top of page

Будучыні ня будзе І

39 минут назад
3 мин. чтения
Студэнты нямецкай нацыі ў Балёнскім універсітэце (мініяцюра XV ст.)
Студэнты нямецкай нацыі ў Балёнскім універсітэце (мініяцюра XV ст.)

У мас-медыя зьявілася навіна: у Берасьцейскім універсітэце прайшоў «паказальны суд» над чалавекам, які абвінавачваўся ў «абразе Лукашэнкі». На фоне іншых падобных навінаў гэтая, падаецца, мала чым вызначаецца. Але ў рэчаіснасьці гэта – вельмі небясьпечны фактар, які сігналізуе пра атаку на базавыя прынцыпы ўніверсітэцкай адукацыі. Атаку, якая наўпрост пагражае будучыні Беларусі. І пры гэтым рэжыме гэтай пагрозе даць рады не атрымаецца.

 

Базавыя прынцыпы ўніверсітэцкай адукацыі

Чаму ў Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі няма будучыні, запытваецеся? Можна ж не злаваць дзеда, адмяніць санкцыі ў абмен на ўмоўную свабоду палітвязьняў (з заменай іх на іншых) і вярнуцца сабе ў цёплы і лямпавы 2019-ты, каб працягваць ігнараваць тое, што адбываецца навокал і падманваць сябе, што так будзе заўжды?  Дык ня будзе ж. І ня толькі праз крах эканомікі, «русский миръ», вайну, масавы ад’езд беларусаў за мяжу. Адна з з самых страшных рэчаў, якая цяпер адбываецца ў Беларусі, – гэта вынішчэньне вышэйшай адукацыі.

Гаворка тут ня толькі пра страшэнны адток выкладчыцкіх кадраў – праз звальненьні, дабрачынны сыход, тую ж эміграцыю. І ня толькі адсутнасьць сувязяў зь вядучымі замежнымі ўніверсітэтамі Эўропы й Паўночнай Амерыкі, празь якія можна атрымаць доступ да перадавых тэхналёгіяў ды метадалёгіяў, у тым ліку – у галіне той жа адукацыі, каб не адставаць ад сусьветных трэндаў.

Гаворка ідзе пра зьнішчэньне самой атмасфэры ўніверсітэцкай адукацыі, безь якой яна ня здолее выконваць свае галоўныя функцыі: даваць маладым людзям прафесійныя веды, вучыць мысьліць крытычна, ствараць новыя веды й тэхналёгіі й дапамагаць грамадству вырашаць як актулаьныя праблемы, так і вызначаць, фармуляваць і прадухіляць тыя праблемы, якія могуць паўстаць перад грамадствам у будучыні, калі загадзя не прадпрыняць неабходныя меры.

Каб гэта было магчымым, любы ўніверсітэт мусіць быць тэрыторыяй свабоды, дзе без перашкодаў мусяць агучвацца й абмяркоўвацца любыя, нават, самыя вострыя праблемы. Бяз гэтага ня будзе аніякага прагрэсу. А калі грамадства не ідзе наперад, яно непазьбежна ідзе назад. Што гэтак жа непазьбежна прывядзе да катастрафічных наступстваў.

У той жа час, універсітэцкая свабода ня мусіць абмяжоўвацца выключна выбарам тэмаў для абмеркаваньня ды самім абмеркаваньнем. Дзеля таго, каб маладыя людзі былі здольныя гэта рабіць, яны мусяць адчуваць сябе свабодна ў цэлым. То-бок, уся тэрыторыя ўніверсітэта – навучальныя карпусы, кампусы, інтэрнаты – мусіць быць менавіта тэрыторыяй свабоды. Асабліва ад умяшальніцтва дзяржавы.

Менавіта так склалася ў традыцыі эўрапейскіх універсітэтаў. Разам з акадэмічнай свабодай (то-бок, свабодай выкладаньня, дасьледваньняў і выказваньня меркаваньняў) універсітэты заўжды карысталіся ўнутранай аўтаноміяй, якая прадугледжвае наяўнасьць самакіраваньня, кадравую й фінансавую палітыку, а таксама недатыкальнасьць тэрыторыі, на якую дзяржава ў асобе сваіх чыновўнікаў ды паліцэйскіх сілаў (а тым больш – вайсковых) мела права заходзіць толькі па адміысловым дазволе (ці запрашэньні) універсітэцкага кіраўніцтва (рэктара, як правіла).

