Яшчэ адна краіна задумалася, ці варта мець справы з Іранам
- ksnsanny2024
- 4 дня назад
- 2 мин. чтения

Здагадайцеся: якая?
Пакуль гісторыя з адхіленнем іранскіх караблёў ля ўзбярэжжа Паўднёвай Афрыкі ператвараецца, па словах мясцовых журналістаў, «з скандалу ў катастрофу», яшчэ адна афрыканская краіна вырашае для сябе, наколькі з’яўляецца апраўданай эканамічная супраца з Іранам.
Было б зразумела, калі б гэта была якая-небудзь дэмакратычная краіна, кшталту той жа Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Але ж не! Гаворка ідзе пра такую блізкую і родную нам у шмат якіх момантах краіну як Зімбабвэ.
Яшчэ ў 2023-ім кіраўніцтвы абедзьвюх дзяржаваў паставілі перад сабой амбітныя пляны давесці аб’ёмы ўзаенага таваразвароту да 500 млн амерыканскіх даляраў. Праўда, у 2024-ым атрымалася дасягнуць толькі 30 млн, але і гэта было прарывам пасля прыкладна 4 млн у 2023-ім. У 2025-ым сітуацыю кінуліся паляпшаць добра вядомымі нам метадамі: візітамі, сустрэчамі, бізнэс-форумамі і ўтварэннем разнастайных камісіяў. І, канечне, гучнымі заявамі. Плянавалася павялічыць узаемны гандль праз пастаўкі у Зімбабвэ іранскай сельгастэхнікі (трактароў, у асноўным), лёкаў і ммедычнага абсталявання. Зібабвэ, у сваю чаргу, прапаноўвала тытунь (фактычна – сельскагаспадарчая монакультура), а таксама магчымасці інвеставаць у горназдабываючыя прадпрыемствы (золата і рэдказямельныя металы). Гучалі і прапановы ўтварыць сумесныя ірана-зімбабвійскія прадпрыемствы.
Яшчэ 1 студзеня бягучага году заявы наконт супрацы дзьвюх краінаў былі поўнымі аптымізму. І тут раптам зімбабвійскі бок пачуў навіны пра тыя самыя 25% мытных пошлінаў на бізнэс з ЗША, калі вы паралельна маеце бізнэс і з Іранам. Зімбабвійскія эксперты прызналі, што гэта – сур’ёзны аргумент. І вось ужо той самы амбітны плян пра 500 млн таваразвароту ставіцца пад пытанне: а ці выгадна краіне мець справу з таксічны іранскім рэжымам, улічваючы куды большую рызыку эканамічных стратаў праз амерыканскія санкцыі?
У публікацыях у зімбабвійскай прэсе разважанні наконт апраўданасці пры такіх умовах супрацы з рэжымам аятолаў не абмяжоўваюцца выключна сваёй краінай. Гэтая праблема падаецца як агульнаафрыканская: наколькі патрэбныя Афрыцы такія таксічныя сувязі? Пры адмоўным адказе (а да гэтага ўсё ідзе) іранскія афрыканскія праекты (а яны маюць досыць маштабны характар) могуць адправіцца з Афрыкі ўваслед за іранскімі ваеннымі караблямі.



Комментарии