top of page

Шлях ва Украіну ляжыць праз Эўропу

16 минут назад
5 мин. чтения
Гибридная агрессия россии в Европе
Изображение сгенерировано с помощью ИИ.

Таму Расія ў бліжэйшы час зробіць яе галоўнай цэльлю сваіх правакацыяў.

 

11 лістапада ў Абу-Дабі (сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў)завяршыўся чарговы раўнд перамоваў у фармаце «тройкі» – Україна-ЗША-Расія па пытаннях урэгулявання канфлікту ва Украіне. Перамовы йшлі два дні. У першы дзень яны цягнуліся чатыры гадзіны. У другі дзень яны былі ўдвая карацейшымі. Палітыкі, экспэрты й сусьветныя медыя пазначаюць вынік перамоваў выльмі стрымана й зь некаторым расчараваньнем ад няспразджаных чаканьняў на штосьці больш істотнае.

У той жа час у белароускія медыя (што мас-, што сац-) можна сустрэць допісы, прасякнутыя аптымізмам і верай у блізказьць завяршэньня вайны ва Украіне. Быццам сам Уладзімір Расьціслававіч Медзінскі, былы міністар культуры Расійскай Федэрацыі, а цяпер памочнік ейнага прэзідэнта ды глава расійскай дэлегацыі на перамовах, паабяцаў ім не вяртацца з Абу-Дабі без мірнага пагадненьня (ці, як мінімум, без спыненьня баявых дзеяньняў).

Падавалася б, у іх ёсць падставы для гэтай перакананасьці. Нават цяпер, калі зрабілася відавочным, што аніякім спыненьнем баявых дзеяньняў нават ня пахне. І нават пасьля таго, як расійскі бізнэс прадэманстраваў сваё расчараваньне падзеньнем біржавых індэксаў.

Па-першае, сітуацыя на фронце, сапраўды, далёкая ад эаданых Расіяй вынікаў. Як бы ні спрабавалі крэмлеботы пераканаць усіх, што ў расійскай арміі ўсё ідзе добра, а калі яна пажадае, дык усё пойдзе яшчэ лепей, на гэта ўжо мала хто вядзецца. Па-другое, траекторыя расійскай эканомікі дзіўным чынам нагадвае сумныя завяршэньні жыцьцяў шматлікіх топ-мэнэджэраў звязаных з паліўным і энэргэтычным сэктарамі буйных расійскіх кампаніяў. І нейкага паляпшэньня тут пры захаваньні сітуацыі без пераменаў таксама не прадбачыцца. Па-трэцяе, амерыканскія мідтэрмы прынеслі чаканую паразу рэспубліканцам, з чым шмат хто зьвязвае спадзяваньні на сур’ёзныя карэктыроўкі у амерыканскай зьнешняй палітыцы. Прынамсі, некаторым хочацца верыць, што цяпер яна зробіцца не такой спрыяльнай для расійскага кіраўніцтва.

У падмацаваньне гэтых падставаў прыводзяцца ўкосныя прызнакі таго, што Расія, быццам, ужо прыняла рашэньне спыняць вайну. Для гэтага праводзіцца аналіз выказваньняў таго самага Мядзінскага, які прыводзіць да высновы, што зь іх зьніклі такія словы як «дэнацыфікацыя» ды «дэмілітарызацыя», якімі першапачаткова пазначалі мэты паўнамаштабнага ўварваньня расійскія ўлады. Ды й абрэвіятура «СВА», якой у Расіі прынята пазначаць вайну, таксама зьнікла з ужытку.

Нарэшце, тое, што так грэе душу й сэрца любога беларуса – Мядзінскі ў Абу-Дабі загаварыў пра «гуманітарны трэк». У ходзе перамоваў былі дасягнутымі дамоўленасьці аб абмене палоннымі. Прычым, гаворка йшла пра вялікую колькасьць тых, каго абмяняяюць – да 1,5 тыс. з кожнага боку.

Але тут варта ркыху зьнізіць узровень аптымізму. Зразумела, ніхто не спрачаецца, што вызваленьне людзей зь няволі – гэта добра. Але далёка ня ўсе згодныя з тым, што гэта,у бягучай сітуацыі, ёсьць галоўным. Большасьць, усё ж, разумее, што сапраўднай галоўнай мэтай можа быць толькі завяршэньне баявых дзеяньняў і атрыманьне надзейных гарантыяў аб непаўтарэньні падобнага ў далейшым. Толькі тады людзі перастануць ня толькі трапляць у палон, але й гінуць ад варожых удараў ва ўласных кватэрах, сховішчах ці проста на дварэ.

Таму, пачуўшы пра тое, што ў выніку перамоваў «усяго толькі» людзі будуць вызвалены з палону, большасьць каментатараў зрабіла выснову пра правал перамоваў. Каб нам, беларусам, зразумець, чаму гэта яны ня радуюцца, што людзі выйдуць, варта яшчэ раз зірнуць на мэты ўдзельнікаў канфлікту – як агульныя, так і ў рамках перамоваў. І ў першую чаргу гэта тычыцца таго, хто, уласна, вайну й разьвязаў.

