Калі ты кепска вучыўся бездапаможнасці
- 5 дней назад
- 8 мин. чтения

Што рабіць, калі твая радзіма акупавана, у краіне пануе зло, грамадства загнана пад плінтус і кантралюецца адной з самых моцных і самых бязлітасных спэцслужбаў свету?
Тут адно што застаецца прыняць свой бездапаможны стан, чакаць «акно магчымасцяў», імкнуцца выжыць і пракарміць дзяцей. Тым больш, што недзе там ідзе барацьба з гэтым злом, і хоць зло пакуль перамагае, можа, дабро ўсё ж пераможа? Таму можна й пачакаць.
Але праблема ў тым, што зло чакаць не збіраецца. І пакуль ты прыстасоўваешся да яго, яно прыходзіць па тваіх дзяцей. Хіба гэта здымае праблему бездапаможнасці? Хіба гэта прыбірае жорсткасць рэжыму й спэцслужбаў? Хіба за любы выступ супраць цябе не чакае турэмнае зняволенне ці канлягер? Урэшце, можна пераканаць сябе, што дзецям на баку зла будзе ня так ужо й дыскамфортна. Доступ да вучобы, кар’еры, пэрспэктываў… А не вось гэтае ўсё змагарскае… Ды й хто казаў, што гэта – зло? Можа, хлусяць нам гэтыя замежныя галасы ў радыёпрымачах, габ затлуміць нам галовы ды падштурхнуць да чагосці кепскага?
Пагадзіцеся, лягічны ход разважанняў, асабліва калі гаворку вядзем пра «простага чадавека», далёкага ад палітыкі. Але маецца ў гісторыі прыклад, калі вось у такіх «загнаных пад плінтус» умовах грамадства ня проста ўзнялася на барацьбу, але перамагло. І што яшчэ больш дзіўна (асабліва для нас) грамадства перамагло выключна мірнымі метадамі.
Канцалярская скрэпка як зброя ў барацьбе з тыраніяй
9 красавіка 1940-га нацыстоўская Нямеччына ўварвалася ў Нарвегію. Два месяцы нарвежскае войска разам з брытанцамі, французамі й палякамі абаранялі краіну. Але ў пачатку чэрвеня саюзныя войскі былі эвакуяваныя праз катастрафічную сітуацыю на матэрыку. 10 чэрвеня Нарвегія капітулявала і трапіла пад нямецкую акупацыю. Кароль Нарвегіі Хокан VII выехаў у Брытанію, дзе арганізаваў урад у выгнанні.
Прызначаны Гітлерам рэйхскамісар Нарвегіі Ёзэф Тэрбовен спрабаваў прымусіць дэпутатаў Стортынгу (нацыянальнага парлямэнту) пазбавіць караля трону. Але тыя адмовіліся, спаслаўшыся на канстытуцыйныя нормы. Тады немцы паставілі пытанне рубам: ці вы, панове дэпутаты, ліквідуеце манархію, ці ўсе нарвежскія мужчыны прызыўнога ўзросту адправяцца ў канцлягеры. Для дэпутатаў гэта прагучала як аргумент. Яны накіравалі каралю ліст, дзе прасілі яго адрачыся ад трону. Невядома, як бы ў падобнай сітуацыі павялі сябе беларускія палітыкі. Магчыма, пагадзіліся б на патрабаванні ды кінулі барацьбу за вызваленне Беларусі – з падставы пагрозы «простым беларусам» ды праз страх перад суворым да іх грамадскім меркаваннем.
Але кароль Нарвегіі паступіў па-каралеўску. Ён адказаў ветлівай адмовай і з дэманстрацыяй поўнага паразумення, што дэпутаты дзейнічаюць пад ціскам. Немцы, зразумела, прыйшлі ў шаленства, але выканаць сваю пагрозу наконт канцлягеру ня вырашыліся. Яны абвясцілі, што збеглая каралеўская сям’я «згубіла права на вяртанне», а таксама распусцілі ўсе палітычныя партыі ў краіне. Нарвежцы, дарэчы, замест праклёнаў у адрас каралю, які сваёй цвёрдасцю падстаўляў іх пад рэпрэсіі, пачалі рабіць розныя ўпрыгожванні з манетаў, на якіх змяшчаўся каралеўскі вензель, якія потым насілі як знак сваёй салідарнасці з каралём і супраціву акупацыйнаму рэжыму.
3 жніўня 1942-га, у дзень 70-годдзя караля шмат хто з нарвежцаў зьяўляўся на вуліцах з кветкамі ў руках ці прышпілівалі іх да вопраткі. Некаторыя дадавалі яшчэ й вострае лязо, каб тыя, хто пажадае тыя кветкі сарваць (пераважна – нямецкія жаўнеры ці «штурмавікі Квіслінга»)), не засталіся беспакараннымі.
