top of page

На 79-ым годзе жыцця памёр Юрый Хашчавацкі

  • 23 июл.
  • 5 мин. чтения

Обновлено: 30 июл.

Юрый Хашчавацкі – сябра АГП, кінарэжысэр, пісьменнік
Юрый Хашчавацкі – сябра АГП, кінарэжысэр, пісьменнік

З глыбокім смуткам і болем Аб'яднаная Грамадзянская Партыя паведамляе аб смерці свайго чальца, кінарэжысэра, пісьменніка, цудоўнага і разумнага чалавека Юрыя Хашчавацкага.

Юрый памёр сёння ў Менску на 79-ым годзе жыцця.

Спачуванні родным і блізкім Юрыя... І ўсім нам...


Сваімі ўспамінамі пра Юрыя Хашчавацкага па нашай просьбе пацяліліся намесніца старшыні АГП Ганна Красуліна і гісторык Яўген Красулін.

 

Ганна Красуліна:

З ім заўсёды было цікава, весела, і побач з ім усё злое і трагічнае адыходзіла на другі план, ужо не здавалася такім трагічным.

Ён заўсёды быў гатовы на любы кіпіш, акрамя галадоўкі. Дапамагаў нам (АГП) фармуляваць мэсэджы, рыхтаваў партыйных кандыдатаў да кампаній і нават сам ішоў разам з намі кандыдатам – каб узняць людзей, падбадзёрыць іх.

І, вядома, менавіта да яго мы прывялі Святлану ў 2020 годзе, як толькі пазнаёміліся з ёй, – абмеркаваць, што і як будзем гаварыць у яе першым выступе на тэлебачанні. Ён адразу ўмеў убачыць у чалавеку самае галоўнае і ператварыць гэта ў гісторыю. У яго было дакладнае вока і вострае слова.

Ён быў майстрам кадра і вобраза. Але галоўнае – у яго было выдатнае пачуццё гумару. Яго дакументальныя фільмы заўсёды вельмі дакладна фармулявалі праблему, перакладалі яе на вобразы і траплялі проста ў цэль. Ворагі гэта адчувалі. Пасля выхаду ягонага «Звычайнага прэзідэнта» яму ў літаральным сэнсе пераламалі ногі – падпільнавалі ў ўласным пад'ездзе, напалі ў цемры... І было гэта яшчэ ў 1997 годзе, калі, здавалася б, для многіх «яшчэ нічога не прадвяшчала».

Але гэта ніяк не паўплывала ні на яго лёгкі, жыццярадасны характар, ні на прынцыповасць. Ён працягваў рабіць свае фільмы – сведчанні эпохі і злачынстваў рэжыму.

Яшчэ ён рабіў смешныя мультфільмы, высмейваючы рэжым, – у стылі «Кукол» Шэндэровіча. Дарэчы, яны сябравалі.

«Кінарэжысёр, аўтар фільмаў «Звычайны прэзідэнт», «Плошча», «Лабатамія» – менавіта так ён сам вызначыў галоўнае пра сябе, калі ішоў разам з намі кандыдатам падчас кампаніі 2016 года. Газеты адмовіліся друкаваць гэты тэкст (хоць паводле закона былі абавязаныя), і мы размясцілі яго на ўлётцы.

Ах так! ледзь не забылася – ён жа быў адэсітам! Колькі ж вясёлых гісторый і баек ён расказваў пра тыя часы! А потым сустрэў сваю Тосю – і знік для Адэсы назаўсёды, стаўшы мінчуком. Зрэшты, не да канца. Калі мяне ў снежні 2018 года высылалі з краіны, ён прапанаваў сваю кватэру ў Адэсе – маленькую, але захоўваў яе, каб часам прыязджаць туды восенню на тыдзень-другі. Ведаеце, такія прапановы вельмі многа каштуюць.

Увогуле, гэта вялікая страта для нас. Для Беларусі. І для мяне асабіста. Ён быў нашым вялікім сябрам. Мы з мужам ужо адсюль, з эміграцыі, тэлефанавалі яму, каб распытаць пра дзевяностыя – як ён іх бачыў, што памятаў, што ведаў. І гэтыя запісы ёсць – чакаюць свайго часу, калі будуць апрацаваныя.

Таму пастараемся не надта сумаваць – гэта было б не ў яго стылі. А вось памятаць, працягваць яго справу – гэта абавязкова. Ведаць, што сярод нас былі і ёсць такія асобы. І што мы ёсць. І тыя, хто пайшоў, – яны таксама мы. Яны з намі. Яны ў нас.

