Вяртаньне да «дыпляматыі вялікіх дзяржаваў»

Чым бы ні скончылася сустрэча ў Шэньджэне, яна ўвойдзе ў гісторыю як спроба аднавіць «дыпляматыю вялікіх дзяржаваў».
Фактычна, гэта вяртаньне да практыкі падзелу сьвету на сфэры ўплыву паміж тымі дзяржавамі, якія мелі найбольшы вайсковы й эканамічны патэнцыял, што давала ім здольнасьць прымушаць іншыя краіны (не такія «вялікія») падпарадкоўвацца сваім патрабаваньням. Падзел на сфэры ўплыву быў неабходным, каб пазьбегнуць рызыкі канфліктаў паміж «вялікімі дзяржавамі», што магло прывесьці да цяжкіх чалавечых, матэрыяльных ды фінансавых стратаў.
У той сітуацыі, у якой цяпер знаходзіцца сьвет, хтосьці, можа, і пагадзіўся б з такой сітуацыяй. Маўляў, хай пануюць там у сваіх «сфэрах», абы не было б вайны. Але гісторыя дэманструе, што падзел на сфэры ўплыву зусім ня тоесны міру ва ўсім сьвеце. Як бы ні верылі эўрапейскія краіны ў свой розум і цывілізаванасьць, якія мусілі выратаваць іх ад вялікіх праблемаў і падзяліць сьвет паміж сабой, Першая сьветавая анічога не пакінула ад гэтай веры. А Другая сьветавая замацавала той урок: спробы дзяліць сьвет не прыводзяць ні да чаго добрага.
Ды й знаходжаньне ў такой «сфэры» для іншых краінаў прыносіць вялікія нязручнасьці, першая зь якіх – адсутнасьць свабоды выбару. З чым даволі шчыльна зьвязана здольнасьць да самастойнага ўстойлівага разьвіцьця. Памкненьне да гэтага душыліся «жандарамі Эўропы» ў 30-40-ыя гады ХІХ стагодзьдзя, роўна як і ў другой палове ХХ-га – у краінах гэтак званага «сацыялістычнага лягеру», які ўваходзіў у савецкую «сфэру ўплыву».
З таго часу чалавецтва прайшло істотны шлях у асэнсаваньні значэньня «велічы» дзяржаваў, прыйшоўшы да высновы, што «вялікай» ёсьць любая дзяржава – незалежна ад сваіх фізычных памераў, колькасьці насельніцтва, наяўнасьці карысных выкапняў ды патэнцыялу ўзброеных сілаў. Значны штуршок гэтаму працэсу дала хваля дэмакратызацыі канца 80-пачатку 90-ых, завяршэньне Халоднай вайны ды заявы пра неабходнасьць пабудовы «мультыпалярнага сьвету». Ну й, зразумела, прызнаньне роўнасьці паміж усімі – людзьмі, нацыямі, гендэрнымі й сацыяльнымі групамі й гэтак далей.
Падавалася, чалавецтва трывала паўстала на «шлях выпраўленьня», і ніхто ня быў гатовым да рэцэдыву «дыпляматыі вялікіх дзяржаваў». Сігналы пра гэта, праўда, былі. Яны практычна адкрытым тэкстам гучалі ў заявах расійскага палітычнага кіраўніцтва – роўна як і ў ягоных дзеяньнях у дачыненьні да краінаў постсавецкай прасторы – якую Расія ў адкрытую лічыла сваёй «сфэрай уплыву». Але вера ў прагрэс, розум і цывілізаванасьць усіх зноў адыграла сваю адмоўную ролю: відавочных сігналаў ніхто не заўважыў. Нават калі ў лютым 2022-га бабахнула так, што не заўважаць зрабілася не магчымым, ва ўсіх было ўражаньне, што гэта – ня больш чым «лякальны канфлікт», які ў хуткім часе будзе вырашаным.
Але зь вяртаньнем у Белы дом Дональда Трампа чалавецтва быццам усім складам пагрузілася ў машыну часу й вярнулася ў тое самае ХІХ стагодзьдзе – з усімі гэтымі дактрынамі Манро, размовамі з пазіцыі сілы – з пагрозамі прымяненьня гэтай сілы нават супраць сваіх хаўрусьнікаў – і з падзелам сьвету на сфэры ўплыву.
Гэта – даволі моцны выклік усяму, што ўяўлялася й уяўляецца пра чалавецтва. Добра (мэтафарычна «добра»), калі падобнае сыходзіць ад расійскага кіраўніцтва. Гэта, прынамсі, можна патлумачыць гіганцкім адставаньнем расійскага грамадства (уключна эліты) у сфэры гуманітарных ведаў, якое было выклікана верай у выключнасьць Расіі й ейную маральную й інтэлектуальную перавагу па-над усімі астатнімі нацыямі, а потым замацаванае на дзесяцігодзьдзі панаваньнем «універсальнай ды адзінай слушнай тэёрыі» – марксізму.
