top of page

Што абурыла амерыканцаў, але можа быць карысным беларусам

51 минуту назад
2 мин. чтения

Адна з галоўных інтрыгаў году – вынікі мідтэрмаў (прамежкавых выбараў) у Злучаных Штатах. Па іхніх выніках, рэспубліканцы могуць згубіць перавагу ў кангрэсе, што падвесіць рашэнні Трампа на даволі тонкую нітку залежнасці іхняй рэялізацыі ад рашэнняў несяброўскага яму кангрэсу. Таму істотная ўвага ў апошнія месяцы была прыцягнута да вынікаў апытанняў грамадскага меркавання, якія шырока публікаваліся ў амерыканскай (і ня толькі) прэсе.

 

І вось аднойчы ў аўторак… кампанія Wedgewood Polling, якая, сярод іншых, публікавала вынікі сваіх апытанняў, абвяшчае, што ўсе ейныя «даследванні» былі падробкамі.

Як патлумачыла сітуацыю сама кампанія, гэта быў «экспэрыментальны праект, каб прадэманстраваць уразлівасці, недахоп кантролю й агульны ннізкі бар’ер для ўваходу ў сучасную індустрыю палітычных апытанак».

«Даныя» Wedgewood Polling, сапраўды, шырока выкарыстоўавліся амерыканскімі медыя, у тым ліку – вядучымі, такімі, як, напрыклад, «The Economist» (ён ужо выключыў гэтыя даныя з сваіх прагнозаў).

Зразумела, што ўсё гэта абурыла амерыканцаў. Некаторыя ўдзельнікі перадвыбарчай гонкі адзначылі, што ў вныіку неспрыяльных для іх лічбаў, апублікаваных праз «даследванні» Wedgewood Polling, іхнія кампаніі пакінулі расчараваныя валянтэры, а прыток ахвяраванняў на вядзенне кампаніяў істотна зменшыўся.

Акрамя таго, гэта наесла сур’ёзны ўдар па самым каштоўным, што існуе ў дэмакратычным грамадстве – па даверы. У тым ліку, па даверы да даследаванняў і да тых медыя, якія іх публікуюць. «Не губляйце пільнасць і ня верце апытанням», – такую выснову зрабіла адна з удзельніц перадвыбарчай кампаніі, якая лічыць сябе пацярпелай ад фэйкаў, распаўсюджаных Wedgewood Polling.

Вось тут варта адзначыць, што для беларускага грамадства гэты «экспэрымаент», сапраўды, мае сваю карысць. Бо ён вучыць ня весціся слепа на вынікі сацыялягічных апытанак. Вучыць ён гэтаму ўсіх – і рэдакцыі медыя, і грамадзянаў, якія чытаюць публікацыі з «хайповай» інфармацыяй пра «рост даверу да рэжыму ды афітцыйных СМІ» і ўвогуле, пра «перагорнутую старонку». І асабліва гэта тычыцца тых умоваў, якія пануюць у Беларусі, і якія робяць правядзенне сацыялягічных апытанняў амаль немагчымым. Трэба мець багаты досвед і бездакорныя метады, каб выціснуць з атрыманых у такіх умовах даных хоць нейкую інфармацыю, вартую ўвагі. Нельга верыць пустым лічбам, якія так любяць даваць тыя, хто ня мае ні прафесійнай падрыхтоўкі, ні досведу працы з даследваннем грамадскага меркавання. Асабліва калі тыя, хто займаецца сацыялёгіяй, тым ці іншым чынам заангажаваны ў палітыку.

Зразумела, што вынікі апытанняў будуць працягваць зьяўляцца й публікавацца ў беларускіх медыя. Але вельмі хочацца спадзявацца, што скандал, які выбухнуў у Злучаных Штатах у сувязі з фальсіфікацыяй грамадскага меркавання, прадэманструе і нашым медыя, і грамадзянам, якія іх чытаюць, што да вынікаў апытанняў варта ставіцца вельмі акуратна, каб ня стаць ахвярамі вольнага ці нявольнага падману. А рызыка гэтага падману ў нашых умовах вкельмі высокая!

Але, у той жа час,беларусам варта так схітрыцца, каб захаваць хоць долю даверу й веры. Чаго ў нас дэфіцыт куды большы, чым у Злучаных Штатах.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page