У наш час, у не далёкай галактыцы…

Гісторыя любіць паўторы – мусіць, верыць, што так чалавецтва лепш вывучыць ейныя ўрокі. На жаль, вучань з чалавецтва атрымаўся ня самы лепшы, таму й урокі робяцца ўсё больш сур’ёзнымі, і рызыка, што чалавецтва рызыкуе ня проста застацца на другі год, а цалкам выляцець з навучальнай праграмы, робіцца ўсё больш рэяльнай.
Як процістаяць «Iмперыі зла»
Існуе такая гарадская легенда, што ідэя Стратэгічнай абароннай ініцыятывы (САІ) прыйшла ў галаву прэзыдэнту Злучаных Штатаў Рональду Рэйгану пасля прагляду фільмаў Джорджа Лукаса «Зорныя войны». Але ж гэта – байка. «Зорнымі войнамі» САІ называлі акурат апаненты Рэйгана, у першую чаргу, – сэнатар Эдвард Кэнэдзі. Гэта ён так пазначыў ініцыятыву, якая гучала, выглядала, падавалася чымсці нерэяльным, фантастычным, зьявіўшымся адкульсці з далёкай-далёкай-далёкай галяктыкі. Уласна, чымсці такім яна й была ў рэчаіснасці – толькі далёкую-далёкую галяктыку замяніла фантазія цалкам зямных людзей.
І тым ня менш, нягледзячы на ўсю сваю фантастычнасць, нерэяльнасць і пражэкцёрства, гэтая ініцыятыва зрабіла істотны ўнёсак у завяршэнне Халоднай вайны й падзенне тагачаснай «імперыі зла» – СССР.
Магчыма, Рональд Рэйган сапраўды запазычыў выраз «Імперыя зла» у Лукаса. Ды й пазначэнне «Зорныя войны», як шырока пачалі называць ініцыятыву ў далейшым (нават у СССР, дзе пра фільмы Лукаса ў той час ведалі толькі нешамтлікія шчасліўчыкі), да самой праграмы не выклікалі надта негатыўныя асацыяцыі. Хутчэй, наадварот, яны ўспрымаліся як барацьба за свабоду ад той самай Імперыі.
Упершыню пра ажыццяўленне гэтай праграмы Рэйган абвясціў у сваёй прамове, вымаўленай 23 сакавіка 1983 – праз 15 дзён пасля таго, як ён назваў СССР «Імперыяй зла». У Рэйгана былі падставы для такога пазначэння. Ужо больш за тры гады йшла вайна ў Аўганістане, распачатая савецкім кіраўніцтвам, а вышэйшы пост у краіне займаў Юрый Андропаў – былы кіраўнік савецкага КДБ. Ні ён, ні гэтая арганізацыя аніякіх добрых прачуццяў у амерыканцаў выклікаць не магла.
Андропава загадзя рыхтавалі ў якасці замены цяжка хвораму Брэжневу. Яшчэ ў траўні 1982-га яго «абралі» на пасаду сакратара Цэнтральнага камітэту КПСС, бо з пасады кіраўніка КДБ ён ня мог наўпрост трапіць на вышэйшую пасаду Генэральнага сакратара. Адбыўшы некалькі месяцаў у ролі сакратара, ён пасля смерці Брэжнева ў лістападзе таго ж году заняў пасаду ўжо генеральнага. Пасля чаго ён пачаў ажыццяўляць свій плян па ратаванні СССР, які ў той час ужо дэманстраваў відавочныя прыкметы хуткай гібелі. І, як і ўсе іншыя «радзецелі СССР», ён рабіў гэта праз жорсткія метады. Да лягероў ды растрэлаў, як за часам Сталіна, справа не дайшла (праз кароткасць часу кіравання), але ўспаміны тых, хто меў з ім справу, сведчаць, што паратунак Саўку ён бачыў менавіта ў гэтым.
Карацей, амерыканцы мелі ўсе падставы страшыцца пэрспэктываў суіснавання на адной плянэце з гэтым ястрабам. У той час канцэпцыя гарантаванага ўзаемнага знішчэння саступіла месца канцэпцыі стрымлівання, якая будавалася на непазбежнасці зваротнага ўдару ў выпадку атакі балістычнымі ракетамі на тэрыторыю ЗША. А імавернасць ўадру ў адказ тым вышэй, чым меней атакуючых ракетаў даляціць да амерыканскай тэрыторыі.
САІ акурат для гэтага й прызначалася. Ейнай галоўнай задачай быў перахоп і знішчэнне варожых ракетаў у космасе – на далёкай адлегласці ад ЗША. Натуральна, гэта патрабавала развіцця нговых тэхналёгіяў. У тым ліку, стварэння ядравых лязэраў, размешчаных як на зямлі, так і ў космасе, а таксама патокаў субатамных часціцаў, электрамагнітных гарматаў ды таму падобнага. І ўсё гэта мусіла кіравацца гіганцкім супэркампутарам.
Блеф касмічнага маштабу
Крытыка ініцыятывы ўзнікла адразу пасля яе агучвання. Тэхналёгіі, якія меркавалася выкарыстоўваць, не прайшлі належнай праверкі й не маглі лічыцца надзейнымі, а многі з іх знаходзіліся толькі на пачатковай стадыі распрацоўкі.
Больш за тое, сам эфэкт ад выкарыстання сістэмы, нават пры ўмове ейнага паспяховага завяршэння, быў абмежаваным. Яна не забяспечвала абароны ад авіяцыі, ад крылатых ракетаў наземнага, паветранага ці марскога базавання. Яе можна было абыйсці пры дапамозе ракетаў-пастак. Плюс да гэтага, узніклі сур’ёзныя засцярогі ў сувязі з пэрспэктывамі мілітарызацыі космасу.
