Нейтралітэт выратуе Беларусь (не)
- 8 апр.
- 7 мин. чтения

Частка І: Швейцарскія Альпы на беларускіх абшарах
Шэраг беларускіх палітыкаў упарта прасоўваюць ідэю прыняцця Беларуссю нейтральнага статусу як найбольш разумны выбар для бяспечнага існавання нашай краіны ў будучыні. Больш за тое, гучаць меркаванні, што менавіта вакол гэтага лёзунгу – «За нейтральную Беларусь» – могуць аб’яднацца ўсе беларусы.
Ідэя, сапраўды, мае сваіх прыхільнікаў. Не ў апошнюю чаргу на ейнае станоўчае ўспрыяцце ўплывае досвед тых краінаў, якія маюць (ці мелі) такі статус, і якіх гэты статус (быццам) прывёў да поспеху. Звычайна прыводзяць прыклады Фінляндыі (адсюль – заклікі да «фінляндызацыі» Беларусі), радзей – Швейцарыі і Аўстрыі. Для людзей, не абазнаных у гісторыі гэтых краінаў, гучыць даволі пераканаўча. Але калі паспрабаваць разабрацца бліжэй ва ўсіх нюансах, дык карціна атрымліваецца далёка не такая пазітыўная. Больш за тое, менавіта прыклады з гэтымі краінамі дэманструюць, што для Беларусі нейтральны статус будзе пагрозай для незалежнасці.
Усяго ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны існавалі пяць краінаў, якія дэкляравалі нейтральны статус: Швейцарыя, Швецыя, Ірляндыя, Фінляндыя і Аўстрыя. З іх тры першыя прытрымліваліся нейтралітэту да вайны, і гэта быў іхні дабрачынны выбар. Дзьвюм апошнім нейтралітэт быў, фактычна, навязаны звонку – як умова, пастаўленая краінамі-пераможцамі.
З гэтага артыкулу мы пачынаем аповед пра гісторыю кожнай з гэтых краінаў, каб чытачы маглі ацаніць, ці пасуе беларусам іхні досвед і ці можна прымяніць яго ў нашай краіне.
Нейтральныя, бо ваююць
Швейцарыя – адзін з самых паспяховых прыкладаў палітыкі нейтралітэту, з пункту гледжання прыхільнікаў гэтай ідэі. Адначасова гэта – адзін з найстарэйшых прыкладаў у гісторыі. Пачаткі швейцарскага нейтралітэту былі закладзены яшчэ ў пачатку XVI ст., калі гэтак званая Старая Швейцарская Канфедэрацыя, якая праводзіла досыць агрэсіўную знешнюю палітыку, пацярпела паразу ў вайне з Францыяй. Пасля гэтага яна адмовілася ад экспансіянісцкай палітыкі.
Нейтральны статус Швейцарыі быў падмацаваны пад час Трыццацігадовай вайны (1618-1648). Адзін з самых крывавых і разбуральных канфліктаў у гісторыі Еўропы, ахвярамі якога зрабіліся 8 млн чалавек, пакінуў Швейцарыю практычна не кранутай. Але за гэтым стаяў сваеасаблівы парадокс: Швейцарыя не ваявала, але швейцарскія найміты былі адной з самых істотных сілаў у гэтай вайне, якой ахвотна карысталіся ўсе бакі канфлікту. Таму гэтыя бакі і не былі зацікаўлены, каб хтосці «падгроб» пад сябе гэты салодкі рэсурс.