 

Яўген Красулін:

З Юрай я пазнаёміўся падчас агітацыйнай кампаніі 2006-га, калі працаваў у штабе Мілінкевіча ў крэатыўна-аналітычнай групе. Гэта быў мой першы досвед падобнай працы, так што Юра, можна сказаць, быў першым маім настаўнікам у гэтай сфэры. Ён падыходзіў да працы як сапраўдны рэжысэр – ня толькі што казаць, але і як казаць. Калі трэба было распрацаваць канцэпцыю выступлення кандыдата на ТБ, Юру напружвала, што кандыдат-выступоўца вымушаны будзе сядзець паўгадзіны на адным месцы і спрабаваць ня толькі штосці данесці слухачам, але і «падключыць» іх да сябе. Юра настойваў, што кандыдату патрэбна эмацыйнасць – у голасе, выразах, жэсцікуляцыі. А таксама – праца з прадметамі (кнігай ці чым-небудзь іншым), што б магло прыцягнуць увагу гледачоў, калі яны праз пэўны час міжволі пачнуць губляць увагу. З гэтым мы з ім паехалі ўвечары да спадара Мілінкевіча. Той прыняў нас у сваёй кватэры, пачаставаў самагонам «Раздушым фашысцкую гадзіну» (пачаставаў Юру, бо я быў за стырном), а потым павеламіў, што ўжо прыняў рашэнне, што ў сваім выступленні будзе адказваць на пытанні грамадзянаў, якія яны дасылалі яму ў сваіх лістах. Юра вельмі раўніва ставіўся да сваіх ідэяў. Мы з ім спусціліся да маёй машыны, селі ў яе, ён крыху памаўчаў і папрасіў адвезці яго па іншай адрэсе. А потым усе ўбачылі, як эмацыйна жэстыкулюе спадар Казулін і дэманструе гледачам нейкую кнігу. Натуральна, нават такому рэжысэру, як Юра, не было магчыма за адзіны вечар падрыхтаваць да дасканалага выступлення такога моцнага байца, як спадар Казулін. Але, судзячы па рэякцыі грамадства на тое выступленне, яно людзей зачапіла.

Юра быў чалавекам, у якога быў добры азарт да жыцця. І гэты азарт праяўляўся ў схільнасці да азартных гульняў. Гэта не была псіхалягічная залежнасць – менавіта інтарэс да гульні і азарту. Пры гэтым яму шчасціла ў казіно (хоць сам ён лічыў, што яму крыху падыгрываюць). Да сваіх выграшаў ён ставіўся па-філязофску. Ён лічыў, што атрыманыя праз гульню грошы нельга выкарыстоўваць на нешта сур’ёзнае: набыццё машыны ці кватэры… Ён лічыў, што калі грошы лёгка прыйшлі, яны мусяць гэтак жа лёгка і сыйсці. Таму калі ў далёкія часы яму пашчасціла атрымаць у адным з віленскіх казіно пэўную суму грошай, ён накупіў на зваротны шлях дарагога алкаголю і запрасіў на свій «баль» палову вагону.

Мы часцяком збіраліся ў Юры на абмеркаванне розных пытанняў, датычных пралітычных кампаніяў ці партыйнай працы. Аднойчы, калі мы былі ў яго, прыйшоў Анатоль Лябедзька – у крыху узбуджаным стане і з змоўніцкім выглядам. З торбы ён дастаў нейкую прыладу белага плястыку з электронным напаўненнем. Гэта быў той самы «прыбор», які ён выцягнуў з сурвэтніцы ў адной менскай кавярні, дзе ў яго была заплянаванай сустрэча з іншымі апазіцыйнымі палітыкамі. Пабачыўшы, хто перад ім, афіцыянт хутка памяняў сурвэтніцы, забраўшы старую і прынёсшы новую. Чым выклікаў падазрэнні з боку спадара Анатоля. Той пакрутіў у руках гэтую новую сурвэтніцу, і хутка знайшоў ёй прыладу. Кансіліюм, які сабраўся ў Юравай кватэры, хутка прыйшоў да высновы, што гэта – праслухоўка. І пры гэтым даволі прымітыўная. Юра тады заўважыў, што «спэцслужбы» ня могуць зрабіць анічога больш дэлікатнага, чым гэтая прымітыўная прылада.

А яшчэ Юра вельмі любіў «травіць байкі». Пры гэтым – гумарныя, у добрай літаратурнай форме і з вельмі цікавымі сюжэтамі. Адзін з такіх сюжэтаў – пра простую менскую дворнічыху з раёну Камароўкі – Надзьку Ліскавец. Якая за сваё жыццё трапляла й у гестапа, і да следчых НКВД, а таксама была камандзіркай жаночага партызанскага атраду і скончыла вайну ў рангу лейтэнанта франзузскай арміі. І мела пашану ад самога Дэ Голя, з якім сустрэлася падчас ягонага візіту ў Маскву. А потым вярнулася да сваёй працы дворнічыхі. Думаю, яна заслугоўвае помніку дзе-небудзь у дварах у раёне той самай Камароўкі – з мяцёлкай, вечным недапалкам і гісторыяй свайго жыцця.

Месца помніку Бры таксама абавязкова знойдзецца: мусіць жа Беларусь хоць неяк суцешыць сябе пасля ягонага сыходу…


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page