Але як адбылося тое, што падобныя ідэі – «вялікія дзяржавы», «сфэры ўплыву», права моцнага – раптам вярнуліся ў палітыку дзяржавы, якая лічылася (і зусім слушна лічылася) адным зь лідэраў разьвіцьця й прагрэсу менавіта ў пляне адыходаў ад застарэлых канцэпцыяў ды практыкаў, якія, як дэманструе досьвед, ніякім чынам не судзейнічаюць агульнаму шчасьцю ды росквіту?
На гэтае пытаньне можна прапанаваць некалькі адказаў. У тым ліку, тое, якое можна даць на старое пытаньне, датычнае нямецкага грамадства другой чвэрці ХХ стагодзьдзя: як нацыя, якая дала сьвету столькі вялікіх філёзафаў, паэтаў, пісьменьнікаў, магла дакаціцца да таго стану, у якім яна апынулася за часам Трэцяга райху? Справа ў тым, што ў любым грамадстве, нават самым прагрэсіўным, гуманістычным ды высокакультурным, заўжды будзе пррысутнічаць схаваны (у той ці іншай ступені) патэнцыял, які ахвотна адгукнецца на запыт на гвалт, рэпрэсіі супраць тых, хто мысьліць ня так, як ты, задушэньне слабейшых ды пабудову жорстка гіерархічнага грамадства. Да гэтага, відавочна, маюцца псіхалягічныя чыньнікі, але й інтэлектуальныя – таксама. Бо ўдзячны водгук на такую замову адмаўляе наяўнасьць здольнасьці ацэньваць свае рашэньні з пункту гледжаньня стратэгіі. Хай прыналежнасьць да пануючага боку прыносіць пэўныя перавагі, але пры гэтым перавагі носяць умоўны й часовы характар: зрабіцца ахвярамі рэпрэсіяў, унутраных ці зьнешніх канфліктаў у такім грамадстве куды прасьцей, чым у грамадстве, пабудаваным на прынцыпах дэмакратыі й роўнасьці.
Яшчэ адным адказам можа быць тое, што перамены ідуць надта хутка, і пэўныя часткі грамадстваў могуць не пасьпяваць за імі, што прыводзіць іх у стан раздражненьня ад таго, чаго яны пакуль ня ў стане зразумець і прыняць. І калі ім прапануецца кансэрватыўная альтэрнатыва, яны з радасьцю падтрымліваюць яе сваімі галасамі.
Гэтыя адказы – не альтэрнатыўныя адзін адному. Іх, нават, больш слушна было б назваць не адказамі, а фактарамі. Фактарамі таго, чаму нават у грамадствах з свабодным выбарам могуць перамагчы сілы, якія адрынуць папярэдні гістарычны досьвед й паставяць пад пытаньне прынятыя нормы, у тым ліку – у міжнародных адносінах, і адкінуць чалавецтва на стагодзьдзі назад.
Што характэрна, ініцыятыва вяртаньня да «дыпляматыі вялікіх дзяржаваў» зыходзіць ад лідэра краіны, якая мае адзін з самых багатых досьведаў дэмакратыі. Гэта значыць, што аніводнае грамадства не застрахавана ад такога выбару. І выбар белароусаў у 1994-ым ня быў сьведчаньнем іхняй нейкай несасьпеласьці да дэмакратыі ці наяўнасьцю ў іх нейкага адмысловай гэнэтычнай схільнасьці да дыктатуры. Роўна як не зьяўляецца гэта абгрунтаваньнем неабходнасьці хадзіць за кімсьці 40 гадоў па пустэльні ці наведваць усёй нацыяй доўгатэрміновыя падрыхтоўчыя тэярэтычныя курсы па навучаньні дэмакратыі. Для дэмакратыя патрэбна адно – устойлівая дэмакратычная практыка. Тады любы няслушны выбар можна будзе выправіць праз адмераны Канстытуцыяй тэрмін.
Тут, канечне, узьнікае пытаньне, наколькі сфармаваныя да гэтага часу дэмакратычныя й міжнародныя інстытуты здолеюць даць рады ўзьніклай праблеме з чарговым і вельмі маштабным жаданьнем вярнуць чалавецтва ў ня самае прыемнае мінулае. Хутчэй за ўсё, рады праблеме яны дадуць. Але відавочна, што гэта запатрабуе шматлікіх супольных высілкаў ад усіх, хто зацікаўлены ў працягу чалавечага прагрэсу.



Комментарии