нападу на яе рэжым дазволіў расійцам скарыстацца беларускай тэрыторыяй, шляхамі зносінаў, шпіталямі ды іншай інфраструктурай. Роўна як і дазволіў нанасіць удары ракетамі ды дронамі праз сваю паветраную прастору з выкарыстаннем, зноўку, сваёй інфраструктуры для карэктыроўкі курсаў расійскіх ударных узбраенняў. Атака з беларускай тэрыторыі дазволіла расійскім сілам наблізіцца да ўкраінскай сталіцы, утварыўшы рэяльную рызыку ейнага захопу. Пры гэтым у прадмесця Кіева расійскімі вайскоўцамі, прыйшоўшымі з тэрыторыі Беларусі, былі здзейнсены ваенныя злачынствы супраць мірнага насельніцтва ў Ірпені, Бучы ды іншых населеных пунктах.
Але на гэтым роля рэжыму ў агрэсіі ня скончылася. Шматлікія беларускія прадпрыемствы пачалі выраб і пастаўкі ў Расію прадукцыі як непасрэдна ваеннага прызначэння, так і падвойнага, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці зброі для расійскай арміі. Той зброі, якая непасрэдна забівае ўкраінцаў – як службоўцаў, так і цывільных. Пры гэтым рэжым працягвае дазваляць расійскай арміі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для дыслакацыі й правядзення вучэнняў. Акрамя таго, Расія размясціла на беларускай тэрыторыі ракетныя сістэмы, якія могуць выкарыстоўвацца для прымянення ядравай зброі. Магчыма, і сама ядравая зброя ўжо прысутнічае на беларускай зямлі.
Вось тут дзеянні, за якія ўводзяцца санкцыі, пакідаюць сфэру «ўнутранай справы» й выходзяць у больш шырокі міжнародны кантэкст. Змяняецца й мэта прымянення санкцыяў. Цяпер яна ня толькі заключаецца ў пакаранні за антыдэмакратычныя паводзіны й парушэнні правоў чалавека, каб прымусіць дыктатуру змяніць сваю пазіцыю. Цяпер мэта – абмежаваць здольнасць рэжыму падтрымліваць агрэсію супраць суседняй дзяржавы.
Заўважым, праз дзеянні рэжыму кантэкст суагрэсіі ўжо значна пашырыўся й уключае ў сябе ня толькі Украіну, але й іншыя суседнія краіны – Польшчу, Літву, Латвію. Супраць іх з тэрыторыі Беларусі вядзецца гібрыдная вайна. Яна заключаецца ў парушэнні працы аэрапортаў праз запуск метэазондаў, пралёты дронаў, што прымушае абвяшчаць паветраныя трывогі ў літоўскіх гарадах, парушаючы нармалёвы рытм жыцця й прымушаючы жыхароў гэтых гарадоў перажываць стрэсавы стан. Працягваюцца атакі нелегальных мігрантаў на межы Эўразвязу. Пры гэтым яны робяцца ўсё больш нахабнымі і суправаджаюцца нанясеннем траўмаў службоўцам памежнай аховы суседніх краінаў, пранікненне на іхнюю тэрыторыю ўзброеных групаў і нанясенне шкоды матэрыяльным аб’ектам.
Усё гэта суправаджаецца мілітарызацыяй беларускага грамадства, індактрынацыя беларусаў (у першую чаргу – школьнікаў) агрэсіўнымі й шавіністычнымі імперскімі расійскімі ідэямі, а таксама знявагамі й пагрозамі ў бок эўрапейскіх краінаў, якія гучаць у вялікай колькасці як з вуснаў кіраўнікоў рэжыму, так і з падкантрольных рэжыму сродкаў масавай інфармацыі й шырокай арміі «ботаў», якія дзейнічаюць у сацыяльных сецівах.
Гэта ўсё настолькі відавочна, і настолькі відавочна роля ва ўсім гэтым рэжыму, што адэпты «новай стратэгіі» не знаходзяць, што гэтаму запярэчыць. Адзінае, што яны выпрацавалі, гэта тэзіс, што санкцыі, маўляў, можна зняць, а калі рэжым не прадэманструе, што ён «устаў на шлях выпраўлення» тут жа вярнуць іх назад.
