top of page

Гульні метадолягаў II: практычная паліталёгія

  • 2 дня назад
  • 5 мин. чтения
методологи, политтехнологи и электорат

Каб зразумець, чым была і ёсць «метадалёгія» – асабліва ў сфэры практычнага прымянення, заўжды варта памятаць, у якіх умовах яна нарадзілася.

 

Працяг

 

А нарадзілася яна ў эпоху СССР, калі стаўленне да чалавека было як да вінціка супольнай сістэмы, дзе ён быў аб’ектам чужой волі, але не суб’ектам-носьбітам сваёй. Што й адбілася на падыходах метадолягаў да ўласнай дзейнасці ўжо ў новых, змяніўшыхся абставінах.

Тыя аўтары, якія так ці іначай закранаюць гісторыю руху метадолягаў, адзначаюць, што гарбачоўская перабудова, як і ейныя вынікі, былі для метадолягаў ня надта пажаданай з’явай (хоць сустракаюцца і прыгадванні антысацыялістычных выказванняў самога Шчадравіцкага). Іхняе памкненне ўтварыць «новага чалавека» для «новага грамадства» было разлічана менавіта на савецкую сістэму кіравання, роўна як і на савецкія падыходы да індывідумаў. Яны вельмі ўтульна адчувалі сябе ў сітуацыі «гаспразліку», калі «чырвоныя дырэктары» запрашалі іх правесці гульні, каб вырашыць унутраныя (у тым ліку, кадравыя) праблемы. Калі савок пасыпаўся, «чырвоным дырэктарам» было ўжо не да гульняў. І метадолягам давялося шукаць новыя сфэры прымянення і новых замоўцаў.

І такія з’явіліся. У выглядзе новай групы – палітыкі. Ім таксама трэба было вырашыць праблему – абрацца на пэўную пасаду. Але як гэта зрабіць яны яшчэ слаба сабе ўяўлялі. Вось тут метадолягі і з’явіліся, каб прапанаваць свае паслугі ў новай галіне дзейнасці – паліттэхналёгіях.

 

Гэтае маніпулятыўнае паняцце «паліттэхналёгія»

Як заўжды, перад тым, як перайсці да аналізу практычнай дзейнасці, варта разабрацца з тэрмінамі «паліттэхналёгія» і «паліттэхноляг». Бо тут у нас шмат непаразуменняў, якія моцна ўплываюць на высновы аналітыкаў. Ды й высноваў, якія робіць грамадства ў цэлым.

У масавым уяўленні, з якім даводзілася сутыкацца, «паліттэхноляг» – гэта чалавек, які валодае нейкімі патаемнымі ведамі, якія дазваляюць яму забяспечыць палітыку поспех пад час электаральнай кампаніі. Маўляў, існуе нейкае чароўнае слова/фраза/фармулёўка, якія вядомыя паліттэхнолягу, і якімі ён можа падзяліцца з палітыкамі, калі тыя яму заплоцяць у дастатковай меры – і перамога на выбарах у яго ў кішэні.

(Тут нельга не прыгадаць досвед абшчэння з расійскімі паліттэхнолягамі канца 90-ых, які  дэманстраваў, што інтструментарыюм іхні можа быць дастаткова бедным і ўключаць веданне, каму з чыноўнікаў даць хабар і на якой адлегласці адзін ад аднога расставіць на МКАД (Маскоўская колцавая дарога) білборды з рэклямай канкрэтнага палітыка.)

Дзеля таго, каб лепш разумець сутнасць «паліттэхналёгіі», варта зірнуць на тое, «што ў іх». То-бок, на Захадзе. А на Захадзе аналяг «паліттэхналёгіяў» гучыць як «палітычны кансалтынг» і засцярожваецца ён зусім не на пошуках «чароўных словаў» і расстаноўкі партрэтаў, а на справах больш тэхнічных: распрацоўка стратэгіяў, каардынацыя дзейнасці сябраў каманды, а таксама рапсрацоўка мерапрыемстваў у рамках агітацыйнай (рэклямнай) кампаніі. Галоўная мэта пры гэтым – гэта як мага больш шырокі распаўсюд сярод выбарцаў ведаў пра галоўныя мэты кандыдата, якія ён жадае дасягнуць на пасадзе, абрання на якую дамагаецца. Пры гэтым, безумоўна, гаворка ідзе пра сапраўдныя мэты, а ня нейкія «прыхаваныя» ад «прафаннай» публікі.

