Што ня так з «прагнозам» ад Цэнтру новых ідэяў?
- 3 дня назад
- 4 мин. чтения
Обновлено: 22 часа назад

Цэнтр новых ідэяў выдаў «прагноз» транзіту ўлады ў Беларусі й суправаджальных падзеяў. Падаецца, усё салідна: прыгожая вокладка, імёны аўтараў, адсылка да апытання 29 экспэртаў… Але чытаць пачынаеш – і не пакідае ўражанне нейкай дэфармаванасці лёгікі напісанага.
Перша за ўсё ў вочы кідаецца тое, што ён зыходзіць з поўнай статычнасці сітуацыі, прызнаючы дынаміку толькі ў сфэры здароўя Лукашэнкі. Ні дынаміку расійска-украінскай вайны, ні звязаную з гэтым дынаміку эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў той жа Расіі (роўна як і ў Беларусі) яны не ўлічваюць. Тым ня менш, аналіз сітуацыі паказвае, што тут тэмп развіцця падзеяў у апошні год значна паскорыўся, і гэтае паскарэнне, разам з ягоным вектарам – негатыўным для Расіі і лукашэнкаўскага рэжыму, не дазваляе спадзявацца на захаванне цяперашняга status quo ажнік да 2030-га.
Па-другое, ідэя пра «манэўраванне палітычных элітаў (Беларусі) паміж Масквою і Захадам» абсалютна ігнаруе рэчаіснасць, у якой Масква не збіраецца дапускаць аніякага «манэўравання». Пра гэта кажа і расійскае кіраўніцтва, і расійскія ідэёлягі, і гістарычны досвед. Так што аніякай прасторы для манэўру у беларускай «эліты» – ні лукашыстаўскай, ні дэмакратычнай – няма. Трэба абіраць бок, якога трымацца. Праўда, для тых, хто абярэ расійскі бок, у нас маюцца кепскія навін: пры любым сцэнары развіцця падзеяў іх чакае пройгрыш («элітамі» яны не застануцца). Таму тым, хто жадае захаваць гэты статус (ці захаваць шанец на ягонае захаванне) давядзецца мяняць гэты бок. І чым раней, тым вышей шанцы на захаванне (ня толькі статусу).
Трэцяе. Аслабленне Расіі як «малаімаверны сцэнар», зноўку, ігнаруе дынаміку развіцця падзеяў. Прапанова перасяліць 300 тыс. жыхароў акупаваных абласцей Украіны і памежных з Украінай расійскіх абласцей у Сібір і на Далёкі Усход, што прагучала з вуснаў галоўнага крамлёўскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, не выглядае сведчаннем вялікай упэўненасці ў сваіх сілах. Улічваючы ўдары па самых розных стратэгічных аб’ектах Расіі – ад аб’ектаў энэргетыкі да складоў гандлёвых пляцовак (з шматмільярднымі стратамі эканамічнымі ды пакуль невымяральнымі стратамі палітычнымі), Расія не пацягне доўгую вайну на вычарпанне рэсурсаў.
Тым больей яна не пацягне хуткую перамогу над Украінай – ня тая для гэтага сітуацыя склалася. А калі й пацягне, Україна, як вядома – не канцавая мэта. Далей – непазбежна! – будзе Балтыя ды Польшча. Бо гэта выцякае з лёгікі ўсёй вось гэтай двіжухі, зацеянай Расіяй яшчэ ў пачатку 90-ых з арганізацыі праблемаў для былых савецкіх рэспублікаў з насажваннем у іх прамаскоўскіх рэжымаў. Але канфлікт з Эўропай Расія дакладна не пацягне. Асабліва, калі словы Зяленксага пра жорсткае кітайскае папярэджанее расійскаму кіраўніцтву аб недапушчальнасці выкарыстання ядравай зброі.
Асаблівае замілаванне выклікае заява пра тое, што Масква падтрымае «любога геапалітычна прымальнага кандыдата». Ну, добра, расшыфроўку паняцця «геапалітычна прымальны кандыдат» пакідаем на сумленні аўтараў «прагнозу». Але тое, што яна ўжо колькі дзесяцігоддзяў трымаецца аднаго «геапалітычна прымальнага кандыдата», нават нягледзячы на тое, што ён вядзе вайну супраць уласнага народу, дэманструе, што ёй патрэбны далёка не «любы» кандыдат. А канкрэтна вось такі – той, хто ваюе супраць усяго беларускага й сам ёсць Расіяй. Вось ня будзе яго – тады можна падумаць пра поўную інкарпарацыю Беларусі ў Расію. Хай на бягучы момант ёй гэта ня выгадна, але ж дынаміка можа прывесці да перавагі менавіта такога сцэнару.
