Калі абрынецца ўсё: гульня ў касмічную джэнгу

На канферэнцыі Паветра, Космас, Кібер гэтага года сакратар ваенна-паветраных сілаў ЗША Трой Мейнк зрабіў даволі нечаканае прызнанне: ЗША размесціла зброю ў космасе.
Варта зазначыць, што, згодна з заявай ад Касмічных сілаў ЗША, гэтая зброя ўключае ў сябе кінетычную. Іншымі словамі, тую, якая выкідае нейкі снарад у цэль. Праблема з гэтым падыходам складаецца ў тым, што звычайна цэль вырашае адрэагаваць разлятаннем на вялікую кольксць маленькіх кавалкаў. Калі нешта падобнае здараецца на Зямлі, гэтыя кавалкі ўяўляюць небяспеку толькі для аб’ектаў паблізу. Але на арбіце Зямлі адносная адсутнасць атмасферы азначае, што кавалкі, напрыклад, разбуранага спадарожніка ня маюць нагоды зніжаць хуткасць і патэнцыйна могуць працягваць сваё падарожжа тыднямі, гадамі ці нават стагоддзямі (у залежнасці ад вышыні арбіты).
Такая высакахуткасная шрапнель з’яўляецца небяспечнай для іншых касмічных апаратаў, як беспілотных так і пілатуемых. Калі ў лістападзе 2021 года Расея правяла тэст сваёй супрацьспадарожнікавай ракеты пусціўшы яе ў своё стары спадарожнік Космас 1408, утварылася воблака фрагментаў, якое стварыла небяспеку для экіпажу Міжнароднай Касмічнай Станцыі. Астранаўты былі вымушаныя апрануць скафандры і схавацца ў капсулах для спуску, гатовыя адстыкавацца ў выпадку ўдару.
Доўгатэрміновая пагроза яшчэ вышэйшая за караткатэрміновую. З падвышэннем колькасці смецця на арбіце падвышаецца і імавернасць сутыкення. Да студзеня 2014 году за пянаццаць гадоў службы МКС давялося здзейснціь 16 манеўраў адхілення, крыху болей чым раз на год. Па стане на 2021 год такіх манеўраў патрабавалася ўжо па тры на год.
У дадатак да колькасці фрагментаў колькасць спадарожнікаў таксама падвышаецца. На сённяшні дзень на нізкай каляземнай арбіце знаходзяцца больш за 16 тысячаў спадарожнікаў, і больш за 11 тысяч з іх гэта спадарожнікі Starlink, запускі якіх пачаліся толькі ў 2019 годзе. Amazon разам з кітайскімі Qianfan ды Guowang плянуюць дадаць тысячы сваіх. На самых карысных арбітах ўсё больш цесна.
З-за сукупнасці гэтых двух фактараў усё больш і больш падвышаецца імавернасць сцэнару, вядомага як сіндром Кесслера. Сутнасць простая: калі нейкі аб’ект на арбіце разбураецца, гэта падвышае колькасць смецця, з-за чаго падывашецца імавернасць таго, што які-небудзь іншы аб’ект будзе разбураны, што, у сваю чаргу, утворыць яшчэ больш смецця, і гэтак далей. У рэшце, колькасць фрагментаў будзе такой вялікай, што ўхіляцца ад іх стане цалкам немагчыма; усе спадарожнікі будуць знішчаныя і гэтай арбітай больш немагчыма будзе карыстацца. Нават пралёт скрозь гэтую арбіту будзе ствараць дадатковую рызыку для хоць-якой касмічнай міссіі па-за забруджанай арбітай (наколькі вялікай будзе тая рызыка застаецца прадметам навуковых дыскусій і хутчэй за ўсё будзе залежыць ад канкрэтных дэталяў сцэнару).
Такім чынам, калі вярнуцца да тэмы касмічнай зброі, гэта значыць, што наўмыснае знішчэнне спадарожніка падобна да ходу ў гульні ў Джэнгу: кожны раз падвышаецца рызыка, што ўсё цалкам абрынецца; і пад канец гульні ўдзельнікі імкнуцца зрабіць сітуацыю як мага больш нестабільнай, каб аппаненты страшыліся дакрануцца. Асноўнае адрозненне складаецца ў тым, што ў гульні ў касмічную Джэнгу прайграе ўсё чалавецтва.
Менавіта таму падаецца няправільным ставіцца да нечаканага абвяшчэння пра касмічную зброю ЗША проста як да чарговага бахвальства Дональда Трампа. У гэтай гульні занадта высокія стаўкі. Гэта выглядае больш як дэклярацыя гатоўнасці гуляць. Пытанне, такім чынам, у тым, што за правакацыя магла выклікаць такую дэклярацыю.
Адказ можа быць вядомы толькі чыноўнікам з амерыканскай выведкі, але ёсць адно цікавае супадзенне: проста гэтым летам высветлілася, што расейскі спадарожнік наводзіць (час ад часу) перашкоды для сігналу GPS над Эўропай. Калі дакладна, гэта спадарожнік Космас 2546, адзін з шасці спадарожнікаў Адзінай Касмічнай Сістэмы ранняга папярэджвання «Купал».
Ці наўмысна гэта, застаецца адкрытым пытаннем: ёсць магчымасць, што частата была абраная, таму што праціўнік ня стане рабіць перашкод для ўласных навігацыйных сігналаў, што дазволіць спадарожніку дасылаць свае папярэджанні. Але, наўмысна ці не, магчымасць пастаноўкі перашкодаў застаецца, як застаюцца на арбіце і дзясяткі іншых спадарожнікаў, якія Расея запусціла пасля 2546.
Калі разглядаць гэта разам з шэрагам папярэджванняў пра заплянаваныя Расеяй дзеянні супраць усходняй мяжы НАТА, можна зрабіць здагадку, што заява ЗША пра сваю касмічную зброю з’яўляецца адказам на мяркуемае выкарыстанне Расеяй сродкаў РЭБ касмічнага базавання. Што, у сваю чаргу, будзе значыць, што ЗША чакаюць даволі буйнога канфлікта.
Але, канешне, застаюцца і іншыя магчымасці. Магчыма, Дональд Трамп проста вельмі хоча згуляць у касмічную Джэнгу.
Станіслаў Красулін, магістр фіз-мат навук



Комментарии