На жаль, лягічнае развіццё падзеяў
- 18 июн.
- 3 мин. чтения

Шасцёра дзяцей атрымалі раненні, адна з дарослых, якая іх суправаджала, загінула пад час удару па аўтобусу, які вёз дзяцей з Беларусі на адпачынак у расійскі Геленджык, што на беразе Чорнага мора. Шмат розных пачуццяў выклікае гэтая навіна: ад болю за параненых дзяцей і спачування іхнім бацькам да здзіўлення абраным кірункам падарожжа. Але самае трагічнае ў гэтай сітуацыі тое, што гэта – толькі пачатак.
Некаторыя ўжо пачалі вінаваціць у гэтым тых, хто праклаў маршрут: маўляў, трэ было ж дадумацца везці дзяцей у кілямэтры ад мяжы з Украінай! Але ці ў гэтым праблема? Вы сур’ёзна ня бачыце анічога страшнага-звышнатуральнага ў тым, што беларускіх дзяцей павезлі на адпачынак у краіну, якая вядзе агрэсіўную вайну, якая прыпёрлася ў чужую краіну й забівае там людзей, якая пагражае ядравымі ўдарамі сваім суседзям?
Ня трэба думаць, што калі зьяўляецца прапанова дзяцей у Расію адправіць ці самім туды паехаць (кшталту: сонца, морка, пазітыўчык… Расеюшка, зноўку, «родная»), дык гэта, значыць, шчасьце вам прываліла. А на астатняе – пляваць. І весціся на аповеды прапаганды, што ўсё там чыкі-пікі – росквіт, пэрспэктывы, мірныя нябёсы 24/7 – таксама ня трэба. Як і ня трэба верыць аповедам пра «бэчэбэшнікаў» гэтых беглых, што пра нейкую там вайну ды пагрозу жыццям трызняць, і што гэта яны пад дудку сваіх заакіянскіх гаспадароў грантавую замову адпрацоўваюць.
Нават калі ў сям’і такі матэрыяльны стан, які не дазваляе марыць аб аплочанай з уласнай кішэні паездкі на мора (а пры цяперажнім рэжыме ўсе разумеюць, што такі стан – у большасці беларускіх сем’яў), варта, усё ж, не губляць здольнасці скласці два плюс два й зрабіць неабходныя высновы, якія выратуюць здароўе, а тое й жыццё й вам, і вашым дзецям. Тут ня трэба хадзіць на «экстрэмісцкія рэсурсы». Дастаткова будзе зайсці на розныя расійскія «афіцыйныя» каналы, ці ў тамтэйшыя паблікі, каб атрымаць інфармацыю пра рэгулярныя атакі на той жа Геленджык. Як, уласна, і на ўсё расійскае Чарнаморскае ўзбярэжжа. Толькі ў ноч з 16 на 17 чэрвеня, па паведамленні расійскіх навінных каналаў, над Краснадарскім краем (дзе месціцца Геленджык) былі збітыя 360 украінскіх дронаў. Любы, хто там знаходзіцца (а таксама ў любой іншай частцы Расіі – ня толькі на прымежных дарогах) рызыкуе ў любы ж момант згубіць здароўе, а тое й жыццё. І што б ні казалі маскоўскія ці беларускія афіцыйныя прапагандысты, запомніце, калі ласка: Расія – гэта вайна!
І яшчэ запомніце галоўнае, што мусіць быць першым і галоўным аргументам пры прыняцці рашэнняў у падобных сітуацыях:
Расія распачала агрэсіўную вайну. Праз гэта ездзіць туды на адпачынак – значыць падтрымліваць гэтую вайну;
Україна абараняе сябе – у тым ліку, праз удары па інфраструктуры праціўніка.
Ездзіць у Расію пры такіх умовах – падвяргаць сябе й сваіх блізкіх смяротнай небяспецы (нават калі вам пляваць на тое, што вы едзеце да агрэсара).
Але самае цяжкае ў гэтай сітуацыі тое, што яна будзе мець далейшае лягічнае развіццё. Той шлях, які абраў для сябе рэжым Лукашэнкі, і пад які ён падпісаў усіх беларусаў, - гэта шлях у Расію. То-бок – у вайну. А гэта значыць, што ня толькі паездка ў Расію будзе несці беларусам і іхнім дзецям пагрозу. Пагроза няўмольна наблтіжаецца й да нашых дамоў.
Што рабіць у токой сітуацыі? У такой сітуацыі варта скарачаць да мінімуму сваё ўзаемадзеянне з рэжымам, ня весціся на ягоную прапаганду, разумець, што шлях у Расію – гэта шлях у нікуды, ня ездзіць туды самім і тым больш не адпраўляць туды сваіх дзяцей. І, зразумела, рыхтавацца да таго моманту, калі ўзнікне магчымасць, урэшце, скінуць той смяротна небяспечны для беларусаў цяжар, які завецца «лукашызм».



Комментарии