Вяртанне з выгнання – місія невыканальная?

Шмат гавораць пра тое, што калі палітык (ці група палітыкаў) апынуліся за межамі краіны, вярнуцца ў нацыянальную палітыку ў іх шанцаў ужо няма. А тым больш няма шанцаў прыйсці да ўлады.
Пры гэтым, як правіла, «экспэртна» спасылаюцца на гісторыю: маўляў, няма ў ёй такіх прыкладаў, калі палітыкі захоўвалі свой палітычны ўплыў, знаходзячыся за межамі сваёй дзяржавы. Зразумела, выкарыстоўваецца гэта як закід супраць Беларускіх дэмакратычных сілаў і іхніх лідэраў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі.
З гэтым ну аніяк нельга пагадзіцца. І ня толькі таму, што гісторыя мае шмат прыкладаў паспяховага (нават трыюміфальнага) вяртання. Запярэчанні тут выклікае пазіцыя, у адпаведнасці з якой палітык, які пакінуў сваю краіну, цалкам губляе хоць нейкія перавагі, якія б дазволілі яму праз пэўны час вярнуцца на Радзіму – ня проста ўсімі забытай і нікому не цікавай прыватнай асобай, а палітычным лідэрам, здольным узначаліць краіну.
Што грае на карысць палітыкаў у выгнанні?
Першае, пра што варта казаць, гэта магчымасць камунікацыі.
Калі раней такія палітыкі практычна гублялі магчымасць камунікацыі з грамадствам, цяперашнія каналы сувязі (перш за ўсё – сусветнае павуцінне) даюць магчымасць камунікацыю працягваць. Спроба перарэзаць гэтую камунікацыю будзе дорага каштаваць рэжыму, бо адключэнне ўсёй нацыі ад інтэрнэту аўтаматычна пакліча за сабой гіганцкія эканамічныя страты, лік якіх можа сягаць мільёнаў даляраў штодзённа. Але нават у такой сітуацыі поўнай інфармацыйнай ізаляцыі дасягнуць не атрымаецца праз развіццё спадарожнікавага інтэрнэту.
Такім чынам, праз прысутнасць у інфармацыйнай прасторы можна будзе даносіць да суграмадзянаў альтэрнатыўную павестку, якая ў грамадствах ва ўмовах дыктатуры заўжды карыстаецца падвышаным попытам. А тым больш у сітуацыі, калі рэжым грамадству даўно абрыдзеў, але працягвае ўпарта працаваць над тым, каб стаўленне да яго пагаршалася ўсё болей і болей. І ня толькі грамадству, але й тым, хто, праз інкарпарацыю, зьяўляецца адным з апірышчаў дыктатарскага рэжыму – чыноўнікі і сілавікі. Падвяргаючы іх перыядычным і непрадказальным рэпрэсіям, рэжым фармуе ў іх запыт на больш прадказальную й бяспечную альтэрнатыву, падвышаючы шанцы на зьяўленне кансэнсусу паміж чынавенствам і палітыкамі (структурамі) у выгнанні.
Другое, гэта як раз тая барацьба, якую рэжым спрабуе весці супраць сваіх апанэнтаў за мяжой праз тыя ж каналы камунікацыі.
Калі раздражняльны рэжым, які звязаны ў свядомасці грамадства выключна з негатывам, навязліва спрабуе ачарніць тых палітычных лідэраў, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, гэтым ён толькі падвышае інтарэс грамадства да іх. Зразумела, ён можа выкарыстоўваць тыя ж сацыяльныя медыя для дыскрэдытацыі апанэнтаў. Але, як паказвае практыка, вялікі станоўчы водгук у грамадзянаў гэтыя закіды ня маюць. А тыя акаўнты, якія для гэтага выкарыстоўваюцца, у хуткім часе ператвараюцца ў «міжсабойчык» на абмежаванае кола ўдзельнікаў.
