top of page

«З днём нараджэння, Юра! Любім, памятаем, працягваем нашу справу!»

39 минут назад
4 мин. чтения
Юрый Хашчавацкі
 Юрый Хашчавацкі, Аб'яднаная грамадзянская партыя

18 кастрычніка — дзень нараджэння Юрыя Хашчавацкага, члена АГП, вядомага кінарэжысёра, аўтара больш як 30 фільмаў, у тым ліку «Звычайны прэзідэнт», «Плошча» і «Лабатамія». Сёлета яму споўнілася б 79 гадоў. Упершыню мы адзначаем гэты дзень без яго: Юрый Хашчавацкі пайшоў з жыцця 23 ліпеня.

 

Намесніца старшыні АГП Ганна Красуліна падзялілася сваімі ўспамінамі пра Юрыя, сяброўствам з якім ганарыцца, і расказала, якім ён застанецца ў яе памяці.

«Сёння дзень нараджэння нашага вялікага сябра Юрыя Хашчавацкага, які сёлета мы ўпершыню адзначаем без яго.

Апошнія гады ён знаходзіўся ў Мінску, таму шмат пра што нельга было расказваць. Так атрымліваецца, што праз татальнае маўчанне ўнутры краіны людзі выпадаюць з публічнай прасторы. А Юра быў такім яркім, прыкметным, сапраўдным адэсітам — разумнікам, вясёлым і дасціпным, змагаром з тыраніяй праз сваю пазіцыю, сэнсы, фільмы і мультфільмы. І вось даводзілася маўчаць апошнім часам і яму, і нам пра яго. Божа, як жа я ненавіджу гэты людаедскі рэжым за гэта!

Юра змагаўся за святло і справядлівасць, любіў людзей. Ну, не ўсіх запар, а добрых.

На ягоным юбілеі ўсе былі вясёлыя, спявалі і танчылі, а сам юбіляр чытаў свае мудрыя гумарыстычныя творы. Усе смяяліся. Увогуле, з ім заўсёды было цікава і весела, а побач з ім усё злое і трагічнае адыходзіла на другі план і ўжо не здавалася такім трагічным.

Ён заўсёды быў гатовы на любы кіпіш, акрамя галадоўкі. Дапамагаў нам, у АГП, фармуляваць мэсэджы, рыхтаваў партыйных кандыдатаў да кампаній і нават сам ішоў разам з намі кандыдатам — каб падняць людзей, падбадзёрыць іх.

Юра быў крутым майстрам — нездарма ж кінарэжысёр! Ён умеў бачыць людзей, расказваць пра іх, выцягваць з іх гісторыі. І нас гэтаму вучыў. Дзякуючы яму нашы партыйныя кандыдаты станавіліся жывымі, каляровымі, запамінальнымі.

У яго было дакладнае вока і вострае слова. Ён быў майстрам кадра і вобраза. Але галоўнае — у яго было выдатнае пачуццё гумару. Яго дакументальныя фільмы вельмі дакладна фармулявалі праблему, перакладалі яе на вобразы і траплялі проста ў цэль. Ворагі гэта адчувалі. Пасля выхаду «Звычайнага прэзідэнта» яму ў літаральным сэнсе пераламалі ногі: падпільнавалі ва ўласным пад'ездзе і напалі ў цемры. Гэта было яшчэ ў 1997 годзе, калі, здавалася б, для многіх «яшчэ нічога не прадвяшчала».

Але напад не паўплываў ні на яго лёгкі, жыццярадасны характар, ні на прынцыповасць. Ён працягваў здымаць фільмы — сведчанні эпохі і злачынстваў рэжыму. А яшчэ рабіў смешныя мультфільмы, высмейваючы рэжым, у стылі «Кукол» Віктара Шэндэровіча. Дарэчы, яны сябравалі.

«Кінарэжысёр, аўтар фільмаў «Звычайны прэзідэнт», «Плошча», «Лабатамія»» — менавіта так Юра вызначыў галоўнае пра сябе, калі ішоў разам з намі кандыдатам падчас кампаніі 2016 года. Газеты адмовіліся друкаваць гэты тэкст, хоць паводле закона былі абавязаныя, і мы размясцілі яго на ўлётцы.

