top of page

У Эстоніі – новы прэзідэнт. А нам што з таго?

  • 13 минут назад
  • 4 мин. чтения
Юле Мадысэ - новы прэзідэнт Эстоніі
Ülle Madise 2015. Фото: Aivar Ruukel / Wikimedia Commons (CC BY-SA 3.0)

Дысклеймер: беларусы жадаюць парлямэнцкую рэспубліку, і Эстонія дэманструе нам прыклад падобнай мадэлі; цяперашняя агрэсія абапіраецца, у першую чаргу, не на танкавыя кліны й нават не на раі дронаў, а на гібрыдныя атакі супраць грамадстваў і палітычнай сістэмы – з мэтай перайначыць першае й другое пад свае патрэбы. Наколькі працуе гэта ў Эстоніі – дэманструюць вынікі выбараў прэзідэнта.

 

Ліберальна-кансэрватыўныя падыходы руляць!

У Эстоніі абралі новага прэзідэнта. Дакладней, прэзідэнтку – Юле Мадысэ, юрыстку й прававедку. Да гэтага абрання яна займала пасаду канцлера юстыцыі – незалежнага пасадоўца, які займаецца наглядам за адпаведнасцю Канстытуцыі і закону нарматыўна-прававых актаў, якія выдаюцца органамі заканадаўчай і выканаўчай уладаў і мясцовых самакіраванняў.

Эстонія – парлямэнцкая краіна, таму прэзідэнт абіраецца парлямэнтам і выконвае, у асноўным, прадстаўнічыя й фармальныя функцыі. Па Канстытуцыі Эстоніі прэзідэнт ня можа быць прадстаўніком якой-небудзь палітычнай партыі ці руху – каб захаваць палітычную безстароннасць пры выкананні сваіх функцыяў.

Адзін эстонскі журналіст ахарэктэрызаваў ейныя палітычныя погляды як «клясычна-ліберальныя ў адных месцах і кансэрватыўныя і нацыяналістычныя ў іншых». Пры гэтым, як адзначаецца, лібералізм праяўляецца ў абароне свабодаў, прыватнай уласнасці й прадпрымальніцтва й недаверам да празмернага дзяржаўнага рэгулявання. Таксама пані Мадысэ крытыкуе тэндэнцыі да ўсталявання татальнага сачэння за грамадствам. Такія пазіцыі новай прэзідэнткі Эстоніі, зразумела, ня могуць ня выклікаць сімпатыяў з боку АГП.

Дарэчы, тры гады таму пані Мадысэ атрымала ўзнагароду ад эстонскай Моўнай рады за клопат і абарону эстонскай мовы. Магчыма, нашай партыі таксама варта больш увагі надаваць пытанням захавання й распаўсюду беларускай мовы. Узнагародай будзе незалежная дэмакратычная Беларусь.

Ёй таксама належыць выказванне, дзе яна папярэджвае пра ціск на незалежных суддзяў, адвакатаў ды чыноўнікаў як пра фактар небяспекі для прававой дзяржавы. Цікавая, між іншым, тэма для публічнай дыскусіі ў беларускім грамадстве, дзе шмат хто лічыць, што чыноўнікаў трэба крытыкаваць ужо за тое, што яны – чыноўнікі (якімі б яны пры гэтым ні былі).

Сама пані Мадысэ ня мае сувязі з Беларуссю – у адрозненне ад папярэдняга прэзідэнта – Алара Карыса, навукоўца-гэнэтыка, які ў 1987-ым абараніў кандыдацкую дысэртацыю ў Акадэміі Навук БССР. Ня вызначылася яна і выказваннямі (пакуль што, прынамсі) адносна сітуацыі ў Беларусі. Хоць укосна яна сваю пазіцыю датычна беларусаў замежжа прадэманстравала, калі ў Эстоніі абмяркоўвалася адмена права голасу на мясцовых выбарах для грамадзянаў Беларусі й Расіі, якія пражываюць у краіне.  Тады яна заклікала прытрымлівацца карэктнай канстытуцыйнай працэдуры й прадумаць усе магчымыя наступствы такога рашэння. Таксама яна казала пра недапушчальнасць падыходу да ўсіх прадстаўнікоў гэтых групаў як да пагрозы нацыянальнай бяспекі. Хоць той закон, па выніку, быў прыняты (і тагачасны прэзідэнт Карыс яго падпісаў), узважанасць падыходу пані Мадысэ ў нашыя часы дарагога каштуе.