Не даюць добрага плёну й спробы абмежаваць інфармацыю пра апанэнтаў. Гэта, як даўно заўважана, спрыяе толькі падвышэнню інтарэса грамадзяніна й замены стратэгіі ягоных паводзінаў з пасіўнага атрымальніка інфармацыі ў актыўнага шукальніка яе. Па выніку можна «дагнаць» успрыяцце палітыка ў выгнанні да ўзроўню лягенды, звязаўшы з ім усе свае спадзяванні на лепшую будучыню. Што, дарэчы, у гісторыі адбывалася не аднойчы.
Трэцяе, гэта здольнасць эліты, якая застаецца ў краіне, узяць на сябе адказнасць за будучыню краіны.
Гаворка пры гэтым ідзе, зразумела, пра тую эліту, якая фармуецца ў рамках дыктатарскага рэжыму, бо тыя, хто маглі б быць ёй альтэрнатывай і пры гэтым знаходзяцца ў краіне, ня могуць праявіць сябе праз ізаляцыю ад грамадства за турэмнымі кратамі ці праз пагрозу такой ізаляцыі.
Факт у тым, што кампэтэнтнасць палітычнай эліты не расце за часам дыктатуры. На гэта ўплывае шэраг фактараў. Ад яе не патрабуецца канкурэнцыя ідэяў, не патрабуюцца высокія прафэсійныя кампэтэнцыі, не патрабуецца візія будучыні. Да яе прад’яўляюцца сваеасаблівыя патрабаванні: асабістая адданасць і майстэрства прыкраваць свой азадак, каб ня трапіць пад чарговую раздачу. То-бок, зусім ня тое, што патрабуецца для вываду краіны з крызісу, куды яе непазбежна заганяе дыктатура. Таму пры замене дыктатара на фігуру з ягонага атачэння, сітуацыя для краіны ня зменіцца да лепшага – кірунак развіцця (а дакладней – заняпаду) застанецца папярэднім. І так – да гібелі дзяржавы. Ці да прыходу ва ўладу кампэтэнтных кадраў, не траўмаваных неабходнасцю выжываць пры дыктатуры й атрымаўшых новыя веды й досвед падчас жыцця ў замежжы. Што, як разумееце, схіляе выбар на карысць тых, хто быў у вымушанай эміграцыі.
Дададзім сюды й імаверны кансэнсус, да якога могуць прыйсці эліты, што сфармаваліся за часам дыктатуры. Ён можа ўзнікнуць у выніку ўзважвання сваіх пэрспэктываў праз аналіз двух сцэнараў: спроба падаўжэння дыктатуры; ці барацьба за ўладу з іншымі прадстаўнікамі «дыктатарскай» эліты. Абодва сцэнары не вырашаюць галоўнай праблемы – пераходу да стабільнага развіцця, як палітычнага, так і эканамічнага з сацыяльным. А гэта значыць, што такія сцэнары могуць мець толькі кароткатэрміновы характар, а самі спробы іхняга ажыццяўлення могуць прывесці да паглыблення праблемаў, у тым ліку для тых, хто гэтыя сцэнары паспрабуе ажыццявіць.
Адпаведна, можна падумаць і пра трэці сцэнар: дазвол на вяртанне ў краіну тых, хто можа прапанаваць больш эфектыўную мадэль развіцця краіны і ўзяць на сябе адказнасць за яе ажыццяўленне. Тады можна пайсці з імі на папярэднія перамовы, прадметам якіх будзе дазвол на ўключэнне прадстаўнікоў «старой» эліты ў новую сістэму. Падобныя сцэнары таксама сустракаліся не аднойчы, і чаму б не ажыццявіцца такому ў Беларусі?
Нарэшце, тыя, хто апынуўся ў выгнанні, – і ў першую чаргу тут гаворка ідзе пра лідэраў Дэмакратычных сілаў, маюць легітымнасць і крэдыт даверу ў вочах замежных лідэраў і шэрагу істотных міжнародных арганізацыяў. Гэта дае вялікую перавагу менавіта гэтай групе ў пляне паспяховага пераадолення крызісу й вяртання краіны як у міжнародную сям’ю народаў, так і да пазітыўных пераменаў і стабільнага развіцця.
Такім чынам, тыя, хто вымушана апынуўся за мяжой, маюць ня проста шанцы на вяртанне ў нацыянальную палітыку – яны маюць на тое высокія шанцы.



Комментарии