Не пакідайце ж гісторыі нашай!

Цяперашняя сітуацыя вакол нашай краіны й пэрспэктывы развіцця падзеяў дэманструюць, што беларусам ня толькі варта знаёміцца з гісторыяй Беларусі эпохі Полацкага княства ці Вялікага Княства Літоўскага. Ня менш істотнымі зьяўляюцца і веды адносна найноўшага перыяду. Асабліва пра тое, што адбывалася да 2020-га, і як паводзіў сябе тады рэжым.
Іначай ужо пачынае фармавацца ўстойлівае ўяўленне, што падзеі шасцігадовай даўніны пакінулі нейкія кардынальныя змены на ягоныя паводзіны, у тым ліку, у дачыненні да Расіі. Па выніку можна павесціся на папулярныя цяпер байкі, што Лукашэнка, маўляў, заўжды быў «гарантам незалежнасці», а ў абдымкі Расіі яго штурханулі неразумныя беларусы, якія выйшлі на пратэсты, ды санкцыі з боку Эўрапейскага Звязу.
Зноў і зноў даводзіцца чуць, што Лукашэнка «саступіў» тэрыторыю Беларусі для нападу на Украіну «пасля 2020-га». Прычым, кажуць гэта ня тыя «нэафіты», якія толькі ў 20-ым пачалі звяртаць увагу на тое, што адбываецца навокал, а людзі заслужаныя, з досведам палітычнай барацьбы аж ад пачатку 90-ых.
Чаму так проста забываецца пра тое, што Лукашэнка мінімум ад пачатку свайго прэзідэнцтва ўсімі сваімі выказваннямі ды дзеяннямі дэманстраваў поўную адданасць Маскве? Што ўсялякія «паглыбленыя інтэграцыі» ды «саюзныя дзяржавы» не пасля 20-га ўзніклі, а задоўга да яго? Што абяцанням «легчы пад натаўскія танкі», каб не пусціць іх да Масквы ня год і ня пяць, і нават не пятнаццаць?
Можа, варта нагадаць, што Пагадненне «Аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспецы ў вайсковай сфэры», якое праклала пачатак стварэнню сумеснай беларуска-расійскай вайсковай групоўцы, было падпісана яшчэ ў 1997-ым, то-бок, амаль за чвэрць стагоддзя да 2020-га? А ў наступным годзе была зацверджана Канцэпцыя сумеснай абароннай палітыкі, дзе былі вызначаны дэталі гэтага працэсу стварэння, у тым ліку, склад, прынцыпы плянавання, выкарыстання і забеспячэння?
Ужо да пачатку 2000-ых уся беларуская армія ўвайшла ў склад гэтый групоўкі – разам з расійскімі войскамі, размеўчанымі ў Калінінградскай вобласці й Маскоўскай вайсковай акрузе. Потым і сістэма ПВА была аб’яднанай у адзінуюз Расіяй, што перадала задачу прыкрыцця «мірных беларускіх нябёсаў» у рукі расійскіх генералаў.
Можа, варта прыгадаць пра тое, што Лукашэнка мэтанакіравана й па сваёй волі йшоў на гэтае ўз’яднанне беларускага войска з расійскім? Што ўжо ў 2012-ым ён у сваіх прамовах не аднойчы заяўляў, што ў Расіі й Беларусі, фактычна, «адзіная армія»? І пра тое, што ў 2016-ым ён казаў, што «бяспеку Айчыны» забяспечвае сумесная з Масквой групоўка войскаў, і ў выпадку «атакі НАТО», беларускія часткі гэтай групоўкі сустрэнуць «агрэсараў», а потым падцягнуцца «войскі, размешчаныя на Захадзе Расіі»? Пры гэтым ён не аднаразова падкрэсліваў, што для яго існуе «адзіная Айчына», куды ўваходзяць землі ад Брэста да Уладзівастока.
