top of page

Гульні метадолягаў ІІІ: практычная карысць?

  • 15 часов назад
  • 5 мин. чтения

Развал СССР даваў вялікія стартавыя магчымасці для развіцця дэмакратычных грамадстваў на постсавецкай прасторы. Грамадствы краінаў Балтыі і тых краінаў, якія ўваходзілі раней ва «Ўсходні блёк» скарысталіся гэтай магчымасцю. А вось у тых краінах, якія засталіся ў сфэры ўплыву Расіі, усё чамусці пайшло не па такім аптымістычным сцэнары.

 

Працяг

 

Не, «менталітэт», на які так любяць ківаць неабазнаныя людзі (з падачы абазнаных) тут ні пры чым. «Пры чым» – тое, як у масавым успрыяцці грамадзянаў было сфармавана ўяўленне пра палітыку, ейныя мэты й метады. І вось тут не абыйшлося без актыўнага ўдзелу метадолягаў.

 

Вырашаць праблемы? Уплываць!

Першапачаткова паліттэхнолягі займаліся, пераважна, распрацоўкай стрэтэгіі кампаніі, арганізацыі працы штабу й навучаннем персаналу. Але потым яны прыйшлі да высновы, што гэтая сфэра можа ня толькі прынесці вялікія грошы. Яна можа таксама даць магчымасць уплываць. А інструментам уплыву па-ранейшаму заставаліся арганізацыйна-дзейнасныя гульні (АДГ).

Тут самы час нагадаць пляны Шчадравіцкага адносна пабудовы (ці «канструявання») «новага грамадства» і «новай краіны», к іх апісваў ветэран «гульнявога руху»  В. Лебедзеў:

 «Пропустить через игры сотни тысяч людей и создать массовый класс своих сторонников. Это будут директора предприятий, начальники цехов, райкомы-горкомы-обкомы, судьи, преподаватели высшей школы, министерские чиновники всех рангов… Мы сначала сделаем то, потом это, наши люди сначала здесь, затем, глядишь — там, они уже везде! Никто ничего не понял, а мы все изменили, всех перетасовали, страна идет в другую сторону!»

Пры гэтым ня варта ўяўляць, што «метадолягі» уяўлялі сабой нейкую арганізаваную структуру з адладжанай унутранай камунікацыяй. Судзячы па публікацыях, людзі, якія мелі досвед арганізацыі АДГ, маглі самастойна прапаноўваць свае паслугі пад час правядзення выбарчых кампаніяў на розных узроўнях у розных рэгіёнах. Але была група, якую можна назваць «вышэйшай лігай», якая дзейнічала на самых высокіх узроўнях. Да гэтай групы можна аднесці ўжо прыгаданых вышэй Паўлоўскага, Гельмана, Мінтусава, Астроўскага.

Паўлоўскі, напрыклад, актыўна ўдзельнічаў у прэзыдэнкай кампаніі-1996 у каманде Ельцына. Пасля гэтага зрабіўся пастаянным удзельнікам нарадаў у Адміністрацыі прэзідэнта (росту ўплыву якой ён у значнай ступені паспрыяў). А потым ён  быў цэнтральнай фігурай пры распрацоўцы прэзідэнцкай кампаніі Пуціна ў 2000-ым, і фактычна «пабудаваў» вобраз ранняга Пуціна. Ягоны Фонд эффективной политики, дарэчы, быў першай кампаніяй, якая пачала актыўна выкарыстоўваць інтэрнэт у палітычных мэтах. Пры гэтым першы персанальны сайт палітыка быў зроблены для Сяргея Кірыенкі, які ў другой палове 90-ых быў адным з самых уплывовых людзей у расійскай палітыцы (нават заняў у 36 гадоў пасаду расійскага прэм’ера). Менавіта ён, дарэчы, прызначыў Пуціна на пасаду дырэктара ФСБ, «адчыніўшы» таму шлях на вяршыню ўлады.

