Пэрспэктывы перамоваў і перамоўныя пэрспэктывы

Цяпер мала хто сумняецца ў тым, што Трамп мае вялікае жаданьне ўжо да Новага году завяршыць (ці паставіць на паўзу) вайну ва Украіне.
Пра гэта кажуць як украінцы (у тым ліку, і сам Зяленскі), так і расійцы. Заданыя храналягічныя рамкі не выклікаюць зьдзіўленьня: празь некалькі дзён пасьля навагодніх сьвятаў у Злучаных Штатаў будзе новы склад парлямэнту – далёка не такі прыязны да Трампа й ягонай палітыкі, як цяперашні.
У сувязі з гэтым узьнікаюць пытаньні: якія пазіцыі датычна гэтых перамоваў зоймуць іншыя галоўныя актары: Україна і Расія. Для Украіны задачы больш-менш зразумелыя: максымальане захаваньне тэрыторыяў (у ідэяле – у межах 1991-га) і надзейныя гарантыі ад паўторных атакаў. У выпадку Расіі задачы выглядаюць больш цьмянымі, нават, можа, для саміх расійцаў.
«Разьбіць саюзы праціўніка»
Вяртаючыся да першапрычынаў самога канфлікту, можна казаць, што яны не матываваліся ні эканамічнымі мэтамі, ні неабходнасьцю дасягненьня неабходнага ўзроўню бясьпекі. Куды больш пераканаўча выглядае першапачатковая вэрсія, якую агучвалі самі расейцы: ліквідацыя «нацыяналістычнага кіеўскага рэжыму», які, маўляў, наступае на правы расейскамоўнага насельніцтва Украіны. А за гэтым, у сваю чаргу, хаваецца мэта расійскай экспансіі й аднаўленьні імпэрыі – у тым ці іншым выглядзе.
Першапачаткова для дасягненьня гэтых мэтаў Расія абапіралася выключна на вайсковую сілу, вырашыўшы, што ейнай перавагі ў тэхніцы, тэхналёгіях, эканамічных ды чалавечых рэсурсах будзе цалкам дастаткова. Але амаль пяць гадоў паўнамаштабнай вайны прадэманстравалі, што разьлікі расійцаў былі памылковымі. Мала таго, што ўкраінцы прапанавалі замест дарагіх і высокатэхналягічных узбраеньняў танныя й сабраныя «на каленцы» дроны, якія ператвараюць дзясяткі кілямэтраў у глыб варожага тылу ў «kill zone», дык яны яшчэ й навучыліся наносіць удары па аб’ектах, якія знаходзяцца ў тысячах кілямэтраў ад іхняй тэрыторыі, ня толькі адпраўляючы на дно расійскія ваенныя караблі, але й вынішчаючы істотныя аб’екты расійскай эканомікі.
Праз гэта расійцы прыгадалі адзін з базавых прынцыпаў стратэгіі перамогі: разьбіць саюзы праціўніка. Не зрабіўшы гэта, расійцы сутыкнуліся з маштабнай дапамогай Украіне, якая ідзе з боку краінаў Захаду. Дзякуючы гэтаму, Україна мае магчымасьць трымацца, а Расія сутыкаецца з усё большым дэфіцытам рэсурсаў. Больш за тое, «пераможная стратэгія» Расіі грунтуецца на тым, што тыя ж стратэгі старажытнага Кітаю лічылі самай горшай формай вайны – «аблозе фартэцыяў», у выніку чаго яна кладзе дзясяткі тысячаў жыцьцяў, каб празь месяцы аблогі й штурмаў авалодаць цалкам разбуранымі ўкраінскімі населенымі пунктамі, што не прыносіць ёй аніякай адчувальнай выгады.
Падаецца, у стратэгіі «разьбіць саюзы» у Расіі намеціўся пэўны посьпех. Зь вяртаньнем у Белы дом Трампа Україна адразу адчула ціск на свае пазіцыі з боку ЗША. Адначасова амерыканская адміністрацыя пачала ўпарта разбураць свае ўласныя саюзы, утвараючы на пустым месцы спрэчкі з сваімі эўрапейскімі партнэрамі, расхістваючы, у тым ліку, і эўрапейскую сістэму бясьпекі пад натаўскім «парасонікам».
