top of page

Найлепшае ў свеце марозіва

8 часов назад
5 мин. чтения
Красное мороженое

Усім даводзілася сустракаць у сацыяльных сецівах пасты ці каментары аматараў жыцця ў СССР – там, дзе яны распавядаюць, як ва ўсіх была праца, ды якія цудоўныя сталоўкі на прадпрыемствах былі з таннай ды смачнай ежай, а марозіва – найсмачнейшае ў свеце.

 

Але мала хто ведае, што больш чым за 80 гадоў да нашага часу падобны сюжэт ужо быў. Ён быў зусім у іншай краіне, хоць паралелі напрошваюцца міжволі. Там таксама было ўсё гэта – праца, танная сталоўка і марозіва. А ў сумме атрымліваецца зло. Абсалютнае зло, якое выклікае жах, перш за ўсё, сваёй банальнасцю. Апісаў яго нямецкі доктар, хірург, універсітэцкі прафэсар і генэтык Ёган Крэмер. Яшчэ ён быў чальцом нацысцкай партыі і унтэрштурмфюрэрам СС. У верасні-лістападзе 1942-га ён часова замяшчаў лекара ў канцлягеры Асвенцым-Біркенаў.

 

Заяц па-асвенцымскі

Крэмер ня быў садыстам і не катаваў зняволеных. Ён не забіваў людзей уласнымі рукамі і ня ставіў над імі бесчалавечныя экспэрыменты. У ягоныя задачы ўваходзіла канстатацыя смерці ахвяраў пасля экзэкуцыяў ды прысутнасць пры «спецыяльных акцыях» («зондэракцыях») – вынішчэнні людзей у газавых камерах, каб аказаць дапамогу катам-эсэсаўцам, калі тыя самі выпадкова атруцяцца газам. Яшчэ ён абіраў сярод прызначаных да знішчэння зняволеных тых, чые ўнутраныя органы яго цікавілі, каб потым целы гэтых зняволеных дастаўляліся да яго ў лябараторыю для даследвання. Усё – дзеля працы й навукі.

Усё гэта ён сам зафіксаваў у сваім дзённіку, дзе запісы пра «зондэракцыі» суседнічаюць з побытавымі нататкамі пра вопратку й харчаванне. А танная сталоўка захапіла ягонае сэрца ад самога пачатку працы ў лягеры: «Трапічны клімат, 38° у цені, пыл і незлічонае мноства мух! Харчаванне ў афіцэрскім доме цудоўнае. Сёння ўвечар, напрыклад, была кіслая качыная печань за 0,40 рэйхсмаркі, фаршаваныя памідоры, салата з памідораў і т.д.» (запіс ад 31 жніўня 1942).

А вось запіс ад 1 верасня: «Замовіў з Бэрліна «Führermütze» (фуражку), пояс і падцяжкі. Пасля абеду дапамагаў праводзіць дэзінсэкцыю аднаго з блёкаў газам «Цыклон Б». Хаця б задаць пытанне самому сабе: што гэта такое. Хоць тут прыгадваецца той самы газ, якім душылі людзей, але гаворка ідзе, сапраўды, пра дэзінсекцыю. Але ўжо ў наступную ноч ён удзельнічае ў ліквідацыі 761 яўрэя, адабранага для «зондэракцыі». Гэта пакідае на яго такое ўражанне, што ў дзённіку ён запісаў: «У параўнанні з гэтым «Пекла» Дантэ выглядае як камедыя. Асвенцым нездарма называюць лягерам смерці».

І што, гэта прымусіла яго змяніць стаўленне да сваёй працы? Пакінуць службу? Абурыцца? Хаця б задацца пытаннем: што ж мы тут усе, і я ў тым ліку, творым? Не. Ён нават апетыт не згубіў. 6 верасня ён зноў удзельнічае ў зондэракцыі: з 1014 яўрэяў, якіх прывезлі з транзітнага лягеру Дрансі, 759 адабралі для знішчэння ў газавай камеры. Адбыўшы сваю ролю пры забойстве, доктар Крэмер ідзе ва ўлюбёную сталоўку. А там – «выдатны абед. Таматавы суп, палова курыцы з бульбай і чырвонай капустай. Дэсерт і смачнае ванільнае марозіва». О, гэтае марозіва, якое так турбуе тых, хто настальгуе па СССР!

Ня толькі пра страўнік думаў доктар Крэмер. Як і ў ідэяле савецкага чалавека, культура займала пачэснае месца ў ягоным жыцці: «У гэтую нядзелю пасля абеду з 3 да 6 гадзін я слухаў канцэрт аркестра зняволеных у цудоўным сонечным святле: капельмайстарам быў дырыжор Варшаўскай дзяржаўнай оперы. 80 музыкаў». Але ж і пра танную сталоўку забываць нельга: «Апоўдні была смажаная свініна, увечары — запечаны лінь« (абодва запісы – ад 20 верасня).

А праз тры дні – зноў адбор на смерць (641 чалавек) і «печаны шчупак (хто колькі хацеў), сапраўдная кава й выдатнае піва» (23 верасня). Дык можа, ён – усё ж такі цалкам пазбаўлены эмпатыі бяздушны монстр? Ды не. Вось жа ён сам піша 18 кастрычніка: «Халоднай і вільготнай нядзельнай раніцай прысутнічаў на 11-ай зондэракцыі… Жахлівыя сцэны з удзелам трох жанчын, якія моляць аб выратаванні жыцця». Але так і не звольніўся. Не абурыўся. Нават у думках не было. Ды й што б гэта змяніла? Ну, знайшлі б каго іншага на выкананне гэтай працы. А яго самога, можа, кінулі б у канцлягер. Каму б ад гэтага зрабілася лягчэй? Тым больш, што ў сталоўцы – «смажаны заяц – сапраўдная тлустая ножка – з кнедлікамі і чырвонай капустай за 1,25 рэйхсмаркі».

