top of page

Гульні метадолягаў I: метады й мэты метадолягаў

  • 30 апр.
  • 5 мин. чтения
Сложные шахматы
Карцінка з сайту Шчадравіцкага

У Кракаве на гэтым тыдні праходзіць гэтак званая «арганізацыйна-дзейнасная гульня». Заяўленай арганізатарамі мэтай з’яўляецца выпрацоўка агульнай стратэгіі для беларускай дыяспары і «новых падыходаў да палітычных і грамадскіх праблемаў».

 

Якімі яшчэ мусяць быць гэтыя падыходы, акрамя як новымі, – эфектыўнымі, практычнымі, рацыянальнымі ці яшчэ якімі – пры гэтым не ўдакладняецца. Але шмат хто звярнуў увагу, наколькі агрэсіўна вёўся рэкрутынг удзельнікаў гэтых гульняў, пры якім арганізатары пагражалі адназначным проігрышам і пэрспэктывай «апынуцца за бортам» усім, хто адмовіцца ад удзелу ў ім. Што выклікала ў людзей думкі, ці не спрабуюць арганізатары гульні папросту маніпуляваць патэнцыйнымі ўдзельнікамі? І якой, у такім выпадку, з’яўляецца сапраўдная мэта гульні, калі ейная гісторыя пачынаецца з такіх ня надта прыгожых метадаў?

Ініцыятарам гульні выступіў Уладзімір Мацкевіч, шырока вядомы як філёзаф, палітоляг і былы палітвязень, а таксама – як метадоляг. Пры гэтым метадалёгію, якой займаецца спадар Мацкевіч, варта разумець не ў ейным звычайным сэнсе – як  сістэму пэўных спосабаў і прыёмаў, якія прымяняюцца ў розных сфэрах дзейнасці (навука, палітыка, мастацтва) ці вучэнне аб гэтай сістэме. У дадзеным выпадку метадалёгія (далей – словамі саміх метадолягаў) – гэта вучэнне аб мыследзейнасці, дзе аб’ядноўваюцца мысленне, разуменне, камунікацыя і дзейнасць, аб’ектам якога з’яўляецца мысленне як «поліаб’ектная арганізаванасць». Пагадзіцеся, ня надта зразумела, так?

Тым ня менш, калі беларусам (ды яшчэ й лідэрам дэмакратычных сілаў, роўна як і лідэрам грамадскага меркавання) прапануецца прыняць удзел у практыках, прапанаваных метадолягамі, дык варта паднапрудзіцца й разабрацца ў тым, з чым мы тут сутыкнуліся. А ў якасці метаду мы прапануем разгледзець тэорыю, метадалёгію, мэты, практычную дзейнасць і ейныя вынікі расійскіх метадолягаў (якія, уласна, і з’яўляюцца аўтарамі вось гэтага вось усяго), і параўнаць тое, што атрымалі на выхадзе, з прапановамі, метадамі й практычнай дзейнасцю іхніх беларускіх калегаў.

 

Што такое метадалёгія і АДГ

У пачатку 50-ых гадоў мінулага стагоддзя ў серадзе маскоўскіх інтэлектуалаў на філязофскім факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту склаўся гурток, які сваёй мэтай паставіў вывучэнне лёгікі – бадай, адзіны магчымы ў той час кірунак філзофскай дзейнасці, які не прыводзіў да небяспечнай супярэчнасці з марксізмам-ленінізмам. Лёгіка пры гэтым разглядалася як навука аб мысленні, скіраваная, у першую чаргу, на вывучэнне тэкстаў як праяваў мыслення ў форме мовы. Заўважым, мова й мысленне засталіся істотнай складаючай тэарэтычных поглядаў мметадолягаў і ў далейшым.

У канцы 50-ых лідэрам гуртку (і метадолягаў) зрабіўся Георгій Шчадравіцкі (1929-1994). Ён і зрабіўся сапраўдным заснавальнікам і лідэрам руху метадолягаў. Пры гэтым ён значна пашырыў рамкі метадалёгіі, пазначыўшы яе як «агульную рамку ўсёй жыццядзейнасці людзей». У падмурку сваёй тэорыі ён паклаў канцэпцыю неадрыўнасці мыслення чалавека ад ягонай дзейнасці, разглядаючы першае і другое як адзіны суцэльны працэс.

