top of page

Гісторыя нявывучаных алімпійскіх урокаў

  • 23 февр.
  • 13 мин. чтения
Закрытие Олимпиады 2026
Закрытие Олимпиады 2026.

22 лютага – апошні дзень Алімпіяды ў Міляне – Картыне, і мы зноў вяртаемся да тэмы спорту і палітыкі.

Тым больш, што, як можна заўважыць па сітуацыі вакол словаў нямецкага каментатара тэлеканала ARD Даніэля Вайса наконт сямейнага статусу грузінскай фігурысткі Анастасіі Губанавай, алімпійскія жарсці могуць ахапіць куды больш шырокія колы людзей, чым спартыўных заўзятараў.

 

І гэта таксама ўздымае пытанне наконт таго, што з’яўляецца тут першасным: прыгожы фасад з велічных будынкаў і моцнага духу, ці гнюснае цкаваньне «іншых», якое адбываецца за гэтым фасадам, а на глебе моцнага духу квітнее мілітарызм і агрэсія. Ілюстрацыяй такога супярэчлівага ўспрыяцця галоўнай спартовай падзеі кожных чатырох гадоў з’яўляюцца ХІ летнія Алімпійскія гульні, якія праводзіліся ў Бэрліне ў 1936-ым, калі ў Нямеччыне панаваў нацыстоўскі рэжым.

Праўда, рашэньне абраць Бэрлін сталіцай Алімпіяды было прынят яшчэ да прыходу нацыстаў да ўлады. Тады за права прыняць Гульні нямецкацй сталіцы давялося вытрымаць моцную канкурэнцыю з боку іншых гарадоў. Бэрлін, набраўшы 43 галасы, перамог у першым жа туры.

Тут, дарэчы, не абыйшлося без палітыкі: надаўшы Нямеччыне права прымаць Гульні, міжнародная супольнасць быццам рэябілітавала яе за развязванне Першай сусветнай. Ды й нацысты ў час прыняцця рашэння (травень 1931-га) выглядалі, хутчэй, маргіналамі, а не сур’ёзнай палітычнай сілай. Што таксама ёсць для нас намёкам: ня варта недаацэньваць палітычных маргіналаў.

У Нямеччыне ўсё адбылося менавіта так. У 1933-м уладу ў Нямеччыне захопліваюць нацысты, і ў хуткім часе міжнародная супольнасьць пачынае разумець, што, калі права на правядзеньне Алімпійскіх Гульняў аддавалася Веймарскай Рэспубліцы, дык ажыцьцяўляць гэтае права будзе Трэці Райх.

Самі нацысты, і Гітлер у тым ліку, першапачаткова да ідэі правядзеньня гульняў ставіліся індыферэнтна. У той час папулярнасьць алімпійскага руху была далёкай ад сеньняшняга стану, матэрыяльны прыбытак быў нязначным (калі, увогуле, быў), а колькасьць залатых медалёў яшчэ не прыроўнівалася да колькасьці балістычных ракет. Больш за тое, некаторымі нацысцкімі дзеячамі лічылася, што арыйскім спартоўцам проста нягодна змагацца з не зусім паўнавартаснымі супернікамі. Адзін нацысцкі функцыянер ахарактарызаваў Алімпіяду як дзею, «напоўненую французамі, бельгійцамі, палякамі і негра-юдэямі».

Дык якая карысьць можа быць нацыянал-сацыялістычнае дзяржаве ад ідэі правядзеньня Алімпійскіх Гульняў? Адзінае што... А вось калі... Адзінае што, а вось калі пераўтварыць гэтую ідэю ў ідэю трыюмфу нацыі?

І закруцілася. Алімпійскія Гульні ў Трэцім Райху пакажуць гэтым саплівым лібералам, што такое здаровы арыйскі дух у здаровым арыйскім целе! Мы правядзем самыя маштабныя, самыя крэатыўныя, самыя міралюбныя і самыя пераможныя гульні! Алімпіяда ў Бэрліне прагучыць на весь сьвет і запомніцца на тысячы год!

