top of page

Вярнуць правы на маёмасць. Разам з маёмасцю, зразумела…

1 час назад
2 мин. чтения
арышт маёмасці / арест имущества

Вядома, што лукашыстаўскі рэжым выкарыстоўвае ў якасці рэпрэсіўных мераў ня толькі пагрозы, штрафы, звальненні з працы, арышты й турэмныя прысуды, але й арышт маёмасці з яе далейшым продажам праз аўкцыёны. Асабліва распаўсюднай гэтая мера зьяўляецца ў дачыненні да тых, хто знаходзіцца за мяжай, і да каго цяжка дацягнуцца фізычна.

 

Тады, праз рэпрэсіўную судовую сістэму, якая цалкам падпарадкавана рэжыму й выконвае ягоныя загады, супраць чалавека заводзяць крымінальную справу па гэтак званай «спецыяльнай вытворчасці». То-бок, чалавека судзяць у ягоную адсутнасць. На любы пратэст у сувязі з гэтым ці апеляцыю да немагчымасці абараніць сябе ў ходзе падобнага працэсу, ідзе цынічная прапанова прыехаць у Беларусь і «скарыстацца гэтым правам».

Але ўсе цудоўна ведаюць, што ў цяперашняй Беларусі, калі супраць цябе завялі «палітычную» справу, абараніць сябе практычна не магчыма, і твой прыезд на радзіму прывядзе толькі да аднаго выніку – трапленню за краты. Таму суд праходзіць без удзелу «абвінавачанага». Вынікам зьяўляецца працяглы турэмны тэрмін. Але паколькі чалавека, які знаходзіцца ў іншай краіне, на нары ня кінеш, галоўнай складаючый рэпрэсіі робіцца вялікі штраф (бывае, да паўмільёна эўра) ці «кампенсацыя нанесенай шкоды». Каб «пакрыць» гэтую суму, рэжым накладвае арышт на маёмасць чалавека, якая знаходзіцца ў Беларусі. У гэтую катэгорыю трапляюць кватэры, дамы, лецішчы, зямельныя ўчасткі, аўтамабілі. Ня грэбуюць, бывае, і побытавымі рэчамі, посудам, бытавой тэхнікай, творамі мастацтва. Потым гэтую маёмасць прадаюць праз аўкцыёны.

Падобная практыка існавала й да цяперашняй эпохі рэпрэсіяў, але цярпелі праз яе лічаныя адзінкі. Сапраўды вялікія маштабы атака на маёмасць набыла з 2022-га, калі й была ўведзенай у практыку «спецыяльная вытворчасць». Дакладнай інфармацыі аб колькасці тых, хто ўжо пацярпеў ад гэтага, цяпер няма. У прэсу трапляюць толькі выпадкі, зьвязаныя з вядомымі людзьмі.

Шмат хто чуў пра продаж з аўкцыёну кватэраў Ціханоўскіх, Цапкалаў, Аляксандры Герасімені, Уладзя Лабковіча. Але шмат выпадкаў застаюцца па-за ўвагай прэсы і, адпаведна, не даходзяць да шырокай грамадскасці. Гэтая інфармацыя разыходзіцца выключна сярод знаёмых. Праваабаронцы й юрысты ацэньваюць колькасць людзей, чыя маёмасць была канфіскаванай і прададзенай ці арыштаванай у рамках крымінальнага працэсу, у сотні.

Зразумела, што падобнае пазбаўленне чалавека маёмасці ня мае ў сабе анічога законнага. Рэжым, здзяйсняючы незаконнае пазбаўленне чалавека маёмасці, здзяйсняе акт несправядлівасьці. А гэта, у сваю чаргу, пасля падзення рэжыму будзе патрабаваць ад дзяржавы аднавіць справядлівасьць у дачыненні таго, супраць каго гэты акт быў здзейснены. Прычым, працэс аднаўлення справядлівасці мусіць быць хуткім, каб людзі, пацярпелыя ад рэпрэсіяў, маглі як мага хутчэй вярнуць свае маёмасныя правы, не чакаючы, пакуль у судах дойдзе чарга да разгляду іхняй справы.

Фракцыя Аб’яднаная Грамадзянская плятформа ў Каардынацыйнай Радзе ўжо распачала працу па падрыхтоўцы да стварэння адпаведнага механізму, які ў будучыні дазволіць пацярпелым хутка вяртаць сваю маёмасць ці/і атрымліваць адпаведную кампенсацыю. Пры гэтым будзе ўлічаны досвед, атрыманы іншымі краінамі, у тым ліку, нашымі бліжэйшымі суседзямі – краінамі Балтыі і Польшчы. Там ёсць шмат як эфектыўных рашэнняў, так і тыя, якія хацелася б пазбегнуць у нашай практыцы.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page