У гэтай пазіцыі – відавочнае лукаўства. Стваральнікі «новай стратэгіі», як і аўтары лісту, ня могуць ня ведаць, што ўвядзенне санкцыяў – гэты складаны й працаёмісты працэс. Ён патрабуе шмат часу й шмат высілкаў. На прыкладзе працы «Байпола» можна даведацца, што спачатку трэба атрымаць інфармацыю, што тая ці нішая пэрсона ці тое ці іншае прадпрыемства ўдзельнічаюць у працы на агрэсію. Потым трэба сабраць доказы такой працы й перадаць іх адпаведным эўрапейскім інстытутам. Далей ідзе працяглы працэс прыняцця рашэння аб уключэнні пэрсоны ці прадпрыемства ў санкцыйны спіс. Пасля гэтага спіс мусіць быць зацверджаным палітычнымі структурамі.
Гэта – абсалютна нармалёвы працэс. Ён дэманструе не неэфэктыўнасць і забіракратызаванасць дэмакратычнай сістэмы, а надзейнасць і абарону ад хуткіх, але памылковых рашэнняў, якія могуць прывесці да пакарання тых, хто не вінаваты. Дыктатура можа сабе такое дазволіць, а дэмакратыя – не.
Як раз на гэта й робіцца разлік рэжыму. Яму патрэбная перадышка ў той сітуацыі, у якую загналі яго санкцыі. І ня толькі яму, але й Расіі. Наўрад ці у наш час знойдзецца яшчэ такі наіўны чалавек, які паверыць у магчымасць «адрыву» Лукашэнкі ад Расіі. На нашым сайце мы пра гэта пісалі, таму паўтараць тут аргументацыю лічым залішнім. Нагадаем толькі, што з рэжыму санкцыі ўжо здымалі не аднойчы. Такое здаралася й у канцы 2000-ых, і ў сярэдзіне 2010-ых. Кожны раз, калі рэжыму патрэбна была легітымацыя з боку Захаду й зняццё санкцыяў, ён йшоў на «пацяпленне», «лібералізацыю» й гэтак далей. Атрымаўшы патрэбнае, ён з яшчэ большым імпэтам вяртаўся да рэпрэсіяў ды агрэсіўнай рыторыкі. З цяперашняй сітуацыяй, праўда, існуе істотнае адрозненне. Калі раней усё абмяжоўвалася рыторыкай, дык цяпер існуе сур’ёзная пагроза рэяльнага ўзброенага канфлікту. Некаторыя разглядаюць гэта як непазбежнасць.
Даваць у такой сітуацыі палёгку свайму патэнцыйнаму ворагу выглядае, мякка кажучы, ня вельмі разумна. Яшчэ менш разумнымі выглядаюць заклікі, адрасаваныя заходнім палітыкам, гэта ўсё ж зрабіць. Тут узнікае чарговае пытанне – дык якая, усё ж, мэта стаіць перад аўтарамі / аўтаркамі, ініцыятаркамі, адэптамі «новай стратэгіі»? Зноўку, ну не наіўныя ж яны малыя дзеткі?
Некаторыя знаходзяць гэты адказ усё ў тым жа кантэксце, у якім усё й адбываецца. Прыхільнікі «новай стратэгіі» імкнуцца ўсіх нас пераканаць, што «гуманітарны трэк», які праводзяць амерыканцы ў дачыненні да нашай краіны, зьяўляецца чымсці ўнікальным. Як унікальнай зьяўляецца й задача, якая перад ім ставіцца: вызваленне беларускіх палітзняволеных.