«Разьбіць саюзы праціўніка»
Падавалася б, Эўропа, зь ейным сытым мірным жыцьцём, грувасткім бюракратычным апаратам, марамі пра танныя энэрганосьбіты ды агульным нежаданьнем ваяваць за кагосьці там на ўсходзе кантыненту, будзе лёгкай здобычай расійскага ціску. Але, нягледзячы на ўсе высілкі, неабходнага выніку дасягнута не было. Нават вымушанае павелічэньне выдаткаў на абарону, спробы настроіць эўрапейскія грамадствы супраць украінцаў ды пэрспэктывы непасрэднага ваеннага сутыкненьня з Расіяй не далі плёну.
Але спадзяваньні застаюцца. Яны заключаны ў чаканьні вынікаў выбараў у шэрагу эўрапейскіх краінаў, што мусяць адбыцца ў наступным 2027 годзе. У тым ліку – парлямэнцкія выбары ў Эстоніі, Фінляндыі й Польшчы, зямельныя парлямэнты ў Нямеччыне й прэзідэнцкія выбары ва Францыі. Калі атрымаецца «разьдзёргаць» тамтэйшыя грамадствы, ды даць падтрымку прарасійскім сілам, гэта можа даць чаканы плён. Хаця б у форме немагчымасьці прыняць калектыўныя рашэньні па выдзяленьні Украіне неабходнай дапамогі з боку Эўрапейскаага Зьвязу. А ў лепшым выпадку – спыніць гэтую дапамогу цалкам.
Але маюцца й больш грунтоўныя задачы ў рамках усё той жа стратэгіі. І гэта зноў – разьбіць саюзы ворагу. Бо ў стратэгічным пляне Україна – не апошняя й нават не галоўная цэль расійскай экспансіі. У пэрспэктыве – гэта краіны Балтыі, Малдова, Польшча, а далей – паўсюль, бо, па словах Пуціна, «межы Расіі нідзе не завяршаюцца». Галоўнай перашкодай на гэтым шляху, як і за часам Халоднай вайны, зьяўляецца НАТО. Таму гэтая арганізацыя цяпер стаіць у цэнтры ўвагі Крамлю.
Антынатаўская рыторыка мае сярод расійскага кіраўніцтва глыбокія карані. З канца 90-ых гучаць крыкі аб «небясьпечным набліжэньні НАТО да расійскіх межаў». Маўляў, гэтая агрэсіўная арганізацыя моцна пагражае Расіі.
Але якім чынам яна можа пагражаць? У склад НАТО краіны трапляюць па ўласным жаданьні, а не ў выпадку агрэсіі. Наадварот, матывацыя трапіць у склад арганізацыі акурат вырастала праз наяўнасьць моцнай зьнешняй пагрозы, паратунак ад якой краіны-прэтэндэнты й бачылі ў гэтай вайсковай арганізацыі. І ні для каго не сакрэт, што пагроза гэтая сыходзіла з СССР, а потым – з Расіі. Так што тут сітуацыя цалкам люстэркавая – не агрэсія НАТО накіравана ў бок Расіі, а ў НАТО шукаюць паратунку ад патэнцыйнай расійскай агрэсіі.
З гэтай задачай – разьбіць саюзы праціўніка – Расія й падыходзіць да магчымых перамоваў па вайне ва Украіне, у цэнтр якіх ставіцца ўжо ня столькі сама вайна, колькі агульная сістэма бясьпекі ў Эўропе. У агульных рысах расійскае бачаньне гэтай новай сістэмы бясьпекі выглядае наступным чынам: НАТО вяртаецца да межаў 1997-га. Гэта значыць, «з-пад парасоніка» выдаляюцца ўсе ўсходнеэўрапейскія краіны, краіны Балтыі, Польшча, Вугоршчына, Фінляндыя, Швэцыя й г. д. Таксама ставіцца крыж на пэрспэктывах трапіць у гэтую арганізацыю Босьрніі й Герцагавіны, Малдовы, Альбаніі, Ірляндыі й г. д. То-бок, краіны Усходняй, часткі Цэнтральнай Эўропы, Балтыі, Скандынавіі застаюцца сам-насам з расійскай палітыкай, якая ўжо дэманстравала гэтым краінам, што такое «абмежаваны сувэрэнітэт», і мае вялікае жаданьне дэманстраваць гэта й у далейшым. Уласна, само памкненьне ўказываць іншым краінам, у якія саюзы тым уступаць, а ў якія – не, зьяўляецца спробай абмежаваць іхні сувэрэнітэт.