Яшчэ адным папулярным сымбалем супраціву зрабілася простая скрэпка для паперы. Яе насілі на вопратцы як знак адзінства. Студэнты рабілі з скрэпак каралі ці бранзалеты. Акупацыйны рэжым хутка забараніў гэтыя дэманстрацыі салідарнасці, загадаўшы настаўнікам сачыць, каб студэнты не дэманстравалі гэтую «забароненую сымболіку». Праўда, першымі «ахвярамі» тут рабіліся тыя вучні, якія мелі сімпатыі да нацыстаў (а як жа без такіх?). За імі настаўнікі сачылі асабліва пільна – каб тыя не карысталіся настолькі «небяспечнымі» рэчамі. У выніку тым давялося круціць дзіркі ў аркушах паперы й сшываць іх ніткамі.
Аднойчы адбыўся зусім не звычайны флэшмоб. У некаторых школах вучні пачалі прыхадзіць на заняткі з маленькімі бульбінкамі, начэпленымі на запалкі і ўстаўленымі ў пятліцы. З кожным днём бульбіны рабіліся буйнейшымі, сымбалізуючы рост супраціву. Таксама сымбалямі пратэсту зрабіліся чырвоныя капялюшы. Яны таксама хутка апынуліся «па-за законам».
Думаеце, што рэжым у Нарвегіі быў траваядным, і «паспрабавалі б яны такое зрабіць у нас»? Не, рэжым быў нацысцкім і фашысцкім – з усімі выцякаючымі. За кветкі на дзень народзінаў караля сотні нарвежцаў былі арыштаваныя. Некаторыя з іх заставаліся за кратамі ці ў канцэнтрацыйных лягерах да канца вайны. І што характэрна, тыя, хто перажыў акупацыю Нарвегіі, распавядаюць, што памер пакарання ня меў аніякай сувязі з тым, што здзейсніў чалавек. Відавочна, што ўсе падобныя фашысцкія рэжымы імкнуцца нарадзіць у грамадстве страх і разгубленасць – у тым ліку, праз поўную адсутнасць лёгікі ў сваіх дзеяннях.
Калі дзяржава патрабуе вашых дзяцей
У пачатку лютага 1942-га немцы сфармавалі марыянеткавы ўрад, на чале якога паставілі лідэра нарвескіх фашыстаў Відкуна Квіслінга. У таго была даўняя мара пабудаваць у Нарвегіі «карпаратыўную дзяржаву» – такую, якая існавала ў Італіі пры фашысцкім рэжыме Мусаліні, дзе ўсё грамадства мусіла займацца выключна абслугоўваннем дзяржавы. Ну і такую, якую імкнуцца пабудаваць у Беларусі пры рэжыме Лукашэнкі (пра што яшчэ ў 2006-ым казаў галоўны тагачасны ідэёляг Пралескоўскі). І як пры любых падобных плянах, асобную ўвагу іхнія распрацоўнікі надавалі дзецям і іхняй адукацыі.
Дзеля ператварэння нарвежскіх дзяцей у будучых будаўнікоў фашыстоўскай дзяржавы, трэба было перабудаваць усю адукацыйную сістэму, стварыўшы з яе фабрыку па індактрынацыі дзяцей і дарослых. Татальнасць канцэпцыі патрабавала й татальнай уцягнутасці ў працэс усіх – ад вучняў да настаўнікаў. Тут у Квіслінга меліся ідэі, як гэта зрабіць. Для дзяцей было вырашана стварыць адзіны фашыстоўсмкі фронт – арганізацыю кшталту нямецкага гітлерюгента (ці падобных арганізацыяў у некаторых іншых краінах), чальство ў якой было б абавязковым для ўсіх дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 18 год. А настаўнікам было прапанавана далучыцца да новага Нарвежскага настаўніцткага саюзу, на чале якога стаялі штурмавікі Квіслінга.
Калі 5 лютага 1942-га рэжым Квіслінга выдаў адпаведны загад, нарвежскія настаўнікі не пайшлі з вывучанай бездапаможнасцю запісвацца ў новы саюз, каб паслухмяна рабіць з дзяцей глебу для захавання дыктатуры назаўжды. Замест гэтага яны пачалі… пісаць лісты пратэсту. Дакладней, падпольная арганізацыя ў Осла напісала й разаслала настаўнікам тэкст, у якім змяшчалася адмова ад удзелу ва ўрадавай ініцыятыве. Настаўнікам трэ было праставіць сваё імя й адрас і адаслаць ліст у дэпартамент па адукацыі. Як мы цяпер разумеем, таксама ня мала. Хто б у сучаснай Беларусі адважыўся на такое? А вось нарвежскія настаўнікі адважыліся. Ня ўсе, натуральна. Але падаўляючая большасць. Як лічыцца, у акцыі прынялі ўдзел ад 8 да 10 тысячаў настаўнікаў з агульнай колькасці ў 12 тысячаў.
