Перамовы паміж рэжымам і апазіцыяй у Венесуэле: што гэта значыць?
- 10 часов назад
- 7 мин. чтения

У Венесуэле адбылася сустрэча паміж двума спікерамі венесуэльскай Нацыянальнай асамблеі (парлямэнту): Радрыгесам (актуальным спікерам і родным братам цяперашняй прэзідэнткі Дэльсі Радрыгес), які прадстаўляе рэжым чавістаў, і Дынорай Фігера (спікеркай абранага ў 2015-ым складу Асамблеі, які быў пераважна апазіцыйным) – ад… каго? чаго? З апошнімі двума пытаннямі трэба разабрацца.
Нацыянальная асамблея як крыніца ўлады венесуэльскай апазіцыі
Нацыянальная асамблея IV склікання, якая была абрана ў 2015-ым і пачала сваё функцыянаванне 5 студзеня 2016-га, мела пераважна апазіцыйны склад: з 167 мандатаў прадстаўнікі Круглага сталу дэмакратычнага адзінства (парасонікавай арганізацыі, якая аб’ядноўвае большасць апазіцыйных партыяў і рухаў) атрымалі 112 супраць 50, якія атрымалі прадстаўнікі чавістаў. Гэта абумовіла жорсткае процістаянне паміж парлямэнтам і выканаўчай уладай (і моцна звязанай з ёй судовай), якая належыць чавістам.
5 ліпеня 2017-га, калі ў Венесуэле адзначаецца Дзень незалежнасці, у штаб-кватэру Асамблеі пры падтрымцы Нацыянальнай гвардыі (якая мусіла абараняць Асамблею) уварваліся ўзброеныя вагнепальнай зброяй, дручкамі і пэтардамі прадстаўнікі праўрадавых парамілітарных фармаванняў «калектывас», якія пачалі збіваць і рабаваць дэпутатаў і журналістаў, што знаходзіліся ў будынку. У далейшым шэраг дэпутатаў былі вымушаны зьехаць за мяжу, бо ім паступалі пагрозы з боку рэжыму чавістаў. Сярод іх была і Дынора Фігера, якая ў якасці прытулку абрала Гішпанію.
Пасля таго як прэзідэнцкія выбары 2018-га не былі прызнанымі апазіцыяй і большасцю дэмакратычных краінаў свету, тагачасны старшыня Нацыянальнай асамблеі Хуан Гўайдо, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, абвесціў сябе часовым прэзідэнтам краіны, і 23 студзеня 2019-га ён прыняў адпаведную прысягу. У такой якасці ён атрымаў прызнанне, у тым ліку, з боку ЗША. Гэта давала яму доступ да кантролю па-над замежнымі актывамі Венесуэлы.
Наступныя парлямэнцкія выбары адбыліся ўвосень 2020-га. Па афіцыйных выніках абсалютную большасць (253 месца з 277) атрымалі прадстаўнікі чавістаў. Вынікі не былі прызнанымі ні венесуэльскай апазіцыяй, ні значнай часткай міжнароднай супольнасці (у тым ліку – Эўрапейскім Звялам і ЗША). Злучаныя Штаты абвесцілі, што яны будуць працягваць прызнаваць Нацыянальную асамблею IV склікання адзіным легітымным дэмакратычным органам Венесуэлы. Тагачасны старшыня Асамблеі Хуан Гўайдо быў прызнаны ў якасці легітымнага прадстаўніка Венесуэлы, хоць пры гэтым ЭЗ спыніў прызнанне яго ў якасці легітымнага прэзідэнта (але рэзалюцыя Эўрапейскага парлямэнту працягвала прызнаваць яго легітымным лідэрам краіны).
Часовы ўрад, сфармаваны Гўайдо, які дзейнічаў па-за межамі краіны, спыніў свае паўнамоцтвы ў студзені 2023-га. Тады ж Гўайдо пазбавіўся прызнання з боку ЗША. Тады ж Дынора Фігера была абрана новай старшынёй Нацыянальнай асамблеі IV склікання, хоць на той момант яна ўжо пяць год як была ў эміграцыі.
Цяперашняя Венесуэла: рэяльныя перамены ці фікцыя?
