Прадказальнасць смерці
- 1 день назад
- 4 мин. чтения

15 чэрвеня ў Бялай Падлясцы (Польшча) стрэламі з пісталету быў забіты вядомы расійскі карыкатурыст, музыка, пісьменнік і блёгер Сямён Скрэпэцкі.
Забойца з месца здарэння скрыўся, яго цяпер шукаюць. Забойства адбылося побач з беларускім кансулятам. Паведамлялася, што ўжо пасля страляніны пры спробе пералезці праз плот кансуляту быў затрыманы мужчына. У далейшым зьявілася мнфармацыя, што гэта быў таксіст-беларус, які падвозіў меркаванага забойцу да месца забойства. Пры гэтым таксісту пагражалі пісталетам, таму ён, са страху, і спрабаваў схавацца на тэрыторыі кансуляту.
Самае трывожнае ў гэтай падзеі – ейная прадказальнасць. Бо тое, што апаненты дыктатарскіх рэжымаў не знаходзяцца ў эміграцыі ў бяспецы, мае шматлікія пацверджанні ў гісторыі. Асабліва – ў савецкай і расійскай.
Супраць скрэпаў
Роберту Кузаўкову на момант забойства было 44 гады. Вядомым ён зрабіўся, перш за ўсё, праз свае карыкатуры на Пуціна (а таксама Кадырава і ягонага сына), якія ён маляваў у сваеасаблівым стылі – «псіхадэліі» ці «скрэпрэялізме», як ён сам яго пазначаў. Псэўданім «Скрэпэцкі» ён узяў сабе, імаверна, таму што высмейваў у сваёй творчасці «скрэпцоў» – тых, хто падтрымліваў пуцінскі рэжым і ягоныя «скрэпы». З пачаткам расійскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014-ым сваімі творамі жорстка крытыкаваў дзеянні Расіі і ейнага кіраўнітва. Па некаторых даных, у 2020-ым падтрымліваў беларускія пратэсты. Намаляваў карціну з сінепалым Лукашэнкам, якога ззаду прыабдымае Пуцін. На карціне – надпіс: «Путин, введи войска!»
У 2021-ым выехаў у Польшчу. У эміграцыі прымаў удзел у акцыях расійскай апазіцыі. Пры гэтым паступова пачаў пераходзіць у «апазіцыю да апазіцыі», пачаўшы крытыкаваць апанентаў пуцінскага рэжыму. Некалькі разоў аб’ектам ягонай крытыкі рабіўся Аляксей Навальны – праз фразу апошняга «Крым – не бутерброд». Вядомым зрабіўся выхад Скрэпэцкага на адну з акцыяў у 2024-ым з карыкатурай на Навальнага, падпісанай гэтай фразай. За гэта яго шмат крытыкавалі ў сацыяльных медыя. Таксама за апошнім часам ён пачаў крытычна выказвацца на адрас украінскага кіраўніцтва й зняважліва выказвацца пра ўкраінцаў. Ня так даўно яго ўнеслі ў базу «Міратворац».
Апошняе публічнае мерапрыемства Скрэпэцкі правёў 12 чэрвеня, калі на Дзень Расіі выйшаў у Бэрліне на акцыю з «іконай» Пуціна й Сталіна. Пры гэтым з дзіркі ў штанах у яго тырчаў расійскі сцяг, які цягнуўся за ім па зямлі.
Карыкатуры аўтарства Скрэпэцкага шырока тыражаваліся ў сацыяльных сецівах. Бадай, няма чалавека, які б не сустракаўся з ягоным выяўленчым стылем. Акрамя таго, ён лічыцца аўтарам шматлікіх мэмных словаў і выразаў, вайшоўшых у сучасную расійскую мову: «сракеты», «аналоговнетный», «шмурдяк» (для пазначэння вакцыны ад ковіда), «скрепцы», «отпетушить за сельсоветом» і г. д.
