Гульні метадолягаў IV: дык «сэкта» ці не?
- 5 дней назад
- 7 мин. чтения

Працяг
(пачатак тут: Гульні метадолягаў І: метады й мэты метадолягаў
Як у публікацыях у СМІ, так і пад час абмеркавання ў сацыльных сецівах і пры прыватным абшчэнні, дзейнасці метадолгаў (у тым ліку, арганізаваных імі АДГ (арганізацыйна-дзейнасных гульняў)) часцяком можна сустрэць характарыстыку руху метадолягаў менавіта як сэкты. Пра гэта кажа і расійскі даследчык рэлігіяў Нікалай Мітрохін (ну, ён увогуле вылучаецца даволі рэзкім стаўленнем да сабжу), і беларускі аналітык Сяргей Чалы, і некаторыя расійскія паліттэхнолягі. Прычым, да слова «сэкта» дадаюць яшчэ й удакладненне: «таталітарная». Што мусіць выклікаць у аўдыторыі зусім ужо адмоўныя асацыяцыі.
Але ці так гэта на самой справе? Рух метадолягаў – гэта, сапраўды, нейкая патаемная сэкта, небяспечная як для асобнага чалавека, які ў яе трапіў, так і для грамадства ў цэлы, якое павялося на байкі пра звышэфектыўнасць прапанаванага метаду вырашэння ўсіх праблемаў? Ці ўсё ж мы маем справу з звычайнай спробай прадаць недасведчанай беларускай публіцы заляжалы расійскі тавар – хоць і бескарысны для практычнай дзейнасці, але й не нясучы нейкую небяспеку для людзей і іхняй псіхікі?
Як кажа старая народная мудрасць, калі штосці выглядае як качка, пахне як качка, ходзіць як качка, плавае як качка, лятае як качка, дык можна з высокай доляй упэўненасці сцвярджаць, што гэта – качка. Той жа метад можна прымяніць для высвятлення тоеснасці любых іншых аб’ектаў. Трэба толькі вызначыць характарызуючыя іх прызнакі.
Таталітарную сэкту, ці як яшчэ клічуць падобныя з’явы, дэструктыўны культ, звычайна вызначаюць як аўтарытарную арганізацыю, якая выкарыстоўвае метады кантролю свядомасці, падман і маніпуляцыі ў мэтах эксплюатацыі чальцоў у інтарэсах лідэраў. Пры гэтым выдзяляюцца наступныя прызнакі: наяўнасць лідэра, чыё меркаванне вызнаецца за абсалютную праўду і ня можа падлягаць крытыцы; выкарыстанне псіхалягічных тэхнікаў для падаўлення крытычнага мыслення; прымус да разрыву сацыяльных сувязяў (у тым ліку, з сям’ёй); паборы з чальцоў (да патрабаванняў аддаць усю маёмасць, у тым ліку й нерухомую); і ўтварэнне пачуцця прыналежнасці да элітарнай групы, выключна ў рамках якой можна дасягнуць «выратавання». Пры гэтым сэкта можа ня мець артыкуляванага рэлігійнага характару – яна можа быць палітычнай, асветніцкай, спартовай і г.д. Галоўнае – прынцыпы арганізацыі й метады ўздзеяння на тых, да каго яна можа дацягнуцца.
Дык што там з нашай гіпатэтычнай «качкай», дакладней, рухам метадолягаў? Наколькі тут можна адсачыць тоеснасць?
Наяўнасць лідэра
Ну, тут сумненняў няма. Стваральнік і галоўны рухавік руху – Георгій Шчадравіцкі. У публікацыях яго часцяком пазначаюць як «гуру» – настаўнік, бясспрэчны аўтарытэт, чые меркаванне ўспрымаецца як праўда ў апошняй інстанцыі. Звычайна пазначэнне «гуру» мае, хутчэй, метафарычны характар, але ў адрас Шчадравіцкага ягоныя вучні выкарыстоўвалі гэтае слова без намёкаў на метафарычнасць – гэтак жа бясспрэчна й катэгарычна, як гучала само слова заснавальніка руху метадолягаў.
Характэрна, што ў тэкстах вучняў Шчадравіцкага адсутнічае хоць нейкі намёк на развіццё ягонай тэёрыі. Вы ніколі не сустрэнеце чаго-небудзь кшталту: «вось тут ГП [як па першых літарах імя й імя па бацьку называлі яго вучні] ня меў рацыі, што пацвердзіла далейшая практыка» ці «метад Шчадравіцкага атрымаў далейшае развіццё ў тэярэтычных працах / практычнай дзейнасці…» і таму падобнае. Не – метад Шчадравіцкага быў ад самога пачатку дасканалым, як першая мадэль аўтамабіля «жыгулі». Гэта было практычна «слова бога». Дый чаму – «практычна»? Як аднойчы заўважыў ягоны вучань Валерый Лебедзеў, гаворачы пра ідэялёгію, прапанаваную Шчадравіцкім: «Она, эта идеология, чем-то напоминала учение Мухаммада, в котором главное — это формула: нет Бога, кроме Аллаха, и Мухаммад — пророк его. Только у ГП не было этого ненужного удвоения на Аллаха и его пророка. Хватало и одного Щедровицкого».
