Мерапрыемства ў Варшаве як нагода прыгадаць пра неабходнасць рэформаў у Беларусі

20 кастрычніка ў Варшаве ў шыкоўным гатэлі Belloto адбылася цырымонія ўручэння прэміі «Залаты лаўр Super Biznesu», якую штогод прысуджаюць за значныя ўнёскі ў развіццё эканомікі й грамадскага жыцця Польшчы. Пры гэтым прысутнічалі прадстаўнікі буйнога бізнэсу, міністры польскага ўраду, прадстаўнікі дыпляматычнай супольнасці. Адным з гасцей быў нобелеўскі ляўрэят Сяргей Бяляцкі, а адным з ляўрэятаў у гэтым годзе зрабіўся журналіст Анджэй Пачобут.
Цікава было паслухаць выступоўцаў, якія, фактычна, прадстаўлялі бізнэс-эліту Польшчы: без пафасу, вельмі шчыра, з прыкладамі з свайго досведу. Але, як падалося, з некаторай супакоенасцю ад існавання ў свеце, які ўжо й думаць забыў, што такое пагроза з боку Расіі.
Таму найбольш яскравай і матывуючай выглядала прамова Святланы Ціханоўскай, якая нагадала пра гэтую пагрозу, пра неабходнасць дапамогі Украіне й беларускаму грамадству ў процістаянні навале з усходу. І заля «запалілася» гэтай прамовай, адказаўшы на яе працяглай авацыяй – пані Ціханоўскай нават давялося ўстаць з свайго месца яшчэ раз, каб падзякаваць прысутным за такую рэякцыю. Дарэчы, у далейшым арганізатары й удзельнікі мерапрыемства падкрэслівалі статус пані Ціханоўскай менавіта як прэзідэнткі – лідэркі беларусаў, і за гэтым была пашана й да беларусаў і іхняй барацьбы.
Яшчэ адным знакавым удзелнікам імпрэзы быў Лешак Бальцэровіч. Той самы Бальцэровіч, які ў канцы 80-ых узяў на сябе адказнасць за эканамічныя рэформы
Ў краіне. Сам пан Бальцэровіч распавёў, што ён заняў пасаду віцэ-прэм’ера ды міністра фінансаў, таму што ніхто іншы не пагаджаўся займацца вырашэннем эканамічных праблемаў у адной з найбяднейшых у той час краінаў Эўропы з страшэннай гіперінфляцыяй.
Тое, што зрабіў пан Бальцэровіч, увайшло ў гісторыю як «Рэформы Бальцэровіча». Ён не пабаяўся, дзеля стабілізацыі фінансавай сістэмы, пайсці на скарачэнні бюджэтных вынгяткаў, у тым ліку, – сацыяльных выплатаў. Праз прыняцце ў рамках рэформаў адпаведных законаў, эканоміка Польшчы была пераведзена на рынкавыя рэйкі, скараціўшы кантроль з боку дзяржавы. Была праведзена прыватызацыя, што зрабіла эканамічную дзейнасць у краіны куды больш эфектыўнай, чым пры дамінаванні дзяржаўнай уласнасці. Было адмянена рэгуляванне цэнаў, а Нацбанку было забаронена фінансаваць бюджэтны дэфіцыт, а таксама праведзена шмат іншых мерапрыемстваў, у выніку якіх Польшча здолела вырвацца з той катастрафічнай сітуацыі, дзе яна апынулася ў канцы 80-ых.
Так, дабрабыт грамадзянаў на некаторы час панізіўся (што дало рэформам назву «шокавая тэрапія»), але ўжо ў 1992-ім польская эканоміка перайшла да ўстойлівага росту, а да другой паловы 90-ых Польшча зрабілася лідэрам эканамічнага развіцця сярод краінаў былога «сацыялістычнага лягеру», апярэдзіўшы ня толькі Беларусь, Украіну й Расію з іхнімі жахлівымі лічбамі адмоўнага росту, але й Фінлядыю, якую апошнім часам так любяць прыводзіць беларусам у прыклад. Праз гэта «рэформы Бальцэровіча» пазначаюць яшчэ як «польскі эканамічны цуд».