Пасля студзеньскіх падзеяў гэтага году й на фоне ўмоўнай лібералізацыі Фігера вярнулася ў Венесуэлу. Пры гэтым яна дыстанцыянавалася ад Марыі Карыны Мачада – прызнанага лідэра венесуэльскай апазіцыі, якая, з розных падставаў, апынулася не ў фаворы ў цяперашняй амерыканскай адміністрацыі. Гэта ўсё зрабіла яе прымальнай кандыдатурай для вядзення «перамоваў», арганізацыі «круглага стала» й таму падобнага, каб арганізаваць далейшыя працэсы (палітычныя ды эканамічныя) у Венесуэле ў адпаведнасці з амерыканскім сцэнарам.
Менавіта праз настойлівыя рэкамендацыі амерыканскай адміністрацыі адбылася сустрэча паміж Радрыгесам і Фігера. Пры гэтым, як адзначаюць аналітыкі, галоўнай мэтай працэсу зьяўляецца не дэмакратызацыя Венесуэлы, а гарантыя доступу амерыканцаў да венесуэльскіх энэрганосбітаў. У гэтым пляне цяперашняя часовая адміністрацыя чавістаў на чале з Дэльсі Радрыгес робіць пэўныя крокі. Так, у канцы студзеня 2026-га быў прыняты Закон аб вуглевадародах, які адчыняе шлях замежным прыватным інвестыцыям у сфэру венесуэльскай нафтаздабычы. Але пры гэтым ён пакідае за выканаўчай уладай (чытай – рэжымам чавістаў) «паўнамоцтвы карэктаваць роялці, падаткі і ўмовы кантрактаў, калі прававыя, фіскальныя, рэгулятарныя або кантрактныя змены «негатыўна і істотна» ўплываюць на эканоміку праекта» (арт. 26 Закону). Гэтае ды некаторыя іншыя палажэнні Закону даюць падставу аналітыкам лічыць, што ён ня столькі вырашае праблемы, колькі ўтварае ўмовы для іхняга захавання й вядзе да ўзнікнення новых канфліктаў у далейшым.
Акрамя таго, сітуацыя ў краіне не пакідае спадзяванняў на хуткую палітычную лібералізацыю. Нягледзячы на адстаўку з пасады міністра абароны Уладзімера Падрына Лёпеса, які лічыўся адным з найбольш жорсткіх «ястрабаў» сярод чавістаў, у краіне працягваюць функцыянаваць рэжыму ў рэпрэсіўныя службы бяспекі й «калектывас», якія зьяўляюцца адным з істотных інструментаў кантролі за вуліцамі венесуэльскіх гарадоў.
Ды й нягледзячы на прыняты Закон аб амністыі ды пэрыядычныя вызваленні партыяў палітвязняў, за кратамі на сёння застаюцца ад 379 (даныя праваабарончай арганізацыі Foro Penal) да 554 (даныя праваабарончай арганізацыі Justicia, Encuentro y Perdón) апанентаў рэжыму. Па-ранейшаму ўмовы ўтрымання за кратамі застаюцца жорсткімі. З сакавіку ў венесуэльскіх турмах памёр 21 чалавек. Гучнае абвяшчэнне ўладамі закрыцця найбольш сумнавядомай венесуэльскай турмы Эль Гелікоід пагарнулася тым, што зняволеных не вызваляюць, а пераводзяць у іншыя турмы.
Таксама застаецца пад пытаннем пэрспэктывы правядзення ў краіне дэмакратычных выбараў. Варта адзначыць, што гэтая тэма прысутнічае ў пляне, агучаным амерыканскім дзяржсакратаром Маркам Рубіё ў пачатку бягучага месяцу. Гэты плян ўключае ў сябе тры крокі: стабілізацыя, аднаўленне й выбары. Пры абвяшчэнні пляну Рубіё адзначыў: «Венесуэла, якую ўсе жадаюць у будучыні, немагчымая без свабодных і справядлівых выбараў». Але, удакладніў ён, канкрэтная дата галасавання не можа быць абвешчана, пакуль не будуць выкананы асноўныя ўмовы. Гэтымі ўмовамі павінны быць стварэнне незалежнай прэсы, арганізацыя палітычных партыяў і стварэнне новай выбарчай камісіі. Гэта ўсё мусіць адбыцца ў другую фазу – «аднаўлення». Што тычыцца тэрмінаў, дык Рубіё выказаў меркаванне, што «пяць месяцаў – ня надта вялікі тэрмін», каб нацыя аднавілася ад траўмы.