Як было адзначана вышэй, для разумення сутнасці абъекту бывае карысным суаднесці яго з іншым – аналягічным. У допісе ў «LiveJournal» аднаго з паслядоўнікаў Шчадравіцкага давялося сустрэць мэтафарычнае апісанне заснавальніка руху метадолягаў як «савецкага Тоні Робінса». Тоні Робінс, хто ня ведае, – амерыканскі пісьменнік, вядомы як «коўч» і «матывацыйны спікер». Як любы гуру ён вучыць людзей жыць, і, падобна Шчадравіцкаму, ён робіць акцэнт на зменах у мысленні.
«Хочаш дасягнуць поспеху – мыслі пазітыўна!» – кажа ён у сваіх праграмах, кнігах, выступленнях і сэмінарах. Эфэктыўнасць гэтай формулы, праўда, не адрозьніваецца ад эфэктыўнасці заклікаў кшталту: «Прымушай сябе быць здаровым і багатым!» Але людзі ўсё роўна вераць у дзейснасць падобных «мудрасцяў». Калі Робінс прыехаў у 2018-ым у Маскву, гэта выклікала вялікі ажыятаж сярод расіянаў, а на ягоным сэмінары была заўважанай нават дарадца міністра эканамічнага развіцця Расіі. Гэта прымусіла адну расійскую журналістку зрабіць выснову, што расійскае грамадства ў сваім развіцці не прасунулася з часоў Чумака, Кашпіроўскага й Маўродзі. Беларускае, падобна, таксама: гэтак жа прагне цуду ад кагосці, хто навучыць яго мысліць. І менавіта – правільна мысліць. Бо любое іншае мысленне – памылковае апрыёры.
Дарэчы, неблагую вэрсію апісання праблемы (калі прыбраць звычайную для кінематографу драматычную гіпэртрафаванасць) прапануе свежы франка-бэльгійскі фільм, які так і завецца – «Гуру».
Крытыкуеш? Адвалі!
У публікацыях, прысвечаных метадолягам, акрамя адсутнасці прызнакаў развіцця, ніколі не сустрэнеш і прыгадвання іхніх дэбатаў з тымі, хто крытычна ставіцца да самога «чароўнага» метаду. Некалькі год таму давялося назіраць, як арганізатар гульні папрасіў пакінуць памяшканне тых людзей, «якіх ён ня ведаў». Ну, добра, тут гаворка йшла пра беларускага арганізатара: можна спісаць гэтую просьбу на ягоную няўпэўненасць ва ўласных зольнасцях уплываць на аўдыторыю на эмацыйным узроўні (ня кажучы ўжо пра інтэлектуальны). Усё ж, дзел справдлівасці, за савецкім часам на гульні (прынамсі, некаторыя) дапускаліся ўсе жадаючыя.
Але факт застаецца фактам: метадолягі ўтваралі вакол сябе «зону адцурання», што праяўлялася, у тым ліку, у мінімальнай колькасці інфармацыі, якая была б даступнай тым, хто не зьяўляецца адэптамі іхняга руху. Нават за часам росквіту – у апошняе дзесяцігоддзе існавання СССР – публікацыяў пра «гульні метадолягаў» было мінімум. Некаторыя тлумачаць гэта «жахлівым станам савецкай рэчаіснасці, якая «ўсплывала» пад час гульняў. Але не паболела тых публікацыяў і ў больш познюю эпоху, калі крытыка савецкай сістэмы была ўжо агульным трэндам. Нават у расійскамоўнай Вікіпедыі звестак пра рух – мінімум.
Дык у чым падстава такой сітуацыі? Патлумачыць гэта можна, перш за ўсё, тым, што самі метадолягі разумелі, што ў спрэчцы з рацыянальнымі аргумэнтамі яны будуць граць на чужым полі. Бо іхняе поле – гэта сфэра эмоцыяў, а не рацыянальнасці. Калі ўважліва прыглядзецца да таго, што прапануюць «арганізатары гульняў», дык можна лёгка заўважыць, што галоўнае – гэта «навучыцца мысліць па-новаму». А калі больш дакладна, дык проста – «навучыцца мысліць». Бо ніхто, акрамя носьбітаў сакральнага шчадравіцкага метаду, не валодае здольнасцю думаць.
І тут – галоўнае, каб крытычнае мысленне не прымусіла каго-небудзь задацца пытаннем: а вынікі станоўчыя – маюцца? Ці эфэктыўнасць ад усіх гэтых гульняў – ня большая, чым ад робінсанаўскай навукі «мысліць пазітыўна»? Не, канечне, пошук у інтэрнэце выдае вынікі кшталту: «гульні дазволілі вырашыць вялікія кадравыя / вытворчыя / мэнэджарскія праблемы». Але пры гэтым – аніякай канкрэтыкі. Затое калі лезеш ужо ўручную правяраць, якую такую вялікую карысць прынесла гульня, напрыклад, адукацыйнай сістэме Тальляці, дык высветляецца, што анічога ня проста рэвалюцыйнага, а хаця б годнага прыгадвання ў аналах тальляцінскай гісторыі па выніку не адбылося.