Што цікава, гадоў 15 таму даводзілася ў прыватнай размове чуць ад прадстаўніка адной ўсходняй суседняй нацыі прапанову, што, маўляў, Беларусь можа арганізаваць пастаўку сваіх грамадзянаў у замежныя арміі ў якасці малодшых камандзіраў. Магчыма, прапанова была заснаванай на некаторых «нацыянальных рысах», якія звычайна прыпісваюць беларусам (у тым ліку – дысцыпліна і стараннасць, але без залішняй ініцыятыўнасці), а таксама на славутай за савецкім часам Мінскай школы прапаршчыкаў. Але існуюць сур’ёзныя сумненні, што ў наш час такі падмурак нейтралітэту будзе працаваць. Ды й сама ідэя рабіць з уласных грамадзянаў наймітаў з мэтай экспарту – ну, такая сабе…
Хоць пры цяперашнім рэжыме Беларусь і выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі кадраў для іншаземных войскаў і разнастайных рухаў у розных праблемных кропках свету. Але ў гэтым працэсе нашая краіна, хутчэй, дзейнічае як парушальнік ня толькі нейтралітэту, але і міжнародных законаў.
Нейтралітэт – не гарантыя недатыкальнасці
Нягледзячы на тое, што нейтралітэт Швейцарскай Канфедэрацыі быў пацверджаны Вестфальскай дамовай (1648), прайшло 150 год, і Швейцарыя зрабілася ахвярацй рэвалюцыйнай Францыі.
Да 1798-га французская рэспубліканская армія атачыла тэрыторыю Швейцарыі практычна з усіх бакоў. Пасля чаго перайшла да захопу. Што характэрна, падставай для агрэсіі быў да болю знаёмы нам наратыў ратавання ад «паноў-прыгнятальнікаў». З пункту гледжання французскіх рэвалюцыянэраў у Швейцарыі існаваў нянавісны ім «феядальны рэжым». Знайшліся сярод швейцарцаў і тыя, хто выканаў ролю «рабоча-сялянскіх урадаў», якія ўжо ў ХХ ст. «клікалі па дапамогу» Чырвоную/Савецкую армію, каб тая прыйшла і вызваліла іхнія «паняволеныя» народы ад клятых нацыянал-буржуяў.
Адным з такіх быў швейцарскі юрыст і пісьменнік Фрэдэрык Сэзар дэ ля Гарп (потым – проста Лягарп), які актыўна распальваў нянавісць французаў да швейцарскай палітычнай сістэмы, а пасля акупацыі і ўтварэння французамі новага ўраду, заняў у ім сваё пачэснае месца. Цікава, што да гэтага дэ ля Гарп быў настаўнікам будучага расійскага імператара Аляксандра І. Але наўрад ці ён здолеў навучыць расійцаў чамусці новаму ў пляне захопу чужых тэрыторыяў.
Швейцарцы, якія прызвычаіліся жыць заможна і нейтральна, ня здолелі зладзіць аніякага супраціву агрэсарам. Французы ўтварылі на месцы папярэдняй Швейцарскай Канфедэрацыі Гельветычную Рэспубліку. І нават далі ёй канстытуцыю. Дзе – так! – быў прапісаны нейтральны статус. Але як і ў нашым выпадку, гэты статус быў тут жа парушаны самімі французамі, якія прымусілі швейцарцаў заключыць з імі абарончы пакт. І толькі пасля канчатковай паразы Напалеёна быў складзены Акт аб нейтральным статусе Швейцарыі, які быў уключаны ў Парыжскую дамову (1815).
Пад час Першай сусветнай Швейцарыя здолела захаваць свой нейтралітэт, хоць нацыя прайшла праз сур’ёзную ўнутраную напругу. Бо як бы нас не імкнуліся пераканаць, што мова – гэта ўсяго толькі інструмент абшчэння, практыка ўвесь час даказвае, што яна, у тым ліку, і адзін з асноўных інсрументаў самаідэнтыфікацыі. Таму грамадства шматмоўнай швейцарыі падзялілася на франкамоўную і італамоўную частку з аднаго боку (яны падтрымлівалі Антанту) і нямецкамоўную частку – з другога (выступалі за Цэнтральныя дзяржавы).
Тут, дарэчы, варта звярнуць увагу на тое, што Швейцарыя пакрысе «падыгрывала» Нямецкай імперыі, выкарыстоўваючы для гэтага як швейцарскіх, так і расійскіх сацыял-дэмакратаў. Менавіта швейцарскія сацыял-дэмакраты (у першую чаргу – адзін з іхніх лідэраў Роберт Грым) дапамаглі Леніну вярнуцца з Швейцарыі ў Расію ў красавіку 1917-га. Уваслед за ім у Петраград паехаў і сам Грым, каб пераканаць Часовы ўрад заключыць сэпаратную дамову з Нямеччынай.