Стратэгічная задача ўсяго гэтага – утварыць з Беларусі гэтакую «перадавую лінію», дзе беларусы павінны былі абараняць ад «агрэсіўнай натаўскай ваеншчыны» «нашую адзіную сталіцу – Маскву». Бо і тады, і цяпер няма больш істотнай задачы для Лукашэнкі, чым пакласці беларусаў пад гусеніцы натаўскіх танкаў, але не дапусціць ворага на Маскву, на якую, у яго, відавочна, існуюць свае асабістыя і вельмі істотныя пляны.
Варта таксама адзначыць, што тым, хто захоча знайсці ўсе гэтыя заявы мінулага, будзе ня проста. Бо пашукавікі на адпаведныя запыты будуць выдаваць аналягічныя цытаты апошніх шасці гадоў. Таму, можа, і зьяўляецца ўспрыяцце падпарадкавання Беларусі расійскім ваенным задачам як вынікаў 2020-га. Але ў рэчаіснасці анічога не змянілася – гэта нязменная стратэгія Лукашэнкі ад пачаткаў ягонага кіравання.
Пра Украіну тут і казаць няма чаго. У выказваннях Лукашэнкі часцяком гучалі завярэнні, што перад расійскай арміяй і беларускім войскам стаяць «адзіныя стратэгічныя задачы». Якія статрэгічныя задачы стаялі перад расійскім войскам у 2014-ым – можна лёгка здагадацца: аслабіць арыентаваную на Захад Украіну, пазбавіць яе значнай часткі рэсурсаў, а потым падмяць яе пад сябе ўсю – як Беларусь, каб, абапіраючыся на іхні геастратэгічны патэнцыял, перайсці да выканання наступнай часткі стрэтэгічнай задачы – падпарадкоўваць Эўропу. Наўрад ці хтосці можа прывесці надзейныя аргументы ў падтрымку меркавання, што Лукашэнка быў «ня ў курсе» гэтых плянаў – ні ў 2018-ым, калі запэўніваў Парашэнку, што аніякай пагрозы з тэрыторыі Беларусі для Украіны не сыходзіць, ні ў лютым 2022-га, калі рэжым паўтараў украінцам літаральна тое ж самае. Ішная справа, што ў 2014-ым задачы акупаваць Кіеў не ставілася, а ў 2022-ім яна ўзнікла, і пры гэтым для рэялізацыі задачы «Кіеў за тры дні» быў неабходным удар з найбліжэйшай кропкі, дзе маглі размяшчацца расійскія войскі, то-бок, з тэрыторыі Беларусі.
Дзеля справядлівасці: нейкія істотныя змены 2020-ты ўнёс. Ён прадэманстраваў на вуліцах беларускіх гарадоў акіян нацыянальных бел-чырвона-белых сцягаў. І аніводнага лёзунгу ў падтрымку «паглыбення інтэграцыі» ды «Саюзнай Дзяржавы». Кажуць, нейкія асобныя недарэкі зьяўляліся на мітынгах з расійскім трыкалёрам, але замілавання ў беларусаў гэта не выклікала. І гэта адназначна прадэманстравал і лукашэнкаўскаму рэжыму, і ягоным босам у Маскве, што беларусаў не атрымаецца вось так проста зрабіць часткай расійскай агрэсіі – што супраць Украіны, што супраць Захаду. Таму ў лютым 2022-га беларусаў ня вырашыліся наўпрост выкарыстаць у агрэсіі. Гатоўнасць ваяваць за «Вялікую Расію» дэманструюць у Беларусі толькі штабныя генералы ды разнастайныя карнікі. Апошнія, праўда, – толькі супраць бяззбройнага народу. Таму й адводзіцца цяпер беларускай складаючай «агульнага войска» функцыі, звязаныя выключна з актыўнасцю ў тыле: барацьба з двг, дронамі ды партызанамі.
Так што не пакідайце ж беларускай гісторыі нашай, каб не ўмерлі ад веры, што «гаранта незалежнасці» ў «абдымкі Расіі» кінулі пратэсты 2020-га, і што ўсё можна выправіць праз зняццё санкцыяў і легалізацыю рэжыму на Захадзе.



Комментарии