«Пастка доктара Стрэнджлава»
- 1 день назад
- 7 мин. чтения

Усё пачнецца на перыферыі
Калі вяртацца да эпохі Халоднай вайны, там была адна відавочная рэч, якая выцякала з канцэпцыі гарантаванага ўзаемнага вынішчэння. Як бы не палохалі людзей палітычныя аглядальнікі ды кінарэжысэры жахамі ядравай вайны, менавіта гэтае палоханне выдавала галоўнае: усе – палітычныя аглядальнікі, рэжысэры, крамлёўскія старцы, натаўская ваеншчына – усе баяліся ядравай вайны менавіта як канца ўсяго. І калі не імгненнай смерці, дык доўгай смерці ў пакутах. Таму нельга было чакаць, што два галоўныя супернікі раптам пачнуць пуляцца адзін у аднога ядравымі ракетамі.
Шмат хто і дагэтуль верыць у эфектыўнасць MAD (таго самага «вар’яцтва», пра якое мы пісалі ня так даўно). Але маюцца некаторыя падставы лічыць, што стрымліваючая моц канцэпцыі за апошнім часам значна знізілася. І недааценьваць гэтую размыўку «вар’яцтва» было б вельмі небяспечна.
У той час, як галоўныя праціўнікі па «Халоднай вайне» рабілі ўсё, каб не давесці да вайны паміж сабой, перыферыя падобных страмліваючых фактараў ня мела. Наадварот, яна актыўна выкарыстоўвалася як палігон для выпрабаванняў новай зброі, тактыкі, стратэгіі, ідэялёгіяў. Тут не было таго стрымліваючага фактару, як ядравай зброі, і не было тых высачэзных ставак, якія былі б у канфлікце паміж светавымі звышдзяржавамі. Іншая справа, што і ядравай зброі яна ня мела, таму не было й жорсткіх фактараў стрымлівання.
Завяршэнне Халоднай вайны й вывад ядравай зброі з тэрыторыяў тых былых саюзных рэспублікаў, на якіх яна знаходзілася, значна знізілі ўзровень страху перад ядравым апакаліпсісам. Падавалася б, два галоўныя актары ядравага процістаяння прыбралі свае рукі ад пультаў кіравання, і цяпер чалавецтва можа выдахнуць з палёгкай.
Але вось тут і пачынаюць сябе праяўляць тыя краіны, якія раней лічыліся «перыферыяй» ядравых узбраенняў. У 1998-ым ядравыя выпрабаванні праводзяць Індыя і Пакістан, прадэманстраваўшы, такім чынам, поспехі сваіх ядравых праграмаў. Улічваючы, у якім стане знаходзяцца адносіны паміж гэтымі дзяржавамі, валоданне імі ядравай зброяй крыху, але набліжаюць свет да таго моманту, калі адбудзецца новае баявое прымяненне атама. І тут застаецца толькі радавацца, што гэтая зброя зьявілася ў іх адначасова, што адразу запусціла механізм узаемнага стрымлівання.
Больш «злы» выпадак – гэта зьяўленне ядравай зброі ў Паўночнай Карэі. Гэтая краіна пакінула Дамову аб нераспаўсюджванні ядравай зброі й правяла паспяховыя выпрабаванні ў 2006-ым. Паралельна йшла распрацоўка ўласных сродкаў дастаўкі, у першую чаргу – межкантынентальных балістычных ракетаў, здольных даставіць ядравыя баегалоўкі ня толькі да цэляў у Паўднёвай Карэі і Японіі, але й дасягнуць тэрыторыі Злучаных Штатаў. Гэта ўжо зьяўляецца значным выклікам амерыканскім інструментам стрымлівання рэжыму Кімаў.
Іран таксама актыўна развіваў сваю ядравую праграму. Нягледзячы на значныя высілкі міжнароднай супольнасці, накіраваныя на спыненне ўзбагачэння ўрану да той якасці, якая дазволіць выкарыстоўваць яго ў баегалоўках, у пачатку гэтага году Іран, па меркаваннях аналітыкаў, апынуўся ў некалькіх тыднях да таго моманту, калі ў яго зьявіцца ядравая зброя. Бягучы канфлікт з ЗША, натуральна, запаволіў працэс, але існуюць вялікія сумненні, што без поўнай паразы рэжым аятолаў адмовіцца ад ягонага працягу. Занадта моцным сродкам стрымлівання выглядае валоданне гэтай зброяй, каб вось так узяць і адмовіцца ад яе.
Але, як дэманструюць падзеі апошніх дзесяцігоддзяў, небяспека сыходзіць не з новых краінаў, якія авалодалі ядравай зброяй, перш за ўсё, як сродкам стрымлівання. Найбольш небяспечна цяпер выглядае як раз «старая» краіна, якая з галоўных роляў паступова змяшчаецца на перыферыю. Чаго яна дараваць чалавецтву ня можа й марыць пра аднаўленне сваёй «велічы».