Мы часта ладзілі ў ягонай кватэры сустрэчы- нарады, абмяркоўвалі сітуацыю і стратэгію партыі. Але яны нярэдка перарасталі ў вечарынкі і сяброўскія застоллі. Памятаю, аднойчы такая сустрэча супала з днём урагану Хаўер — 15 сакавіка 2013 года. Мы з Яўгенам тады ледзь дабраліся дадому, літаральна апошнім аўтобусам, які здолеў прабіцца. Звычайна мы заседжваліся дапазна: у Юры было ўтульна, і не хацелася сыходзіць ад разумнай размовы.

Юра быў сапраўдным адэсітам. Колькі ж вясёлых гісторый і баек ён расказваў пра тыя часы! А потым сустрэў сваю Тосю — і знік для Адэсы назаўсёды, стаўшы мінчуком. Зрэшты, не да канца.

Менавіта Юра прапанаваў мне сваю кватэру ў Адэсе, калі ў снежні 2018 года мяне спрабавалі выправадзіць з краіны. Гэта вельмі шмат значыць, калі ў цябе няма дакументаў, заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, а разам з ім і візы, і няма магчымасці атрымаць новыя. Цяпер нас такіх ужо шмат, але тады гэта яшчэ не было мэйнстрымам.

І раптам званок: «У мяне ёсць кватэра, і ты зможаш там пажыць».

Кватэра была маленькая, але Юра захоўваў яе, каб часам прыязджаць у Адэсу восенню на тыдзень-другі. Ведаеце, такія прапановы вельмі многа каштуюць.

У 2020 годзе мы прывялі да яго і Святлану. Гэта было 1 ліпеня. Яна звярнулася ў АГП па праграму, і мы, як заўсёды, сабраліся ў Юры і пачалі выбудоўваць яе публічную гісторыю — з ягоным кінематаграфічным поглядам. Рыхтавалі першыя выступы Святланы на радыё і тэлебачанні.

Юра адразу ўбачыў у ёй сапраўднасць, шчырасць, цэласнасць. Гэта рэдкія і вельмі прыцягальныя якасці ў палітыцы. Ён умеў убачыць у чалавеку самае галоўнае і ператварыць гэта ў гісторыю. Таму ставіўся да Святланы з вялікай цеплынёй. І, напэўна, ставіцца дагэтуль.



На фота — наша апошняя сустрэча ўжывую. Яны прыехалі да нас са Святланай, каб павітацца і абмеркаваць нашы справы. Разам з Анатолем Лябедзькам, Уладзімірам Някляевым і нашымі літоўскімі сябрамі — Расай Юкнявічэне, Андрусам Кубілюсам і Пятрасам Аўштравічусам.

Гэта было 23 жніўня 2020 года — у дзень, калі дзясяткі тысяч людзей у Літве ўтварылі жывы ланцуг ад Кафедральнай плошчы ў Вільні да мяжы з Беларуссю ў знак салідарнасці з пратэстоўцамі. «Шлях свабоды».

Пасля былі ўжо толькі званкі і доўгія размовы анлайн. Ягоны аптымізм і спакойная мудрасць, што адчувалася ў хітраватым позірку прыжмураных вачэй, дазвалялі спадзявацца, што мы яшчэ сустрэнемся.

Але пакуль не. Пакуль не.

Гэта вялікая страта для нас, для Беларусі і для мяне асабіста. Юра быў нашым вялікім сябрам. Мы з мужам ужо з эміграцыі тэлефанавалі яму, каб распытаць пра дзевяностыя: як ён іх бачыў, што памятаў, што ведаў. Гэтыя запісы захаваліся і чакаюць свайго часу, калі будуць апрацаваныя.

Карацей, вучні ідуць далей ужо без свайго сябра і настаўніка. Хаця будзем спадзявацца, што пад ягоным добрым наглядам.

Пастараемся не надта сумаваць — гэта было б не ў ягоным стылі. А вось памятаць і працягваць яго справу — абавязкова. Ведаць, што сярод нас былі і ёсць такія асобы. І што мы ёсць. І тыя, хто пайшоў, — яны таксама мы. Яны з намі. Яны ў нас.

Юрый Хашчавацкі — яркае імя ў гісторыі Беларусі. Зорка.

Ганаруся нашым сяброўствам.

І настане час, калі мы зможам гучна гаварыць пра ўсіх нашых герояў.

З днём нараджэння, Юра! Любім, памятаем, працягваем нашу справу.

Так што — за працу».

 


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page