Новыя падыходы да працэсу чалавечага мыслення і дзейнасці, прапанаваныя Шчадравіцкім, у 60-80-ых прывабілі да яго вялікую колькасць маладых філёзафаў, псіхолягаў, а ў далейшым – і педагогаў. З педагогікай у Шчадравіцкага, была адмысловая «любоў». Ён ставіўся да яе як да сваеасаблівай «праектнай дзейнасці», вынікам якой мусіла быць, па словах самога Шчадравіцкага, ня што іншае, як «мадэль-праект чалавека будучага грамадства».

На гэтыя словы варта звярнуць увагу, бо ў іх, фактычна, закладзены ўвесь сэнс дзейнасці Шчадравіцкага як практычнай, так і тэярэтычнай: фармаванне новага чалавека для новага грамадства. А галоўная роля ў гэтым фармаванні, зразумела, адводзілася самому Шчадравіцкаму і ягоным паслядоўнікам-метадолягам.

Пры гэтым Шчадравіцкі ня быў ні антыкамуністам, ні дысідэнтам. Як дэманстравала ягоная дзейнасць, ён цалкам камфортна існаваў у савецкай рэчаіснасці і эфектыўна выкарыстоўваў яе сабе на карысць.

І адной з такіх карысцяў зрабіліся тыя самыя арганізацыйна-дзейнасныя гульні (АДГ), да практычнай рэялізацыі якіх Шчадравіцкі прыйшоў пад канец 70-ых, і якія далі яму ды іншым метадолягам вялікі ўплыў як на сітуацыю ў познім СССР, так і ў ранняй Расіі.

 

АДГ на практыцы і іхнія вынікі

Фармат правядзення АДГ, які «нарадзіў» Шчадравіцкі, аналягічны таму фармату, у якім арганізоўвае сваю гульню Мацкевіч: удзельнікаў вывозяць у ціхае месца (за сваецкім часам гэта былі, як правіла, санаторыі ці прафілякторыі), дзе тыя знаходзяцца тыдзень у поўнай ізаляцыі. Пры гэтым працэс гульні арганізаваны такім чынам, каб чалавек і ягоная псіхіка апынуліся ў стрэсавым стане. Шчадравіцкі адводзіў на сон ня больш за пяць гадзінаў. Увесь астатні час удзельнікі мусілі займацца «вырашэннем праблемы». Працэс, як сведчаць удзельнікі тых гульняў, не спыняўся нават падчас арганізаваных танцаў.

Як правіла, у гульні задзейснена вялікая колькасць людзей – каля сотні (хоць бывала й меней). Яны разбіваюцца на группы, пасля чаго працуюць, дакладаюць свае вынікі на агульным сходзе, атрымліваюць заўвагі, на падмурку якіх дапрацоўваюць свае рашэнні. Карацей, вонкава – нічога адрознага ад звычайных формаў працы. Але ў металолягаў галоўнай мэтай быў ня пошук рашэння праблемы, а ўплыў на спосаб мыслення. У ідэяле, гульня мусіла ператварыць ейных удзельнікаў у адзіны суцэльны механізм, дзе кожны асобны ўдзельнік рабіўся часткай гэтага механізму пад кіраўніцтвам арганізатараў. А самі арганізатары пры гэтым мусілі кіраваць удзельнікамі як фігурамі на шахматнай дошцы.

Па меркаванні вынаходніка метаду і ягоных паслядоўнікаў, такім чынам у людзей мусіць «перазагружацца» працэс мыслення, у выніку чаго чалавек пачынае зусім іначай глядзець на сябе, на іншых, на навакольны свет. Таму ў гульні прысутнічаў такі элемент як «рэфлексія». Удзельнікі павінны былі ня проста прапанаваць рашэнне праблемы, а яшчэ й патлумачыць, як і чаму яны да яго прыйшлі, каб астатнія гульцы маглі прасачыць увесь працэс. Гэтыя «рэфлексіі» займалі шалёны час – гульцы па восем і болей гадзінаў распавядалі, як працаваў іхні розум.