Чацвёртае. Пасіўнасць і абыякавасць эўрапейцаў у беларускім пытанні, можа, і былі актуальным станам яшчэ год-два таму. Цяпер жа, дзякуючы ўпартай працы беларускіх Дэмакратычных сілаў і ў першую чаргу, не пастрашымся гэтага слова, Офіса Святланы Ціханоўскай, настроі эўрапейцаў у значнай ступені змяніліся. Беларусь цяпер для іх – ня чорная дзірка з невыразнай масай насельніцтва, адданага дыктатуры. І тым больш, Беларусь для іх не ня маючая аніякай каштоўнасці тэрыторыя, якую можна лёгка пакінуць Расіі. Яна цяпер для іх – істотны элемент міжнароднай бяспекі (патэнцыйна). А асабліва востра гэта адчуваюць цяпер ва Украіне. Што таксама дадае важкасці словам ОСЦ пра неабходнасць зрабіць Беларусь свабоднай і эўрапейскай.
Выклікае пытанні вера аўтараў у тое, што сістэма, пабудаваная Лукашэнкам, можа захавацца й пасля ягонага сыходу. Даруйце, Лукашэнка, будуючы свой «сацыялізм з чалавечым тварам» зусім ня вынайшаў вечны эканамічны рухавік. Наадварот, ён упарта будаваў сістэму, якая ўжо прывяла да гібелі куды больш магутную дзяржаву – СССР. І вось у чым яму нельга адмовіць, дык гэта ў тым, што ён на шляху аднаўлення гэтай гібельнай сістэмы дасягнуў вялікіх поспехаў. Таму любы, хто прыйдзе на ягонае месца, сутыкнецца з каласальным пытаннем: як з гэтым усім шалёным поспехам выжыць? Вайсковыя хунты Лацінскай Амерыцы, сутыкнуўшыся з падобнай сітуацыяй у 80-ыя, проста ціха сыйшлі ў свае кашары, зрабіўшы выгляд, што яны тут «ні пры чым», і пакінуўшы разграбацца з усім гэтым дэмакратам. Наўрад ці ў атачэнні Лукашэнкі знойдзецца чалавек з інтэлектам, дастатковым для прыняцця такога рашэння.
Таму любы «пераемнік» будзе проста далейшым працягам агоніі лукашэнкаўскай сістэмы. З ейнай непазбежнай гібеллю. Што, дарэчы, выглядае досыць аптымістычна. Бо гэтая сітуацыя робіць мала імаверным усталяванне новага дыктатарскага рэжыму. І аніякія казкі пра «вялікую эканамічную эфэктыўнасьць цвёрдай рукі» тут не дапамогуць супраць заканамернасцяў эканамічнага развіцця.
На ўсім гэтым фоне заявы аўтараў пра «дамоўны» транзіт у Польшчы выглядаюць проста дробнай недарэчнасцю. Тут аўтары проста зрабіліся ахвярамі папулярнага сярод беларускіх «экспэртаў» меркаваннем, што транзіт у Польшчы быў арганізаваны праз «круглы стол» з пануючым рэжымам і дамоўзленасці, якія былі заключаны па выніку. Але варта нагадаць, што «круглы стол» і дамоўленасці захоўвалі ўладу акурат у руках дзейнага рэжыму. Але як толькі СССР перастаў быць «гарантам» існавання гэтага рэжыму, усе дамоўленасці «круглага сталу» былі згорнутымі ў трубачку дэмакратычнамі сіламі й засунутымі камуністам у… кішэньку.
Але галоўнае, што не дазваляе сур’ёзна паставіцца да прапанаванага «прагнозу» – гэта поўнае ігнараванне суб’ектнасці беларускага грамадства. Можна з упэўненасцю сказаць, што аўтары «прагнозу» ва ўпор ня будуць бачыць набліжэння пераменаў, пакуль не сутыкнуцца з імі ў лоб. Як сутыкнуліся падобныя ж «прагназісты» з выбухам 2020-га. Тое, што за некалькі месяцаў да тых падзеяў у снежні 2019-га на мерапрыемствы па абароне незалежнасці па закліку Статкевіча выйшла тысяча чалавек, зусім ня значыла, што ў жніўні ня выйдуць сотні тысячаў. Беларускае грамадства, што б ні казалі «сацыялягічныя даследванні», не перагарнула старонку й не змірылася з існаваннем рэжыму, які гэтае грамадства адкрыта ненавідзіць і паслядоўна вынішчае. Згорнутая спружына народнай нянавісці чакае свайго часу. І тут можна да прагназістаў не хадіць – дачакаецца.
Вось да гэтага моманту й мусяць быць гатовымі Дэмакратычныя сілы. Якія, насуперак перакананасці аўтарам «прагнозу», здольныя распрацаваць праграму на пераходны перыяд. Больш за тое, яны гэтым і займаюцца. А вось спадзявацца, што гэта за нас зробяць эўрапейцы – ну, крышачку дзіўнавата, штоле…



Комментарии