Ад «паліттэхналёгіі», у сваю чаргу, чакаецца нейкае «калдунства», якое абавязкова прадугледжвае наяўнасць схаваных сэнсаў і, адпаведна, хлусні і маніпуляцыяў. Галоўнай мэтай ставіцца не знаёмства з праграмай і мэтамі кандыдата, а максімальная колькасць галасоў. Ня бачыце розніцы? Маўляў, і на Захадзе мэта – максімальная колькасць галасоў? Але розніца ёсць. Прынцыповая. Калі на Захадзе гэтая колькасць дасягаецца праз канкурэнтную барацьбу розных праграмаў, у выніку якой грамадзяне на падмурку асэнсаванага выбару аддаюць перавагу той ці іншай, дык у кантэксце «паліттэхналёгіяў» метады працы зусім іншыя. Тут у якасці ілюстрацыі можна прывесці фільм ці спектакль «День выборов» маскоўскага тэатру «Квартет И». У ім «паліттэхналёгіі» прадэманстраваны ў даходлівай форме. І дарэчы, ухваленай Крамлём.

То-бок, паліттэхналёгія – гэта заўжды пра маніпуляцыі, падман, патаемныя сэнсы, схованыя ад вачэй «прафанаў» (ці – сінанімічна – «электарату»). Калі ў кагосці ўзнікае сумненне адносна слушнасці падыходу да «паліттэхналёгіяў» як да менавіта метадалёгіі маніпуляцыі, можна прывесці цалкам сабе акадэмічныя публікацыі за аўтарствам расійскіх аўтараў з навуковымі ступенямі, дзе паняцце «паліттэхналёгія» ідзе ў жорсткай асацыяцыі з маніпулятыўныі практыкамі (прыклад: Шорохова С. П. Политтехнологии: Хитросплетение массового и индивидуального // Вестник института мировых цивилизаций. Т. 10, № 3 (24), 2019. Сс. 87-95). Натуральна, праца паліттэхнолягаў уключае ў сябе й распрацоўку стратэгіі, арганізацыю й навучанне каманды і г. д. – «паліткансалтынг здаровага чалавека». Але галоўнай мэтай будзе «прасоўванне» патрэбнага чалавека, а не палітычнай праграмы. Пры гэтым апеляваць будуць не да розуму, а да эмоцыяў.

 

Сакрэт поспеху: разумей «электарат», а не праблему

Розніца ў падыходах існуе таксама на ўзроўні саміх замоўцаў – палітыкаў. На Захадзе палітыкам пераважна з’яўляецца той, хто разумее праблемы грамадства й прапануе іхняе вярашэнне. У нас, у асноўным, палітык – гэта той, хто разумее не праблемы, а «электарат». Адпаведна, патрэбны паліттэхноляг, хто б параіў замоўцу-палітыку метады, каб гэты «электарат» зразумець і шапнуць яму тое самае «чароўнае слова», якое забяспечыць перамогу.

Для нас прыклад такога палітыка, які «разумее электарат», ёсць да болю знаёмым. Шмат аналітыкаў расшыбалі сабе ілбы ў спробах раскрыць вытокі «палітычнай геніяльнасці» і «народнай папулярнасці» Лукашэнкі. Ну як жа ж – столькі год трымаецца на вышэйшай пасадзе ў дзяржаве… І гэта ў той час, калі ў самых розных стратумах грамадства (нават сярод сялянства, якое традыцыйна запісвалі ў ягоны «ядзерны электарат») было амаль немагчыма знайсці чалавека, які б казаў па сваёй волі, што Лукашэнка «разумее людзей».

У рэчаіснасці (увага – раскрываем сакрэт!), таямніца ягонага «разумення электарату» заключалася ў фальсіфікацыі выбараў, што забяспечвалася наяўнасцю «вертыкалі ўлады», якая забяспечвала функцыянаванне рэжыму, і сілавых структураў, якія тэрарызавалі грамадства. І ўсё гэта – за кошт расійскага рэсурсу, бо пабудаваць функцыянуючую эканоміку ён так і ня здолеў (і ня мог здолець, бо арыентуецца на нежыццяздольную савецкую мадэль).