Праграма эканамічных рэформаў, якую прапанавалі экспэрты Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, шмат у чым была натхнёна праграмай рэформаў пана Бальцэровіча. І мы перакананыя, што нашай краіне прыдадуцца й досвед польскіх рэформаў, і напрацоўкі нашых экспэртаў. Зразумела, з улікам тых зменаў, якія адбыліся ў свеце, асабліва, за апошнім часам.
А змены гэтыя робяць сітуацыю для нас больш складанай, чым яна была ў эпоху «польскага эканамічнага цуду». І нават чым яна была за часам напісання нашай праграмы «Мільён новых рабочых месцаў». Варта прызнаць, што «вяртання ў 2019-ты» ўжо ня будзе. Мы жывем у зусім новых рэяліях, якія вызначаюцца як міжнароднай сітуацыяй, так і ўплывам развіцця новых тэхналёгіяў. І першае, і другое можа прывесці да непрагназуемых вынікаў.
Трэнд да падзелу свету паміж новымі «вялікімі дзяржавамі» можа прывесці да таго, што адбудзецца вялікі канфлікт з тэндэнцыяй пераходу на глябальную стадыю. І тады, можа так стацца, у Беларусі будзе няма чаго й няма каму рэфармаваць. З іншага боку, Штучны Інтэлект можа даць моцны штуршок для развіцця эканомікі, але парадзіць пры гэтым, напрыклад, праблему безпрацоўя. І калі кінуць лепшыя розумы на вырашэнне гэтай праблемы, дэмаграфічныя працэсы, якія вызначаюцца скарачэннем нараджальнасці, аўтаматычна прывядуць сітуацыю да раўнавагі.
Пакуль жа, як бачым па сітуацыі ў Беларусі, там назіраецца дэфіцыт працоўнай сілы, што прымушае звяртацца да вонкавых рэсурсаў. І гэтая праблема ня знікне з зменай рэжыму: у суседніх краінах (асабліва ва Ўкраіне) па маладых беларусах ужо стаіць чарга, каб пры іхняй дапамозе вырашаць свае эканамічныя праблемы. Ды й далёка ня ўсе беларусы захочуць, падобна Бальцэровічу, аднаўляць сваю радзіму, аддаўшы перавагу міграцыі ў краіны з ужо ўстойлівай эканомікай. Так што ўжо цяпер варта думаць, як інтэграваць працоўных мігрантаў у новую Беларусь. Праўда, іх таксама трэба будзе яшчэ заахвоціць прыязджаць. Бо відавочна, што вынікі панавання Лукашэнкі пакінуць Беларусь у вельмі непрывабным з эканамічнага пункту гледжання стане. І так, тут мусіць быць гіерархія задачаў: спачатку заахвочваем застацца й вярнуцца беларусаў, а потым зацмаемся прыцягненнем мігрантаў. А перад гэтым – утвараем надзейны грунт фармавання беларускай ідэнтычнасці, каб тыя ж мігранты, дзеля інтэграцыі, вывучалі б не расейскую мову, а беларускую. Роўна як і беларускую гісторыю, культуру, традыцыі…
А можа стацца й так, што Штучны Інтэлект пачне працаваць у рэжыме «злога джына», што цалкам абрыне сусветную эканоміку й прывядзе да краху дзяржавы й грамадствы свету. Гэтага таксама нельга выключаць (глядзіце нашыя публікацыі пра вывучэнне магчымасці пачуццяў у ШІ). Але гэта ўжо – зусім іншая гісторыя.
У любым выпадку, распрацоўка рэформаў для новай Беларусі – вельмі няпростая й вельмі дынамічная праца, у працэсе якой трэба будзе ўвесь час рэягаваць на перамены макра- і мікра характару. Але, з іншага боку, ніхто яе за нас ня зробіць.



Комментарии