Памерла Святлана Гальдадэ
- 22 янв.
- 1 мин. чтения

Аб’яднаная Грамадзянская Партыя з глыбокім смуткам паведамляе, што 21 студзеня памерла Святлана Гальдадэ – адна з старэйшых чальцоў нашай партыі.
Святлана Гальдадэ ў першыя гады незалежнасці Беларусі, з 1991 па 1996, займала пасаду старшыні Гомельскага гарадскога савету народных дэпутатаў, а з 1991 па 1994-га ўзначальвала таксама Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт. Яна дагэтуль засталася жанчынай, якая ўзначальвала гомельскую выканаўчую ўладу. Пасля прыходу да ўлады ў краіне Лукашэнкі і пачатку пабудовы дыктатуры, Святлана засцярожыла сваю дзейнасць на абароне правоў чалавека ў Беларусі.
Віктар Карнеенка, які быў намеснікам Святланы Гальдадэ ў Гомельскім гарвыканкаме, так піша пра яе: «Пайшла ў лепшы свет Святлана Канстанцінаўна Гальдадэ, старшыня Гомельскага гарсавету і выканкаму часоў перабудовы. Лёс вызначыў так, што я тры гады працаваў пад яе началам у якасці намесніка. Нас выбраў нялегкі час, калі сацыяльна-эканамічныя катаклізмы здаралісь што не дзень. То раптоўна знікаў тытунь, то цукар, то ўсё разам. Алею ў агонь падлівала старая наменклатура, якая, па мойму, так і не ўспрыняла Святлану Канстанцінаўну за роўную сабе. Але падтрымкай быў гарадзкі Савет, адзіны прадстаўнічы орган улады ў Беларусі, дзе антыкамуністычныя сілы мелі большасць. Апошні раз у будынку Гомельскага гарвыканкаму мне прышлося пабывать у 2018, калі спатрэбілася даведка для афармлення пенсіі. За менш чым гадзіну да мяне падышлі пяць супрацоўнікаў з прыкладна аднымі словамі. Паводле іх праца ва ўладзе пад кіраўнітствам Гальдадэ была самым лепшым і запамінальным для іх часам ва ўладзе. Запомніліся на ўсё жыццё і мне тыя тры гады. Бывай Святлана Канстанцінаўна. Дзякуй за палітычныя і жыццёвыя ўрокі. Самыя шчырыя спачуванні мужу Віктару Антонавічу, сыну, унучцы, ўсім родным і блізкім, сябрам».
Аб’яднаня Грамадзянская Партыя далучаецца да спачуванняў родным і блізкім Святланы і смуткуе разам з імі.



Комментарии