Але з дзейнасцю Кірыенкі асацыююцца, у першую чаргу, імёны Астроўскага і Пятра Шчадравіцкага – сына заснавальніка руху метадолягаў Георгія Шчадравіцкага. Кірыенка, па пасведчанні шматлікіх удзельнікаў тагачаснага каляпалітычнага жыцця, быў ідэяльным «кліентам» метадолягаў. Па складзе характару ён, хутчэй, быў чыноўнікам-бюракратам, а не палітыкам. Акурат з такіх «шчадравіцяне» марылі скласці свой рэсурс уплыву.

А паколькі мары маюць тэндэнцыю здзяйсняцца, у хуткім часе Кірыенка памняў палітычную пасаду лідэра думскай фракцыі на чыноўніцкую пасаду паўнаважнага прадстаўніка прэзідэнта Расіі (якім на той момант ужо быў Пуцін) у Прыволжскай федэральнай акрузе. А метадолгі Пётр Шчадравіцкі і Яфім Астроўскі накіраваліся за ім. Там яны прымалі ўдзел ва ўсіх электаральных кампаніях, якія праводзіліся на тэрыторыі акругі, каб дапамагчы «людзям Кірыенкі» заняць адпаведныя пасады.

Потым, калі Кірыенку «паставілі» кіраваць Расатамам, Астроўскі і Шчадравіцкі накіраваліся за ім, каб на новым месцы працягваць ажыццяўляць сваю дзейнасць па арганізацыі функцыянавання кампаніі, у тым ліку – праз АДГ.

Якая ж была практычная карысць замоўцам ад паліттэхналягічнай дзейнасці метадолягаў?

Калі разглядаць вынікі тых кампаніяў, у якіх яны прымалі ўдзел, дык карціна атрымліваецца супярэчлівая: можна знайсці як поспехі, так і паразы. Напрыклад, Мінтусаў арганізоўваў кампанію вядомага ў той час палітыка Амана Тулеева пад час першых выбараў прэзідэнта Расіі (1991). Метадалягічны падыход не дапамог, і Тулееў заняў толькі чацьвёртае месца. Па ўспамінах даследчыка рэлігіяў Нікалая Мітрохіна (які, варта адзначыць, з’ўлецца адным з найбольш рэзкіх крытыкаў метадалягічнага руху), ён сустракаў метадолягаў на мясцовай кампаніі ў Бранску, дзе тыя дапамагалі прызначанаму з Крамля губернатару. Тыя выбары яны прайгралі.

У той жа час, кампаніі Ельцына і Пуціна завяршыліся пераможна. Але тут вельмі цяжка казаць, што адыграла вырашальную ролю – метады метадолягаў ці «адміністрацыйны рэсурс» кампаніяў, які даваў магчымасць, у тым ліку, маніпуляваць вынікамі галасавання? Прынамсі, у прыватных размовах з расійскімі паліттэхнолягамі даводзілася чуць сцвярджэнні пра «дакінутыя» адсоткі, каб іх хапіла на перамогу «каго трэба» у першым туры. Зразумела, за дакладнасць такіх выказванняў паручыцца нельга.

Водгукі тых, хто быў сведкам працы метадолягаў у элекцыйных кампаніях, таксама ня кажуць пра высокую эфектыўнасць іхняй дзейнасці. Па назіраннях удзельніка кампаніі партыі «Правое дело» на выбарах у Дзярждуму ў 2011-ым, метадолягі, нанятыя кіраўніком партыі Міхаілам Прохаравым, нічога не рабілі, «трындзелі» (у арыгінале выкарыстана нецэнзурнае слова) пра ідэялёгію і цягнулі з Прохарава грошы. Кампанія была правальнай, а сам Прохараў у хуткім часе згубіў пасаду кіраўніка партыі.