Ініцыятывы апазіцыі
У рамках рэялізацыі гэтага пляну й адбылася сустрэча паміж Радрыгесам і Фігера. Пры гэтым менавіта Злучаныя Штаты «рэкамендавалі» кандыдатуру Фігера ў якасці перамоўцы ад апазіцыі й гарантавалі ёй бяспечнае вяртанне ў Венесуэлу пасля амаль васьмі гадоў у эміграцыі. Выбар быў абумоўлены тым, што Нацыянальная асамблея IV склікання працягвае заставацца легітымным дэмакратычным органам Венесуэлы ў вачох амерыканцаў, і Фігера, як цяперашняя старшыня Асамблеі, па Канстытуцыі зьяўляецца легітымным кіраўніком краіны (хоць тут існуюць вялікія ўмоўнасці). Плюс ёйная дыстанцыяванасць ад Марыі Карыны Мачада, якая мае пэўную легітымнасць праз падтрымку венесуэльскага грамадства. Але ў дадзеным выпадку, на фоне амерыканскага ўплыву, меркаванне венесуэльцаў адыходзіць на другі плян.
У той жа час, за Мачада стаяць ня толькі венесуэльцы, але й шырокія колы венесуэльскай апазіцыі. Яны, у сваю чаргу, прапанавалі ініцыятыву, пазначаную як «Панамскі маніфест». За гэтым дакументам, прынятым у канцы траўню, стаіць Плятформа дэмакратычнага адзінства (пераемніца Круглага сталу), якая аб’ядноўвае як палітычныя партыі, так і разнастайныя царкоўныя, грамадскія, прафсаюзныя арганізацыі, якія процістаяць чавісцкаму рэжыму. Старшынёй Плятформы зьяўляецца Эдмунда Гансалес, які быў кандыдатам на апошніх прэзідэнцкіх выбарах (праз забарону Марыі Карыне Мачада прымаць у іх удзел) і, па меркаванні апазіцыі й значнай часткі міжнароднай супольнасці, атрымаў на іх пераканаўчую перамогу.
«Панамскі маніфест», які, па сутнасці, зьяўляецца дарожнай мапай пераходу да дэмакратыі ў Венесуэле, першым пунктам прадугледжвае арганізацыю перамоваў з урадам Дэльсі Радрыгес, дзеля чаго Плятформа й грамадзянская супольнасць мусяць прызначыць свайго перамоўцу. Другі пункт – стварэнне шырокага грамадзянскага і палітычнага пакта з удзелам цэркваў, прафсаюзаў, бізнес-лідараў, універсітэтаў і дыяспары дзеля аднаўлення краіны. Але той факт, што амерыканцы абралі ў якасці перамоўцы Фігера, пакідае «Панамскі маніфест» і сілы, якія за ім стаяць, на пэрыфэрыі палітычнага працэсу.
Па выніку ў палітычнай сфэры Венесуэлы складаецца няпростая сітуацыя. Рэжым чавістаў, безумоўна, ня мае вялікай зацікаўленасці ў перамовах з дэмакратычнымі сіламі. Пра гэта сведчыць досвед папярэдніх спробаў арганізацыі такіх перамоваў – з стабільна нулявым вынікам. Цяпер, праўда, для чавістаў зьявіўся надта важкі аргумент – настойлівыя рэкамендацыі амерыканцаў, якія рэжым чавістаў у склаўшайся сітуацыі ня можа ігнараваць. Тым ня менш, для яго застаецца галоўнай матывацыя «зрабіць усё па-новаму, пакінуўшы ўсё па-старому». Уласна, такая сітуацыя была б прымальнай для амерыканскага боку, пры ўмове забеспячэння амерыканскіх інтарэсаў і захавання бачнасці дэмакратызацыі. Фігера таксама не пакідае ўражанне безкампраміснай фігуры, якая будзе жорстка адстойваць прынцыпы дэмакратызацыі.
Кампрамісы й перамены: ці можна іх сумясціць?
Такім чынам, вынікам распачаўшагася перамоўнага працэсу будзе, хутчэй за ўсё, кампраміс, з значным нахілам на карысць чавістаў, які дасьць ім магчымасць максімальна захаваць уплыў на палітычную сфэру Венесуэлы (як і кантроль над эканомікай). Але, як любы кампраміс, гэта будзе слабым рашэннем. Бо нават чавістым давядзецца пайсці на пэўную палітычныую лібералізацыю, што непазбежна аслабіць іхнія пазіцыі.
