Важны крок на шляху прыцягнення рэжыму да адказнасці

У швайцарскім горадзе Санкт-Гален сёння, 26 кастрычніка, адбылася знакавая падзея. Суд кантону Санкт-Гален прысудзіў Юрыю Гараўскаму, былому байцу САХР, які ўдзельнічаў у аперацыі па выкраданні й забойстве беларускіх палітыкаў і чальцоў АГП Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, два гады турэмнага зняволення ўмоўна.
Можна ўявіць абурэнне такім маленькім тэрмінам за такое цяжкае злачынства. Тым больш, што першапачаткова Гараўскаму «святліла» восем год зняволення. Але ў гэтым выпадку тэрмін, да якога прысудзілі вінаватага, мае далёкае другаснае значэнне. Куды больш важным зьяўляецца сам факт рашэння, прынятага швайцарскім судом, які адчыняе шырокія пэрспэктывы для далейшай працы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, якая на бягучы момант зьяўляецца бадай, найбольш эфэктыўным інструментам па прыцягненні рэжыму ды ягоных агентаў да адказнасці за здзейсненыя злачынствы.
Нагадаем, што ў 1999-ым зніклі бяз вестак вядомыя беларускія палітыкі, чальцы нацыянальнага камітэту Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Юры Захаранка, Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка знік 9 траўня, былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі (якога Лукашэнка замяніў на Ярмошыну, каб маніпуляваць вынікамі галасаванняў) Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі зніклі 16 верасня таго ж году.
Абставіны знікнення не пакідалі сумневаў, што ўсе яны былі гвалтоўна выкрадзены й вывезены ў невядомым кірунку. Далейшыя вывучэнні абставінаў дазволілі з высокай ступенню імавернасці казаць, што іхняе выкраданне й наступнае забойства было здзейснена па даручэнні вышэйшага кіраўніцтва рэжыму. Хоць той і адмаўляў сваю датычнасць, а ў медыя распаўсюджвалі чуткі, што зніклыя палітыкі самі зьехалі за мяжу, ці, быццам, зрабіліся ахвярамі міжнародных крымінальных разборак, усё больш фактараў і пасведчанняў казала менавіта пра датычнасць да злачынства рэжыму Лукашэнкі.
Пры гэтым было зразумелым, што без палітычных зменаў у Беларусі прыцягнуць вінаватых да адказнасці не атрымаецца. Тым ня менш і родзічы зніклых, і Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, і праваабаронцы прыкладалі высілкі, каб гэтае злачынства не засталося беспакаранным. Штогод чальцы нашай партыі выходзілі ў даты знікнення нашых сяброў на плошчы Менску з іхнімі партрэтамі і патрабаваннямі давесці расследаванне справы да канца і ня даць іх закрыць праз «тэрмін даўніны».
Шанец на змены ў стане справы зьявіўся тады, калі ўзнікла магчымасць звярнуцца ў замежныя судовыя інстытуцыі. У 2019-ым Юры Гараўскі, які перад гэтым пакінуў Беларусь, прызнаўся ва ўдзеле ў выкраданні Захаранкі, Ганчара й Красоўскага, якія ў выніку былі забітыя. У 2021-ым група родзічаў зніклых палітыкаў падалі позву ў швайцарскі суд супраць Гараўскага. Гэта было зроблена пры падтрымцы Міжнароднай фэдэрацыі праў чалавека, TRIAL International (міжнародная неўрадавая арганізацыя, якая базуецца ў Швайцарыі й змагаецца супраць беспакараннасці вінаватых у транснацыянальных злачынствах) і праваабарончага цэнтру «Вясна».
У верасні 2023-га суд першай інстанцыі прызнаў Гшараўскага невінаватым у тых злачынствах, ва ўдзеле ў якіх ён сам прызнаваўся. Тады (і ў далейшым) гэта выкарыстоўвалася як аргумент у падтрымку невінаватасці рэжыма Лукашэнкі ў гэтых злачынствпах. Але ў рэчаіснасці ў пастанове суду адзначаецца, што выкраданні й забойствы арганізаваў рэжым. Але пры гэтым няма ўпэўненасці ў тым, што Гараўскі непасрэдна прымаў удзел у гэтых акцыях. Некаторыя супярэчнасці дазволілі празнаць імаверным, што Гараўскі сам не здзяйсняў гэтых злачынстваў, а ведаў пра іх з словаў сваіх саслужыўцаў.
На прысуд 2023-га была пададзена апеляцыя. Пасля шэрагу затрымак і пераносаў разгляду, сёння паседжанне суду адбылося. Гараўскі быў прызнаны вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага. Суд таксама прызнаў яго ўдзельнікам выкрадання Захаранкі й Ганчара, але пакінуў у сіле ранейшы апраздальны прысуд – праз чыста юрыдычныя чыннікі, а не па сутнасці справы.
Тое, што Гараўскаму прысудзілі толькі два гады ўмоўна, адбылося праз ягонае прызнанне й выбачэнне перад родзічамі ахвяраў. Эўрапейскае правасуддзе ня лічыць крыважэрнасць карыснай для прававой сістэмы. Гэта, хутчэй, зьяўляецца дэманстрацыяй антыгуманнасці, што больш уласціва такім рэжымам, як той, што пануе ў Беларусі. І тут хацелася б, каб судовая сістэма будучай Беларусі абапіралася на эўрапейскія абразцы, а не на лукашыстаўскія. Пры вынясенні прысуду варта ўлічваць стаўленне вінаватага да свайго ўчынку. І калі ён шчыра раскайваецца ў тым, што зрабіў, прысуд молжа быць мяккім.
Але мяккасць да злачынцы ня тычыцца непазбежнасці пакарання. І нашая партыя працягвае настойваць на неабходнасці прыцягнення да суду ўсіх вінаватых у гэтым злачынстве. І мы вітаем тое, што сёння ўпершыню супрацоўнік лукашэнкаўскіх рэпрэсіўных органаў быў асуджаны за мяжой за злачынствы, здзейсненыя па загаду рэжыму. А таксама тое, што ўпершыню суд вынес пастанову ў рамках міжнароднай юрыздекцыі адносна злачынстваў, здзейсненых у Беларусі.
І гэта – толькі пачатак.



Комментарии