Працэс у чымсці нагадваў працэс падрыхтоўкі салдатаў у знакамітым фільме «Цэльнамэталёвая абалонка», дзе сяржант-інструктар вымаў душы з рэкрутаў, каб на іхняе месца ўкласці жаданне забіваць. І як і ў гэтым фільме, вынік «рэфлксіяў» атрымліваўся, бывала, вельмі сваеасаблівым. Як распавядаў адзін з удзельнікаў АДГ часоў Шчадравіцкага, «людзі біліся галавой аб сцену, малявалі нейкія карцінкі, спрачаліся адзін з адным, штосці даказвалі, а «рэфлексіі» не было». Але з пункту гледжання арганізатара гульні гэта і было «рэфлексіяй» – тым самым «перазапускам» мыслення чалавека. Гэтая скіраванасць на ўплыў на мазгавую дзейнасць праяўляецца ад саога пачатку практыкі АДГ. Відаць, не дарэмна самая першая гульня (1979) прайшла ў Свярдлоўскай вобласці ў вёсцы, дзе падчас вайны знаходзіўся шпіталь, у якім займаліся распрацоўвалі метад аднаўлення галаўнога мозгу пасля пашкоджанняў.

Ня ўсе такое вытрымлівалі. Шмат хто з удзельнікаў гульняў, як сведчаць самі метадолягі, перажывалі істотныя «светапоглядныя катаклізмы», звязаныя з пераацэнкай (у негатыўны бок) усёй сваёй дзейнасці і жыццёвых дасягненняў. Пры гэтым сярод іх былі вельмі паспяховыя ў прафесійным і жыццёвым пляне людзі.

Але ці была практычная значнасць гэтых «гульняў» для тых, хто іх замаўляў? Калі чытаць публікацыі саміх метадолягаў – дык калясальная. Але калі глядзець аб’ектыўна, дык аніякіх практычных вынікаў знайсці немагчыма, якія кейсы ні вазьмі. Напрыклад, «вырашэнне праблемаў адукацыі ў Тальці», якое, па словах метадолягаў, трыюмфальна было выканана ў 1983-ім, не пакінула аніякіх слядоў ў гісторыі адукацыі гэтага гораду. Уласна, і інфармацыя пра гульню 1980-га, праведзенай на Белаярскай АЭС, якую шмат хто ўспрымае як хрэстаматыйны прыклад паспяховасці гульнявой метадалёгіі, не дае грунту для таго, каб прызнаць ейную эфектыўнасць.

Дык адкуль тады ўся гэтая – бясспорная – папулярнасць і замілаванне гульнямі ў 80-я гады мінулага стагоддзя? Адказ даволі просты. У той час у СССР усё было выпалена адной метадалёгіяй – марксізмам-ленінізмам. І акрамя панылых і нудотных партыйных ці камсамольскіх сходаў іншых метадаў вырашэння надзённых вытворчых праблемаў (у тым ліку – менеджарскіх) проста не існавала. А тут – жывая гульня, дзе ты знаходзішся ў новай, зусім не звычайнай для цябе абстаноўцы, дзе слухаюць кожнага (прыгадайма папулярнасць каналу «Страна для жизни», які даваў людзям магчымасць выказацца), а да гэтага яшчэ – мала знакомае, амаль эзатэрычнае калдунства, якое лезе ў твой высушаны камуністычнай ідэялёгіяй мозг і прыемна казытае яго знутры новымі адчуваннямі. І ўсё гэта яшчэ падаецца арганізатарамі гульнў як прыход прагрэсу, выхад на прынцыпова новы ўзровень развіцця, які абяцае не пабудову камунізму дзесці ў далёкай пэрспэктыве, а рэяльныя перамены – тут і цяпер.

Папулярнасці гульням дадавала й тое, што на любое «новае» быў сустрэчны запыт ад кіраўніцтва як краіны, так і кіраўніцтва прадпрыемствамі, якіх паставілі ў новыя ўмовы гаспадарчага разліку й самаакупальнасці. І тут метадолягі з сваімі абяцаннямі новых падыходаў да вырашэння праблемаў былі вельмі дарэчнымі. Таму менавіта дырэктары разнастайных савецкіх прадпрыемстваў зрабіліся цягам 80-ых асноўнымі замоўнікамі АДГ.

Па выніку да канца 80-ых метадолягі зрабіліся адзінай легальнай па-засістэмнай сілай, якая распаўсюджвала свой уплыў на гіганцкую колькасць сваіх прыхільнікаў. Сярод гэтых прыхільнікаў былі як «чырвоныя дырэктары» савецкіх прадпрыемстваў, так і маладыя лібералы-рэфарматары, якім наканавана было сказаць сваё слова ў будучыні.

Пры такіх раскладах метадолягі не маглі прайсці міма палітычнай сфэры. Туды ны й накіравалі свае высілкі ў пачатку 90-ых.

Да чаго гэта прывяло, чытайце ў наступнай частцы нашага артыкулу.


Зміцер Нядзеліч


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page