 

Прэзідэнт парлямэнцкай рэспублікі

Для нас досвед Эстоніі ў справе балянсу галінаў улады будзе цікавым і ў тым сэнсе, што беларусы, як вядома, хочуць бачыць дзяржаўны лад сваёй краіны як парлямэнцкую рэспубліку. Фігура эстонскага прэзідэнта (прэзідэнткі) можа тут даць карысны матэрыял для абмеркавання.

Як ужо было сказана, прэзідэнт Эстоніі мае вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы. Ён нават не ўваходзіць ні ў адну з галінаў улады – ні ў заканадаўчую, ні ў выканаўчую, ні ў судовую. Ён фармальна прадстаўляе дзяржаву на міжнародным узроўні, фармальна абвяшчае чарговыя выбары ў нацыянальны парлямэнт, фармальна вылучае кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра, фармальна прызначае міністраў, фармальна абвяшчае законы.

Прэзідэнт можа ўмяшацца ў заканадаўчую дзейнасць парлямэнту, калі тая супярэчыць інтарэсам грамадства. І ў гэтай сітуацыі, зразумела, той, хто займае пасаду прэзідэнта, павінен мець здольнасць разумець, у чым палягаюць гэтыя самыя грамадскія інтарэсы. Ды й самі магчымасці ўплываць на законатворчы працэс у эстонскага прэзідэнта даволі абмежаваны. Прэзідэнт можа толькі на пэўны час адтэрмінаваць падпісанне закону, вярнуўшы яго на дадатковы разгляд у парлямэнт, а калі гэта не дапаможа, дык накіраваць праект закону ў Дзяржаўны суд для праверкі. Але калі суд вырашыць, што ў законе нічога не парушае Канстытуцыі, прэзідэнт будзе абавязаны яго падпісаць.

У той сітуацыі, у якой знаходзіцца цяпер Эстонія, інтарэс выклікаюць паўнамоцтвы прэзідэнта на выпадак надзвычайнага стану. Асабліва – імавернай знешняй агрэсіі. Тут прэзідэнт мае права абвесціць ваенны стан і мабілізацыю. Але гэта дапушчальна толькі ў выпадку «відавочнай» агрэсіі. Ведаючы тыя крыніцы, з якіх сыходзяць асноўныя пагрозы ў нашым рэгіёне, можна меркаваць, што «відавочнага» варыянту яны будуць пазбягаць. Замест гэтага яны будуць усё больш актыўна працаваць на дэстабілізацыю ўнутранай сітуацыі ў краінах Эўропы. Эстонія ў гэтым пляне – далёка ня самая апошняя цэль «гібрыдных» высілкаў. Дастаткова прыгадаць, як яшчэ ў 2022-ім Пуцін наконт эстонскага гораду Нарва заявіў, што пад час Паўночнай вайны Пётр І не «адторгнуў» яго ў Швэцыі, а «вярнуў» яго Расіі.  То-бок, ён фактычна назваў Нарву «расійскім» горадам. З вясны бягучага году ў сацыяльных сецівах узмацніліся адпаведныя наратывы: з шматлікіх акаўнтаў ідуць пасты й каментары, закліканыя сфармаваць у жыхароў гораду сэпаратысцкія настроі. Няма сумненняў, што праца ў гэтым кірунку ня спыніцца. І тут магутны прававы бэкграўнд новай эстонскай прэзідэнткі можа адыграць станоўчую ролю.

Істотна, што пані Мадысэ мае цвёрдую й паслядоўную пазіцыю па падтрымцы Украіны.  Ня так даўно яна сказала, што эўрапейцы ня мусяць прымаць рашэнні адносна Украіны «праз галаву» самой Украіны. Будучы мір мусіць быць справядлівым, і ў аніякім выпадку агрэсар ня мусіць атрымаць узнагароду за свой напад. Хочацца верыць, што аб’ектыўнасць пані Мадысэ тычыцца тут і лёсу Беларусі.

Сітуацыя ў нашым рэгіёне працягвае заставацца складанай, і нават бліжэйшую будучыню прагназаваць досыць складана. Але сам той факт, што ў Эстоніі на прэзідэнцкую пасаду абраны чалавек з такімі пазіцыямі, як у Юле Мадысэ, дэманструе, што пакуль спробы дэструктыўных сілаў «расхістаць» сітуацыю ў эўрапейскіх грамадствах, зарадзіць недавер да дзяржаўных інстытутаў і прывесці там да ўлады прарасійскіх палітыкаў не прыносяць вялікага плёну.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page