 

Адсюль пайшлі ўніверсітэцкія свабоды

Ад свайго пачатку эўрапейскія ўнівесітэты разглядаліся як карпарацыі з самакіраваньнем, якія мелі свае законы, свае суды й сваю ахову. Гэта ўсё гарантавалася адмысловымі прававымі актамі, выдадзенымі яшчэ ў эпоху сярэднявечча як сьвецкімі ўладамі, так і царкоўнымі. Першы падобны прывілей выдаў каля 1155 году Балёнскаму ўнівенрсітэту імператар Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрых Барбароса. У гэтым дакуменце, які меў назву «Autentica Habita», навукоўцам даваліся тыя ж прывілеі, што й царкоўнікам (у тым ліку – непадсуднасьць цывільным уладам), свабода перамяшчэньня й падарожжаў (з асабістай абаронай , імунітэт ад права помсты, падсуднасьць судам, сфармаваным выключна з калегаў (як правіла – былых выкладчыкаў вінаватага, якіх абіраў ён сам), ці біскупскім судам.

Істотнасьць гэтага дакумента была падкрэсьленай тым фактам, што яго зацьвердзіў папа Аляксандр ІІІ, а таксама яго ўнеслі ў Кодэкс Юстыніяна – звод законаў Рымскага права, складзены пры візантыйскім імпэратары Юстыніяне І ў VI стагодзьдзі нашай эры, які за часам Барбаросы пачалі актыўна аднаўляць у сувязі з ростам гандлю й звязаных з гэтым юрыдычных патрэбаў.

Выдадзены Барбаросай прывілей зрабіў Балёнскі ўніверсітэт цэнтрам прыцягненьня навукоўцаў і навучэнцаў з усіх краінаў Заходняй Эўропы (і ня толькі), а таксама прыкладам для арганізацыі й функцыянаваньня іншых заходнеэўрапейскіх універсітэтаў. У далейшым універсітэцкая супольнасьць вызвалялася адгарадскіх пошлінаў і падаткаў, ад вайсковай павіннасьці й неабходнасьці несьці гарадскую вартавую службу. Цікавым правам было права на сэцэсію («сыход»). У выпадку сур’ёзнага канфлікту з гарадскімі ўладамі ці гараджанамі ўніверсітэт мог пераехаць у іншы горад, чым пазбаўляў папярэдняе месца знаходжаньня вялікіх прыбыткаў, зьвязаных зь ягонай дзейнасьцю.

Нават у Расійскай імпэрыі ўніверсітэты арганізоўваліся па тым жа прынцыпе. Тэрыторыя расійскіх універсітэтаў была зачыненай для ўваходу паліцыі. Ахову на ёй ажыцьцяўляла адмысловая ўніверсітэцкая інспэкцыя, якая падпарадкоўвалася рэктару ды радзе прафесароў. Лічылася, што прысутнасьць ва ўніверсітэтах жандараў зьняважае «храм навукі» і ягоных прафесароў.Калі нейкі студэнт, па-дробязі нашкодзіўшы ў горадзе, уцякаў ад паліцыі й пасьпяваў забегчы за ўніверсітэцкі плот – усё: ён быў «у дамку». Далей ягоную справу мог разьбіраць толькі ўнутраны ўніверсітэцкі суд.

Такім чынам, эўрапейская канцэпцыя акадэмічяных свабодаў і аўтаноміі ўніверсітэтаў дазволіла эўрапейскай цывілізацыі зрабіць моцны рывок наперад як у гуманітарнай сфэры, так і ў сфэры прыродазнаўчых навукаў і тэхналогіяў.

Ува што выліваецца адмова ад гэтых прынцыпаў – чытайце ў другой частцы нашага матэрыялу «Няма будучыні».


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page