Прапанаваны ў ЭЗ закон пагражае анлайн-свабодам

Найноўшая атака на свабоду самавыражэння ладзіцца з нечаканага кірунку – знутры ЭЗ. Яна мае форму прапанаванага закону пад назвай «EU Kids Act», які ўводзіць абмежаванні на ўзрост для карыстальнікаў пэўных катэгорый анлайн-сервісаў і патрабуе інтрузіўнай працэдуры праверкі ўзросту.
Як часта бывае з падобнымі мерамі, якія пагражаюць свабодам, гэты набор правілаў нібыта нацэлены на «абарону дзяцей», пры тым што прапанаваны закон наўрад ці гэтай мэты дасягне. А вось тое, чаго ён гарантавана дасягне, гэта небяспека для прыватнасці і ананімнасці анлайн усіх жыхароў ЭЗ, што, у сваю чаргу, пакіне адмоўны ўплыў на свабоду самавыражэння, пагоршыць стан дэмакратыі і будзе пагражаць вяршэнству права.
Тым ня менш, пакуль што існуе магчымасць выказаць незадаволенасць прапанаванымі абмежаваннямі, пакінуўшы водгук на закон (неграмадзянам ЭЗ таксама дазволена выказаць свае думкі). Гэтыя водгукі будуць сабраныя і перададзеныя ў Эўрапарлямент ды Эўракамісію перад дэбатамі па новым законе і, магчыма, дапамогуць спыніць яго прыняцце і пазбегнуць катастрофы. Усім тым, каму неабыякавы лёс дэмакратыі ў Эўропе (а, па выніку, і ў шмат якіх іншых месцах у свеце), прапануецца ўзяць удзел. Прычым тэрмінова: сайт Эўракамісіі чамусьці няздольны вызначыцца, будзе прыём водгукаў зачынены 26 лістапада ці 3 снежня.
У той жа час тэкст самога закону складае 70 старонак з дадатковымі 28 старонкамі «Legislative Statement» («Заканадаўчага сцвярджэння») і асобным «Staff Working Document» («Працоўным дакументам», SWD) на 82 старонкі, і ўсе яны напісаныя ў асноўным на юрыдычнай мове, таму падаецца слушным прывесці кароткі пералік некаторых з найбольшых праблемаў, звязаных з гэтай ідэяй.
Перш за ўсё яна закранае нашмат больш, чым можна было б чакаць. Замест таго, каб нацэльваць абмежаванні на гігантаў кшталту Facebook і TikTok, закон адкрыта ігнаруе памер платформаў; усё, што адпавядае пералічаным вызначэнням, будзе закранутае, нават малыя і мікрабізнэсы. Зразумела, што для маленькіх платформаў эканамічны эфект будзе непрапарцыйна горшы, што яшчэ больш узмацніць пазіцыі буйных карпарацый.
У той жа час тыя самыя вызначэнні дастаткова размытыя і, калі ўжываць іх шырока, могуць уключаць амаль любы сайт, дзе карыстальнікам дазволена размяшчаць кантэнт, напрыклад, сайт з кулінарнымі рэцэптамі, дзе можна пакідаць каментары, ці анлайн-краму з водгукамі на тавары. Паколькі закон імкнецца, па сутнасці, да нулявой цярплівасці да ўяўлёных пагрозаў, шырокая трактоўка падаецца імавернай.
Нават доступ да пошукавых сістэм можа зрабіцца абмежаваным па ўзросце. Яны не пералічаныя сярод аб’ектаў рэгулявання ў асноўным дакуменце, але яны і не ўказаныя як выключаныя са спісу, а некаторыя фразы ў «Staff Working Document», па сутнасці, патрабуюць абмежаванняў для пошукавых сістэм. Наяўнасць функцыі ШІ-агляду, якую нельга адключыць, робіць Google асабліва ўразлівым, бо ШІ дакладна ўключаны ў пералік аб’ектаў рэгулявання.
