top of page

Патэнцыял забойстваў

11 минут назад
4 мин. чтения
Зніклыя палітыкі Беларусь
Зніклыя палітыкі. Фота з сайту: https://spring96.org/

16 верасня – чорная дата для Беларусі й трагічная дата для Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. У гэты дзень 27 гадоў таму ў Менску былі скрадзеныя, а потым, імаверна, забітыя чалец Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Віктар Ганчар і ягоны сябар прадпрымальнік Аляксандр Красоўскі. Але ці можна казаць, што эпоха палітычных знікненняў сыйшла ў Беларусі ў гісторыю?


Віктар Ганчар быў чальцом партыі з 1995-га, уваходзіў у склад Палітрады. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. 5 верасня 1996-га быў прызначаны старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пад час правядзення ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму, які мусіў усталяваць у Беларусі аўтарытарную мадэль, заняў актыўную антылукашэнкаўскую пазіцыю. Як старшыня ЦВК адмовіўся прызнаваць вынікі рэфэрэндуму. За гэта быў зняты з пасады старшыні, а на ягонае месца была прызначана Ярмошына.

У 1999-ым актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, якія мусілі прайсці ў той год у адпаведнасьці з Канстытуцыяй-1994.

Увечары 16 верасня 1999-га знік бяз вестак разам з Красоўскім. На меркаваным месцы здарэння былі знойдзены аскепкі плястыкавых асвятляльных прыбораў аўтамабіля Красоўскага, а таксама кроў, якая, імаверна, належала Ганчару.

Як і ў выпадку са знікненнем Юрыя Захаранкі, «афіцыйнае» расследаванне не дало вынікаў. У той жа час, сярод палітычнай апазіцыі й у беларускім грамадстве існавала цвёрдае перакананне, што за знікненнямі палітыкаў з АГП стаіць лукашэнкаўскі рэжым. Як і за тым, што пошукі зніклых не вядуцца. У пачатку 2000-х прагучала вядомая фраза Лукашэнкі: «Кіньце шукаць Захаранку й Ганчара. Вам што, трэба, каб апазіцыя цягала іхнія труны з целамі па Менску?»

Алег Алкаеў, які ў час знікнення палітыкаў узначальваў СІЗА № 1 і быў адказным за правядзенне смяротных пакаранняў і выдачы пісталету, які пры гэтым выкарыстоўваўся (і які немагчыма адсачыць), супаставіўшы даты знікнення з патрабаваннем выдаць пісталет блізкім да рэжыму сілавікам, прыйшоў да высновы, што гэтая зброя была выкарыстана для забойства Захаранкі, Ганчара й Красоўскага. Пасля таго, як ён напісаў адпаведны рапарт, быў арыштаваны камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрый Паўлічэнка. Аднак ў хуткім часе яго вызвалілі праз асабісты загад Лукашэнкі. Алкаеў жа быў вымушаны назаўжды пакінуць Беларусь.

У 2019-ым былы баец Спецыяльнага атраду хуткага рэягавання (САХР) МУС Беларусі Юры Гараўскі, які ў 2018-ым уцёк з Беларусі ў Швайцарыю (пасля таго, як, па ягоным меркаванні, на ягонае жыццё быў зроблены замах), распавёў, што быў суўдзельнікам забойства Захаранкі, Ганчара й Красоўскага. На той момант яму самому было 20 гадоў. У сваім інтэрвію Deutsche Welle ён распавёў, што САХР у канцы 90-ых, фактычна, быў «эскадронам смерці», які ажыццяўляў пазасудовыя забойствы крымінальнікаў. Нагадаем, акурат на рэфэрэндуме 1996-га, вынікі якога аспрэчваў Ганчар, беларусы, быццам, запатрабавалі пакінуць у краіне смяротнае пакаранне; у далейшым – і да нашых дзён – рэжым, роўна як і ягоныя памагатыя, вядуць актыўную прапаганду смяротнага пакарання, у тым ліку – без суду й следства. Таксама варта адзначыць, што, па словах Гараўскага, «эскадрон смерці» дзейнічаў выключна па вусных загадах – аніякіх пісьмовых слядоў ягонай дзейнасці няма.

Гараўскі распавёў, што ў траўні 1999-га пры ягоным удзеле быў скрадзены Захаранка, якога ў той жа вечар застрэліў у спіну Паўлічэнка. Цела Захаранкі спалілі ў крэматорыі Паўночных могілкаў у Менску. У выкраданні й забойстве Ганчара й Красоўскага ён таксама прымаў удзел. Пры гэтым, па ягоных словах, ён ударам жалезнага ланцуга, наматанага на кулак, разбіў нос і губу Ганчару, праз што выцекла шмат крыві. Потым іх вывезлі ў раён Бягомлю, дзе застрэлілі ў спіны, а целы закапалі ў глыбокай яміне. За суўдзел у забойствах, як казаў Гараўскі, байцам выдалі па тысячы даляраў. Аніякай ідэялягічнай падставы прымаць удзел у гэтай акцыі ў Гараўскага не было. Вось яна – тая самая банальнасць зла.

У верасні 2023-га Гараўскі паўстаў перад судом у Швайцарыі, але той прызнаў яго не вінаватым у забойствах. У тлумачэнні да прыгавору суддзя ўказаў, што дадзены выпадак зьяўляецца «асобным», бо ў ім «задзейснена ўлада, якая й нясе адказнасць за гвалтоўныя знікненні». У той жа час, суд ня здолеў высветліць – сапраўды Гараўскі ўдзельнічаў у выкраданнях, ці яму гэта зрабілася вядомым з расказаў ягоных саслужыўцаў.

З часу знікнення чальцоў АГП прайшло ўжо 27 гадоў, але ці можа хтосьці сцвярджаць, што рэжым за гэты час хоць неяк змяніўся? Нават калі «гучных» знікненняў з таго часу не было, рэжым пэрыядычна дэманстраваў сваю гатоўнасць да іх. 13 студзеня 2014-га пасля правядзення пікету быў выкрадзены тагачасны лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Машына з ім і з ягонымі выкрадальнікамі з МУС на вялікай хуткасці праехала спачатку паўз Курапаты, а потым пагарнула ў бок крэматорыю. Тады яшчэ не было вядомым, што гэта «той самы» крэматорый, таму для самога Анатоля гэты манэўр застаўся незразумелым. Але цяпер у ім бачыцца досыць празрысты намёк на расправы над палітычнымі апанентамі, якія ажыццяўляў як сам рэжым, так і тыя, каго ён лічыць сваімі «духоўнымі» папярэднікамі й настаўнікамі.

Самае страшнае ў рэжыме – акурат вось гэты патэнцыял пераходу да расправаў, які выцякае з стаўлення да чалавека як да аб’екта, пытанне жыцця, смерці, зняволення ці адноснай свабоды якога цалкам знаходзіцца ў руках самога рэжыму й не абмяжоўваецца нічым – ні мараллю, ні страхам перад законам, ні знешнімі фактарамі. Пра гэта варта памятаць, асабліва калі ўступаеш у гандль з гэтым рэжымам. Тым болей у той гандль, дзе таварам зьяўляюцца людзі.


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page