Трывожны сігнал
Забойства Сямёна Скрэпэцкага адназначна разглядаюць як расправу над чалавекам, які моцна раздражняў пуцінскі рэжым. Савецкія і расійскія спецслужбы маюць даўнюю традыцыю ліквідацыі сваіх апанентаў за мяжой. Сярод найбольш гучных акцыяў – забойства Льва Троцкага Рамонам Меркадэрам у Мехіка ў 1940-ым і забойства кіраўніка ОУН Яўгена Канавальца, якое ажыццявіў савецкі агент Павел Судаплатаў у Ратэрдаме ў 1934-ым. Смерці лідэраў нацыянальных рухаў і дысідэнтаў, да якіх мелі дачыненне савецкія спецслужбы, працягваліся і пасля Другой светавой. Адной з ахвяраў быў і Сцяпан Бандэра, забіты савецкім агентам КДБ Багданам Сташынскім у Мюнхене ў 1959-ым.
У постсавецкі час палітычныя забойствы за мяжой зноў вярнуліся ў практыку расійскіх спецслужбаў пасля прыходу да ўлады Пуціна. Першым такім забойствам лічыцца смерць былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Яндарбіева, якога застрэлілі ў Катары ў 2004-ым. За гэта былі арыштаваныя два афіцэры расійскіх спецслужбаў. Потым былі атручванне Літвіненкі і замах на Скрыпаляў, за якімі, як лічаць заходнія спецслужбы, стаяў Крэмль. Пры гэтым меркаваныя выканаўцы акцыяў потым атрымлівалі разнастайныя ўзнагароды ды іншыя заахвочванні. Як лічыцца, для рэжыма Пуціна зьяўляецца істотным узнагародзіць сваіх агентаў-ліквідатараў, а калі тыя трапляюць у непрыемнасці – выцягнуць іх адтуль. Такім чынам утвараецца матывацыя для будучых ліквідатараў: маўляў, нават калі цябе арыштуюць, мы цябе ня кінем.
Таму пра рост імавернасці падобных акцыяў шмат хто папярэджваў, пасля таго як у жніўні 2024-га Расія (пры ўдзеле лукашэнкаўскага рэжыму) выменяла супрацоўнікаў сваіх спэцслужбаў на шэраг палітвязняў, якія знаходзіліся ў расійскіх турмах.
Сярод палітвязняў, якія атрымалі свабоду, былі такія вядомыя апазіцыйныя палітыкі, як Уладзімір Кара-Мурза, Ілля Яшын, Андрэй Півавараў. Наўзамен Расіі былі перададзены затрыманы ў Эстоніі палкоўнік ФСБ Вадзім Канашчонак, меркаваны агент ГРУ Павел Рубцоў, які дзейнічаў у атачэнні Юліі Навальнай, ды іншыя. Але ключавой фігурай абмену быў Вадзім Красікаў, які ў 2019-ым у Бэрліне забіў Зелімхана Хангашвілі, які ваяваў за незалежнасць Ічкерыі. За гэта нямецкі суд вынес Красікаву прысуд на пажыццёвае зняволенне. Расійскае кіраўніцтва было вельмі зацікаўленым у тым, каб Красікаў быў вызвалены. Каб заахвоціць немцаў да абмену, грамадзянін Нямеччыны быў выдадзены Беларусі. У нашай краіне, дзе, у адрозненні ад Расіі, працягвае існаваць смяротнае пакаранне, тэрміноваа быў вынесены смяротны прысуд, быццам за «тэрарызм».
Для нямецкага боку гэта мусіла быць сур’ёзным аргументам. А вызваленне Красікава было ўспрынята як сігнал патэнцыйным забойцам на слубже расійскага рэжыма: выконвайце нашыя заданні, а мы вас выцягнем з любых непрыемнасцяў.
Сённяшняе забойства, якое адразу было ўспрынята як палітычнае, укладваецца ў гэтую лёгіку. І гэта – вельмі трывожны знак. Прынамси, цяпер усім робіцца відавочным, што сцвярджэнні аб тым, што за мяжой апаненты рэжыму і чальцы іхніх семьяў «знаходзяцца ў бяспецы», зьяўляецца, у лепшым выпадку, сур’ёзнай памылкай. У горшым – цынічнай хлуснёй.



Комментарии