Тое, што памкненьні Расіі зь ейным «новым парадкам для Эўропы» накіраваны менавіта на абмежаваньне эўрапейскага сувэрэнітэту, усе добра разумеюць. Зь іншага боку, эўрапейцы ня могуць ігнараваць «перамоўны трэк», які навязваецца ім з розных кірункаў. У тым ліку – праз дэмагагічныя абвінавачаньні, што эўрапейцы, маўляў, ня хочуць міру і гатовыя ваяваць да «апошняга ўкраінца» (які кранаўчы клопат аб украінцах з боку расійскага кіраўніцтва). Таму перамовы выглядаюць амаль непазьбежнымі. Іншая спава, што тактычныя задачы напярэдадні й пад час перамоваў могуць паставіць пад сур’ёзнае пытаньне іхнюю выніковасьць.
Перад эўрапейцамі стаіць складаная задача запясьпечыць такі вынік, пры якім Расія ня здолее працягваць сваю экспансію. Гэтага можна дабіцца шляхам разьмяшчэньня на тэрыторыі Украіны войскаў эўрапейскіх краінаў. Для Расіі атака на іх будзе значыць уступіць у паўнамаштабную вайну з Эўропай, калі ёй на галаву абрынецца ўвесь эўрапейскі ваенны патэнцыял. Але свае войскі эўрапейцы могуць разьмясьціць толькі пры ўмове адсутнасьці на гэты момант ва Украіне баявых дзеяньняў. Таму для Расіі галоўная задача – не спыняць іх да заключэньня міру. Бо пры такіх умовах (адсутнасьці эўрапейскіх войскаў) адстойваць свае пазіцыі ёй будзе значна прасьцей. А там, глядзіш, і эўрапейскія выбары могуць пагарнуць сітуацыю на расійскую карысьць.
Чаго чакаць беларусам?
Пакуль, падобна, анічога добрага. Было б, канечне, цудоўна, калі б разам з пытаньнем гарантыяў бясьпекі для Украіны вырашаліся й гарантыі бясьпекі для Беларусі. То-бок, тое, пра што ўвесь час кажа Ціханоўская: «Не пакідайце Беларусь Пуціну ў якасьці суцяшальнага прызу». Але вось тут стратагема «разьбіць саюзы праціўніка» дзейнічае напоўніцу. Праз розныя групы да эўрапейцаў даводзяцца наратывы, што Ціханоўская даўно страціла легітымнасьць сярод беларусаў, і што яна анікога не прадстаўляе. Перамовы, маўляў, трэба весьці з Лукашэнкам. А ягоную цікаўнасьць да «адрыву ад Расіі» ўсе, падаецца, ведаюць.
Адначасова асноўнай задачай Дэмакратычных сілаў пастулюецца вызваленьне палітвязьняў і спыненьне рэпрэсіяў, а зусім не дэмакратызацыя краіны й геяпалітычны выбар на карысьць Эўропы. Таму вялікай матывацыі змагацца за вызваленьне Беларусі з-пад расійскай залежнасьці эўрапейцы ня маюць. Гэтаму судзейнічаюць і вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, якія кажуць пра падтрымку Расіі й рэжыму Лукашэнкі з боку беларусаў.
Сітуацыю магло бы выправіць згуртаваньне беларусаў вакол адзінага палітычнага цэнтру з патрабаваньнем дэмакратызацыі Беларусі й арыентацыі на эўрапейскую будучыню. Супольны голас беларусаў (у тым ліку, (а тое й у першую чаргу) зь Беларусі) быў бы куды больш чутным эўрапейскім палітыкам. Гэта было б вельмі карысна для беларусаў як у пляне вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў, роўна як і дасягненьня сапраўднай незалежнасьці. Але менавіта таму супраць гэтага кідаюцца значныя рэсурсы, каб «разьбіць саюзы» дэмакратычна настроеных беларусаў й канчаткова падначаліць сабе Беларусь без выкарыстаньня войскаў.



Комментарии