Гэта, дарэчы, сведчыць пра тое, што сам «паліттэхналягічны» падыход не адпавядае патрэбам грамадства. Што дэманструе, у тым ліку, прыклад кампаніі 2020-га, калі менавіта агучванне галоўнай праблемы, якую сфармулявалі палітыкі, - адсутнасць свабодных справядлівых выбараў – было пазітыўна ўспрынята грамадзянамі і зрабіла таго палітыка, кі зрабіў гэта галоўным сваім пасланнем, безумоўны лідэрам.

 

Прыход метадолгаў

Якое дачыненне народзіны «паліттэхналёгіяў» маюць да метадолягаў? Ды самае непасрэднае. Нягледзячы на тое, што змена агульнай сітуацыі ў канцы 80-пачатку 90-ых не віталася лідэрам метадалягічнага руху, метадолягі мелі ўсе мажлівасці хутка адаптавацца да новых умоваў. Калі раней яны арганізоўвалі свае «гульні» дзеля абрання дырэкстароў савецкіх прадпрыемстваў, цяпер яны маглі прапаноўваць свае паслугі тым, хто хацеў заняць дэпутатцкаую, а тое й губернатарскую ці прэзідэнцкую пасаду.

Яшчэ да развалу СССР людзі, якія ўваходзілі ў кола Маскоўскага метадалягічнага гуртку Шчадравіцкага пачалі працаваць на ніве паліттэхналёгіяў. Бадай, першай кампанияй, якая прапаноўвала «паліттэхналягічныя паслугі», была «Никколо М», якую ў самым канцы 80-ых заснаваў адзін з удзельнікаў метадалягічнага руху Ігар Мінтусаў. Іншым прэтэндэнтам на «піянерства» у паліттэхналягічнай сфэры з’яўляецца Яфім Астроўскі. Ён яшчэ ў канцы 80-ых канусльтаваў кемераўскіх гарнякоў, калі тыя абвесцілі страйк. У 1994-ым ён заснаваў  «ГОСТ» (GOST Strategy Group) – нефармальнае аб’яднанне інтэлектуалаў, якое таксама займалася аказаннем паліттэхналягічных паслугаў. У далейшым да паліттэхналягічнай актыўнасці падцягнуліся Марат Гельман і Глеб Паўлоўскі, арганізаваўшы «Фонд эфектыўнай палітыкі».

Варта звярнуць увагу на тое, з чым метадолягі прыйшлі ў палітычную сфэру. У 1987-ым Шчадравіцкі і ягоныя метадолягі атрымалі замову на распрацоўку дэмакратычных выбараў дырэктара заводу РАФ. Па выніках гульні яны прыйшлі да высновы: дэмакратыя ў СССР не магчыма. Не магчыма яна з той прычыны, што «нізы» не дараслі да дэмакратыі. І гэтая выснова была эксптрапаляванай на ўвесь СССР. А потым, адпаведна, і на Расію і ўсю постсавецкую прастору.

Гэта выснова самы радыкальным чынам паўплывала на наступную дзейнасць метадолягаў у ролі паліттэхнолгаў. Паколькі для ўдзелу ў дэмакратычным працэсе грамадзянам неабходна мець пэўны набор уяўленняў, якімі грамадзяне СССР валодаць не маглі, дык гэта робіць дэмакратыю немагчымай ні ў СССР, ні ў Расіі. Зыходзчы з гэтага метадолгі й падыходзілі да палітычных працэсаў, у тым ліку й выбараў, у якіх ім даводзілася прымаць удзел. Як пісала адна з яскравых прадстаўніцаў метадалягічнага руху Ірына Жэжка-Браўн (якая шмат чаго зрабіла дзеля легалізацыі іхняй дзейнасці ў СССР), «методологи, перейдя впоследствии на роль организаторов в России политических выборов, редуцировали выборы до ритуала, а демократия практически стала ругательным словом». Вось тут і прыгадваецца фільм «День выборов» – злая карыкатура на дэмакратычныя выбары, якая зрабілася рэяльным партрэтам расійскай «дэмакратыі».

Ці давалі метадалягічныя падыходы ў палітыцы/паліттэхналёгіях хоць нейкую карысць для палітыкаў і грамадства? Чытайце пра гэта ў нашым наступным матэрыяле.

(Працяг будзе)


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page