І гэта было штосці, чаго Квіслінг зусім не чакаў. У раз’юшанасці ён пачаў пагражаць настаўнікам стратай працы, заробку й пэнсіі. А потым загадаў зачыніць усе школы ў Нарвегіі. А гэта ўжо выклікала раздражненне ў бацькоў шкаляроў. У выніку ўрад атрымаў яшчэ 200 тысячаў лістоў пратэсту. Акрамя таго, настаўнікі наўпрост ігнаравалі квіслінгаў загад, працягнуўшы навучанне ў хатніх умовах.
Што было рабіць Квіслінгу ў гэтай сітуацыі? Як і ў любога падобнага рэжыму набор інструментаў быў вельмі абмежаваным і складаўся амаль выключна з рэпрэсіяў. Акупацыйны ўрад у якасці акцыі ўстрашэння загадаў кінуць за краты больш за тысячу настаўнікаў-мужчынаў. Акрамя таго, удзельнікаў акцыі пачало тэрарызаваць страшнае гестапа. Адна назва гэтай арганізацыі, падаецца, павінна была прымусіць «простых нарвежцаў» кінуць дурное й пайсці выконаваць тое, што ад іх патрабаваў рэжым. Але нарвежцы не здаліся. Можа, сярод іх не аказалася «простых»?
Варта адзначыць, што некаторыя нарвежцы потым адзначалі, што рэжым не чапаў тых, каго ён найбольш апасаўся. Хапалі, перш за ўсё, тых, хто падаваўся слабым і мог «зламацца» пад ціскам.
«Таму што я нарвежац»
Тым ня менш, спробы застрашэння не далі плёну. У пачатку красавіка 1942-га рэжым адабраў з ліку раней арыштаваных 687 чалавек і адправіў іх у канцэнтрацыйны лягер пад горадам Кіркінэс, які знаходзіцца за паўночным палярным кругам. Людзей кінулі ў абледзянелыя вагоны й павезлі праз усю краіну на поўнач. Але па дарозе да цягніку, які іх вёз, выходзілі мясцовыя жыхары. Яны спявалі песні, каб падбадзёрыць вязняў, а таксама імкнуліся перадаць ім прадукты харчавання. Зняволеныя настаўнікі ўтварылі свой хор і таксама спявалі, каб людзі іх чулі.
Тут вартазрабіць яшчэ адну заўвагу. Вялікіх спадзяванняў на хуткае вызваленне ў нарвежцаў у той час не было. Яшчэ ў пачатку акупацыі – у 1940-ым – яны абмяркоўвалі варыянты, што акупацыйны рэжым усталяваўся на 30-40 гадоў. І тады ж яны пачалі думаць, як ім захаваць на гэты тэрмін свой уласны шлях, не прыняўшы таго, што навязвае ім акупацыйны рэжым.
Калі іх прывезлі ў лягер, гестапа арганізавала ім «адмысловы рэжым». Усе перамяшчэнні – толькі бегам. У любы момант магло «прыляцець» пакаранне, як водзіцца – незразумела за што. Ложкаў было ўсяго некалькі, матрасаў і бялізны не было ўвогуле. Кухонны посуд давялося даставаць з кучы смецця. Снег даводзілася прыбіраць тым інструментам, які прыдумаюць і здолеюць зрабіць самі зняволеныя.
Дзень зняволеных пачынаўся з палутарагадзіннай «гімнастыкі», якая ўключала ў сябе, у тым ліку, бег у глыбокім снезе. Пры гэтым не давалася аніякай зніжкі на ўзрост. Пасля гэтага – яшчэ паўтары гадзіны «ідыёцкай працы» – безсэнсоўнае перакідванне снегу з месца на месца. Потым – яшчэ паўтары гадзіны бегу па снезе. Пасля перапынку на «абед» (кубак гарачай вады, у якой варылася гародніна, але гародніну выцягвала ахова) пачынаўся «допыт» настаўнікаў старэйшых па ўзросце – 55-59 гадоў. Разлік быў на тое, што яны хутчэй за маладых ня вытрымаюць здзекаў і адмовяцца ад сваіх поглядаў і сваёй барацьбы. Калі ж яны гэтага ня зробяць, сэнсу размаўляць з маладымі не было.
Пакуль іх дапытвалі, для астатніх паўтаралася раняшняя «сэсія». Плюс да гэтага – голад. Акрамя кубку супу, зняволеныя зранку атрымлівалі кубак штучнай кавы і да ўсяго гэтага – 150 грамаў хлеба на дзень. І аніякага разумення, як доўга гэта ўсё будзе працягвацца. Але з размоваў, на якіх іх спрабавалі прымусіць падпісаць адмову ад сваіх поглядаў, «старыя» зноў вярталіся да гэтага кашмару, не пакідаючы сабе права на слабасць.
