top of page

Не-Ялта 2.0: чаго чакаць ад сустрэчы ў Шэньджэні

4 часа назад
4 мин. чтения
Встреча Трампа, Си и Путина в Шэньчжэне
Фота: сустрэча Трампа, Сі ц Пуціна ў Шэньджэне (скрыншот відэа EuroNews)

Заўтрашняя сустрэча ў кітайскім Шэньджэні Сі, Трампа й Пуціна яшчэ на далёкіх подступах да яе выклікала ў аналітыкаў ды каментатараў асацыяцыі з канфэрэнцыяй, якая прайшла ў Ялце ў лютым 1945-га.

 

На той канфэрэнцыі тагачасныя лідэры ЗША, Вялікай Брытаніі й СССР – Франклін Дэляно Рузвельт, Уінстан Чэрчыль ды Ёсіф Сталін вырашалі лёс пасьляваеннай Эўропы – падзел Нямеччыны на зоны акупацыі, лёс пасьляваеннай Польшчы, сітсэму міжнароднай бясьпекі – праз утварэньне ААН, і гэтак далей.

Цяпер усе чакаюць, што на сустрэчы ў Шэньджэні Сі, Трамп і Пуцін будуць займацца новым падзелам сьвету – паміж сабой, вяртаючы сістэму міжнародных адносінаў нават не ў сярэдзіну ХХ-га, а прыблізна ў ХІХ стагодзьдзе, калі склаўся «інстытут» гэтак званых «Вялікіх дзяржаў», якія паміж сабой дзялілі сьвет ды вырашалі лёс нацыяў, не дастаткова «вялікіх» зь іхняга пункту гледжаньня.

Найбольшыя асьцярогі тычацца магчымасьці вырашэньня лёсу Украіны за сьпіною саміх украінцаў, роўна як і архітэктура «новага парадку ў Эўропе» – за сьпіною самой Эўропы. Самыя сумныя сцэнары прадугледжваюць сумеснае «выкручваньне рукаў» украінцам і эўрапейцам з боку самапрызначаных «вялікіх дзяржаваў нашага часу» з мэтай прымусіць іх пайсьці на саступкі патрабаваньням Масквы.

У той жа час, чым бліжэй да сустрэчы, тым болей у сусьветнай прэсе гучаць сумненьні, што сустрэчу ў Шэньчжэні, увогуле, можна разглядаць як аналёгію «Ялты». І варта прызнаць, што аргументы ў падтрымку такога падыходу гучаць досыць пераканаўча.

Перш за ўсё, умовы, у якіх мае адбыцца шэньджэньская сустрэча, моцна адрозьніваюцца ад умоваў Ялты-45. Тады на канфэрэнцыю сабраліся прадстаўнікі дзяржаваў-пераможцаў. У іх мелася мала сумненьняў, што вайна ў Эўропе хутка скончыцца менавіта іхняй перамогай. І ў іх былі ўсе падставы дыктаваць свае ўмовы. Дадатковай гарантыяй іхнім дамоўленасьцям служылі акупацыйныя войскі, якія прысутнічалі практычна ва ўсіх эўрапейскіх краінах.

Цяперашнія ўмовы моцна ад гэтага адрозьніваюцца. Перш за ўсё, вайна ў Эўропе не ідзе да свайго завяршэньня. Нават пра вайну ва Украіне гэтага казаць нельга. А калі адсачыць падзеі, якія адбываюцца ў эўрапейскіх карінах праз узьдзеяньне з боку Расіі, вайна выглядае зьявай не мінулага, а бліжэйшай будучыні. То-бок, калі ўжо казаць, зыходзячы з актуаліяў, трэба казаць не пра Ялту-2.0, а пра Мюнхенскую змову-2.0 разам з пактам Молатава-Рыбентропа-2.0. У выніку, калі ўжо й адбудзецца «падзел сьвету на сфэры ўплыву» паміж удзельнікамі сустрэчы, дык тым удзельнікам гэтыя сфэры яшчэ трэба будзе прымусіць пагадзіцца з гэтым падзелам.

У той жа час у экспэртаў-аналітыкуў узьнікаюць вялікія сумненьні ў здольнасьці «ўдзельнікаў» даць рады гэтай задачы. Сапраўды, цяжка прыдумаць больш неспрыяльны фон для размоваў пра «падзел сьвету», чым цяперашняя сітуацыя для Сі, Трампа й Пуціна.

Сі ў сваім памкненьні ўсталяваць уплыў у паўднёваазіяцкім рэгіёне сутыкаецца на істотны супраціў з боку як асобных дзяржаваў, так і блёкаў, у першую чаргу – з боку АСЕАН, якая аб’ядноўвае 11 краінаў гэтага рэгіёну. Тыя зусім не жадаюць браць цалкам бок Кітаю, больш разьлічваючы на выгады шматбаковага супрацоўніцтва. Тым болей, што як бы Кітай не настойваў на адсутнасьці памкненьняў да ўсталяваньня ў рэгіёне сваёй гегемоніі, іншыя краіны глядзяць на гэтыя запэўніваньні зь вялікай асьцярогай. Тым больш, што шмат якія краіны маюць з Кітаем нявырашаныя тэрытарыяльныя спрэчкі. Бэйдзін нават ня можа вырашыць пытаньне пра доступ да ІТ-тэхналёгіяў праз краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, бо тыя ня хочуць праз гэта мець праблемы з ЗША, якія пры Трампе вельмі лёгка ўводзяць драконаўскія тарыфы, чым могуць паставіць нацыянальныя эканомікі гэтых краінаў перад сур’ёзнымі выклікамі. Спадзявацца, што Кітай знойдзе сур’ёзныя контраргументы й здолее такі сфармаваць сваю «сфэру ўплыву» тут не выпадае.

