Рэчаіснасць і заканамернасці
- 4 дня назад
- 5 мин. чтения

Тут дыскусія ўзнікла: адны аналітыкі кажуць, што дыктатар адарваўся ад рэчаіснасці, другія кажуць, што не адарваўся. А можа, ён і ёсць тая самая рэчаіснасць, кажуць трэція – зусім як штаб-сяржант Боб Барнс з стоўнаўскага «Звязу».
Рэчаіснасці
І натуральна, узніклі спрэчкі наконт таго, што такое рэчаіснасць, і наколькі можна казаць пра існаванне аб’ектыўнай рэчаіснасці, ці яна заўжды суб’ектыў. Некаторыя, дарэчы, перакананыя, што рэчаіснасці не існуе ўвогуле – маўляў, усё, што мы бачым, чуем, адчуваем існуе выключна ў нашым уяўленні. Але гэты выпадак можна разглядаць як прыватны выпадак проста рэчаіснасці, бо мы ўсё роўна маем нейкія свае ўяўленні й чаканні ад таго, што намі адчуваецца, а таксама атрымліваем ад наваколля зваротную рэякцыю – нават калі гэта ўсё існуе толькі ў нашым уяўленні (якое само пры гэтым існуе невядома дзе).
Але любы чалавек можа ўпэўнена казаць, што ён увесь час сутыкаецца з рэчыіснасцю. Яна прылятае да яго ў выглядзе чаканых і нечаканых задрэнняў, грашовых паступленняў і тратаў – малых ды вялікіх, чаканых ды не. Яна знаходзіць яго ў выглядзе запрашэння на імпрэзу ці выкліку ў падатковую інспэкцыю, пахам кветак ці кулаком у твар. Так: успрыяцце гэтай рэчаіснасці будзе для яго чыста індывідуальным – суб’ектыўным, нават калі на ягонае ўспрыяцце адчувальны ўплыў будзе пакідаць упрыяцце чужое. Але гэтая суб’ектыўнасць будзе тычыцца выключна ўспрыяцця, а не самой рэчаіснасці. Таму нават існуе гэтая папулярная парада: калі ты ня можаш паўплываць на сітуацыю, змяні сваё стаўленне да яе. Варта адзначыць: працуе.
Вось тут і ўзнікае пытанне: а нашая роля ў гэтай рэчасінасці – якая? Нам дадзена толькі ўспрымаць яе, ці прымаць удзел ва ўтварэнні – таксама? Пытанне – ня толькі філязофскае, а вельмі нават практычнае. Бо ад гэтага залежыць наш выбар: мы будзем пасіўнымі ўспрымальнікамі, дзеянні якіх абмяжоўваюцца выключна забеспячэннем свайго існавання, ці будзем чагосці рыпацца і спрабаваць «падагнаць» гэтую рэчаіснасць пад свае мары й жаданні.
Ужо па самой фармулёўцы мы бачым: першы варыянт ня ёсць магчымым ні пры якіх умовах. Бо нават людзі. заклапочаныя толькі сваім уласным існаваннем, могуць імкнуцца да зусім розных узроўняў гэтага існавання. Так, камусці патрэбен узровень прыбытку ў 1000 эўра штомесяц, іншаму гэтай сумы будзе замала на штодзённыя кішэнныя траты. І каб дасягнуць гэтай мэты – нават па 1000 штомесяц, нават «папіццот» – трэба прыкласці пэўныя высілкі, сутыкнуўшыся, бывае, і з неабходнасцю маральнага выбару, і з патрэбай «пераступіць» цэраз сябе (ці цэраз іншых). Ды й характар, індывідуальныя здольнасці, адукацыя, атачэнне – усё гэта зьяўляецца тымі фактарамі, якія непазбежна будуць уплываць на самую што ні на ёсьць суб’ектыўную «рэчаіснасць».
І, натуральна, да гэтага трэба дадаць яшчэ й агульную эканамічную, палітычную, сацыяльную сітуацыю, і мы пабачым, што існаваць нашай суб’ектыўнай рэчаіснасці даводзіцца ў цалкам сабе аб’ектыўных умовах.
Анягож! – скажаце вы, і дададзіце, што гэта і ёсць прыстасаванне да рэчаіснасці – калі людзям толькі й трэба, што прымаць усталяваныя ў дадзенай рэчаіснасці правілы гульні, ды атрыміліваць наўзамен спакойнае жыццё. Вось, як кажа адзін беларускі доктар палітычных навук, саджае і забівае дыктатура толькі тых, хто з ёй нязгодны. А астатнім – усё нішцяк. Дарэчы, праз гэта той доктар робіць выснову, што «адрываюцца ад рэчаіснасці» як раз тыя, хто выступае супраць дыктатуры.
Праблема разважанняў доктара ў тым, што «сажаюць і забіваюць» ня толькі тых, каму дыктатарская рэчаіснасць не падабаецца. Гісторыя ХХ стагоддзя дэманструе, што ўтвораная дыктатарамі рэчаіснасць нясе пагрозу ўсім: ГУЛаг і расстрэльныя палігоны ў СССР і спляжаныя авіяцыяй саюзнікаў гарады Трэцяга Райху зьяўляюцца таму добрым пацьверджаннем. Ты можаш паспяхова знайсці сабе спакойную і забяспечаную нішу пры дыктатуры, але рэчаісныя карныя органы ды бомбы з снарадамі чамусці зусім не паважаюць «прайвасі» гэтых прытулкаў. І далей товй лёс – гніць пад соснамі ва ўмоўных Курапатах, ці быць уплаўленым у асфальт ва ўмоўным Гамбургу.