Калі гісторыя ўскрылася, узняўся вялікі скандал. Грым пакінуў кіруючую пасаду ў Інтэрнацыянальнай сацыялістычнай камісіі, а федэральны канцлер Швейцарыі Артур Гофман, які дапамагаў Грыму, быў вымушаны сысці з пасады. Больш за ўсіх шалелі, канечне, прадстаўнікі краінаў Антанты. Яны ўсур’ёз паставілі «нейтральны» статус Швейцарыі пад пытанне праз сінаванне «маўклівай большасці», што мела сімпатыі да Нямеччыны. Што дэманструе: можна мець фармальны нейтральны статус, але настроі грамадства ім не ўтаймуеш.
Прыход нацыстаў да ўлады ў Нямеччыне і шматлікія несяброўскія заявы іхніх кіраўнікоў у адрас Швейцарыі далі зразумець швейцарцам, што сам па сабе нейтральны статус ня можа абараніць, калі іншыя краіны не жадаюць яго прызнаваць. Таму швейцарцы пачалі рыхтавацца да вайны. Яны мабілізавалі ў войска больш за 800 тыс. чалавек і закупілі новую зброю (у тым ліку – нямецкія знішчальнікі Ме-109). Але яны цудоўна разумелі, што процістаяць таму ж вермахту ў полі іхняя армія ня здолее.
Таму швейцарцы вырашылі ў сваёй абарончай стратэгіі абаперціся на сваю галоўную перавагу – складаны горны рэльеф. Яны загадзя «развіталіся» з ідэяй абараніць усю сваю тэрыторыю, і сканцэнтравалі войскі ў высокагорных раёнах, ператварыўшы іх у амаль непрыступны рэдут. Тунэлі, масты, чыгуначныя лініі былі замінаваныя. Падыходы да рубяжоў абароны былі перакрыты шыхтамі процітанкавых умацаванняў, зробленых з бэтону, якія праз сваё падабенства на вядомы швейцарскі шакалад атрымалі мянушку «таблероны».
Напад на краіну так і не адбыўся, хоць і не абыйшлося без сутыкненняў паміж нямецкімі і швейцарскімі самалётамі, якія, звычайна, завяршаліся на карысць апошніх. Але з 1943-га тэрыторыя Швейцарыі падвяргалася бамбардыроўкам авіяцыяй саюзнікаў, што прыводзіла да шматлікіх ахвяраў сярод мірнашга насельніцтва. Звычайна гэта было вынікам памылак навігацыі. Але калі саюзнае камандаванне было незадаволена пазіцыяй швейцарскіх уладаў па пытанні вайскоўцаў, інтэрнаваных на швейцарскай тэрыторыі, з ягонага боку гучалі пагрозы, што «памылкі» могуць значна ўчасціцца, калі швейцарцы ня выканаюць саюзных патрабаванняў. Прыгадаваўся пра гэтым і нейтралітэт Швейцарыі. У негатыўным ключы.
Нельга жыць у грамадзе і быць вольным ад грамады
Пад час апошняй сусветнай вайны Швейцарыя, акрамя абароны ад пагрозаў ваеннага часу, яшчэ й актыўна гандлявала з удзельнікамі канфлікту. Прычым, пераважна, з краінамі Восі, што ўключала ў сябе і размяшчэнне ў швейцарскіх банках золата, адабранага нацыстамі ў яўрэяў. Цікава, калі б у беларусаў запыталі: ці пагадзіліся б яны карыстацца падобнымі «плюсамі» нейтральнага статусу, які б адказ яны далі?
Але й у далейшым гатоўнасць гандляваць з сіламі, мягка кажучы, не дабра. Прынамсі, e 80-ыя і 90-ыя шматлікія швейцарскія фірмы падазраваліся ў продажы Іраку хімічных рэчываў, якія маглі выкарыстоўвацца ў стварэнні хімічнай зброі.