Трэба адзначыць, што значную ролю ў зьмене стаўленьня нацысцкага кіраўніцтва адыграў старшыня аргкамітэту Гульняў Тэадор Левальд. 16 сакавіку 1933 г. ён сустрэўся зь Гітлерам, і пад час гэтае сустрэчы пастараўся раскрыць увесь магчымы прапагандысцкі эфект ад Алімпіяды. Левальд, пры гэтым, ня меў на ўвазе прапаганду ідэяў нацыянал-сацыялізму. Але менавіта такую магчымасьць пабачылі ў Гульнях Гітлер і Гебельс. Апошні, нават, загадаў зтварыць адмысловы прапагандысцкі камітэт, арыентаваны на пераўтварэньне Алімпіяды ў падзею сусьветнага маштабу, а Трэці Райх – у цэнтр гэтае падзеі.

Пасьля гэтага аргкамітэт ня меў нястачы ня ў чым. Гітлер загадаў пабудаваць новы алімпійскі стадыён, не зважаючы на магчымыя траты. «Некалькі мільлёнаў ня граюць аніякае ролі», – заўважыў ён пры гэтым. Алімпійскі стадыён (Алімпіяштадыён) атрымаўся велічным – на 110 тыс. гледачоў. А для тых аматараў спорту, якія не патрапілі на сам стадыён, былі арганізаванымі 26 пляцовак, дзе спартовыя падзеі можна было назіраць на тэлеэкранах. Так, так! Бэрлінская Алімпіяда была першай, на якой ажыцьцяўлялася тэлевізійная трансляцыя.

І ня толькі тэлетрансляцыя была навацыяй бэрлінскіх Гульняў. Нямецкі спартовы функцыянер Карл Дзім, які, разам з Левальдам дамагаўся для Бэрліну ў 1931 г. права правядзеньня Алімпіяды, а потым атрымаў пасаду Генеральнага сакратара Аргкамітэту Гульняў, дадумаўся арганізаваць эстафету атлетаў дзеля таго, каб перадаць алімпійскі агонь, запалены ў Грэцыі, у Бэрлін. З таго часу алімпійская эстафета зрабілася неадымальнае часткай падрыхтоўкі Гульняў. І, канечне, абсалютна фантастычна гэта ўсё зафіксавала на кінастужку вялікая рэжысёрка Лені Рыфеншталь, паклаўшы пачатак і зтварыўшы каноны спартовай (і ня толькі) кінадакументалістыцы.

І ўсё было б цудоўна... Каб алімпійская ідэя дамінавала ў галовах кіраўніцтва Райху. Але, там панавалі зусім іншыя ідэі, для якіх Алімпіяда была, адно што, сродкам. Сродкам прадэманстраваць сваю веліч і непаўнавартасьць іншых. Таму, праблемы праявіліся даволі хутка.

Што вызначае любы таталітарны рэжым (што фашысцкі, што нацысцкі, што бальшавісцкі, што любы іншы)? Абавязковае пазначэньне іншага. Таго іншага, хто думае, выглядае, дзейнічае ня так, як трэба. А як гэта – «як трэба»? Дык гэта ж усе ведаюць! Пра гэта ў газэтах пішуць, па радыё кажуць, песенькі сьпяваюць, на працоўных месцах кажуць. І як бы было цудоўна, каб усе рабілі як трэба! Дык толькі ж іншыя замінаюць. Яны, гэтыя іншыя, сваім лібералізмам, формай носу, колерам скуры, сэксуальнае арыентацыяй усё псуюць і паскудзяць!

А яшчэ таталітарныя рэжымы вызначаюцца памкненьнем даваць простыя адказы на складаныя пытаньні. Нешта ў нас ня так? Дык давайце пазбавімся іншых! Канечне, у той час асабліва адораныя асобы яшчэ не дайшлі да разуменьня, што сьвет губяць людзі з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Таму ўсё, па звычцы, валілі на юдэяў. Антысемітызм быў прапісаны ў праграме нацыянал-сацыялістычнай партыі, пад пунктам 25. І, як толькі нацысты прыйшлі да ўлады, яны пачалі ачышчаць усе сфэры жыцьця ад юдэйскай прысутнасьці. У тым ліку, і спартовую сфэру.

Пачалося амаль адразу – у сакавіку 1933 г., калі ў Кёльне юдэям забаранілі карыстацца гарадскімі спартыўнымі пляцоўкамі. Дык што? Гэта ж, можна казаць, толькі ініцыятыва ўладаў аднаго, асобна ўзятага, населенага пункту. У цэлым па краіне ўсё добра.

