top of page

Будучыні ня будзе ІІІ

7 минут назад
3 мин. чтения
Судебный процесс в Брестском университете - ноябрь 2026
Пад час судовага працэсу ў Берасьцейскім універсітэце. Фото: t.me/brsu_pushkina

Заканчэнне

 

Страчаны шанец

Заняпад савецкай сістэмы з наступным распадам СССР і працэсамі дэмакратызацыі й лібералізацыі, у тым ліку, у сфэры вышэйшай адукацыі, падавалася, давалі шанец на выпраўленьне. І сапраўды, пасьля атрыманьня незалежнасьці нашай краінай у беларускія ўніверсітэты прыйшоў час адноснай свабоды. Зьявіліся парасткі як акадэмічных свабодаў, так і ўніверсітэцкай аўтаноміі. У менску гэта выражалася ў большай ступені, але й да ўніверсітэтаў у іншых рэгіёнах гэта паступова дабіралася.

Але амаль адразу пайшоў сустрэчын працэс. З прыходам да ўлады Лукашэнкі наступ на свабоды набыў татальны характар. І калі да 2020-га «лібералізм» ды іншыя «свавольствы» яшчэ дапускаліся ў вядучых універсітэтах краіны (ці, калі казаць больш дакладана, у «вядучым універсітэце»), дык пасьля апошнія агмені акадэмічных свабодаў пачалі тушыцца й там. 

Варта адзначыць, што й без падзеяў 2020-га гэта ўсё роўна б адбылося. Гэта ёсьць непазьбежным сьледствам разьвіцьця лукашэнкаўскага рэжыму, калі аўтарытарная мадэль трансфармуецца ў таталітарную. І тады ўніверсітэцкая аўтаномія, як і акадэмічныя свабоды, уваходзяць у супярэчнасьць з асноўным прынцыпам любога палітычнага рэжыму, пабудаванага паводле таталітарнага фашыстоўскага прынцыпу: «Усё ў дзяржаве, анічога без дзяржавы, анічога супраць дзяржавы», дзе пад «дзяржавай» разумеецца менавіта гэты рэжым, які праз гвалт захапіў і ўтрымлівае кантроль над краінай.

Татальны кантроль над універсітэцкай адукацыяй усталёўваецца, перш за ўсё, праз рэпрэсіі й выкліканы імі страх. Публічны працэс у Берасьцейскім універсітэце – ня першы ў сваім родзе. Падобныя працэсы ўжо некалькі гадоў ідуць у Беларусі. Іхняя мэта й заключаецца ў тым, каб зламаць як выкладчыкаў, так і студэнтаў. Каб страх быў іхнім дамінуючым пачуцьцем – на ўзроўні рэфлексу. Каб першай думкай было не «а можа, паспрабаваць вось так?», а «як бы чаго ня выйшла». Пра якое разьвіцьцё, які прагрэс можна казаць у такой сітуацыі?

Памыляюцца тыя, хто думае, што гэта закранае толькі гуманітарную сфэру. Гэта, як можна пераканацца на прыкладзе СССР, закранае ўсё. Нават матэматыкі перад тым, як пачаць вырашэньне задачы, будуць хвалявацца: «А рэжым сёньня – за 2+2 ці за 1-1?». І не прыступяць да працы, пакуль ня высьветляць, бо рэжым з такімі рэчамі не жартуе. Праўда, нават пры высьвятленьнгі пазіцыі рэжыму, ад адказнасьці не вызваляецца ніхто. Таму лепш за працу ня брацца зусім, а сьпіхнуць яе на іншага – разам з адказнасьцю. Зноўку, у нейкіх выпадках гэта пракоціць, а ў нейкіх – не. Бо, як вядома, у таталітарнай сістэме вінаватыя ўсе.

Адзінае, чаму акрамя страху можа навучыць гэтая сістэма, гэта безумоўна падпарадкоўвацца й падпарадкоўваць іншых. Таму на фотаздымках з судовых працэсаў, што праходзяць ва ўніверсітэтах, можна пабачыць маладых людзей, ужо ў значнай ступені зьнявечаных таталітарызмам. Але ні страх, ні наыка падпарадколўвацца й падпарадкоўваць ня могуць даць неабходных рэсурсаў ні для выжываньня дзяржавы, ні для выжываньня грамадства. Таму перыяд інсаваньня падобнага рэжыму мусіць быць як мага больш кароткім. Пра аніякія паслабленьні й прывілеі для яго ня можа быць і гаворкі, іначай негатыўныя працэсы зойдуць надта далёка.

 

Дык ці ёсьць у нас будучыня?

Рэжым, які цяпер пануе ў Беларусі, любіць прагадваць пра «самую лепшую ў сьвеце савецкую адукацыю». Да гэтай мадэлі ён, не хаваючы мэтаў, і імкнецца. Тым самым ён вядзе беларускую адукацыю да поўнай дэградацыі.  Вынікі, якія дэманстравала яшчэ тая – савецкая – сістэма, далёка адставалі ад тых, якія былі ў заходняй сістэме вышэйшай адукацыі, дзе панавала ўяўленьне пра неабходнасьць універсітэцкай аўтаноміі й акадэмічных свабодаў. Камусьці, магчыма, захочацца панаракаць на прыродную розьніцу ў інтэлекце паміж рознымі нацыямі. Але нагадаем, што расізм, які, уласна, і грунтуецца на падобных уяўленьнях, даўно прызнаны чалавецтвам як антынавуковы. Ды й існуе досыць просты спосаб вызначэньня, якая з канцэпцыяў універсітэцкай адукацыі (свабодная ці несвабодная) зьяўляецца больш эфэктыўнай.

Трэба проста параўнаць колькасьць людзей, якія зрабіліся ляўрэятамі Нобелеўскай прэміі, якая лічыцца найбольш аб’ектыўным вымярэньнем вышэйшых дасягненьняў у той ці іншай галіне.

Вынікі параўнаньня не зьдзіўляюць. Зьдзіўляе тое, зь якім адрывам перамагаюць прадстаўнікі «свабоднай» мадэлі. 93% адсоткі набіліянтаў атрымлівалі адукацыю й працавал ў краінах з высокай ступеньню акадэмічных свабодаў і аўтаноміі ўніверсітэтаў (ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Японія, Швэцыя, Канада, Швайцарыя). На краіны зь «несвабоднай» мадэльлю прыпадае ўсяго 7% (СССР, Кітай, Вугоршчына, Іран).

Заўважым, сярод ляўрэятаў з краінаў «свабоднай» мадэлі дастаткова шмат тых, хто паходзіць з краінаў мадэлі «несвабоднай», але іхняя парфесійная дзейнасьць і дасягненьні прыпадаюць на перыяд пасьля эміграцыі. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што аніякія этнічныя, генэтычныя ці іншыя падобныя чыньнікі ролі ня граюць. Галоўнае – гэта атмасфэра свабоды ў акадэмічнай серадзе.

Вось і адказ. І адказ гэты дае для нас – беларусаў падставу для пэўнага аптымізму. Бо ён дэманструен, што будучыня для нас не зачынена. Трэба толькі зьмяніць падыход да канцэпцыі ўніверсітэтаў і вышэйшай адукацыі.

І першае, што трэба зьдзейсьніць пасьля падзеньня дыктатуры, гэта даць аўтаномію ўнівенрсітэтам. Прычым, на ўзроўні канстытуцыйнага акту.

Іначай, будучыні ня будзе.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page