Вайна, санкцыі, самалёты

Адзным з самых папулярных аргумэнтаў, да якіх апэлююць праціўнікі санкцыяў, зьяўляецца той, што санкцыі, маўляў, усё роўна не працуюць. А людзі праз іх пакутуюць. Таму іх ня проста можна, але й неабходна здымаць. Таму навіна пра тое, што аднаўляецца супраца паміж карпарацыяй «Боінг» і «Белавіяй», у некаторых выклікала прыліў радасці й аптымізму.
Тыя, хто не падзяляе радасці ад гэтай падзеі, справядліва ўказваюць, што калі б санкцыі не працавалі, дык рэжым не ўсчыняў бы такі лямант з іхняй нагоды і не лічыў бы тых, хто за іх выступае, страшэннымі злачынцамі. Варта прызнаць, што «пакатушкі» на «боінгах» не належаць да ліку масавых беларускіх забаўлялак, ды й тавары пэнсыянэрам у аддаленыя вёскі не на «боінгах» развозяць. Так што большасці беларусаў глыбока фіялетава, лятаюць гэтыя «боінгі», ці стаяць у ангарах праз адсутнасць дэталяў для рамонту. Затое гэта вельмі непакоіць тых, хто лятае ў блізкія й набліжэйшыя краіны, каб абгаварыць з тамтэйшымі кіраўнікамі, як бы ім спрытней абыйсці тыя санкцыі, якія яшчэ засталіся.
Такія санкцыі, якія закранаюць вярхушку нехарошага рэжыму, завуцца «кропкавымі», і не разлічаны на істотнае пагаршэнне ўзроўню жыцьця шараговых жыхароў краіны. Тыя крыкі пра «страшэнныя пакуты простых людзей», якія пры гэтым гучаць з боку барацьбітоў за свабоду рэжыму ад санкцыяў, наўрад ці можна разглядаць у адрыве ад іхняй барацьбы. Але тут узнікае справядлівае, падавалася б, пытанне. Калі гаворка ідзе выключна пра ўзровень камфорту тых, хто «боінгамі» карыстаецца, дык чаму б не пайсці на такую дробяць, як падвышэнне гэтага камфорту, у абмен на вызваленне тых, хто знаходзіцца за кратамі? Тым болей, як кажуць некаторыя прыхільнікі аслаблення санкцыйнага ціску, санкцыі ніколі не прыводзілі да дэмакратызацыі.
Вось на гэтым варта спыніцца больш падрабязна – каб зразумець, якія мэты ставяцца перад санкцыямі, і якія вынікі ў іх могуць быць.
Калі зірнуць на гісторыю, дык можна заўважыць, што санкцыі самі па сабе не прыводзяць да падзення аўтарытарных рэжымаў. Некаторыя нават сцвярджаюць, што санкцыі прыводзяць да згуртавання нацыі вакол дыктатараў, хоць, варта адзначыць, пакуль сярод беларусаў гэтай зьявы не назіраецца (прынамсі, тых, хто знаходзіцца ў Беларусі). Але яны маюць здольнасць уздзейнічаць на разнастайныя фактары, якія й да падзення дыктатуры прыводзяць. Напрыклад, яны могуць прывесці да расколу элітаў, што зьяўляецца адной з істотных умоваў краху дыктатуры. Таксама яны могуць пакінуць сур’ёзны ўплыў на маштабы падтрымкі, якую рэжым атрымлівае звонку.
Каб гэтыя сцвярджэнні не выглядалі галаслоўнымі, вось канкрэтны гістарычны прыклад. У 1993-ім дэмакратычна абраны прзідэнт Гватэмалы Хорхе Сэрана вырашыў правесці «аўтапераварот», каб усталяваць сваю дыктатуру. Ён тут жа трапіў пад санкцыі ЗША й ЭЗ, якія адмовілі яму ў эканамічнай дапамозе ды іншых гандлёвых прэфэрэнцыях. І Сэрана адразу згубіў падтрымку з боку буйнога бізнэсу й вайскоўцаў. Апошнія хуценька адсунулі яго ад улады й перадалі парлямэнту права аднавіць дэмакратыю. Што той і зрабіў, прызначыўшы часовага прэзідэнта.