Потым, 4 красавіка таго ж году нямецкая федэрацыя боксу выключыла спартоўцаў юдэйскага паходжаньня з усіх сваіх спаборніцтваў і загадала ануляваць усе кантракты, заключаныя з удзелам прамоўтэраў-юдэяў. Дык, зноў жа, гэта толькі асобная федэрацыя. Навошта палітычнае кіраўніцтва краіны за гэта папракаць?

Праз тры тыдні пасьля гэтага ўжо Райхсбюро па пытаньнях спорту выдае разпараджэньне пра ажыцьцяўленьне палітыкі «толькі для арыйцаў» ва ўсіх спартовых арганізацыях. Але пры гэтым выключэньне рабілася для юдэяў-ветэранаў вайны і іхніх нашчадкаў. Дык ці можна тут казаць пра дыскрымінацыю юдэяў?

Далей – болей. Паступова, усе спартовыя арганізацыі і ўстановы зачынілі свае дзьверы для спартоўцаў «неарыйскага» паходжаньня. Пры гэтым умовы былі роўнымі для ўсіх: з спорту выляталі як пачаткоўцы, так і чэмпіёны. У тым жа 33-м годзе з спорту былі вымушаны зысьці такія адметныя фігуры як баксёры Эрык Зэліг (чэмпіён сярод аматараў, юдэй) і Ёган Трольман (чэмпіён Нямеччыны ў паўсярэдняй вазе, цыган), а таксама тэнісісты Даніэль Прэн (чалец нямецкай каманды на кубку Дэвіса, юдэй).

Гэта ўжо пачынала напруджваць. Не, не немцаў. Напруджваць гэта пачало іншаземцаў, якім, чамусьці, да ўсяго была справа. У авангардзе, як заўжды, ішлі амерыканцы. Старшыня амерыканскага Алімпійскага камітэту Эйверы Брандэйдж, нават, заявіў у 33-м годзе, што, маўляў, «самы падмурак сучаснага алімпійскага адраджэньня будзе падарваным, калі асобным краінам дазволіць абмяжоўваць удзел з клясавых, рэлігійных ці расавых падставаў».

У Злучаных Штатах спартовыя функцыянеры пачалі ўсур'ёз абмяркоўваць магчымасьць байкоту бэрлінскае Алімпіяды, ці пераносу гульняў у іншае месца. Падобныя настроі зьяўляліся і ў іншых краінах: Вялікабрытаніі, Галяндыі, Францыі, Швецыі, Чэхаславаччыне. Кіраўніцтва Райху адчула, што ідэя прапаганды нацызму праз Гульні можа не рэалізавацца. І тады яно (кіраўніцтва) прыдумала геніяльны ход. Ён заключаўся ў тым, каб, пры наяўнасьці дыскрымінацыі «неарыйцаў», нахабна хлусіць усяму сьвету, што гэтай дыскрымінацыі няма, што гэта ўсё – прыдумкі тых самых юдэяў.

А для найбольшае пераканаўчасьці сваіх пазіцый, нацыстыя запрасілі ў Бэрлін аўтарытэтных дзеячоў алімпійскага руху, прыбраўшы, на пэўны час, антысеміцкія лёзунгі з вуліц гораду. У 1935 годзе былі ўтвораны адмысловыя «алімпійскія трэніровачныя курсы» для атлетаў юдэйскага паходжаньня. Нацысты, нават, уключылі ў алімпійскія каманды «неарыйцаў». Гэта быў хакеісты Рудзі Баль (прыняў удзел у зімовых Гульнях) і фехтавальшчыца Гелена Маер (якую раней выкінулі з спорту з-за ейнага «неарыйскага» паходжаньня). Дарэчы, і Баль, і Маер былі юдэямі толькі напалову. Маер, бацька якой быў юдэям, а маці – лютэранкай, ніколі не лічыла сабе юдэйкай і, такім чынам, тэарэтычна, па Нюрнбергскіх законах, яна магла лічыцца «арыйкай» (у законах было адзначана, што «неарыйцамі» зьяўляюцца юдэі і тыя нашчадкі ад змяшаных шлюбаў юдэяў і не-юдэяў, якія «практыкуюць юдаізм»). Яна, заваяваўшы срэбра на Алімпіядзе ў Бэрліне, як і ўсе нямецкія прызёры, салютавала падчас узнагароджаньня нацысцкім жэстам. Але гэта ёй не дапамагло. Пасьля Гульняў яе канчаткова выкінулі зь нямецкага спорту, і яна эмігравала ў ЗША, а яе дзядзька загінуў у канцлягеры. Тым ня меней, у сучасным рунэце, чамусьці, вельмі любяць прыводзіць прыклад Маер як ілюстрацыю таго, што на Алімпіядзе ў Трэцім Райху не было аніякае дыскрымінацыі юдэяў.

