Пакараць «плахіша»

Наўрад ці знойдуцца ў гісторыі ЗША выбары, якія б настолькі прыцягнулі да сябе ўвагу з усіх рэгіёнаў сьвету. Нават слова «мідтэрмы» раней ведалі адзінкі. Цяпер жа ім досыць упэўнена апэруюць нават людзі, далёкія ад амерыканскай палітычнай тэрміналёгіі.
Вынікі гэтых выбараў, падавалася б, мусяць задаволіць абсалютную большасьць людзей: тое, што ўспрымалася пагрозай усяму таму, да чаго прыйшлі дэмакратыя, абарона правоў чалавека, міжнародныя адносіны, сусьветная эканоміка, нарэшце, атрымала істотны стрымліваючы фактар. Адбылося тое, пра што марылася яшчэ з пачатку другой кадэнцыі Трампа, і нават лепей: рэспубліканцы страцілі большасьць ня толькі ў Палаце прадстаўнікоў, але й ў Сэнаце.
Перад выбарамі значная частка экспэртаў казалі, што галоўная іхняя тэма – эканоміка. Таму Трамп і спрабаваў прадэманстраваць тое, як ён вырашае праблему росту цэнаў на паліва – пазуючы на фоне танкераў з вэнэсуэльскай нафтай і абяцаючы пастаўкі расійскага паліва. Іншыя экспэрты кажуць, што галоўнай тэмай была зьнешняя палітыка. Але варта прызнаць, што зьнешняя палітыка – гэта тое, што непасрэдна ўплывае на эканоміку. А галоўнае, што адчулі амерыканцы ад дзеяньняў адміністрацыі Трампа на міжнароднай арэне, гэта рост цэнаў на паліва. Што, у сваю чаргу, адбілася на ўсіх астатніх сфэрах. І хоць Трамп спрабаваў давесьці, што ў паліўным крызісе вынаваты Зяленскі, амерыканцы яму не паверылі. Плюс да гэтага – «гульня ў тарыфы» з ростам умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку. Што, дарэчы, парадаксальным чынам прывяло да высновы, што рэспубліканцы памяняліся месцамі з дэмакратамі, якія традыцыйна выступалі за большы кантроль дзяржавы над эканомікай.
Але, падаецца, у падвышанай цікаўнасьці да вынікаў гэтых выбараў была яшчэ адна – не рацыянальная – складаючая. Справа ў тым, што Трамп, як толькі зрабіліся вядомымі вынікі яшчэ тых – прэзідэнцкіх – выбараў, якія далі старт ягонай другой кадэнцыі, адразу пачаў рабіць зь сябе плахіша сусьветнага маштабу. Ад дзеяньняў мытнай і міграцыйнай паліцыі, якія прыводзілі ня толькі да затрыманьняў амерыканскіх грамадзянаў, але й да гібелі людзей, да праблемаў глябальнага характару, кшталту сусьветнага паліўнага крызісу, спрытна «арганізаванага» атакай на Іран, ды дэманстратыўнага захапленьня тыранамі ды агрэсарамі, якое суправаджаецца (дробнымі й ня надта) паслугамі ў іхны адрас – усё гэта жудасна раздражняла людзей з самых розных куткоў сьвету.
Ягоныя зьняважлівыя выказваньні прыводзілі ў шаленства самыя розныя сацыяльныя ды нацыянальныя групы. Увсе ягоныя паводзіны выглядалі выклікам , часьцяком – карыкатурным, прынятым паўсюдна нормам паводзінаў. Атака на свабоду слова й на магчымасьць выкананьня журналістамі іхніх парфесійных абавязкаў прывяла да салідарнасьці паміж выданьнямі самых розных палітычных поглядаў ды сімпатыяў. Нават медыя, якія зьяўляюцца «пратрампаўскімі», падтрымалі сваіх калегаў.
Сусьветныя мас-медыя, якія хутка знайшлі ў Трампе «хайповую» тэму, якая бяз збояў прыцягвае ўвагу чытачоў і выклікае ў іх магутныя адмоўныя эмоцыі. Настолькі адмоўныя, што некаторыя пачалі клікаць Трампа «найбольшай пагрозай сьвету пасьля Адольфа Гітлера».
Рэякцыя людзей у такой сітуацыі будзе адназначнай: гэтага «плахіша» трэба пакараць. І калі жыхары іншых краінаў не маглі зрабіць гэта сваімі рукамі, яны вельмі хацелі, каб за іх гэта зрабілі амерыканцы.
І тыя гэта зрабілі. Таму рэякцыя атрымалася настолькі бурлівай і адзінадушнай. Але перажыты трыюмф справядлівасьці ў значнай ступені схаваў з-пад увагі, што пакуль анічога ня скончылася. І Што «кульгавая качка» Трамп яшчэ мае магчымасьці ня толькі рыкаць, але й даволі моцна кусацца. Пытаньне, ці хопіць яму гэтага, каб працягнуць рабіць тое, што ён рабіў дагэтуль, у першую чаргу – разбураць былыя саюзы дэмакратычных краінаў і будаваць саюзы аўтакратараў, каб разам зь імі дзяліць сьвет.
Праз страту кантролю над абедзьвюма палатамі парлямэнту шмат хто пачаў прагназаваць завяршэньне эпохі ««MAGA», а Трампа клікаць «кульгавай качкай». Насуперак засьцярозе, што могуць паўтарыцца падзеі студзеня 2021-га, Трамп прызнаў перамогу дэмакратаў. Але яшчэ напярэдадні галасавання ён паабяцаў зрабіцца «Mістэрам Veto», блякуючы ўсе ініцыятывы Кангрэсу. Так што выпрабаваньні далёка ня скончыліся. І там, дзе мы вышэй пісалі пра Трампа ў мінулым часе, больш карэктна было б пісаць у будучым.
Адзінае што можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, дык гэта тое, што не адбылося таго, чаго чакалі з найбольшай асьцярогай. Таго, пра што казаў Майкл Дуглас у сваім відэазвароце. Выбары ў ЗША прадэманстравалі трываласць дэмакратычных інстытутаў – насуперак тым, хто ўпэўнена казаў пра іхнюю слабасць і развал. Тым ня менш, значныя выклікі засталіся, і элемент нявызначанасьці працягвае прысутнічаць – як у прагнозах экспэртаў, так і ў прадчуваньнях.



Комментарии