Заканамернасці
Самы час перайсці да пытання: а хто стварае рэчаіснасць? Зноў гучыць меркаванне:і яе ўтвараюць тыя самыя дыктатары. Анягож! – усклікнем ужо мы. Хіба жадалі гэтыя стваральнікі рэчаіснасці быць загнанымі ў бункерны кут і ўдавіцца там уласнымі рукамі? Чаму ўтвораная імі рэчаіснасць прыляцела ім жа куляй румынскага дэсантніка ў грудзі ці штыхом лівійскага паўстанца ў азадак?
Выснова напрошваецца сама сабой. Рэчаіснасць – гэта не сітуацыя, утвораная раз і назаўжды, дзе кожнаму наканавана свая роля й сваё месца. Рэчаіснасць – гэта працэс, які фармуецца вялікім уплывам фактараў, як аб’ектыўных, так і сую’ектыўных. Але варта прызнаць, што аб’ектыўныя фактары (нават «чорныя лебедзі») таксама зьяўляюцца вынікамі пэўных суб’ектыўных дзеянняў, якія запускаюць тое, што можна назваць заканамернасцямі. Хтосці можа называць іх «кармай», хтосці – «Богам», але ў нашым ня надта рэлігійным грамадстве лепш пазначаць гэтую зьяву менавіта як «заканамернасці». Якія й вызнакчаюць рэчаіснасць у кожны асобны момант часу.
Прыход Лукашэнкі да ўлады ў 1994-ым зрабіўся рэчасінасцю пад уплывам самых разнастайных фактараў, у тым ліку, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, зусім выпадковых. Тым ня менш ён заканамерна адбыўся. І зрабіўся, у сваю чаргу, тым фактарам, які пачаў уплываць на далейшую рэчаіснасць жыцця беларусаў – з заменай дэмакратычнай сістэмы (ну, якой-ніякой, але ж) дыктатрскім адзінаўладдзем, вяртаннем да дзяржаўнай мадэлі эканомікі, паталягічнай (іначай ня скажаш) зацыкленасцю на Расіі. Гэта ўсё таксама зрабілася тымі фактарымі, якія прывялі да палітычнага тупіку, катастрафічнай сітуацыі ў эканоміцы, уцягвання краіны ў канфлікт з суседзямі. І самыя сумныя высновы напрошваюцца пры разважаннях, а да якой рэчаіснасці прывядуць ужо гэтыя фактары.
Так, Лукашэнка імкнуўся фармаваць «сваю» рэчаіснасць, зыходзячы з сваіх уласных уяўленняў, мараў і чаканняў, якія сфармаваліся цягам ягонага жыцця. Няма вялікай упэўненасці ў тым, што ён жадаў нейкага дабра беларусам (існуюць вялікія сумненні ў тым, што ён здольны мысліць такімі катэгорымі), але дабра сабе ён жадаў адназначна. Тым ня менш, фармаваная ім рэчасінасць прывяла да таго, што людзі яму ў твар сказалі: «Сыходзь!»
Гэтакім жа чынам, тое, што людзі выйшлі ў 2020-ым, сведчыць зусім не пра іхні адрыў ад рэчаіснасці, а наадварот, пра тоен, што менавіта такую рэчаіснасць сфармавалі фактары й заканамернасці, народжаныя рэчаіснасцю дыктатуры. Але ж змены рэчаіснасці адбыліся ня ў тым кірунку, якога чакалі беларусы. Свой уплыў пакінуў той моцны фактар, які ў значнай ступені ўвесь апошні час (некалькі стагоддзяў, калі быць больш дакладнымі) уплываў на беларускую рэчаіснасць: Расія. Гэты фактар не дазволіў дыктатуры абрынуцца ўжо тады. Але й перамагчы тыя заканамернасці, якія вядуць да гібелі дыктатуры, гэты фактар таксама ня ў стане. Бо сам ён знаходзіцца пад ціскам тых заканамернасцяў, якія запусціў пры фармаванні «сваёй» рэчаіснасці. Што й прывяло яго ў тую велмі нязручную пазіцыю, у якой ён знаходзіцца цяпер.
Вось і атрымліваецца, што ніхто не знаходзіцца ў адарванасці ад рэчаіснасці: кожны чалавек, ад першага ліберала да кончанага дыктатара, і ад хатаскрайніка да найактыўнейшага палітычнага актывіста, знаходзіцца ў той рэчаіснасці, якая сфармавалася на гэты канкрэтны момант. Якой рэчаіснасць зробіцца ў далейшым – гэта таксама залежыць ад дзеянняў (ці бяздзеянняў) усіх тых, хто – жадае ён, ці не жадае – зьяўляецца тым фактарам, які прыводзіць у дзеянне тыя ці іншыя заканамернасці, а потым – непазбежна – робіцца аб’ектам іхняга ўздзеяння. То-бок, ад усіх нас. Можна прыняць для сябе, што рэчаіснасць – гэта дыктатура, і больш анічога ня дадзена. І паводзіць сябе адпаведна: плакаць над «зламанымі лёсамі» і «страчаным усім» (заўважна, што асабліва гэта любяць рабіць людзі, даўно зьехаўшыя з Беларусі і анічога ў матэрыяльным ці жыццёвым пляне ня страціўшыя) і хапаць за рукі тых, хто працягвае змагацца супраць дыктатуры. Але штосці падказвае, што такая пазіцыя ня будзе мець вялікай папулярнасці. І гэта – заканамерна.



Комментарии