Гэтая тактыка апынулася вельмі эфектыўнай. Усім адразу закарцела «аддзяліць спорт ад палітыкі». Аўтарытэтныя госьці, якія наведалі Бэрлін у 1935 годзе, прызналі высокі ўзровень падрыхтоўкі сталіцы Трэцяга Райху да правядзеньня Гульняў. Той самы Эйверы Брандэйдж, які раней настойваў на байкоце, цяпер кардынальна зьмяніў сваё меркаваньне. Ён казаў, што «Алімпійскія Гульні належаць спартоўцам, а не палітыкам», і што амерыканскіх атлетаў ня трэба ўцягваць у «разборкі» паміж нацыстамі і юдэямі. І ўвогуле, абвясьціў ён, патрабаваньні байкоту – гэта ўсё юдэйска-камуністычная змова, мэта якой – не дапусьціць амерыканскіх спартоўцаў на Гульні.

Ды што Брандэйдж! Сам заснавальнік сучаснага Алімпійскага руху, барон Пьер дэ Кубертэн, адзначыў посьпехі нацыстаў у справе падрыхтоўкі Гульняў. Гэтаму чалавеку, які, насуперак сучасным разпаўсюдным штампам, быў далёкім ад пацыфізму, імпанаваў агрэсіўна-мілітарысцкі падыход нацыстаў да спорту. Кубертэн настолькі захапіўся Трэйім Райхам, што і пасьля Алімпіяды працягваў пісаць артыкулы, поўныя замілаваньня нацысцкім рэжымам. Нават свой архіў ён плянаваў перадаць Райху.

А яшчэ – ну як жа бяз гэтага! – ён адзначаў неверагодную чысьціню бэрлінскіх вуліцаў.

Тэма байкоту была снятай, і нацысты выдыхнулі з палёгкай. Яны працягнулі, з аднаго боку, рыхтавацца да Гульняў, зь іншага – ачышчаць сваё грамадства ад іншых. Трэба адзначыць, што рашэньне не байкатаваць Алімпіяду ў Бэрліне было прынятым ужо пасьля таго, як Нюрнбергскія законы пазбавілі юдэяў, цыганаў, неграў нямецкага грамадзянства і рэзка абмежавалі іх у правох. Такім чынам, кіраўніцтву Трэцяга Райху быў пададзены відавочны сігнал: рабіце, што пажадаеце: Алімпіяду ў вас ніхто не адыме.

Райх працягнуў свой наступ на «неарыйцаў», у тым ліку тых, хто меў да Гульняў непасрэднае дачыненьне. За два тыдні да адкрыцьця Алімпіяды з нямецкае каманды была адлічанай яшчэ адна юдэйка – рэкардсменка Нямеччыны па скачках у вышыню Грэтэль Бергман. Проста скасавалі ўсе ейныя рэкорды і абвесьцілі, што ўзровень падрыхтоўкі Бергман не адпавядае алімпійскім патрабаваньням. А чо, усё справядліва. Няма рэкордаў – дык якія прэтэнзіі на чальство ў алімпійскай зборнай?

Крыху раней, у чэрвені, пацярпеў капітан вермахту Вольфганг Фюрстнер, які займаўся будаўніцтвам алімпійскае вёскі, а па ягоным завяршэньні, зрабіўся яе камендантам. З гэтае пасады ён быў зьняты, з той падставы, што, маўляў, па ягонай віне вёсцы была нанесенай шкода шматлікімі наведвальнікамі. На пасаду каменданту быў прызначаны Вернер фон унд цу Гільза, а Фюрстнер быў прызначаны ягоным намесьнікам. У рэчаіснасьці, Фюрстнер разумеў, што сапраўднае падставай для паніжэньня было ягонае зьмяшанае нямецка-юдэйскае паходжаньне.