З іншага боку, не заўважна (у тым ліку, на прыкладзе Закону аб вуглевадародах), каб яны былі гатовыя на істотную эканамічную лібералізацыю, паколькі яна можа падарваць кантроль рэжыму па-над эканомікай. Што, безумоўна, таксама аслабіць ягоныя палітычныя пазіцыі. Але тут чавісты трапляюць у цугцванг, бо адсутнасць эканамічнай лібералізацыі прывядзе да далейшага падзення эканомікі і росту незадаволенасці венесуэльскага грамадства. Працягваць утрымліваць уладу чавістам у такой сітуацыі будзе ўсё складаней.
Такім чынам, перамовы ў Каракасе могуць прывесці да кампрамісу, але гэта будзе толькі часовым рашэннем. Сапраўдныя перамены адбудуцца толькі пры ўмове кардынальных зменаў у палітыцы краіны. А гэта адбудзецца толькі тады, калі рэжым чавістаў страціць падтрымку як унутры краіны, так і звонку. Тут напрошваецца аналёгія з Круглым сталом у Польшчы, калі камуністычны рэжым і апазіцыя дасягнулі пагаднення на ўмовах легалізацыі «Салідарнасці» і правядзення выбараў на альтэрнатыўных пачатках, але пры фактычным захаванні ўплыву камуністаў на палітычнае жыццё. І толькі канчатковы крах сацыялістычнага лягеру прывёў да рэяльных пераменаў.
Венесуэльскую сітуацыю таксама можна параўнаць з сітуацыяй нашай, калі зноў пайшлі прапановы пачаць перамовы з рэжымам. У нас, натуральна, пакуль няма такога фактару, як ціск з боку амерыканцаў на рэжым, каб той пайшоў на падобныя перамовы. Паколькі Дэмакратычныя сілы ў якасці галоўнага патрабавання вылучылі ў свой час вызваленне палітвязняў, дык амерыканцы й працуюць менавіта ў гэтым кірунку, а не ў кірунку перамоўнага працэсу. Ну, што завецца, мы самі таго захацелі.
Але нават калі Дэмакратычныя сілы здолеюць «даціснуць» сваіх замежных партнэраў, каб тыя «даціснулі» рэжым да перамоваў, гэта будзе такім жа кампрамісным рашэннем, як і ў цяперашняй Венесуэле. І справа нават ня ў тым, што на ролю перамоўцы могуць (праз знешні ціск) абраць кагосці самога па сабе вельмі кампраміснага (наўрад ці гэта будзе Сямён Шарэцкі – старшыня Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, які зьяўляецца апошнім легітымным дэмакратычным органам Беларусі). Як ужо было сказана вышэй, любы круглы стол паміж рэжымам і апазіцыяй – гэта кампраміс, пры якім рэжым будзе імкнуцца захаваць сваю ўладу па максімуму. Пры цяперашніх трэндах (гледзячы на падзеі ў Венесуэле й у Іране) вялкікіх запярэчанняў з боку тых жа Злучаных Штатаў гэта не сустрэне. Але гэта ня будзе вырашэннем тых праблемаў, якія паўсталі перад краінай і грамадствам праз шматгадовую дзейнасць таго ж рэжыму. Каб вырашыць праблемы, трэба ці змяніцца самому рэжыму (што не выглядае магчымым), ці такі змяніць сам рэжым. А тут патрэбныя ўжо іншыя ўмовы, пры якіх рэжым ня будзе мець аніякай унутранай ці вонкавай падтрымкі. Тады, пагадзіцеся, правядзенне круглага сталу з пошукамі кампрамісаў з рэжымам, які будзе працягваць чапляцца за сваю ўладу, будзе толькі перашкодай на шляху да пераменаў.
Дарэчы, калі зірнуць на прапанаваны Плятформай дэмакратычнага адзінства «Панамскі маніфест», адразу бачна адсутнасць у ім мерапрыемстваў, накіраваных на неадкладнае паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне. На гэтым фоне пазітыўна выглядае пазіцыя нашай Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Яна выступае за распрацоўку праграмы як эканамічных рэформаў, у тым ліку – неадкладных, каб ужо ў пераходны перыяд утварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця малога й сярэдняга бізнэсу, так і неабходнай заканадаўчай базы для ажыццяўлення транзіту да дэмакратыі й трывалага эканамічнага росту.



Комментарии