Шмат хто з беларусаў будзе казаць, што гэта – ня наш выпадак. З імі давядзецца пагадзіцца: буйны бізнэс у нас існуе выключна ў выглядзе гаманца, у які рэжым лазіць у любы патрэбны яму момант, а вайскоўцы даўно ўжо высілкамі рэжыму зрабіліся, фактычна, часткай расійскай арміі, якая зьяўляецца адным з самых надзейных гарантаў ягонага існавання.
Але вось на што ва ўсёй гэтай гісторыі неабходна звярнуць увагу. Санкцыі, якія ў бягучы момант дзейнічаюць супраць лукашыстаўскага рэжыму, уведзены ня толькі й ужо ня столькі за парушэнні правоў чалавека й антыдэмакратычныя захады, колькі за суўдзел у агрэсіі. Такім чынам, мэта санкцыяў істотна змяняецца. Яны не павінны прывесці да дэмакратызацыі рэжыму. Іхняя задача – зрабіць так, каб яны наносілі найбольшую шкоду ягонай эканоміцы, абмяжоўвалі ваенны патэнцыял і ўводзілі агрэсіўны рэжым у стан міжнароднай ізаляцыі.
Да такіх санкцыяў можна аднесці шырокі набор інструмэнтаў: бан на пастаўкі ў краіну дэталяў, якія могуць выкарыстоўвацца пры вытворчасці ці рамонце ўзбраенняў, у тым ліку – чыпы й мікрасхемы, якія жыццёва неабходныя ў сучаснай вайне; меры фінансавага характару, такія як замарожванне актываў і адключэнне ад міжнародных плацёжных сістэмаў, кшталту SWIFT (гэта, між іншым, тое, што закранае вялікую колькасць беларусаў, але істотна абмяжоўвае магчымасць фінансаваць вайну й плаціць карным структурам, задзейсненым у рэпрэсіях супраць грамадства, то-бок, тых самых беларусаў); забарона на экспарт істотных для напаўнення бюджэту тавараў (угнаенні, прадукты нафтаапрацоўкі ды інш.) прымушае рэжым абіраць: ці фінансаваць далей вайну ды рэпрэсіі, ці выдадкаваць дэфіцытныя сродкі на сацыяльную сфэру, каб пазбегнуць рызыкі сацыяльнага выбуху.
Таксама неабходна адзначыць, што гэтыя санкцыі дзейнічаюць не імгненна. Яны разлічаны на працяглы тэрмін і нацэлены на паступовае знясіленне агрэсара, што ў рэшце прывядзе да ягонай ваеннай паразы ці прымусіць адмовіцца ад далейшага працягу вайны. Таму тут нельга на другі дзень пасля іхняга ўвядзення чакаць, што агрэсар капітулую. Больш за тое, на эфэкт ад іх можна чакаць годы. Тым ня менш, гэта не падстава іх ня ўводзіць ці здымаць, бо гэта дасць агрэсару новыя рэсурсы. Прычым, санкцыі не абавязкова ўводзіць супраць краіны, з якой ужо знаходзішся ў стане вайны. Звычайна іх уводзяць прэвэнтыўна, каб патэнцыйны нападнік загадзя адмовіўся ад сваіх намераў. Ці каб ён спыніў свае агрэсіўныя дзеянні супраць іншай краіныі й не ўтвараў пагрозу міжнароднай стабільнасці й бяспецы.