Праблемы Трампа для ўсіх ёсьць відавочнымі. Сварка з бліжэйшымі хаўрусьнікамі, няўдалы ход апэрацыі супраць Ірану, рост цэнаў на амерыканскім унутраным рынку, параза рэспубліканцаў на мідтэрмах – гэта ўсё слаба пішацца з вобразам «дзялільніка сьвету». А без такога вобразу ажыцьцявіць штосьці падобнае на практыцы досыць складана.

Што ж тычыцца Пуціна, дык тут зьнішчэньне аркі аўтамабільнага мосту ў Крым выглядае найлепшым сымбалям трываласьці ягонай пазіцыі. Больш чым чатыры з паловай гады вайны не прынесьлі Расіі хоць нейкага значнага посьпеху ва Украіне. Ну, можа, акрамя таго, што за апошні год атакі вайсковых, прамысловых і лягістычных аб’ектаў, зьдзейсьрненыя  украінскімі ўзброенымі сіламі глыбока на тэрыторыі Расіі, зрабіліся звычайнай справай. Дарма, фой дарма Пуцін у сваёй размове з Трампам прыгадаў стан расійскай эканомікі. Тым самым ён прымусіў яшчэ раз зьвярнуць на яго ўвагу й пераканацца, што там усё досыць кепска. Прэтэнзія на панаваньне ў Эўропе з такімі актывамі выглядае досыць камічна.

Такім чынам, стан рэчаў для ўдзельнікаў сустрэчы ў Шэньджэні можна праілюстраваць выразам самога Трампа, які ён калісьці адрасаваў Зяленскаму: «У вас на руках картаў няма!» Але ж ня толькі картаў няма, але й адзінства. Што й прадэманстравалі падкрэсьлена розныя фарматы сустрэчаў Пуціна й Трампа ў шэньджэньскім аэрапорце. Сі, насуперак даўняй традыцыі кітайскіх кіраўнікоў, сам прыехаў сустракаць Трампа. Пуціна сустракаў кіраўнік канцэлярыі ЦК КПК Цай Ці. Таксама – высокі партыйны чыноўнік, Але гэтыя абставіны акурат меней за ўсё задаволілі Пуціна. Бо Цай Ці, сапраўды, вельмі высокі – ягоны рост сягае 185 см. Побач зь ім Пуцін, карацейшы за яго амаль на 20 см, выглядаў… ну, далёка не такім вялікім, як яму самому хацелася б падавацца.

Усё гэта прымушае прыйсьці да высновы, што Сі з удзельнікаў сустрэчы роўняй сабе лічыць толькі Трампа. Што пры гэтым не вырашае супярэчнасьцяў паміж імі. Сі хацеў бы абмеркаваць з Трампам праблемы свабоднага гандлю – без санкцыяў ды каўбойскага выхватваньня з кабуры тарыфаў на кітайскія тавары. Ну й канечне, доступ да тэхналёгіяў, якія дазволяць, у тым ліку, трэніраваць свае мадэлі ШІ на адпаведным сучаснаму разьвіцьцю ўзроўні. Трампа ж больш цікавіць пытаньне скарачэньня ядравых узбраеньняў, якіх у ЗША відавочна больш, чым у Кітаі. Таму СІ падобныя размовы не цікаваць ад слова «зусім».

На падмурку вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што імавернасьць дасягненьня хоць нейкага плёну ў выніку сустрэчы ў Шэньджэні мае даволі нізкія значэньні. Тым ня менш, гэта ня будзе значыць, што далейшая праца па «перадзеле сьвету» будзе спыненай. Аніякія крыўды з боку Сі ня здолеюць адгарнуць ад яго Пуціна, бо як Пуцін для Лукашэнкі, так і Сі для Пуціна – гэта пытаньне падтрымкі, якая забясьпечвае выжываньне. Такім чынам, калі ў Трампа ўзьнікнуць ідэі «адарваць» Пуціна ад Сі, гэта будзе марнаваньнем часу. Не дарэмна напярэдадні сустрэчы Пуцін прадэманстраваў Сі сваю прыязнасьць (наколькі ён гэта разумее), накіраваўшы баявыя летакі ў бок японскай і тайваньскай паветраных прастораў.

Ды й пад размовамі пра «падзел сьвету» стаіць ня толькі й ня столькі халодны разьлік, колькі мара. Мара аб сусьветным панаваньні. Яна прымушае ў сітуацыі, калі ў цябе няма картаў, ны выхадзіць з гульні, а ісьці на блеф. Якога ў бліжэйшы час будзе яшчэ болей. Асабліва вакол Эўропы. 


Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page