16 ліпеня 1936 году бэрлінская паліцыя правяла «спецаперацыю», у выніку якой з вуліц сталіцы Алімпіяды былі прыбранымі каля 800 цыганоў. Усе яны патрапілі ў новенькі канцлягер Бэрлін-Марцан. Уласна, гэта быў, нават, не канцлягер, а так – адчыненая пляцоўка паміж могілкамі і звалкай. Праз пару год цыганоў адтуль накіравалі ў Заксэнхаўзэн, а ў 1943-м жанчын і дзяцей «перавялі» ў Асвенцым.

Але гэта ўжо не магло папсаваць агульнага станоўчага ўспрыяцьця той атмасфэры, якую стварылі арганізатары Гульняў для іхніх удзельнікаў і гасьцёў. Хто будзе задумвацца пра лёс нейкіх цыганоў, гледзячы на гэтыя шырокія чыстыя праспекты, над якімі побач лунаюць сьцягі з алімпійскімі колцамі і свастыкай? На гэтыя велічныя спартовыя пабудовы? На прыгожую і ўтульную алімпійскую вёску? На перадавыя тэхналёгіі? А гэты алімпійскі дух сілы, барацьбы, рыцарства, які быў, літаральна, паўсюль?

Чарльз Ліндберг, вялікі авіятар, які першым пераляцеў цераз Атлянтычны акіян, які лічыўся некаторымі «першым героем сьвету», наведаўшы Бэрлін у апошні тыдзень перад пачаткам Гульняў, казаў, што ў Нямеччыне ён адчуў той дух, якога ня бачыў ў аніякай іншай краіне. Станоўчую адзнаку атрымалі зь ягоных вуснаў і кіраўнікі Райху, з якімі ён сустракаўся. Усё гэта, дарэчы, пераўтварыла Ліндбергу ў вялікага прыхільніка нямецкага нацызму, што вылілася ў апазіцыю палітыцы Рузвельту ў часы Другой Сусьветнай.

Немцы, сапраўды, прыкладалі значныя намаганьні, каб госьці не адчувалі дыскамфорт. З вуліцаў прыбралі антысеміцкія лёзунгі. У размовах, таксама, забаранялася рэзка выказвацца ў адрас «неарыйцаў». Было абвешчана, што жорсткія гамафобныя законы ня будуць прымяняцца падчас Алімпіяды супраць іншаземцаў. Гасьцёўныя бэрлінцы нават пагадзіліся абмежаваць спажываньне яек, каб алімпійцы і турыстыя не адчувалі браку гэтага прадукту.

На гэтым фоне размовы пра нейкі байкот выглядалі ўжо сьмешна. Упёрся толькі адзін чалец Міжнароднага Алімпійскага Камітэту – Эрнест Лі Янке, амерыканец нямецкага паходжаньня. Ён да апошняга выступаў за перанос Гульняў у іншую краіну. Ну, дык «апошняе» наступіла для яго ў ліпені 1936 году, калі яго выключылі з МОК за ўпартасьць. Гэта, дарэчы, адзіны выпадак выключэньня з складу Камітэту.

Той, хто бачыў адкрыцьцё ХІ Алімпійскіх Гульняў, той ніколі ня мог забыць гэтага відовішча. Запоўнены стадыён. Чароўная музыка Вагнера. Праход алімпійскіх камандаў, многія зь якіх, праходзячы міма трыбуны, на якой стаіць Гітлер, ускідваюць рукі ў нацысцкім салюце (а хто казаў, што ён – нацысцкі? – запытываліся потым некаторыя спартоўцы. – Гэта самы, што ні на ёсьць, алімпійскі салют). І апафеёз міралюбнасьці насцыстаў: Гітлер выпускае ў нябёсы 20 тысячаў белых галубоў. І ўсё гэта – пад стрэлы гарматаў. Не, што ні кажыце, Бэрлінскім Гульням было наканавана быць самымі пасьпяховымі ў гісторыі.