Але ўсё ж нельга жыць у грамадзе і быць вольным ад яе. Шматлікія выклікі, якія паўсталі перад чалавецтвам у пачатку ХХІ ст., паставілі захаванне нейтралітэту Швейцарыяй пад вялікае пытанне. Сярод гэтых выклікаў была і неабходнасць барацьбы супраць міжнароднага тэрарызму. Упершыню пасля 1815-га швейцарскія вайскоўцы прынялі ўдзел у замежным канфлікце – у вайне ў Аўганістане. Пад час вайны супраць Іраку ў 2003-ім Швейцарыя дазволіла амерыканцам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору.
Але найвялікшым выклікам швейцарскаму нейтралітэту сталася паўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну. Далучэнне Швейцарыі да санкцыяў супраць Расіі было ўспрынята прыхільнікамі нейтралітэту як парушэнне прынцыпаў нейтральнасці. А ў 2024-ым краіна далучылася да ініцыятывы «Нябёсны шчыт Еўропы», мэта якой – пабудаваць агульнаеўрапейскую проціракетную сістэму абароны. Усё гэта ўзняло пытанні: ці з’яўляецца Швейцарыя сапраўды нейтральнай, і ці варта ёй у далейшым прытрымлівацца гэтага статусу.
У спрэчках наконт нейтралітэту, якія займаюць цяпер цэнтральнае месца ў швейцарскай палітыцы, звяртаецца ўвага на тое, што Швейцарыя – еўрапейская краіна, і ейныя інтарэсы, у тым ліку, эканамічныя, шчыльна звязаныя з Еўропай. З іншага боку, спроба ўтрымаць нейтралітэт і, адпаведна, непазбежнае блякаванне ўдзелу краіны ў некаторых еўрапейскіх ініцыятывах, звязаных з пытаннямі міжнароднай бяспекі, прывядзе да росту недаверу еўрапейцаў да Швейцарыі і, адпаведна, да стратаў як аўтарытэту, так і эканамічных магчымасцяў.
Таму цяпер у публікацыях на гэтую тэму ўсё часцей гучыць той матыў, што каштоўнасць нейтралітэту для Швейцарыі была надта пераацэненай. І калі ён і будзе захаваны, дык канцэпцыя ягоная будзе вельмі моцна размыта.
Такім чынам, прыклад Швейцарыі дэманструе, што нейтралітэт рэяльна працуе толькі тады, калі гэтаму спрыяе міжнародная абстаноўка, і іншыя краіны даюць свой «дазвол» на існаванне гэтага нейтралітэту як гарантыі захавання пэўнага балянсу, выгаднага ўсім. Калі ж адбываецца перакос у міжнароднай сітуацыі, нейтральная краіна трапляе ва ўразлівую сітуацыю. І тады трэба мець надзейныя аргументы, каб патэнцыйны агрэсар утрымаўся ад сваіх плянаў. Такія аргументы, як абарончыя ўмацаваныя пункты ў цяжкадаступных раёнах швейцарскіх Альпаў.
Таму беларусам, перад тым, як абраць нейтралітэт, трэба зрабіць нацыянальнай ідэяй насыпку Альпаў беларускіх. І хоць пясок у нас цяпер дзяржаўны, а на палёх паўно валуноў, іх можа не хапіць на такі смелы па сваіх маштабах праект. А закупку камянёў за мяжой у неабходных аб’ёмах можа не пацягнуць бюджэт. А зварот да досведу пошуку матэрыялаў для будаўніцтва піраміды Хеёпса, перададзены Герадотам, можа не пацягнуць ужо само беларускае грамадства.
Але калі нават атрымаецца, міжнародныя выклікі будуць, як і ў выпадку з Швейцарыяй, увесь час размываць нейтральны статус і ставіць палітыкум і грамадства перад пытаннем: ну і навошта вось гэтае ўсё?



Комментарии