Нагадаем, мэта Расіі ў гэтай вайне – ня проста павелічэньне сваіх тэрыторыяў, насельніцтва й эканамічнага патэнцыялу за кошт захопленых (і яшчэ не захопленых, але ўжо абвешчаных расійскімі) украінскіх тэрыторыяў. Україна – гэта толькі адно з зьвёнаў у далёкасяжным ланцугу стратэгічных мерапрыемстваў, накіраваных на аднаўленьне Расійскай імпэрыі. І паняцьці «дэнацыфікацыя» й «дэмілітарызацыя» далёка не ключавыя ў ейным лексыконе. Расіі не патрэбны ні аніякі «гандль», ні аніякія «роўныя ўмовы», пра якія яна ўвесь час гаворыць, папракаючы Захад. Усё гэта ў яе было. Але ёй патрэбнымі былі зусім ня «роўныя ўмовы», а безумоўнае панаваньне. Каб усе яе баяліся («паважалі» – у ейным разуменьні) і падпарадкоўваліся разнастайным ейным хацелкам.

Пры гэтым гаворка не ідзе толькі пра аднаўленьне ў межах СССР (распад якога ўсё расійскае кіраўніцтва хорам называе «найвялікшай геапалітычнай трагедыяй ХХ стагодзьдзя», а Мядзінскі, якому даверылі весьці перамовы, у гэтым хоры – адзін зь вядучых салістаў). Яна цяпер не ідзе, падобна, толькі пра аднаўленьне ў межах Расійскай імперыі 1913-га. Цяпер яна ўжо хоча быць нават ня проста жандарам Эўропы, як тое было пасьля Напалеёнаўскіх войнаў. Яна хоча быць панам Эўропы.

Гэтым і тлумачыцца асноўная тэма перамоваў, якую, дарэчы, і выводзілі як такую вядучыя расійскія СМІ. А гучала яна як «новы сусьветны парадак». Не, канечне ня так. Прыгадваць «новы парадак» расійцы, усё ж, пасьцясьняліся. Таму сьціпла пазначылі яе як «новая сістэма бясьпекі». Для ўсяго сьвету. І каб яна была «справядлівай», і «не ў страту асобным краінам», як заўважыў па выніках перамоваў Мядзінскі. Думаеце, ён меў тут на ўвазе Украіну, якая пацярпела ад расійскай агрэсіі? Не, пра яе ён выказаўся адназначна: «…каждая пядь нашей земли будет России возвращена так или иначе». Справядлівасьць у гэтым сьвеце можа быць толькі для адной краіны. І вы ўжо здагадаліся, для якой.

Засталося толькі прыбраць тыя бар’еры, якія паўсталі на шляху да гэтай справядлівасьці. Вось тут увага расійцаў зноў канцэнтруецца на Эўропе. Бо менавіта яна сваімі бязглуздымі паводзінамі не дае справядлівасьці трыюмфаваць. І ў рыторыцы расійскага кіраўніцтва ў цэлым, і ў сувязі з перамоўным працэсам Эўропа называецца як галоўная прычына пачатку вайны. Нават ня Злучаныя Штаты – менавіта яна. Яна й НАТО. Вось тое, што, па меркаваньні Расіі, не дае ўсталяваць трывалы мір.

Тут можна пагадзіцца: без дапамогі з боку эўрапейцаў уркаінцы – пры ўсёй сваёй цьвёрдасьці й гераізме – ня здолелі б процістаяць расійскай агрэсіі. Таму для Расіі «вывад» Эўропы за рамкі канфлікту зьяўляецца тым фактарам, які можа перабіць і правалы на фронце, і праблемы ў эканоміцы, і «карэктыроўкі» амерыканскай зьнешняй палітыкі. Прымусь Эўропу спыніць дапамогу Украіне – і ты зробіш паразу Украіны больш чым рэяльнай.

Але як гэтага дамагчыся? Тым больш, што эўрапейцы ўжо зразуміелі, што зрабіліся наступнай цэльлю Расіі? Расійцы разумеюць, што гэта вельмі ня проста. Але, у тэёрыі, не немагчыма. Галоўнае тут – разьдзёргаць нэрвы, напалохаць грамадствы, парушыць адзінства й навязаць няслушныя мэты. Варта адзначыць, нэрвы разьдзёргваюцца пасьпяхова. Літоўцы пачынаюць чуць праз всае тэлефоны папярэджаньні пра паветраную трывогу ледзь ня з той жа рэгулярнасьцю, як жыхары ўкраінскіх гарадоў. У краінах, дзе мусяць у хуткім часе адбыцца лёсавызначальныя выбары, раптам пачынаюцца пратэсты незадаволеных якасьцю адукацыі студэнтаў, якія суправаджаюцца яскравымі карцінкамі пагромаў і падпалаў. Пры гэтым левыя навуськіваюцца на правых, правыя – на левых, і ўсе яны – на мігрантаў. У Польшчы зноў пачынаецца аперацыя па выкліканьні нянавісьці да Украіны й украінцаў – праз правакацыі з надзіва знаёмым почаркам (аж да падабенства напісаньня літары «w»). Ну й беларусы таксама ўносяць сваю невялічкую лепту, сьцьвярджаючы, што аніякая палітычная мэта не параўнаецца па істотнасьці з чалавечым жыцьцём, таму, маўляў, ідзіце, дамаўляйцеся з дыктатарам-суагрэсарам, іначай жыцьці чалавечыя будуць на вашым сумленьні.

Вось калі ў Расіі атрымаецца з усім гэтым – будзе тады яна «гаспадарыняй марскою». Але ж хочацца, каб яна засталася ў «разьбітага карыта». Як тое й прадракала ў свой час іхняе «ўсё».

Комментарии


2024. Рэспубліка Беларусь

bottom of page