І, канечне, Гульні мусілі быць трыюмфам нацысцкай волі. Гітлер і нацыя чакалі ад сваіх спартоўцаў толькі перамогаў. І перамогі пайшлі зь першага ж дню. Ніколі дагэтуль Нямеччына ня мела вышэйшых алімпійскіх узнагародаў у лёгкай атлетыцы. І вось, сяржант берлінскай паліцыі Ганс Вёльке штурхае ядро на 16,2 м! Цяпер гэта – нарматыў кмс. А тады гэтага быў рэкорд Алімпійскіх Гульняў. Шчасьлівы да немагчымасьці Гітлер запрашае Вёльке ў сваю ложу, каб павіншаваць яго з перамогай. Туды ж, у хуткім часе, накіроўваецца і Цілі Фляйшэр – кідальніца дзіды, якая таксама заваявала «золата». Таксама Гітлер павіншаваў трох фінскіх легкаатлетаў, якія занялі ўвесь п'едэстал у бегу на 10 тыс. м.

Старшыня МАК, бельгійскі граф Анры дэ Бае Лятур, які прысутнічаў тут жа, даволі коса глядзеў на радасныя скокі Гітлеру. Нарэшце, ён заўважыў, што калі Гітлер хоча віншаваць пераможцаў, ён мусіць віншаваць усіх пераможцаў. Іначай, ён мусіць стрымлівацца, і не віншаваць нікога. Гітлер, паразважаўшы, абраў другі варыянт. Што ён і прадэманстраваў у той жа дзень. Калі спаборніцтвы па скачкох у вышыню выйгралі два амерыканскіх цемнаскурых спартоўцы – Карнэліюс Джонсан і Дэвід Брытан, Гітлер іх не павіншаваў. Больш таго, ён пакінуў сваю ложу, парадзіўшы лягенду, што ён гэта зрабіў з-за нежаданьня паціскаць рукі чорным спартоўцам. Але, як лічыцца цяпер, ягоны зыход быў выкліканы іншымі падставамі: ён проста пайшоў абедаць. А што: вайна вайной, а абед – па раскладзе.

Пры ўсім пры гэтым Алімпіяда не апынулася цалкам у руках нацыстоўскіх бонзаў. Свій магутны ўнёсак у гэта зрабілі самі спарцмэны – і сваімі дасягненнямі, і сваімі паводзінамі.

Насуперак расісцкай ідэялёгіі дзяржавы-гаспадыні Алімпіяды, асноўная ўвага была накіраванай на цёмнаскурага спартоўца – амерыканскага лёгкаатлета Джэсі Оўэнса. Ягоныя фантастычныя вынікі не пакідалі аніякіх сумненьняў, што перамога на бегавой дарожцы застанецца за ім. Таму, пасьля фінішу забегу на 100 м, Лені Рыфеншталь была ў разгубленасьці не ад таго, што перамог мурын, а ад таго, што не здолела так разставіць кінакамеры, каб найбольш велічна засьняць гэты забег.

Некаторая інтрыга і зпадзяваньне на перамогу «арыйца» прысутнічалі ў спаборніцтвах па скачкох у даўжыню. Там Оўэнсу (які, акрамя бегавых дысцыплінаў, займаўся і скачкамі) канкурэнцыю маглі скласьці нямецкія атлеты Людвіг (Люц) Лёнг і тагачасны рэкардсмен Эўропы Вільгельм Ляйхум.

Оўэнс, як сам ён сам потым распавядаў, перад пачаткам спаборніцтва рыхтаваўся даць бой ганарыстаму «арыйцу» Лёнгу, але раптам адчуў чыюсьці руку на сваім плячы. Азірнуўшыся, ён пабачыў... таго самага Люца Лёнга, у позірку якога не было аніякай зьнявагі ці агіды. Яны паціснулі рукі адзін адному, а потым доўга размаўлялі, калі ляжалі на траве стадыёну. Фотаздымкі гэтага моманту зрабіліся ілюстрацыяй найвялікшае праявы спартовай і чалавечай годнасьці.


Люц Лёнг і Джэсі Оўэнс на стадыёне ў Бэрліне.
Люц Лёнг і Джэсі Оўэнс на стадыёне ў Бэрліне. 