Дактрына гульні ў вар’ята
У прынятай у канцы 2024-га новай рэдакцыі дактрыны прымянення ядравай зброі Расіяй істотна пашыраецца спіс умоваў, пры якіх гэтая зброя можа быць прымененай. І ў адрозненне ад кітайскай дактрыны, Расія дазваляе прымяніць гэтую зброю першай. Такая сітуацыя можа ўзнікнуць, напрыклад, «в случае агрессии против Российской Федерации и (или) Республики Белоруссия как участников Союзного государства с применением обычного оружия, создающей критическую угрозу их суверенитету и (или) территориальной целостности». Пад «суверэнітэтам» лёгка можна разумець дыктатарскія рэжымы ў абедзьвюх краінах, а пагрозай «тэратарыяльнай цэласнасці» зьяўляецца памкненне Украіны вярнуць свае тэрыторыі, акупаваныя Расіяй і ўключаныя ў ейны склад у 2022-ім. Прысутнічаюць там і шматлікія іншыя ўмовы, якія лёгка можна знайсці нават цяпер у спробах краінаў Эўропы пабудаваць абарону супраць імавернай расійскай агрэсіі.
То-бок, новая расійская ядравая дактрына гаворыць: «Заткніцеся ўсе й не спрабуйце мне процістаяць». А іначай, маўляў, мы не спынімся перад прымяненнем той самай ядравай зброі. Самыя адмарожаныя заклікаюць да ўдараў па буйных эўрапейскіх гарадах – каб ведалі! Іншыя, быццам утвараючы ілюзію «рацыянальнасці» кажуць пра прымяненне «тактычнай» ядравай зброі – выключна для дасягнення лякальных ваенных мэтаў. Пры гэтым, варта адзначыць, магутнасць «тактычных» ядравых зарадаў па сваёй магутнасці прыкладна адпавядаюць тым зарадам, якія былі прыменены ў Хірасіме й Нагасакі.
Натуральна, калі слухаеш ці чытаеш падобныя заявы расійскіх прадстаўнікоў, пачынаеш сумнявацца ў наяўнасці ў іх хоць нейкага рацыяналізму. Вось тут можа хавацца адказ на пытанне: навошта яны робяць гэтыя заявы? За ўсімі гэтымі дактрынамі і выказваннямі можа стаяць іншая матывацыя: пераканаць апанентаў у псіхалягічнай гатоўнасці прымяніць ядравую зброю. То-бок, гульня ў вар’ята з тэёрыі гульняў, калі менавіта ўпэўненасць, што перад табой – вар’ят, гатовы нават на самазабойчыя крокі, не абгрунтаваныя лёгікай, прымушае прымаць вылучаныя гэтым вар’ятам умовы і, такім чынам, саступіць.
І гэта, з іншага боку, можа супакойваць: гуляцца ў вар’ята – гэта ня тое самае, каб быць вар’ятам. То-бок, калі дойдзе да прыняцця рашэнняў, яны будуць прымацца, усё ж, на рацыянальным грунце. Але, як казаў Рэмарк у адным з сваіх твораў, спроба сімуляцыі вар’яцтва ўжо можа быць адным з сімптомаў. Тым больш, што чалавецтва ўжо спадзявалася на свой розум, які, быццам, ня дасць скаціцца ў новую вайну. Было гэта на пачатку ХХ стагоддзя – акурат напярэдадні Першай светавой. З таго часу вера ва ўсемагутнасць розуму істотна скарацілася. Ды й самі цяперашнія расійскія кіраўнікі праз свае дзеянні прымушаюць істотна сумнявацца ў наяўнасці ў іх той рацыянальнасці, якую мы б маглі прызнаць за такую.
Іхнія разважанні могуць зыходзіць з адрозных ад нас матывацыяў. Надта шмат яны паставілі на сваю атаку на Украіну. Па іхніх разліках, поспех у «прымушэнні Украіны да «русского мира» даваў істотныя рэсурсы для парцягу працы па аднаўленні й пашырэнні (хаця б праз сфэры ўплыву) новай Расійскай імперыі. А праз гэта – зусім новы ўзровень улады, ды й утульненькае месцейка ў будучых падручніках гісторыі – як «збіральнікаў земляў рускіх».
Але штосці пайшло ня так, і цяпер перад «збіральнікамі» замаячыла пэрспэктыва ня проста не дасягнуць пастаўленых мэтаў. Тут ужо канкрэтна бачныя тэндэнцыі да далейшай дэінтэграцыі поставецкай прасторы – з адыходам ад Расіі краінаў Паўднёвага Каўказу й Цэнтральнай Азіі. Дык і тое яшчэ ня ўсё. Раней відавочна маргінальная ідэя распаду Расіі за апошнія месяцы зрабілася адной з папулярных тэмаў абмеркавання, дыскусіяў і спрэчак сярод расійскай апазіцыі. Нават Пуцін быў вымушаны прызнаць наяўнасць гэтай праблемы, узгадаўшы яе ў адным з сваіх выступленняў.