Гэта, аднача, зьяўляецца няпраўдай. «Трэк» з аналягічным механізмам ня так даўно быў прыменены ў адносінах цяперашняй адміністрацыі ЗША з дыктатарскім рэжымам Мьянмы. Там палітвязняў значна болей, ды й працэнт загінулых вышэйшы, але «гуманітарны трэк» ахапіў толькі аднаго канкрэтнага чалавека (плюс пэрспэктывы засваення радовічшаў карысных выкапняў). Натуральна, пры гэтым гучалі завярэнні, што трэба, безумоўна, вызваліць усіх, але канкрэтных мерапрыемстваў у гэтым кірунку зроблена не было. Аніякіх гарантыяў, што тым жа трэкам ня пойдзе гісторыя з беларускімі палітвязнямі, ніхто, зразумела, даць ня можа. У тым ліку – ініцыятаркі, падпісанткі й падпісанты «нашага» лісту.
Ну, добра, на гэта шмат хто можа казаць, што Мьянма, маўляў, далёка, і параўноўваць тамтэйшую сітуацыю з Беларуссю нельга. Прымем гэтую пазіцыю, хоць аніякага грунту пад ёй няма. І возьмем больш блізкі для нас прыклад. Некаторыя нават сцвярджаюць, нават, што блізкароднасны. Гаворка ідзе пра тое, што ў Расіі завецца «плянам Муратава». Мы пра гэта таксама пісалі. Той плян заключаецца ў прапанове мяняць расійскіх палітвязняў на зняццё санкцыяў з Расіі. Гэта прымушае некаторых зрабіць выснову, што нашыя «гуманітарныя трэкі» растуць з аднаго кораню. І маюць адну мэту: вывесці з-пад санкцыяў расійскі рэжым, каб дапамагчы яму процістаяць Аб’яднанай Эўропе.
Навошта гэта амерыканскай адміністрацыі – путанне асобнае. Магчыма, яна робіць гэта дзеля таго, каб рэялізаваць мару некаторых палітыкаў аб вяртанні да рэяліяў ХІХ стагоддзя, калі светам кіравалі нешматлікікя «Вялікія Дзяржавы». Але тут мы ня будзем займацца высвятленнем, ці ёсць справядлівым гэтае меркаванне.
Падазрэнні, што ліст зьявіўся ў кантэксце гэтай шырокай стратэгіі – вываду з-пад санкцыяў ня толькі (і ня столькі) лукашэнкаўскага рэжыму, колькі Расіі, даводзілася сустракаць як у каментарах у медыйнай прасторы, так і ў прыватных размовах як з беларускімі палітыкамі, так і шэраговымі грамадзянамі.
Падабенства паміж «стратэгіямі», сапраўды, уражвае. Да таго ж, акурат з зьяўленнем лісту ў беларускай медыйнай прасторы, у расійскай грымнуў скандал. Вядомы дзяяч расійскай апазіцыі Міхаіл Хадарскоўскі ў размове з выдомым расійскім журналістам Аляксеям Венедзіктавым выказаўся ў тым духу, што дзеля дасягнення перамогі над рэжымам Пуціна палітвязні мусяць сядзець у турмах, і аніякага абмену іх на прэфэрэнцыі рэжыму дапускаць нельга.
Гэтая заява выклікала ў расійскай медыйнай прасторы амаль такую ж хвалю, як і ліст «за ўсё добрае». Але яна, відавочна, не зьяўляецца дастатковым доказам таму, што абодва факты ёсць часткамі аднаго пляну. Тым больш, што дух заявы Хадаркоўскага («я сядзеў, дык хай і яны пасядзяць») зьяўляецца роўна процілеглым пасылу «лісту», дзе галоўны заклік – гэта зрабіць усё, каб тыя, хто сядзіць, выйшлі на свабоду.
Дык, можа, аўтары /аўтаркі ды ініцыятары, сапраўды, у сваіх закліках і дзеяннях арыентуюцца на гуманізм і вострае жаданне спыніць пакуты людзей, якія знаходзяцца за кратамі? Настолькі вострае, што дзеля яго яны гатовыя заплюшчыць вочы на ўсе негатыўныя наступствы, якія будуць суправаджаць рэялізацыю накіраванай на гэта стратэгіі?
Пра гэта – у наступнай частцы нашага аналізу.



Комментарии