Затое ў сфэры эмоцыйнага ўздзення – тут метадолягі сапраўдныя магістры гульні. Калі апісання рэяльных практычных вынікаў мы ня знойдзем, эмацыйных ацэнак АДГ (арганізацыйна-дзейнасных гульняў) нам сустрэнецца багата. Прычым, усе да здзіўлення аналягічныя.
Зноў звернемся да пасведчанняў В. Лебедзева (між іншым, ён некаторы час працаваў у Менску й прывёз у наш горад самога гуру, каб той правёў свае сэмінары): «Чем дальше, тем больше участники входили во вкус. Они не хотели уезжать. Не хотели возвращаться в понурую действительность. Они начинали летать на тех самых крыльях мышления, которые у них отрастали и крепли изо дня в день. Как в сауне только минут через пять сидения тело начинает выделять пот, так в игре мозг начинал через какое-то время сочиться идеями. И заменить участие в игре нельзя ничем, точно так же, как нельзя пересказом о сауне вызвать то самое «банное состояние».
Менавіта Лебедзеву належыць той самы выраз пра «любоў і гарэлку», які цытавалі ў сувзі з прайшоўшай н так даўно ў Польшчы гульнёй: «После игры участники говорили, что они испытали настоящее счастье от самого процесса мышления. Такое сильное, какого они не испытывали даже от любви, не говоря уж о водке». Як бачым, аніякага рацыянальнага і крытычнага асэнсавання таго, у чым прынялі ўдзел: чыста эмацыйная рэякцыя.
Яшчэ адзін з метадаў «адключэння» крытычнага мыслення – гэта выкарыстанне мудрагелістай навукападобнай і псэўдафілясофскай лексікі. Ды яшчэ прыплесці сюды імёны Арыстоцеля, Плятона, Гегеля ды Канта з Фуко… У самога Шчадравіцкага можна знайсці такое, напрыклад: «На каждом этапе развития человеческой практики свой тип мыследеятельности и сфера выполняет функцию рефлексивного замыкания других типов мыследеятельности и ассимиляции их содержания» (Щедровицкий Г. П. Мышление, методологическая работа и развитие // Вопросы методологии. 1992. № 1-2. Сс. 30-38. С. 31).
Калі вы думаеце, што вышэй у тэксце раскрываюцца тэрміны з гэтай фразы, вы памыляецеся. Калісці я спрабаваў высветліць напаўненне некаторых тэрмінаў у самога цяперашняга беларускага гуру. У адказ атрымаў прапанову слухаць і чытаць лекцыі. Адразу скажу: ня самая пераканаўчая пазіцыя ў дыскусіі, бо апанент адразу дэманструе сваю няздольнасць патлумачыць тэрміны, якімі апэруе. Але яшчэ горш, калі ён разумее, пра што кажа, але ня хоча, каб яго зразумелі «чужыя».
Пра гэта, дарэчы, казаў і сам Шчадравіцкі. Ён настойваў на тым, каб словы «прафесіяналаў» не былі даступнымі для разумення «плебсам»: «Гражданское общество поделено на группы профессионалов, каждая из которых говорит и должна говорить на своем особом языке, загораживаться от дилетантов и болтунов частоколом… специальных терминов. Это закон жизни нормального цивилизованного общества, и не нужно стремиться к тому, чтобы все всё понимали. Понимать должны специалисты, которые двигают дело, не больше. Профессиональные границы необходимы, они обеспечивают высокий уровень развития общества. А пролетарское требование, чтобы "все падлы, и особенно которые в пенсне и при галстуках" говорили на языке пролетариата, давно ушло и совсем не модно».
Па меркаванні расійскага культуроляга Ільлі Кукуліна, які займаўся вывучэннем руху метадолягаў, сама метадалёгія мыслення, прапанаваная Шчадравіцкім, была «замкнёнай і самадастатковай» і не прадугледжвала абшчэння з людзьмі, якія мыслілі іначай: «Щедровицкий сознательно строил свою школу как эзотерическую. На уровне деклараций… философ всегда это отрицал, и сторонники его школы говорили, что их принципы могут быть последовательно объяснены. Но получалось, что они могут быть объяснены только такому человеку, который полностью с их идеями соглашался».
Менавіта так і дзейнічаюць у сэктах – каб абараніцца ад залішніх пытанняў. Затое калі хтосці тыцне метадалягічным тварам у адсутнасць вынікаў, заўжды можна адбрахацца тым, што ўдзельнікі гульні яшчэ не разумеюць усёй ейнай сутнасці. Хай, маўляў,
працягваюць – вучацца мысліць…
(Працяг будзе)



Комментарии