Прыкладам падобных санкцыяў могуць служыць тыя, якія Злучаныя Штаты ўводзілі супраць Японіі амаль сто год таму. Калі Японская імперыя пачала сваю агрэсію супраць Кітаю, суправаджаючы гэта бамбаваннямі мірных кітайскіх гарадоў. Санкцыі ня мелі фармальнага характару. Прэзідэнт Рузвельт звярнуўся да амерыканскіх вытворцаў, каб тыя дабраахвотна спынілі продаж Японіі самалётаў, запчастак да іх, узбраення. Далей да спісу тавараў далучылі іншыя стратэгічныя матэрыялы, неабходныя для авіяцыйнай прамысловасці, у тым ліку – для вытворчасці авіяцыйнага паліва. Так, гэта не спыніла агрэсію. Таму ў 1941-ым быў уведзены поўны бан на пастаўкі ўсіх тавараў, якія дапамагалі японскай вайсковай прамысловасці – ад металалому да нафты. Таксама былі замарожанымі фінансавыя актывы Японіі за мяжой.

Акурат у выпадку Японіі гэта прывяло да згуртавання японцаў вакол Японіі й імператара. Яны з энтузіязмам падтрымалі атаку на Пёрл-Харбар і далейшую вайну супраць ЗША. За лічаныя месяцы Японія здолела ўзяць пад свой кантроль гіганцкія абшары ў Індыйскім і Ціхім акіянах. Ні амерыканцы, ні брытанцы не маглі процістаяць іхняй экспансіі. Адначасова, у Эўропе хаўруснікі японцаў імкліва захоплівалі краіну за краінай, лёс апошняга моцнага ворага – СССР – падаваўся вырашаным. Людзей ва ўсім свеце ахапіў адчай. Знакаміты пісьменнік Стэфан Цвайг праз адчай ад такога няспыннага трыюмфу зла здзейсніў разам з сваёй жонкай самагубства, хоць быў ён у той час ў, падавалася б, далёкай ад усяго гэтага Бразіліі.
І навошта, скажыце, гэтыя санкцыі патрэбныя, калі агрэсію яны ўсё роўна не прадухіляюць? Тым больш, што праз санкцыі цярпелі простыя японцы? Ды й амерыканскі бізнэс нёс страты…
Але бізнэс панёс бы куды большыя страты, калі б японцы перамаглі. Ці здолелі, х’аця б, перанесці баявыя дзеянні на тэрыторыю ЗША. Але яны зрабіць гэтага няздолелі. Таму што ні авіацыйнай прамысловасці, ні флёту Японіі наяўнасць санкцыяў аніякім чынам не дапамагла.
Зусім наадварот. У тым ліку, дзякуючы санкцыям, японскі эканамічны патэнцыял саступаў амерыканскаму ў 20 разоў. Авіяцыя ня мела магчымасці ні аднаўляць страты, ні рыхтаваць новых пілётаў – праз адсутнасць паліва. Японскаму флёту ўжо ў 1944-ым паліва хапала толькі на чатыры гадзіны дзеяння ў моры. Таму гэты гонар Імперыі, на які яна так спадзявалася, безнадзейна завіс у портах.
Простыя японцы, якія пакутавалі ад санкцыяў, але замест таго, каб ціснуць на ўрад, каб той спыніў сваю агрэсію, згуртаваліся вакол яго, па выніку пачалі пакутаваць куды мацней. У тым ліку – ад голаду, холаду, гібелі блізкіх – на фронце й ад амерыканскіх бамбаванняў – звычайных ды атамных. І толькі капітуляцыя Японіі выратавала іх ад пакутаў яшчэ больш цяжкіх. А наступная дэмакратызацыя гарантавала паўтору падобных падзеяў у далейшым.
Гэта гіяторыя вучыць, што калі шалях – роўныя фактары на карысць агрэсара й тых, хто яму процістаіць, дык кожны дадатковы фактар можа зрабіць вырашальны ўплыў на сітуацыю. Асабліва калі пытанне паўстае наконт таго, ці трэба паслабляць ціск на агрэсара, калі той не хавае сваіх варожых намераў?



Комментарии