У гэтым выпадку ўзнікае такое пытанне: а як бачаць будучыню й сябе ў гэтай будучыні і цяперашнгяе расійскае кіраўніцтва ў цэлым, і Пуцін – у прыватнасці? Сам Пуцін адказ на гэтае пытанне даў яшчэ ў 2018-ым, сказаўшы «гістарычную» фразу: «Зачем нам такой мир, если там не будет России?» Потым, у кантэксце абмеркавання ступені сур’ёзнасці гэтай фразы, ён выказаўся наконт таго, што «мы… попадём в рай, а они просто сдохнут». А амаль роўна год таму, у Менску, Пуцін зноў пацвердзіў гэтую сваю пазіцыю, сказаўшы ў адрас НАТО й Эўропы: «Они все время нас хоронят, но сами скоро сдохнут там».
Зноў можна зрабіць выснову, што ўсе гэтыя фразы – элемент усё той жа гульні ў вар’ята. Але калі ўлічыць, што ў гэтай гульні стаіць на коне, варта паставіцца да іхняга зместу з усёй сур’ёзнасцю. Варта прызнаць, што чалавецтва апынулася ў вельмі няпростай сітуацыі. З аднаго боку, перамога Расіі ва Украіне не спыніць агрэсію, якая ў далейшым будзе накіраванай на Польшчу, краіны Балтыі, а далей – паўсюль, куды яна здолее дацягнуцца. З іншага боку, параза Расіі ўтворыць тую сітуацыю, у якой, з пунтку гледжання цяперашняга расійскага кіраўніцтва, чалавецтва губляе права на існаванне. У любым выпадку, мы ідзем да другога сцэнару.
Хто смяецца апошнім?
Ну, добра, словы – словамі, але калі справа дойдзе да таго моманту, калі Пуціну (у адпаведнасці з дактрынай прымянення ядравай зброі менавіта ён гэта мусіць зрабіць) трэба будзе рабіць канчатковы выбар: дараваць чалавецтву сваю паразу, ці пакараць яго за гэта поўным вынішчэннем. У гэты момант, як усе спадзяюцца, спрацуе прынцып «вар’яцтва» – не «вар’ята» з ягонымі гульнямі, а менавіта «вар’яцтва» – MAD, гарантаванага ўзаемнага вынішчэння. І нават калі мы будзем улічваць узрост Пуціна – кшталту, сваё пажыў, можна зладзіць і глябальны феерверк пад свой канец, застаецца натуральны страх перад смерцю, які далёка не заўжды нівелюецца ўзростам.
Тут на дапамогу прыходзіць доктар Стрэнджлаў. У 1964-ым малады ў той час рэжысэр Стэнлі Кубрык зняў фільм «Доктар Стрэнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца й палюбіў бомбу». У канцы фільма, калі па сюжэце не засталося аніякіх шанцаў на прадухіленне ядравай вайны з масіраванымі ўзаемнымі ўдарамі, доктар Стрэнджлаў прапануе шанец на выжыванне: бункер. Такі бункер, дзе можна будзе з камфортам пражыць неабходны перыяд часу, пакуль прырода не ачысціцца дастаткова для выхаду на паверхнасць. Некаторым персанажам фільма гэтая прапанова падалося досыць прывабнай. Асабліва на фоне таго, што альтэрнатывай была смерць у ядравай вайне.
У цяперашняга расійскага кіраўніцтва з выбарам таксама ня надта багата. Для яго можа скласціся сітуацыя, калі бункер падасца неблагім варыянтам. Тым болей, што некаторы досвед жыцця там ужо напрацаваны. А за час знаходжання пад зямлёй можна заняцца працягам свайго жыцця да 150 год… Вось тут і хаваецца тая самая пастка доктара Стрэнджлава – ілюзія паратунку ў выпадку глабальнага ядравага канфлікту, якая здымае страх перад гарантаваным узаемным вынішчэннем. Тут можа нават спрацаваць вядомы ў псіхіятрыі прынцып экспазіцыйнай тэрапіі, калі даць рады страху можна наблізіўшыся да крыніцы гэтага страху. Ды й даказаць, што над жартамі пра бункер апошнім будзе смяяцца той, хто ў бункеры.
Такі варыянт развіцця падзеяў зусім не гарантаваны. Але й выключаць яго нельга. У некаторых яшчэ маецца спадзяванне на тое, што тыя людзі, якія павінны непасрэдна даць каманду на старт ракетаў, пасля адпаведнага рашэння галоўнакамандуючага, ня выканаюць загад. Як тое адбылося, напрыклад, пад час Карыбскага крызісу, калі камандзір падводнага дывізіёну адмовіўся аддаць загад на ядравую атаку, хоць інструкцыі патрабавалі менавіта гэтага. Цяпер, з развіццём штучнага інтэлекту, чалавечы фактар будзе ўсё менш прысутнічаць у сістэме як прыняцця, так і выканання рашэнняў. Дарэчы, пра гэта кажа і доктар Стрэнджлаў у фільме Кубрыка. Кубрык, увогуле, шмат чаго прадказаў у тым фільме…



Комментарии