Оўэнс перамог і ў скачкох у вышыню, пакінуўушы Лёнгу другое месца. Ляйхум быў чацьвёртым. Потым Оўэнс заваяваў яшчэ два «золата» – у бегу на 200 м і ў эстафеце 400Х100 м (у гэтае эстафеце трэцяе месца заняла каманда Нямеччыны, у складзе якой быў і Вільгельм Ляйхум).

Такім чынам, Оўэнс зрабіўся галоўным героем ХІ Алімпіяды. Але поціску рукі ад Гітлеру ён так і не дачакаўся. Хоць і не пакрыўдзіўся на гэта. Ён потым сьцьвярджаў, што Гітлер «памахаў» яму рукой з трыбуны. Значна больш пакрыўдзіўся Оўэнс на амерыканскага прэзідэнта Рузвельта, які, нават, не даслаў яму віншавальную тэлеграму.

Акрамя перамогаў Оўэнсу, на бэрлінскай Алімпіядзе было шмат іншых цікавых падзеяў. На ёй упершыню праводзіліся спаборніцтвы па баскетболе і гандболе. Трынаццацігадовая амерыканка Марджары Джэстрын перамагла ў спаборніцтвах па скачкох у ваду, зрабіўшыся самай маладой у гісторыі алімпійскай чэмпіёнкай. Олівер Хэлэсі заваяваў «золата» у складзе вугорскай ватэрпольнай каманды, нягледзячы на тое, што ў яго была толькі адна нага – другую яму ампутавалі пасьля аўтамабільнай катастрофы. Два японскія скакуны з шастом – Сюхэй Нісіда і Суэо Оэ паказалі ў фінале аднолькавыя вынікі. Але, па не да канца зразумелых прычынах, срэбны мядаль прысудзілі Нісідзе, а бронзавы – Оэ. Калі спартоўцы вярнуліся ў Японію, яны разпілавалі свае медалі, а потым спаялі паловы так, што атрымаліся два срэбна-бронзавыя медалі – «медалі сяброўства».

Пераканаўчую перамогу ў агульным заліку атрымалі нямецкія спартоўцы, якія заваявалі 33 залатыя, 26 срэбныя і 30 бронзавых медалёў. Не засталіся без узнагародаў і юдэйскія спартоўцы, якія выступалі за разнастайныя зборныя (да якіх адносяць і Гелену Маер). Яны выйгралі 7 залатых, 2 срэбныя і адзін бронзавы мядаль. Афра-амерыканцы таксама паказалі сябе з лепшага боку: на іхнім рахунку 8 залатых, 3 срэбныя і 2 бронзавыя медалі – чвэрць усіх узнагародаў, атрыманых амерыканскай зборнай.

Тым ня менш, Гульні ў Бэрліне былі задуманы як трыюмф, і скончыліся трыюмфальна. Мала хто здолеў захаваць цьвярозы погляд на іх, як на пазбаўленую ўсялякага сумленьня прапаганду нацызму. Усім ім адказаў Пьер дэ Кубертэн па завяршэнні Гульняў. Ён казаў: «Давайце ўцямім, што Алімпійскія Гульні – гэта жорсткая, дзікая барацьба, якой не адпавядаюць аніякія іншыя, акрамя жорсткіх і дзікіх істотаў. Абакружыць іх атмасфэрай канфармісцкай слабасьці бяз жарсьці і празьмернасьці, значыла б зьнявечыць іх, пазбавіць іх любой іхняй адметнасьці».

Кубертэн ня ведаў, што праз тры дні пасьля завяршэньня Гульняў першы камендант алімпійскай вёскі Фюрстнер застрэліўся, бо разумеў, што з-за ягонага юдэйскага паходжаньня і адпаведных законаў Райху ягоная кар'ера ў вермахце скончана. Кубертэн думаў, што Фюрстнер загінуў у аўтамабільнай катастрофе: менавіта так афіцыйна абвесьцілі нацысцкія ўлады.

Ня ведаў ён і пра концлягеры. Ды й пра Другую Сусьветную ён ня ведаў, бо памёр да яе пачатку. Што б ён казаў, каб ведаў пра ўсё гэта?

