Ратавальны балянс нашага свету
- 7 дней назад
- 4 мин. чтения
Обновлено: 2 дня назад

«І куды гэты свет коціцца?» – калісці папулярнае пытанне ў нашыя дні згубіла свой рытарычны характар і ператварылася ў шчырую цікаўнасць наконт формы той катастрофы, якая нас чакае наперадзе. Сітуацыя ў свеце, сапраўды, нагадвае ашалелы ківач, які, згубіўшы ўсю палітычную лёгіку, з свістам лётае праз крайнюю левую да гэтакай жа крайняй, але правай пазіцыі, ператварыўшы гістарычны працэс у суцэльнае кола, гатовае знішчыць усё на сваім шляху.
Аптымістаў, якія лічаць, што ня ўсё яшчэ згублена, і што свет здолее знайсці паратунак, засталося няшмат. Рэй вядуць песімісты, якія лічаць, што «часоў звязку больш няма», а Гамлетам, які б узяўся яго аднаўляць, і не пахне. Ды як яго аднавіць, калі лідэры дэмакратычнага свету мараць заключыць з дыктатарамі вялікія здзелкі і грызуцца паміж сабой з нагоды хто каму не дапамог, а абаронцы роўнасці, свабоды і правоў чалавека змагаюцца за роўнасць тэрарыста і ягонай ахвяры і ў абарону правоў тыранаў свабодна вынішчаць свой народ? І ці можна знайсці сярод гэтага ўсяго нейкае рашэнне для нас – беларусаў, якія жадаюць жыць у сваёй, але свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай краіне?
Вось тут варта было б разабрацца, як мы дайшлі да жыцця такога, бо калі ведаеш падставу праблемы, думаць па-над ейным вырашэннем будзе прасцей.
Працэс, канечне, складаны. Бо можна казаць, што падстава – гэта трыюміф папулістаў, якія апанавалі палітычнай прасторай у апошнія дзесяцігоддзі. Яны адвяргаюць традыцыйныя дэмакратычныя інстытуты, у першую чаргу – парлямэнтарызм і традыцыйныя палітычныя партыі. З іх папулісты робяць тое «чужое», чым палохаюць людзей. «Вось, маўляў, хто крадзе вашую будучыню,» – кажуць яны. «Усе гэтыя палітыкі занятыя выключна клопатам пра сваю кішэню, і нічога ня робяць для вас,» – кажуць яны. «Галасуйце не за іх, галасуйце за нас, бо мы – гэта вы, а яны – гэта нашыя супольныя ворагі,» – кажуць яны. Рацыянальных аргументаў яны пры гэтым не прыводзяць. Яны ўздзейнічаюць, перш за ўсё, на эмоцыі. А паколькі найбольш эфектыўным будзе ўздзеянне на моцныя эмоцыі, дык яны і апелююць да такіх эмоцыяў як страх, нянавісць, зайздрасць. Карацей, да таго, што абудзіць у людзях радыкалізм. Тады імі будзе прасцей маніпуляваць і прасцей накіраваць у той бок, які патрэбны папулістам, указаць пальчыкам на пэўны аб’ект і закрычаць: «Ату яго!» А потым назіраць, як людзі будуць ірваць яго на кавалкі.
Але ж для з’яўлення папулістаў таксама мусяць быць пэўныя падставы. Як тое адбылося ў першай палове ХХ стагоддзя, калі папулісты спрытна скарысталіся палітычным і эканамічным крызісам у шэрагу краінаў. Тады відавочна патрэбнымі былі перамены. І людзі пайшлі за тымі, хто прапаноўваў сцэнар гэтых пераменаў – радыкальны, з адвярганнем папярэдняй мадэлі, з простымі адказамі на складаныя пытанні, з указаннем пальцам на «вінаватых». Прывяло гэта да вельмі непрыемных наступстваў для чалавецтва.
І вось тут нельга ўпускаць з-пад увагі тую акалічнасць, што нават у тых краінах, якія апынуліся ў кіпцюрох папулізму, большасць грамадства чакала чагосці іншага. Так, людзям патрэбныя былі перамены, але не такія, якія прапаноўвалі тыя ж фашызм, нацызм ці бальшавізм. Грамадствы хацелі ісці наперад, але яны хацелі абараняць сваё жыццё, пашыраць і ўмацоўваць сваае правы і свабоды, а не ахвяраваць імі дзеля нейкіх «вышэйшых» мэтаў і «вялікіх» правадыроў, і яны зусім не хацелі адмаўляцца ад такіх каштоўнасцяў, як традыцыі, культура, прыватная ўласнасць.
Праблема была ў тым, што палітычны спектр шмат якіх краінаў ня мог прапанаваць гэтым людзям тую палітычную сілу, якая магла б іх аб’яднаць у рэсурс, здольны процістаяць небяспечнаму папулізму. У Брытаніі такія сілы знайшліся, утварыўшы кааліцыйны Нацыянальны ўрад, які мог процістаяць тэндэнцыям да радыкалізацыі палітыкі. А ў Нямеччыне – не. Больш за тое, розныя «хітрыкі» тамтэйшых палітыкаў, якія спрабавалі пагарнуць на сваю карысць аўтарытарныя элементы Веймарскай канстытуцыі і згуляць на меркаванай слабасці Гітлера, партыя якога пачала губляць папулярнасць у грамадстве, прывялі да прыходу нацыстаў да ўлады.
Сітуацыя нашага часу шмат у чым нагадвае тую, што была амаль сто год таму. Але назапашаны досвед дазваляе зрабіць неабходныя высновы, каб процістаяць галоўным пагрозам – папулізму і радыкалізму, на якіх трымаюцца і сучасныя дыктатары і агрэсары.
Мы можам казаць, што ратавальным кругам для грамадстваў (у тым ліку – нашага) будуць тыя палітычныя сілы, якія арыентуюцца, перш за ўсё, на балянс паміж патрэбамі пераменаў і рызыкай, што гэтыя перамены змятуць усё тое, што мы любім, чаго трымаемся, і чаго не хацелі бы згубіць.
Менавіта такой сілай выступае Аб’яднаная Грамадзянская Партыя. Ідэялёгія партыі грунтуецца на ліберальна-кансэрватыўных пазіцыях, якія даюць неабходны балянс паміж хадой наперад і захаваннем традыцыяў.
Партыя заўжды выступала і працягвае выступаць за абарону і развіццё правоў і свабодаў чалавека, за рынкавую эканоміку і абарону прыватнай маёмасці, за падтрымку і развіццё прыватнай ініцыятывы, адкрытасць да бізнэсу і інавацыяў. Але пры гэтым падкрэсліваецца павага да мовы, традыцыяў, культуры. Істотнымі задачамі для партыі з’яўляюцца захаванне парадку і забеспячэнне надзейнага функцыянавання дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, у тым ліку – інстытуту сям’і.
Партыя ніколі не абяцала накарміць кожнага, не абяцала узяць усіх на рукі і аднесці ў светлую будучыню. Але яна абяцала даць магчымасць кожнаму працаваць і годна зарабляць – у залежнасці ад здольнасцяў і жаданняў, зрабіць Беларусь краінай, у якой камфорта жыць.
Цяпер, калі мы ўсе апынуліся ў вельмі няпростай сітуацыі, як раз аб’яднанне вакол ідэяў і практычных дзеянняў, заснаваных на балянсе, можа дазволіць пазбегнуць далейшай радыкалізацыі і траплення ў новае кола дыктатуры. І плятформа, якая прапануе ход наперад, але без рыўкоў і катаклізмаў – выглядае найбольш разумным выбарам.



Комментарии