Крыху пра парфесійную салідарнасць

Што пераможа – памнкенне накінуць аброць на мас-медыя, ці дэмакратыя, Канстытуцыя й салідарнасць?
Доступ грамадства да інфармацыі – адзін з галоўных слупоў дэмакратыі. А тым больш істотнае значэнне ён мае, калі гаворка ідзе пра палітыку. Бо менавіта на падставе інфармацыі (аб’ектыўнай, зразумела) грамадзяне робяць свае высновы адносна праграмаў, дзеянняў, характараў і асабістых якасцяў палітыкаў. А потым на падмурку сваіх высноваў робяць і выбар адносна таго, каму з гэтых палітыкаў можна даверыць будучыню краіны, а значыць, і сваю будучыню.
Не сакрэт (асабліва для тых, хто меў датычнасць да палітыкі), што журналісты падчас могуць раздражняць сваёй дакучлівасцю, недарэчнымі пытаннямі ды публікацыяй рознай інфармацыі, якую палітыку ну зусім не хацелася б убачыць у мас-медыя. Ды й проста – ня пішуць яны, якія мы прыгожыя ўсе з сябе, і як намі ўсім трэба захапляцца. Але ж тым палітыкам, хто сапраўды разумее, што такое дэмакратыя, і ў галаву ня прыйдзе наракаць за гэта на журналістаў, а тым больш патрабаваць усталяваць кантроль над «гэтак званымі незалежнымі СМІ». Бо па-сапраўднаму дэмакратычны (ці, прынамсі, разумны) палітык разумее, што бяз гэтых самых «незалежных СМІ» ня будзе і яго.
Тым ня менш, спакуса бывае надта вялікай. І добра, калі ў тых, хто жадае на свой капыл «нармалізаваць» незалежныя медыя, рэсурсу хапае толькі на тое, каб паплакацца ў сваіх акаўнтах у сацыяльных сецівах, ды напісаць стос скаргаў «донарам» гэтых самых медыя. Тады можна проста пасмяяцца з небаракаў. Горай, калі гэтым пачынаюць займацца тыя, у каго ў распараджэнні рэсурсы дзяржаўнага ўзроўню. Тады пачынаюцца белыя плямы на старонках газэтаў, а завяршаецца ўсё разгромам выданняў і турэмнымі прысудамі для журналістаў. Што пры гэтым адбываецца з грамадствам і дзяржавай, усе добра бачаць.
А тым больш непрыемна, калі штосці падобнае пачынаецца ў краінах, якія зьяўляюцца арыентырам для дэмакратычнага свету. Бо гэта – зусім ня жарты. І тут ужо застаецца з трывогай назіраць спаборніцтва паміж спакусай «нармалізаваць» журналістаў ці асобныя выданні і трываласцю дэмакратычных інстытутаў і гатоўнасцю грамадзянаў адстойваць дэмакратыю і Канстытуцыю, праяўляючы пры гэтым масавую салідарнасць, нават калі ахвярамі спробы «нармалізацыі» зрабіліся ня проста ня вы, а вашыя заклятыя канкурэнты.
Шмат хто чуў, што ў мінулую суботу Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп забараніў зьяўляцца ў Белым Доме шэрагу медыя – CNN, MS NOW, Politico, якія «раздражнялі» яго сваёй падачай інфармацыі. Пры гэтым CNN уваходзіць у пяцёрку буйных тэлесеціваў (куды таксама ўваходзяць ABC, CBS, NBC і, зраузмела, Fox News), якія ўтвараюць «прэзідэнцкі пул». Яны па чарзе здымаюць падзеі там, дзе месца для прэсы вельмі абмежаванае. Гэта могуць быць уваходы-выхады Белага Дому, прэзідэнцкі самалёт Air Force One і г. д. Тое медыя, якое здымае відэа й гук у сваё «дзяжурства», потым бясплатна дзеліцца імі з астатнімі медыя свету. Зручна і эканомна.
І вось акурат 21 верасня група CNN мусіла заступіць на «дзяжурства». У плянах былі здымкі паездкі Трампа ў Нью-Ёрк на Генеральную Асамблею ААН. Але распараджэнне Трампа не дазволіла ёй гэта зрабіць.
Як пры гэтым павялі сябе астатнія чальцы «пула»? Паціснулі плячыма й казалі: а што мы можам зрабіць? пацёрлі рукі з радасці, што мінус канкурэнт? Не. Яны ўсе – як адзін – адмовіліся выстаўляць свае здымкавыя групы замест «забаненай» групы CNN.
Нават «родны» для Трампа Fox News. Ягонае Вашынгтонскае бюро разаслала ліст з адпаведнай заявай: «З сённяшняга дня тэлевізійны пул ня будзе здямаць падзеі, звязаныя з перамяшчэннем Прэзідэнта».
У сваёй сумеснай заяве тэлесецівы адзначылі: «Грамадства мае жыццёва неабходны інтарэс у атрыманні дакладнай, незалежнай інфармацыі пра ўрад. Аніякая адміністрацыя не павінна абмяжоўваць навінную арганізацыю праз запярэчанні ейнай падачы інфармацыі».
Адначасова з гэтым CNN, MS NOW і Politico сёння падалі позвы ў суд з патрабаваннем аднавіць доступ да інфармацыі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны.
Трамп, зразумела, з старонак медыя ня знікне. Тым болей, што ў яго заплянаваныя сустрэчы з Сі й Пэзэшкіянам. Але ягоную спробу абмежаваць доступ да інфармацыі заўважаць усе – у негатыўным, зразумела, кантэксце. А ў яго й бяз гэтага ня надта бліскучыя пэрспэктывы перад хуткімі прамежкавымі выбарамі ў Кангрэс, дзе рэспубліканцы рызыкуюць згубіць кантроль ужо над абедзьвюма палатамі.
І варта таксама адзначыць, што ў каментарах пад гэтымі навінамі ў сацыяльных сецівах ужо зьяўляюцца знаёмыя нам наратывы пра «непрафесіяналізм журналістаў», «прадажнасць» ды й пра тое, што ўвогуле, маўляў, гэта ўсё – з-за бабла. Наратывы, быццам разлітыя з адной бочкі. Ці, дакладней, выйшаўшыя з адной метадычкі.



Комментарии