Дарэчы, вайна, развязаная нацыстымі праз тры гады пасьля таго, як пераканалі амаль увесь сьвет у сваёй міралюбнасьці і адэкватнасьці, балюча ўдарыла па некаторых героях ХІ Алімпіяды. У тым ліку, па немцах. Не, на палову юдэй Тэадор Левальд, які быў старшынёй аргкамітэту Гульняў, і дзякуючы энергіі і энтузіязму якога, у значнае ступені, Гульні і адбыліся, не зрабіўся ахварай галакосту. Яго вылучалі на пасаду віцэ-прэзідэнта МАК, але, пад ціскам з боку Гітлеру, быў вымушаны адклікаць сваю кандыдатуру. Ён быў пазбаўлены пасадаў, і ціха дажыў да канца вайны.

А вось Вернер фон унд цу Гільза, другі камендант алімпійскай вёскі, паўтарыў лёс свайго папярэдніка на гэтае пасадзе. Ён быў апошнім вайсковым камендантам Дрэздэну і застрэліўся ў траўні 1945, пасьля капітуляцыі Нямеччыны. Сама алімпійская вёска падчас вайны выкарыстоўвалася як вайсковы шпіталь, а пасьля захопу Бэрліну савецкімі войскамі, на яе тэрыторыі атабараваўся СМЕРШ.

Вільгельм Ляйхум, бронзавы прызёр Алімпіяды ў эстафеце, не апраўдаў спадзяваньняў фюрэра, і ў 1941-м быў накіраваны на Усходні фронт. Дзе і загінуў у ліпені таго ж году. У тым жа годзе, толькі ў сьнежні, загінуў у бітве за востраў Вэйк і бронзавы прызёр Алімпіяды ў скачкох з шастом, а таксама ўладальнік «медалю сяброўства» Суэо Оэ.

Добра вядомы беларусам лёс алімпіёніка, улюбёнца Гітлера Ганса Вёльке. Атрымаўшы пасьля Алімпіяды афіцэрскі ранг, ён працягваў служыць у паліцыі. Падчас вайны ён быў шэфам-камандзірам першай роты 118 паліцэйскага батальлёну. 22 сакавіка 1943 г. ягоная машына была абстралянай савецкімі партызанамі на дарозе паміж Плешчаніцамі і Лагойскам, непадалёк ад Хатыні. Вёльке загінуў, сьледствам чаго была карная акцыя, ахвярамі якой зрабіліся жыхары вёсак Козыры і Хатынь. Сам Вёльке быў пахаваным у Менску, на могілках, якія месьціліся перад будынкам Прэзыдыюму Акадэміі Навук, на рагу сучасных вуліцы Акадэмічная і праспекту Незалежнасьці. Потым, па некаторых зьвестках, ягоныя парэшткі былі перанесенымі на пагорак насупраць сучасных Усходніх могілак.

Ахвярай вайны зрабіўся і сябра-супернік Джэсі Оўэнсу Люц Лёнг. Ён быў обер-ефрэйтарам люфтваффэ і загінуў падчас высадкі саюзьнікаў на Сіцыліі 10 ліпеня 1943 г.. Яго пахавалі, спачатку, на амерыканскіх вайсковых могілках, а ў 1961 г. ягоны прах быў перанесеным на могілкі ў Мота Сант-Анастазія, дзе на надмагільлі выбіты ягонае імя, а таксама даты народзінаў і сьмерці. Люцу Лёнгу пашчасьціла ў гэтым пляне болей, чым Ляйхуму і Вёльке, бо італьлянцам не прыходзіла ў галаву ваяваць з памёрлымі.

Далейшая гісторыя Алімпійскіх гульняў прадэманстравала, што вывучэнне ўрокаў – не самы моцны бок чалавецтва. Даволі хутка Гульні зноў ператварыліся ў кірмаш палітычнай пыхлівасці. Апафеёзам зрабілася амаль поўнае паўтарэнне сітуацыі 1936-га, калі Расія атрымала права на правядзенне зімовых Алімпійскіх гульняў у Сочы ў памятным усім 2014-ым. Адно што, у адрозненне ад кіраўніцтва Райху, расійскае кіраўніцтва не стала чакаць тры гады да пачатку вайны, а перайшла да агрэсіі суседняй дзяржавы непасрэдна пасля завяршэння спартовых мерапрыемстваў. Штосці падказвае, што і гэты ўрок можа застацца нявывучаным.

Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page