Аднойчы адзін з настаўнікаў згубіў прытомнасць. Тут зьявіўся нямецкі афіцэр і пачаў крычаць, чаму ён ляжыць на падлозе. Настаўнік, які на той момант ужо апрытомнеў, казаў, што ён надта шмат працуе і надта мала атрымлівае ежы. «Дык паддайцеся, і ўсё будзе добра, – казаў афіцэр. – Чаму вы ўпарта працягваеце супраціўляцца?» «Таму што я нарвежац», – быў адказ.
Не, натуральна, вытрымалі ня ўсе. Але такіх знайшлося толькі 32 чалавекі. Для астатніх усё працягвалася – «гімнастыка», снег, голад, «размовы».
«Арыштуйце нас таксама»
Для тых настаўнікаў, якія засталіся на свабодзе, сітуацыя была не на шмат лепей. Адзінае што, для іх не было фізычных катаванняў. Але псыхалягічных – у поўнай меры. Ім увесь час пагражалі, што калі яны не спыняць пратэст і не далучацца да квіслінгаўскага саюзу, дык у турме расстраляюць дзенсяць арыштаваных настаўнікаў. Ці кожнага дзясятага з іх. Ці што іх пашлюць на крайнюю поўнач на мінныя палі паміж Нарвегіяй і СССР. А падставаў сумнявацца ў тым, што рэжым такое можа зрабіць, не было. Напрыклад, у адным з канцлягераў за адзін дзень расстралялі 34 нарвежцаў у помсту за дыверсію, якую здзейснілі нарвежскія патрыёты. Падобныя расстрэлы былі цягам усёй акупацыі.
Але тыя, хто быў на волі, таксама трымаліся. Яны ня сталі лямантаваць, што галоўнае – каб людзі выйшлі. Для іх галоўным было захаваць сваю годнасць, сваю будучыню і сваіх дзяцей. Яны разумелі, што калі паддаца рэжыму, шанцаў на гэта ў іх ня будзе.
Паказальны выпадак адбыўся ў кнацы траўня, калі Квіслінг з сваім міністрам адукацыі і начальнікам паліцыі прыехаў у адну гімназію ў сельскай мясцовасці. Там ён накінуўся на настаўнікаў, якія так і не ўвайшлі ў ягоны саюз, з крыкам: «Вы мне ўсё разбурылі!» Усе настаўнікі, якія прысутнічалі на сустрэчы, былі арыштаваныя. На наступны дзень да мясцовага пастарунку, дзе іх утрымлівалі, прыйшлі тыя настаўнікі гімназіі, якія на сустрэчы не былі. «Арыштуйце і нас», – запатрабавалі яны ў паліцыянтаў.
Квіслінг меў усе падставы злавацца на настаўнікаў. Настаўніцкі саюз быў тым праектам, з якога ён плянаваў пачаць пабудову карпаратыўнай дзяржавы. І вось гэтыя ўпартыя людзішкі псавалі яму ўсё. Але ён ужо бачыў, што нарвежскія настаўнікі надта слаба вывучылі ўрокі па бездапаможнасці. Рэпрэсіям яны проціпаставілі свой нацыянальны гонар і сваю салідарнасць. Тыя, хто быў арыштаваным, і тыя, хто быў пад рызыкай арышту, ведалі, што іхнія сем’і, іхнія дзеці не застануцца без падтрымкі. Гэта давала ім цвёрдасць і трываласць нават у той сітуацыі, калі ніхто ня ведаў, калі і чым усё гэта скончыцца.
І гэта скончылася. Квіслінг прайграў. Ён разумеў, што нават пашыренне рэпрэсіяў нічога ня дасць. Ён ведаў, што з кожным днём аўтарытэт ягонага рэжыму падае, а аўтарытэт зняволеных Кіркенэсу расце. І ён здаўся. У адрозненне ад «старых» у канцлягеры. Ён адмяніў загады аб стварэнні Нарвежскага настаўніцкага саюзу і аб абавязковым чальстве ў фашыстоўскай моладзевай арганізацыі. А ў далейшым ён быў вымушаны адмовіцца ад самой ідэі паббудовы ў Нарвегіі карпаратыўнай дзяржавы.
У лістападзе ўсе зняволеныя вярнуліся да свіх хатаў. Акрамя аднаго, хто загінуў праз невыносныя ўмовы. Вярнуліся пераможцамі, бо яны, разам з тымі, хто заставаўся на свабоде, адстаялі сваю будучыню й будучыню сваіх дзяцей.



Комментарии