Быў і стотны негатыўны эфект для міжнародных адносінаў. Рэялізацыя праграмы парушала Дамову аб абмежаванні сістэмаў проціракетнай абароны (ПРА), заключаны 26 траўня 1972-га, і скранала з раўнавагі сітуацыю ў сфэры ядравых узбраенняў, якая існавала паміж ЗША й СССР. А нестабільнасць сістэмы пагражала ў адзін цудоўны момант поўным яе абрушэннем.
Такім чынам, Рэйган наўмысна йшоў на шмат па якіх параметрах вельмі рызыкоўны крок. Але як лічаць некаторыя сучасныя даследнікі, разлік Рэйгана й ягонай адміністрацыі будаваўся не на практычным прымяненні САІ, а на эканамічных наступствах ейнага палітычнага эфекту.
Паколькі праграма давала відавочную перавагу амерыканцам, дык СССР быў проста вымушаны прымаць адпаведныя меры ў адказ. А гэта, зразумела, патрабавала велізарных фінансавых выніяткаў. У Амерыцы лічылі – і лічылі зусім слушна, – што сацыялістычная эканоміка Савецкага Саюзу не магла вытрымаць падобны цяжар. СССР, сапраўды, напрудзіў усе свае сілы, каб кампенсаваць гіпатэтычнае адставанне. І нават абвесціў у 1987-ым аб існаванні ў яго аналягічнай праграмы. Але гэта каштавала яму далейшага існавання, і праз чатыры гады пасля гэтага ён знік з палітычнай мапы. Разам з гэтым завяршылася й Халодная вайна.
Тады шмат хто палічыў, што на гэтым далейшае ажыццяўленне праграмы страціла свой сэнс. Ужо ў 1991-ым тагачасныв прэзідэнт ЗША Джордж Буш (старэйшы) заклікаў да абмежавання праграмы. У выніку яна мусіла звесціся да стварэння сістэмы ракетаў-перахопнікаў наземнага базавання. Пасля таго, як у Белы Дом прыйшла адміністрацыя Клінтана, ейнае фінансаванне значна скарацілася.
Але пры гэтым поўнай адмовы ад рэялізацыі не было. У 1993-ім САІ была ператворана ў Арганізацыю абароны ад балістычных ракетаў. Меркавалася, што тэрыторыю ЗША ад ядравай атакі будзе прыкрываць сістэма пад назвай Нацыянальная ракетная абарона (НРА).
Імперыя наносіць удар у адказ
А праз некаторы час сітуацыя у свеце змянілася. Зьявіліся новыя выклікі ў выглядзе міжнароднага тэрарызму. І хоць у тэрарыстаў ды краінаў-выгнаннікаў не было магчымасці нанасіць удары па тэрыторыі ЗША балістычнымі ракетамі (у той час, прынамсі), прэзідэнт Джордж Буш (малодшы), які ўступіў на пасаду ў студзені 2001-га, вярнуў праграме прыярытэтнае значэнне.
Ужо ў наступным годзе ЗША выйшлі з дамовы ПРА, якая абмяжоўвала магчымасці выпрабаванняў кампанэнтаў сістэмы. Яшчэ праз два гады пачалося размяшчэнне ракетаў-перахопнікаў марскога базавання, а таксама на Алясцы (у Форт-Грылі) і ў Каліфорніі (авіябаза Вандэрбэрг). Зьявіліся намеры размясціць элементы сістэмы ў шэрагу эўрапейскіх краінаў, каб абараніць іх ад тых жа міжнародных тэрарыстаў, краінаў-выгнаннікаў, а таксама ад выпадковых пускаў ракетаў.
Як прадэманстраваў час, завяршэнне Халоднай вайны зусім не азначала завяршэнне глябальных пагрозаў. Спіс краінаў-выгнаннікаў значна пашырыўся, роўна як і іхнія тэхналягічныя магчымасці. Зноў на гарызонце замаячыла «Імперыя зла». Прычым, гарызонт апынуўся не такой ужо ўяўнай, а вельмі канкрэтнай і вельмі блізкай лініяй. Па іроніі лёсу, яе зноў узначаліў выхадзец з КДБ. І з вельмі падобным шляхам да ўлады. Як Андропава ў траўні 1982-га пачалі рыхтаваць у брэжнеўскія пераемнікі, так Пуціна ў жніўні 1999-га перамясцілі з фатэлю дырэктара ФСБ (расійскай пераемніцы КДБ) на пасаду расійскага прэм’ера. А ў апошнія хвіліны 1999-га Ельцын вызваліў для яго месца прэзідэнта. І метады ў яго тыя ж, што й у Андропава. Вось толькі часу на ажыццяўленне задуманага ў яго значна болей.
У дзейнасці амерыканцаў таксама прасочваюцца паралелі. Каб забяспечыць элемент стрымлівання, цяперашні прэзідэнт Трамп яшчэ ў 2025-ым загадаў накрыць тэрыторыю ЗША проціракетным «жалезным купалам». І вось цяпер амерыканцы абвясцілі аб размяшчэнні ў космасе кінэтычнай зброі. Пры гэтым, нельга выключаць, што новы этап «зорных войнаў» па сутнасці сваёй зьяўляецца такім жа блефам, як і САІ 80-ых. Але ў апошнім варыянце напружвае ня надта сур’ёзны, але вельмі пагрозлівы выгляд твараў удзельнікаў процістаяння. Што можа казаць пра зусім не жартоўныя агульныя пэрспэктывы.



Комментарии