Гэта ўздымае асобнае пытанне: зараз шмат якія з сайтаў, якія падпадуць пад рэгуляванне, дазваляюць доступ без стварэння акаўнта. У залежнасці ад таго, як менавіта платформы будуць забяспечваць працэс праверкі ўзросту, магчымасць такога доступу можа знікнуць і наяўнасць акаўнта стане абавязковай. А калі ў карыстальніка ёсць акаўнт, сачыць за ім становіцца значна прасцей. Сабраная інфармацыя можа быць потым перададзена ўладам. Пагроза можа быць не такой ужо далёкай і абстрактнай, як падаецца: магчымасць таго, што звязаны з абортам запыт у Google можа трапіць у рукі паліцыі, стала выклікаць істотны непакой пасля таго, як некаторыя штаты ЗША атрымалі магчымасць аборты забараніць.
Бяспека персанальных дадзеных, выкарыстаных для пацверджання ўзросту, таксама не гарантаваная. У законе не прыводзяцца канкрэтныя тэхнічныя патрабаванні; замест гэтага даюцца агульныя апісанні чаканняў і спасылкі на GDPR (эўрапейскі рэглямент па абароне персанальных дадзеных).
Гэта значыць, што існуе шэраг варыянтаў таго, як ананімнасць карыстальніка можа быць парушаная, а ягоная персанальная інфармацыя скрадзеная і выкарыстаная шкодным чынам. Кампаніі, якія праводзяць працэс пацвярджання ўзросту, могуць быць скампраметаваныя ў выніку кібератакі (такое ўжо здаралася: напрыклад, кампанія, якая працавала з платформай Discord, была ўзламаная). Нават пры адсутнасці знешніх пагроз, уласныя супрацоўнікі IT-кампаній часам атрымліваюць доступ да інфармацыі, якую яны не павінны былі бачыць (такое таксама ўжо здаралася: напрыклад, супрацоўніка Meta злавілі на тым, што ён спампоўваў прыватныя выявы карыстальнікаў Facebook). Пры гэтым буйныя IT-кампаніі і самі часта ігнаруюць правілы абароны дадзеных карыстальнікаў. Нядаўна Google быў аштрафаваны за неналежнае абыходжанне з дадзенымі пра месцазнаходжанне карыстальнікаў, і гэта толькі адзін з шматлікіх прыкладаў. Нарэшце, нават улады краіны могуць сачыць за насельніцтвам, нягледзячы на нацыянальныя законы і міжнародныя абавязкі, як, напрыклад, гэта рабіла ўлада Віктара Орбана ў Вугоршчыне.
Няма патрэбы тлумачыць, што калі ў грамадзян ёсць магчымасць ананімна крытыкаваць улады, гэта з’яўляецца важным сродкам кантролю за гэтымі ўладамі. І таму давяраць ахову гэтага сродку тым жа самым уладам наўрад ці ёсць добрай ідэяй. Асабліва калі ўлічваць, што ўлады змяняюцца: калі тэхналёгія для масавага сачэння ўжо пабудаваная, амаль гарантавана аднойчы нехта ёй скарыстаецца ў сваіх нядобрых мэтах.
Наўзамен на гэтыя вельмі негатыўныя наступствы прапануюцца ў лепшым выпадку мінімальныя выгады (карысць ад падобных абмежаванняў у Аўстраліі ёсць мінімальнай). Дзеці ўсё роўна знойдуць шляхі, як абысці абмежаванні, напрыклад, праз выкарыстанне VPN і сеткі TOR; яны нават могуць звярнуцца па дапамогу да тых самых незнаёмцаў, ад якіх гэты закон спрабуе дзяцей абараніць.
Дык а чаму тады грамадства падтрымлівае прапанаваныя змены? Адказ просты: яно і не падтрымлівае. Тэкст прапановы спрабуе зрабіць выгляд, што існуе грамадская падтрымка, праз маніпуляцыю выбарачна прадстаўленай інфармацыяй, тым часам як апытанне Eurobarometer, на якое даецца спасылка, дэманструе, напрыклад, што толькі меншасць бацькоў і юнакоў лічыць, што сацыяльныя медыя маюць адмоўны ўплыў на псыхічнае здароўе юнакоў.
То бок, калі падсумаваць, «EU Kids Act» не мае грамадскай падтрымкі і не падвысіць бяспеку дзяцей. Затое амаль усё ў інтэрнеце будзе патрабаваць пацверджання ўзросту; дадзеныя, выкарыстаныя для праверкі, будуць у небяспецы, і ва ўладаў будзе значна больш магчымасцяў сачыць за насельніцтвам. Так што наш водгук тут сапраўды патрэбны.



Комментарии