  

Гэтае банальнае зло

Адпрацаваўшы ў Асвенцыме два з лішкам месяцы й прыняўшы ўдзел у 15 зондэракцыях доктар Крэмер вярнуўся да працы ва ўніверсітэце, дзе да 1945-га чытаў студэнтам лекцыі па анатоміі, спартыўнай медыцыне ды генэтыцы. У жніўні таго году яго арыштавалі брытанцы й перадалі для суду ў Польшчу. Вышэйшы нацыянальны трыбунал гэтай краіны, які разглядаў справы нацыстаў, вынес яму ў снежні 1947-га смяротны вырак.


Иоганн Пауль Кремер, 1947, Краков
Крэмэр на працэсе па Асвенцыме ў Кракаве (1947). Фота з сайта: Вікіпедыя /Johann_Kremer

Але незадоўга да прывядзення ў выкананне смяротнае пакаранне было замененае на пажыццёвае зняволенне. А яшчэ праз 10 гадоў – у студзені 1958-га Крэмера ўмоўна вызвалілі за добрыя паводзіны й перадалі ФРГ.

Иоганн Пауль Кремер
Пасляваенныя фатаграфіі Дж. П. Крэмэра. Фота з сайта: Holocaustresearchproject.net

Ва ўніверсітэце Мюнстэру, дзе ён працаваў да арышту, яго сустрэлі ўрачыста – як сустракалі палонных, што вярталіся з савецкіх лягероў. І хоць у 1960-ым ужо нямецкі суд прысудзіў яго да 10 гадоў зняволення, у турму Крэмер не вярнуўся: у «залік» пайшлі гады, праведзеныя ў польскай турме. А ў снежні 1965-га ён мірна памёр у сваім доме.

Можна абурацца з нагоды, што нацысцкі злачынца не панёс заслужанага пакарання, ці настойваць на тым, што міласэрнасць – гэта як раз тое, што адрознівае нас ад злачынцаў, якіх не кранаюць мальбы ахвяраў, галоўнае ў гісторыі Крэмера, усё ж, ня гэта.

Галоўнае – гэта тое, што робіць Крэмера ў вачах многіх гэтакім эталёнам «банальнасці зла». Універсітэцкі прафэсар, доктар мэдыцыны, чалавек, здольны спачуваць іншым – і ў той жа час удзельнік «зондэракцыяў» па вынішчэнні людзей, уся віна якіх заключалася ў тым, што нарадзіліся яны з ня той нацыянальнасцю. І здольнасць абсалютна арганічна для сябе спалучаць гэта ў сваім жыцці. Зноўку – не садыст, не перакананы злачынца, не фанатык. Звычайны чалавек. Вось яно – зло ў чыстым выглядзе.

Скажаце, а СССР тут пры чым? Пры чым тут савецкія танныя сталоўкі ды марозіва? Ды пры тым жа. Пры тым, што таннымі сталоўкамі ды марозівам засцяць ад людзей тое, што ў СССР таксама былі канцлягеры, массавыя пакаранні – у тым ліку, за «ня тую» нацыянальнасць. Ці за ня тое «клясавае» паходжанне. Ці проста – па разнарадцы. І ня толькі ў эпоху «вялікага тэрору» гэта было, але й пры Хрушчове, Брэжневе. Маштаб ужо ня той быў – так. Але прынцып сістэмы заставаўся, і ў любы момант яе можна было зноў разгарнуць да папярэдняга стану.

Характэрны анекдот тых часоў: маўляў, Брэжнеў перад смерцю загадаў расстраляць усё Палітбюро й пафарбаваць рэйкі ў зялёны колер. І выхаваныя сістэмай і ў гатоўнасці да сістэмы савецкія людзі на аўтамаце запытвалі: а рэйкі навошта фарбаваць? Навошта расстрэльваць Палітбюро, у іх пытанняў не ўзнікала – сістэма такая. І тое, што сістэма пагражае вынішчыць усё чалавецтва ў полымі ядравай вайны, пытанняў таксама не выклікала. Людзі працавалі на заводах, навостраных на гэтую задачу, у шарашках, расцягнутых да памераў «сакрэтных» гарадоў, харчаваліся ў танных сталоўках і елі найсмачнейшае марозіва. І пытанняў не задавалі.

Банальнасць гэтага зла тоіць тую небяспеку, што яно заўжды існуе паміж людзьмі ў любой краіне й можа праявіцца ў любы момант. У нас, вось – ужо. Яно гнаіць людзей па турмах і пагражае спаліць суседнія краіны ў полымі ядравай вайны. Яно забірае ў нас мову, гісторыю і годнасць. Яно пераўтварае школы ў філіялы турмы й казармы, рыхтуючы нашых дзяцей да ролі тупога гарматнага мяса. Усё так! Але ж ёсць праца. І сталоўкі. І нават рэстарацыі. І марозіва ёсць. Ах, якое марозіва! Ідэял таго, хто прагне вярнуцца ў СССР. І таго, хто гатовы працаваць у Асвенцыме.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page