Тое ж самае можна казаць і пра замежныя «камандыроўкі» расійскіх метадолягаў-паліттэхнолягаў. У 2002-ім Астроўскі і Шчадравіцкі-малодшы правалілі кампанію ўкраінскага бізнэсмэна й палітыка Валерыя Харашкоўскага. Паўлоўскі, у сваю чаргу, быў адным з асноўных паліткансультантаў штабу Віктара Януковіча ў 2004-ым. Чым скончылася тая кампанія для Януковіча, памятуюць усе.

Былі спробы прыцягнуць іх і ў Беларусь. Пра гэта кажа вядучы беларускі метадоляг Уладзімір Мацкевіч. Па ягоных словах, у 1994-ым ён запрасіў Ігара Мінтусава ў каманду Шушкевіча, але Шушкевічу іхняя праца не спадабалася. Ён (Шушкевіч) казаў: «Я знаю свою страну, я знаю свой народ». Гэтая пазіцыя Мацкевічу відавочна не была да спадобы, і ён у далейшым відавочна звязваў пройгрыш Шушкевіча з тым, што той адовіўся ад паслугаў расійскіх паліттэхнолягаў. Праўда, самому Мацкевічу адданасць метадалёгіі не дапамагла перамагчы на выбарах у беларускі парлямент, пра што ня так даўно пісала «Наша Ніва».

Такім чынам, калі задацца пытаннем, якую практычную карысць далі метадолягі сваім замоўцам-палітыкам, можна досыць упэўнена адказаць: ніякай. Распрацаваць стратэгіі, сабраць і навучыць каманды можна і без выкарыстання АДГ – аніякай перавагі апошняя не дае.

Але пры гэтым уплыў на палітычнае поле ў Расіі (і постсавецкай прасторы) яны пакінулі каласальнае. І тут гаворка ідзе ня толькі пра «Русский мір» (sic), канцэпцыю якога прапанавалі тыя ж Астроўскі і Шчадравіцкі (тэма, якая заслугоўвае асобнага разгляду). У першую чаргу, метадолягі заклалі ўспрыяцце дэмакратыі і дэмакратычных існтытутаў як поля дзейнасці хлусаў і маніпулятараў. Менавіта так мы гэтыа цяпер і ўспрымаем. Прычым – без аніякай задняй думкі. Проста мы перакананыя, што гэта і ёсць сапраўдная дэмакратыя і сапраўдная палітычная дзейнасць. Тое, што метадолягі зыходзілі з «негатоўнасці» савецкага і постсавецкага грамадства да дэмакратыі, прывяло не да развіцця дэмакратычных інстытутаў (што павінна было быць па лёгіцы), а да тупіку, у якім само паняцце дэмакратыі было дыскрэдытавана.

Дык ніхто й не казаў, што пабудова дэмкратычнага грамадства – гэта мэта метадолягаў. Як было неаднаразова сказана вышэй, мэта метадолягаў – перафарматаваць мысленне людзей, каб закласці прынцыпова новы падмурак, на якім канструяваць штосці прынцыпова новае. Пры гэтым, чым будзе гэтае «новае», ня ведаюць і самі метадолягі. Ды ім і ня трэба гэтага ведаць – для іх галоўным з’яўляецца працэс «перафарматавання», які ажыццяўляецца праз АДГ. Сам Шчадрваіцкі (старэйшы) казаў, што ягоным ідэялам з’яўляецца зусім не дэмакратыя, а татлітарызм. І самі метадолягі не з’яўляюцца проста трэнерамі ці памочнікамі. Яны з’яўляюцца тымі, хто канструюе будучыню, а ў якасці інструменту выкарыстоўваюць АДГ і тых прыхільнікаў, якіх праз яе атрымалі. Яны – тыя самыя паліттэхнолягі, якія валодаюць нейкімі эзатэрычнымі ведамі, даступнымі толькі абраным. Хто па-за гульнямі – той па-за ведамі. І па-за ўплывам. У сувязі з гэтым рух метадолягаў часцяком называюць таталітарнай сэктай.


Ці так гэта – разглядзем у наступнай публікацыі.

(Працяг будзе)

2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page